Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Батлейка – калядны лялечны тэатр

Кнопка отправить на печать

   Каляда і батлейка – два старажытныя словы, з якімі звязана ў беларусаў сустрэча Новага года. Першае слова паходзіць з лацінскай мовы і азначае першы дзень месяца. Гэтым словам рымляне называлі свята, якім яны адзначалі пачатак года. Аднак, хаця вытокі слова ідуць з лацінскай мовы, само свята ў славянскіх народаў вядома з сівой даўніны. Для старажытных славян Каляда была зімовым святам у гонар сонца. Лічылася, што з гэтага часу сонечнае святло пачынае перамагаць начную цемру, таму кожны дзень павялічваецца на некалькі хвілін. Славяне верылі, што менавіта гэта свята дапамагае перамозе сонца. На Каляды ладзілі гульні, спявалі, танцавалі, варажылі, слухалі легенды і паданні, адгадвалі загадкі.
   Самай значнай падзеяй, да якой рыхтаваліся загадзя, быў абрад калядавання. Групы хлопцаў і дзяўчат каляднымі вечарамі хадзілі па хатах з віншаваннем і велічальнымі песнямі. Гэтых калядоўшчыкаў яшчэ называлі звездарамі за тое, што яны абавязкова насілі ці вазілі на санках велізарную самаробную зорку. Яна асвятлялася знутры і мела пяць, восем або шаснаццаць промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з рознакаляровай паперы. Звычай насіць зорку бярэ пачатак у язычніцкіх славянскіх абрадах. Зорка ўвасабляла сабой выяву свяціла, была сімвалам адраджэння бога сонца Ярылы.
   Абавязковым героем калядавання была Каза. Невысокага хлопца, здатнага да танцаў і гульняў, апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску з рагамі і барадой. Казу суправаджаў Дзед. У абрадавую групу ўваходзілі таксама хлопцы, апранутыя ў жаночыя сукенкі і вымазаныя сажаю. Следам за пераапранутымі калядоўшчыкамі крочылі музыкі і вясковая моладзь у святочнай вопратцы.
   Вясёлая кампанія наведвала ў сяле кожную сям’ю. Увайшоўшы ў хату, Каза пачынала танцаваць, а калядоўшчыкі спявалі песні, у якіх віншавалі гаспадароў, жадалі ім дабра і багацця, услаўлялі іх працавітасць і шчодрасць. За гэта гаспадары клалі ў торбы гасцей пірагі, каўбасы, сала або грошы. Лічылася, што шчодрыя падарункі забяспечаць тым, хто іх дае, добры ўраджай у новым годзе. У час калядавання паказваліся жартоўныя сцэнкі. .
   Асаблівую радасць у дзяцей і дарослых выклікалі спектаклі каляднага лялечнага тэатра, які таксама прыносілі ў хату. Сцэнай для самаробных лялек служылі батлейкі – спецыяльна зробленыя пераносныя скрынкі, што сваім знешнім выглядам нагадвалі хатку з адным ці некалькімі паверхамі. Лялькі мацаваліся на драўляных або металічных кіёчках. З іх дапамогай батлеечнік вадзіў лялек па шчылінах, якія прарэзваліся на кожным паверсе. Спектаклі суправаджаліся музыкай і спевамі, сцэна і лялькі асвятляліся свечкамі.
   Старажытныя Каляды па часе супадаюць з рэлігійным святам Нараджэння Хрыста. Таму на Каляды ў лялечным тэатры паказвалі сцэны, звязаныя з гэтай падзеяй. Само слова «батлейка» ўзнікла ад назвы горада Віфлеема, які знаходзіцца ў Палесціне і ў якім нарадзіўся Хрыстос.
   Аднак не толькі рэлігійныя сюжэты паказваліся ў батлейцы. Вялікай папулярнасцю карысталіся таксама камічныя сцэны з цікавымі дыялогамі, песнямі і танцамі. Народна-бытавыя кароткія п’есы мелі сатырычны характар, у іх высмейваліся такія сацыяльныя тыпы, як доктар-шарлатан, розныя ашуканцы, фанабэрысты шляхціц.
   Вытокі батлейкі знаходзяцца ў далёкім Сярэднявеччы. У тыя часы тэатра ў сучасным разуменні гэтага слова не існавала. Аднак вялікія рэлігійныя святы, вайсковыя перамогі, сустрэчы і провады знатных асоб абавязкова суправаджаліся маляўнічымі спектаклямі. Менавіта з такіх драм на біблейскія сюжэты нараджалася батлейка.
(483 словы)

Паводле П. Прохарава.