Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алтар жыцця

   Абмёўшы гальнем снег з чаравікаў, абтросшы шапку і паліто ў сенцах, бяруся за клямку і заходжу ў цёплую хату. Пакуль распрануўся, памыўся з дарогі – стол ужо аж увагнуўся ад ежы: чаго толькі на ім няма!
   Табе, шчодры сялянскі стол, хочацца сказаць ласкавае слова. Я памятаю кожную метку на тваіх дошках: вось гэтыя шрамы ад вострага нажа асталіся з таго часу, калі дзед крышыў на ім табаку, а бабуля – капусту; гэтыя кругленькія ямачкі – сляды ад моцных арэшкаў, якія не тое што раскусіць, але і разбіць малатком было цяжкавата; а вось гэтыя зарубкі на тваіх ножках расказваюць, як растуць, падымаюцца ўверх дзеці – на адзін сантыметр, на два, натры...
   Ты, моцны вясковы стол, заўсёды вытрымліваў вялікія перагрузкі заручын, вяселляў, радзін, хрэсьбін. I не адзін госць, паддаўшыся шчодрасці медавухі, седзячы на лаве, міжволі схіляў да цябе сваю зацяжалелую раптам галаву, клаў паголеную дзеля свята шчаку на твае халаднаватыя выслізганыя міскамі ды кубкамі дошкі.
   Ты прапах куляшом, аўсяным кісялём, капустаю, блінамі, талакном, бабкаю, клёцкамі ды бульбаю з грыбамі. I хоць сёння ўжо ў вёсках не пякуць свайго хлеба (навошта, калі штодзень у краму прывозяць свежы), я веру, што ты ўсё яшчэ памятаеш цеплыню і пах загарэлых, пасаджаных на кляновы ліст і ўкрытых бялюткім ручніком караваяў, якія толькі што вынялі з печы. Стол пэўна ж яшчэ не забыўся, як мой бацька пачынаў новы каравай – нейкая ўрачыстасць прасвятляла ў тую хвіліну бацькаў твар, ён доўга, старанна абціраў нож, спрабаваў пальцам, ці добра навостраны, потым браў круглы бохан леваю рукою, прыціскаў яго да грудзей, а праваю абганяў кругом ладны акраец. У сялян была спрадвеку вялікая павага і пашана да хлеба, які ім не так ужо лёгка даваўся, а таму, пэўна, нават такая звычайная, будзённая работа, як пачынанне новага каравая, узнімалася імі на вышыню абраду.
   Стол, ты памятаеш і галодныя дні нашы, калі ў хаце, здавалася, халадала ад бездапаможна парожняй печы. Ты ж ведаеш, як наша мама старалася хоць нечым скрасіць гэты час. Ёй было дастаткова аднаго зубка часнаку і малюсенькай макулінкі здору, каб у нашай хаце запахла, як на коляды: патоўчанае ўсё гэта разам так добра здобрывала суп, дзе крупіна за крупінаю ганялася, што мы ніяк не маглі адарвацца ад міскі. А калі заходзіў з вуліцы нехта чужы, дык абавязкова пытаўся:
   – Дзе гэта ты, Вулляна, каўбас панабрала? На ўсю вуліцу пахне.
   А ты ж, мусіць, памятаеш, калі мы, перажыўшы самы голад, нарэшце, варылі маладую бульбу-скараспелку. Як сядзелі мы вакол цябе, вакол чыгунка з бульбаю, з якога валіла пахкая пара. Памятаеш, і не наеўшыся як след, мы клалі лыжкі – кожны пакідаў іншаму: цётка пакідала Пашы, Паша – Ніне, Ніна – мне, а я – зноў цётцы.
   I цяпер вось мы можам сабрацца ўсе ў госці, пасядзець за тым жа сталом, успомніць, як дружна мы жылі, але тое, ранейшае, ужо ніколі не зможа вярнуцца. I нічога не паробіш – птушкі, што вылецелі з аднаго гнязда, вярнуцца ўсе ў яго зноў не змогуць: ім трэба рабіць новыя, свае гнёзды.
(475 слоў)

Паводле Я. Сіпакова.

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?