Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бабуля Паша

Варыянт 1 (320 слоў)

   Ігар летам адпачываў у бабулі Ганны ў вёсцы. Вярнуўшыся, ён расказваў бацьку, што цікавага бачыў там.
   А найбольш уражанняў засталося ў хлопчыка ад выступлення ў клубе былога воіна Брэсцкай крэпасці.
   – Ён так расказваў, – гаварыў Ігар, – што многія плакалі. Пра крэпасць расказваў. Як біліся там нашы салдаты. Амаль месяц біліся. Ні ежы ў іх не было, ні вады, а яны ўсё ж трымаліся.
   А вечарам Ігар усё гэта расказваў другой сваёй бабулі, Пашы, якая жыве на суседняй вуліцы. Пасля расказу ўнука бабуля прапанавала з’ездзіць разам у Брэсцкую крэпасць. Праз некалькі дзён яны паехалі туды.
   Каля галоўнага ўвахода з высечанай у таўшчэзным бетоне пяціканцовай зоркай убачыў Ігар шматметровы штык і салдата, што схіліўся долу. Раптам аднекуль пачуліся гукі матораў цяжкіх бамбавозаў, свіст і выбухі бомбаў, стрэлы. Голас дыктара аб’явіў, што фашысты напалі на нашу зямлю... Страшна стала хлопчыку, хоць і разумеў ён, што ўсё гэта толькі па радыё.
   Яны прайшлі каля помніка Непераможнаму Салдату, каля помніка «Смага», пабывалі каля высознага штыка. А каля Вечнага агню і мемарыяла паклалі кветкі.
   Яны доўга хадзілі па крэпасці, і бабуля расказвала пра мужных абаронцаў, пра дамы, дзе жылі сем’і камандзіраў, пра казематы, у якіх гэтыя сем’і хаваліся ў час абароны крэпасці. Не проста хаваліся, а перавязвалі параненых, даглядалі дзяцей камандзіраў, набівалі патронамі стужкі і дыскі, а часам станавіліся побач з параненымі і адбівалі атакі фашыстаў.
   Бабуля расказвала цікава і паказвала, дзе што было. Да іх падыходзілі людзі і слухалі. Раптам высокі, з густой сівізной мужчына падышоў і пакланіўся:
   – Добры дзень, Паша! Не пазнаеш? А я цябе адразу пазнаў. Памятаеш, як ты мяне перавязвала вунь у тым каземаце? Я тады ўвесь скалечаны быў, а ты, відаць, не думала, што жывы буду. Паша, а дзе твой сын? Добра памятаю: у цябе тады зусім маленькі сын быў.
   Бабуля выцерла ражком хусткі вочы і паказала на Ігарава бацьку. Калі пакідалі крэпасць, Ігар сказаў, што на наступнае лета яны сюды ўсім класам прыедуць і бабулю абавязкова возьмуць з сабою.
 


 

Варыянт 2 (586 слоў)

