Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Адналюб

Кнопка отправить на печать

   Раніца была надзвычай росная, ядраная. Сямён калоў дровы. Ён насек ладную кучу дроў, калі жонка паклікала яго снедаць. Ён падышоў да студні, памыў рукі, прыгладзіў мокрымі далонямі валасы, міжволі акінуў поглядам наваколле.
   Блізка да вёскі падступаў малады хвойнік. Было ціха, толькі зрэдку перагукваліся вароны: адна сядзела на макаўцы дрэва, а другая прымасцілася на мачце высакавольтнай лініі і, мабыць, выглядала адтуль здабычу. Раптам нешта зашыпела, пачуўся кароткі гук, быццам нехта стрэліў, – варона кульнулася з мачты і глуха грукнулася аб зямлю.
   Усе адбылося імгненна. Сямён так і стаяў з мокрымі далонямі. «Кароткае замыканне... Яшчэ адна ахвяра цывілізацыі», – падумаў, ідучы ў хату.
   Каля ганка спыніўся: чорны воран кружыўся над мачтай і гучна, трывожна каркаў. Ён лётаў нізка, але на зямлю не апускаўся: чуў небяспеку. Сеў на дрэва і настойліва клікаў сяброўку. Вугальна-чорны, ён, здаецца, яшчэ больш учарнеў ад гора.
   – Сынок, нешта ты доўга ідзеш? Усё даўно на стале, – выйшла на ганак маці.
   Пасля сняданку Сямён расказаў пра здарэнне – за сталом не гаварыў, каб не палохаць малую. Адчыніў дзверы на вуліцу.
   – Во, чуеце, як ён каркае?
   Ад лесу даляцела прыглушанае, жаласлівае карканне ворана.
   – I праўда, як плача ўсё роўна. Во, груган, разбойнік. А перажывае, шкадуе, нібыта чалавек, – сказала маці.
   Сонца ўжо звярнула з паўдня, калі Сямён з жонкай і дачкою вярнуліся з лесу. Ён нёс пластмасавае вядзерца белавата-чорных брусніц. Жонка несла поўную конаўку чарніц. Аксанка ішла між бацькоў і няспынна шчабятала, нібы ранішняя ластаўка. Яны падыходзілі да хаты, калі зноў пачулася самотнае крумканне ворана.
   – Гэта той самы? – устрапянулася дачка. – Тата, ты абяцаў паказаць...
   – Ну, пойдзем паглядзім, – Сямён паставіў на ганак вядро.
 Па абедзе малая заснула, і толькі надвячоркам Сямён выбраўся з ёю ў лес. Яны дайшлі да прасекі, над якой віселі правады высакавольтнай лініі. Пад мачтай Сямён спярша ўбачыў рудаватае пер’е, а збоч мёртвую варону з распасцёртым крылом. Сямён падняў варону, і яму падалося, што яна яшчэ цёплая. Гэта здзівіла яго, але тое, што ён убачыў, прымусіла здзівіцца яшчэ болей: у густой траве ляжала другая варона, чорна-сіняя, з прыгожай моцнай дзюбай, скурчанымі кіпцюрамі.
   – Вось гэта дзіва. Каб хто сказаў, не паверыў бы.
   – А што, татка? Якое дзіва? – парушыла цішыню дачка. Сямён прыслухаўся, нібы хацеў пачуць самотнае крумканне гругана.
   Але вакол было ціха.
   – Вось гэта птушка ўранні загінула. А гэта той, што клікаў яе. Мабыць, шукаў яе і трапіў сюды.
   – А можа, ён не захацеў адзін жыць, – не па-дзіцячы сур’ёзна сказала малая.
   – Можа, і так. Давай мы пахаваем іх разам.
   Сямён выламаў з хвойкі сук, вострым канцом разгарнуў верхні пласт зямлі, далей быў сыпучы жвірысты пясок.
   – Можна, я буду рукамі капаць? – спытала дачка і прысела наўколенцы.
   Удваіх яны выкапалі даволі глыбокую ямку пад невысокай рабінай.
   Дамоў ішлі, калі ўжо змяркалася. Малая моцна трымалася за бацькаву руку, моўчкі тэпала і нешта засяроджана думала.
(444 словы)

Паводле Л. Левановіча.