Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Беларускі алімп

Кнопка отправить на печать

   Свет, дзе жылі тагачасныя палачане, быў густа населены вялікімі і малымі багамі ды бажкамі. Усюдыісны і наймагутнейшы з іх, творца жыцця, бог неба і ўсяго сусвету меў некалькі імён – Сварог, Стрыбог, Святавід, але найчасцей яго называлі Родам. Ён апладняў зямлю і ўсё жывое, кіраваў вятрамі і нябеснымі з’явамі. Невыпадкова з імем гэтага бога звязана ў нашай мове столькі найважнейшых слоў і паняццяў: народ, радзіма, родзіч, продак, радавод, нараджэнне, прырода, ураджай, адраджэнне...
   Роду падначальваліся астатнія багі нябеснай сферы, зямлі і падземнага свету. Пярун валадарыў над громам ды маланкамі і займаўся вайсковымі справамі. Дажбог, Ярыла, Каляда і Хорс былі багамі сонца. Яны даравалі цяпло, клапаціліся пра ўрадлівасць зямлі, дабрабыт людзей, апекаваліся над земляробамі і рамеснікамі. Ім дапамагаў таксама звязаны з сонцам бог ураджаю і дастатку Купала. Сонцава звястунка Дзянніца ўранні давала чалавеку сілу на новы дзень, а сама скакала на кані ў той бок, куды ўвечары спускаецца нябеснае свяціла, каб падрыхтаваць яму да ночы залаты човен. У ім сонца ляжа спаць, і човен паплыве па сінім моры да новага дня.
   Пасланніцамі Рода былі рожаніцы – багіня кахання і вясновага абуджэння Лада і маці ўраджаю Мокаш. Поруч з Ладаю шчыравала вясёлая і спрытная тройца: апекуны закаханых Леля ды Палель, а з імі – Любіч, або Любчык, што мусіў давесці маладых каханкаў да вяселля.
   Кожны стараўся жыць у згодзе з багіняю восеньскага ўраджаю Цёцяй. Гарэзлівы Пераплут падносіў чалавеку чару з хмельным мёдам і дарыў весялосць, а вогненны Жыжаль саграваў агнём і дапамагаў кавалям. Ад бога Тура залежала жыццё дзікіх звяроў і поспех на паляванні. Вялесу належаў падземны свет, але былі ў яго турботы і на зямлі – клопат пра свойскую жывёлу і дапамога пастухам. Ён вёў статак на пашу і вяртаў дадому.
   Яшчэ бліжэй да штодзённага жыцця продкаў стаялі драбнейшыя багі. Добрымі духамі, што спрыялі чалавеку, бераглі яго ад напасці, былі Берагіні. На жытнёвым полі хаваўся Жыцень. Ён любіў пераносіць каласы, а то і цэлыя снапы з палетка нядбайнай гаспадыні да руплівае суседкі. У вольную хвіліну на мяжы нівы і пашы ён мог перакінуцца словам з авечым духам Аўсенем...
   Існавалі духі, заўсёды настроеныя да людзей варожа. Яны засявалі каменнем поле, адбіралі ў кароў малако, пасылалі хваробы. Мара мучыла вусцішнымі снамі. Лядашчык пазбаўляў жыццёвае сілы. Бог холаду Зюзя імкнуўся замарозіць чалавека на зімовай дарозе і аддаць страхалюднаму Карачуну.
   Як бачым, шчыльнасцю насельніцтва беларускі Алімп мог спрачацца з антычным. Нашы багі, гэтаксама як старажытнагрэчаскія або рымскія, былі між сабою ў сваяцтве. Пярун лічыўся сынам вярхоўнага бога. У браты лёс паслаў яму жорсткага Зюзю. Замужам за Перуном была спагадлівая да людзей Жыва, якую па мужу часта называлі Грамавіцаю. З ёю, багіняю жыцця і лета, звязаны цікавы міф, які варта падаць як узор беларускай дахрысціянскай міфалогіі. Калі ў час свайго зімовага панавання Зюзя мучыў людзей маразамі, Грамавіца сышла з нябёсаў на зямлю, каб нарадзіць сына Дажбога – Хорса, якому наканавана было адолець Зюзю. Але той даведаўся пра Жывіны намеры, перакінуўся ў мядзведзя і разам з перамененымі ў ваўкоў злымі духамі – Завеямі пачаў ганяцца за ёю. Ратуючыся, Грамавіца ператварылася ў белую казу і схавалася ў кустоўі, дзе і нарадзіла Дажбога. Якраз таму калядоўшчыкі і водзяць з сабою «казу».
(506 слоў)

Паводле У. Арлова.