   Ігар летам цэлы месяц адпачываў у бабулі Ганны ў вёсцы. Вярнуўшыся адтуль, ён увесь вечар расказваў тату, што цікавага ён бачыў там. А найбольш уражанняў засталося ў хлопчыка ад калгаснага вечара, на якім выступаў былы воін Брэсцкай крэпасці.
   – Так ён расказваў, – гаварыў Ігар, – што многія плакалі. Сам хударлявы такі, у акулярах, з чорным кіёчкам. А скроні ў яго сівыя. Пра крэпасць многа расказваў. Як біліся там нашы салдаты. Ад агню скручвалася жалеза, плавілася цэгла, развальваліся ад страшэнных выбухаў камяні, а людзі трымаліся і ваявалі з фашыстамі. Амаль месяц біліся. Ні ежы ў іх не было, ні вады, а яны ўсё ж трымаліся. Фашысты з гарматамі нападалі, з танкамі ды самалётамі, нават з агнямётамі. А нашы ўсё адно біліся.
   Пакуль тата мыўся і пераапранаўся пасля работы, Ігар усё расказваў і расказваў пра пачутае ў калгасным клубе, у вёсцы, дзе жыве бабуля Ганна.
   А вечарам Ігар усё гэта расказваў другой сваёй бабулі, Пашы, якая жыве на суседняй вуліцы, у невялікім дамку. I як у ягады хадзіў, і як гусей пасвіў на поплаве, і пра вечар у калгасным клубе не забыўся.
   Пасля таго як Ігар закончыў свой расказ, бабуля Паша прапанавала ўнуку з’ездзіць разам у Брэст, у Брэсцкую крэпасць.
   I вось яны паехалі туды. У Брэсце па вялікім мосце Ігар, бабуля Паша і тата перайшлі чыгунку, а затым селі ў аўтобус і паехалі ў крэпасць.
   Яшчэ здалёк, ля галоўнага ўвахода з высечанай у таўшчэзным бетоне пяціканцовай зоркай, убачыў Ігар шматметровы штык і салдата, што схіліўся долу. I быццам не з каменю ён, а жывы, з тых далёкіх дзён вайны.
   Раптам аднекуль пачуліся гукі матораў цяжкіх бамбавозаў, свіст і выбухі бомбаў, стрэлы. Голас дыктара аб’явіў, што фашысты напалі на нашу зямлю...
   Страшна стала Ігару. Страшна, хоць і разумее ён, што ўсё гэта толькі па радыё. У горле перасохла, па спіне халадок папоўз. А бабуля чамусьці моцна-моцна сціснула руку ўнучка, а потым схапіла яго, прыгарнула да сябе і заплакала.
   Яны прайшлі ля помніка непераможанаму салдату, ля помніка «Смага», пабывалі ля высознага штыка. А ля Вечнага агню і мемарыяла паклалі жывыя кветкі.
   Яны доўга хадзілі па крэпасці, і бабуля ўсё расказвала пра мужных абаронцаў, пра дамы, дзе жылі сем’і камандзіраў, пра казематы, у якіх гэтыя сем’і хаваліся ў час абароны крэпасці. Не проста хаваліся, а перавязвалі параненых, даглядалі дзядей камандзіраў, набівалі патронамі стужкі і дыскі, а часам, калі ворагі прарываліся ў крэпасць, станавіліся побач з параненымі і адбівалі атакі фашыстаў.
   Камандзірскія сем’і змагаліся разам з абаронцамі крэпасці. Змагаліся, пакуль не атрымалі загад пакінуць цытадэль.
   Бабуля расказвала цікава і паказвала, дзе што было, нібы сама была экскурсаводам. I да іх падыходзілі і падыходзілі людзі: усім хацелася паслухаць яе расказ. Нейкая група цалкам далучылася да іх разам са сваім экскурсаводам, якая таксама ўважліва слухала бабулю.
   Раптам высокі, з густой сівізной мужчына праціснуўся наперад і пакланіўся:
   – Добры дзень, Паша! Не пазнаеш? А я цябе адразу пазнаў. Памятаеш, Паша, як ты мяне перавязвала вунь у тым каземаце? Як страляла з маёй вінтоўкі па фашыстах? Я тады ўвесь скалечаны быў, а ты, відаць, не думала, што жывы буду. Паша, а дзе твой сын? Добра памятаю: у цябе тады зусім маленькі сын быў. Ты яго ля мяне пакідала, калі брала вінтоўку і станавілася да байніцы. Ён жывы?
   Бабуля выцерла ражком хусткі вочы і паказала на Ігарава тату.
   Бабулі Пашы і пажылому чалавеку пачалі дарыць кветкі, іх фатаграфавалі, а нейкая маладая дзяўчына моцна-моцна абняла і расцалавала бабулю. А потым сама расплакалася.
   Пазней ужо, калі яны пакідалі крэпасць, Ігар сказаў бабулі, што на наступнае лета яны зноў сюды прыедуць, усім класам прыедуць, і бабулю абавязкова возьмуць з сабою.

Паводле Д. Слаўковіча

 

Похожие статьи:

Вера ВярбаВера Вярба - Бабуліны казкі

Пераказы, дыктанты«Казкі венскага лесу»

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Як Мікітка… сукенку з’еў

Ніна МацяшНіна Мацяш - Агеньчык

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Што любіць бабуля?