Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Белавежскія зубры

Кнопка отправить на печать

   У 1923 годзе на Парыжскім міжнародным кангрэсе аховы прыроды выявілі, што на зямлі засталося пяцьдзясят два зубры, прададзеныя ў свой час з Белавежы ў заапаркі і паркі заходніх арыстакратаў і магнатаў прамысловасці. Некаторых з іх купілі і ў 1929 годзе зноў завезлі ў Белавежскую пушчу, адкуль калісьці прадалі.
   Зараз на беларускай палове запаведніка (частка пушчы ляжыць на тэрыторыі Польшчы) налічваецца не адзін дзясятак зуброў, ды шмат яшчэ перавезлі ў некаторыя іншыя запаведнікі краіны і за мяжу, каб не рызыкаваць «адзіным месцам пражывання» каштоўнай жывёлы.
   Белавежскія зубры, што нарадзіліся ў Польшчы, носяць імёны, якія пачынаюцца на літару «п». Тыя, што нарадзіліся ў Беларусі, маюць імёны, першая літара якіх – «б» (напрыклад, Борус).
   У пушчы зуброў трымаюць па-рознаму. Ля галоўнага будынка (там гасцініца, рэстаран, музей) ёсць нешта накшталт заапарка: вялікія вальеры, у якіх звяры жывуць у максімальна прыбліжаных да натуральнага свайго жыцця ўмовах. Калі яны вытапчуць траву, агароджа пераносіцца на новае месца, пакуль старое не зарасце. Тут некалькі зуброў, дзікі, алені, лані і іншыя жывёлы пушчы. Людзі могуць паглядзець на жывёл, не ад’язджаючы далёка, не забіраючыся ў глыб пушчы. Гэта зроблена, каб чалавек не палохаў звяроў, каб сэрца пушчы засталося нечапаным.
   Другі спосаб утрымання зуброў – вялізныя агароджаныя ўчасткі лесу. Так, у прыватнасці, трымаюць матак з маленькімі лабастымі цяляткамі, якія так недаўменна глядзяць, калі да іх падыходзіш.
   Значная частка зуброў жыве проста на волі. Едзеш і раптам бачыш сярод зялёнай-зялёнай паляны бурую вялізную тушу. Метры тры даўжынёю, высачэнную, вагою да тоны. Магутны, цяжкі, як гара, горб. Рагатая, лабастая і барадатая галава апушчана. Гэта зубр пасвіцца.
   Аднойчы мы з сябрамі пайшлі ў нетры глядзець тарпанаў – маленькіх мышастых конікаў з раменьчыкам на хрыбце. Ішлі мы ўздоўж агароджы вялізнага загона, да якога ўжо падыходзілі тарпаны. Весела клікалі іх, падзывалі да сябе, голасна смяяліся. I тут я, азірнуўшыся, аж пахаладзеў. За спінай (з-за елкі нам не было відаць), метры за чатыры, стаіць мілая сямейка: здаравенны бацька, крыху меншая мама і цялятка. Што рабіць? Каб адзін зубр, то хоць бы вакол дрэва можна было бегаць. А так двое – з двух бакоў дастануць. Калі скочыць да тарпанаў, то невядома яшчэ, як яны да гэтага паставяцца. Ды што зубру такая тоненькая агароджа? На шчасце, звяры не звярнулі на нас увагі. Тады я асмялеў, выйшаў з-за елкі, і сябар сфатаграфаваў мяне і іх. Тыя толькі пакасіліся, аддаляючыся ў гушчар.
   Да аўтамашыны зубр ставіцца памяркоўна, але матацыклаў цярпець не можа, яны яго нервуюць. Некалькі разоў зубр так гнаўся за матацыклістамі, што няшчасным ледзь удавалася ўцячы.
   Зубры вельмі любяць чыстую ваду. Аднойчы студэнтка-практыкантка ўмывалася ля калодзежа, з якога пояць зуброў, каб не хадзілі далёка на вадапой. Паклала на зруб мыла, а яно ўпала ўніз. Ужо і мыла тое дасталі, і ваду некалькі разоў да дна вычарпалі, а зубры ўсё адно некалькі тыдняў не пілі з гэтага калодзежа.
(455 слоў)

Паводле У. Караткевіча.