Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Беларуская кераміка

Кнопка отправить на печать

   Гэта легенда нарадзілася на Беларусі даўно. Сястра каралевы Боны Марыся закахалася ў свайго слугу Гайду. Маладыя ведалі, што ніколі не быць ім разам. Але хіба амуравы стрэлы выбіраюць, у чыё сэрца патрапіць? Гайда рабіў цудоўныя вырабы з гліны і дарыў іх каханай. Аднойчы Марыся папрасіла, каб ён знайшоў чырвоную гліну і стварыў партрэт дзяўчыны. Майстар-ганчар выканаў просьбу Марысі, але за гэта яму давялося аддаць сваё жыццё. А месца, дзе знайшлася чырвоная гліна, з таго часу пачалі называць Гайдукоўкай.
   А яшчэ ёсць міф пра Пігмаліёна, які стварыў сваю чароўную Галатэю з гліны... Рамантычныя паданні, якія дайшлі да нас з даўніны, трэба ўспрымаць і як доказ таго, што гліна – незвычайны матэрыял. Ствараць і рабіць вырабы з яе павінны людзі з тонкай, паэтычнай натурай, рамантыкі па складзе характару.
   У простай гліне і ў вырабах з яе закладзены незвычайныя якасці, якія выкарыстоўвалі яшчэ нашы далёкія продкі. З яе рабілі посуд для вады і захавання розных прадуктаў. Ды і сучасныя гаспадыні добра ведаюць, што ў гладышы малако даўжэй не кісне. У гліняным посудзе доўга захоўваюцца грыбы і квашаная капуста. А тушанае ў керамічных гаршчочках мяса больш смачнае.
   На любым нашым керамічным прадпрыемстве гліна праходзіць доўгі і складаны шлях, перш чым набыць абрысы таго або іншага вырабу. Яе апрацоўваюць, рыхтуюць масу. У залежнасці ад тэхналагічнага працэсу або фармуюць, або заліваюць у гіпсавыя формы, або падаюць да ганчароў. Пасля вырабы абпальваюць у печах, глазуруюць, дэкарыруюць, размалёўваюць. У нас ёсць сучасныя ганчарныя печы, тэхніка, аўтаматыка: мы ж уступілі ў дваццаць першае стагоддзе! I ўсё ж такі гліняная прадукцыя, як ніякая іншая, залежыць ад творчай фантазіі людзей, іх мастацкага густу, стараннасці, умення тонка адчуваць мяккасць і цеплыню гліны. Гэтыя якасці ў значнай меры ўласцівы жанчыне, таму на асноўных участках вытворчасці працуюць пераважна яны, удыхаюць у кавалачак гліны сваю душу, пяшчоту, ператвараюць яго ў сапраўдны твор мастацтва.
   Прадпрыемства «Беларуская мастацкая кераміка» ў Радашковічах даволі маладое, яму ўсяго чвэрць стагоддзя, і яно пакуль не мае сваёй багатай гісторыі, але прадукцыя заслужыла сусветнае прызнанне: вырабы экспартуюцца ў Расію, Германію, Чэхію. Некалі, на пачатку свайго шляху, прадпрыемства выпускала простыя рэчы: талеркі, збаны, салатніцы... Сёння ж з канвеера выходзіць больш за сто відаў самых розных вырабаў: наборы для кавы, чаю, іншых напояў, кухонная кераміка, розныя вазы, падсвечнікі, сувеніры. Самабытныя мастакі абапіраюцца ў сваёй творчасці на беларускія народныя традыцыі, фальклор. Радашковіцкія керамічныя вырабы не зблытаеш ні з якімі: яны лёгкія, зграбныя, вытанчаныя і па форме, і па змесце.
   Нездарма жыхары Беларусі, выязджаючы за мяжу, разам з сувенірамі з ільну вязуць і кераміку як сімвал нашай краіны: магутных зуброў, посуд і вазы, упрыгожаныя малюнкамі беларускіх краявідаў, керамічныя бутэлькі з нацыянальнымі напоямі, лампадкі і шмат чаго іншага.
   На спажывецкім рынку канкурэнцыя заўсёды ёсць, і яна добры стымул для працы і штодзённага пошуку. Заводскія тэхнолагі разам з навуковымі супрацоўнікамі тэхналагічнага ўніверсітэта працуюць над тым, каб нашы керамічныя вырабы былі больш трывалымі, водаўстойлівымі і вогнеўстойлівымі.
   А што ж наконт будучыні? У керамікі, у гліны яна ёсць. Чалавек, колькі жыве, імкнецца да дасканалага, а нашы вырабы не толькі маюць практычнае прызначэнне, але і нясуць у дом прыгажосць, добры мастацкі густ. Яны ствараюць утульнасць, надаюць жыллю своеасаблівы нацыянальны каларыт. Пакуль сакрэты гліны цалкам не раскрыты, у керамікі ёсць вялікія і цікавыя перспектывы развіцця.
(524 словы)

Паводле М. Кладава.