Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Абуджэнне

Кнопка отправить на печать

   Іграў аркестр. Не аркестр, а хутчэй сямейны ансамбль. Музыканты былі з Баранавіч, усе з адной сям’і: дзве сястры, брат і муж аднае з сясцёр. Чатыры музыканты на чатыры інструменты: скрыпку, акардэон, віяланчэль і бубен. Больш за ўсіх кідалася ў вочы скрыпачка, апранутая ў чорную дарагую сукенку, чорненькая, невысокая і зграбная, з вялікімі цёмнымі вачыма на белым твары і чорнымі пышнымі валасамі. Другая, маладзейшая, туліла да сваіх грудзей бліскучы ад перламутру вялікі акардэон. Малодшы брат жанчын – барабаншчык, а другі іграў на віяланчэлі.
   Мазуркі, абэркі, паланезы, танга, вальсы... Танцы ў розным тэмпе, з розным настроем, у кожнага была свая душа, сваё гукавое аблічча.
   Саліравала чарнявая скрыпачка. Яна стаяла крыху наперадзе ўсіх і іграла. Іграла не толькі скрыпка ў яе руках. Яна ўся іграла сама – ад спрытных ног да кончыкаў валасоў. Скрыпачка ўвесь час мянялася: іншы выраз твару быў у яе, іншая ўсмешка, іншая пастава; па-рознаму хадзіла правая рука, у якой свабодна і плаўна, як дасканалая дырыжорская палачка, лётаў тонкі рухавы смычок. Ён далікатна, але ўпэўнена дакранаўся да струн, і яны давалі жыццё тысячам чароўных гукаў, якія напаўнялі ўсё наваколле, западалі ў душу. О, гэтая скрыпка! Што яна рабіла з людзьмі!
   Здавалася, скрыпка ўздыхала ледзь прыхаваным чалавечым болем.
   Пачынаўся танец, кружыліся пары, а скрыпка спявала яшчэ галасней, перакрываючы сярэбраныя гукі акардэона, падымаючыся над нізкімі жалобнымі нотамі віяланчэлі. Скрыпка спявала і плакала, смяялася і галасіла наўзрыд, уздыхала, шаптала і ўмольвала, яна злавала, загадвала і праклінала. Было ў яе голасе ўсё, што ёсць у кожнай чалавечай душы. Няйначай яна іграла славуты «Паланез» Агінскага...
   Урэшце скрыпачку запрасіў на танец адзін франт з вусікамі і ў камізэльцы, відаць, заўзяты танцор.
   Цяпер усе, раскрыўшы раты, пазіралі не на аркестр, а на танцораў і менавіта на яе, бо дагэтуль на франта ніхто асабліва не заглядваўся. Чамусьці адразу збяднеў і аркестр, нечага ў ім стала бракаваць і, здаецца, не хапала таго агню, таго высокага напалу, які прыносіць сапраўднае натхненне. Такі праўда: шумеў лес, толькі не было ў ім салаўінай песні...
   А танцавалі яны здорава! Франт, па ўсім відаць, быў танцор адмысловы. Ён кружыў яе, як пушынку. Тэмп быў шалёны, а яны ўдваіх рабілі такія нечаканыя павароты – справа налева ці наадварот, так раптоўна мянялі кірунак ці рвалі з месца, што ўсе ахалі. Здаецца, ногі ў іх не датыкаліся да падлогі.
   Усмешка, на гэты раз больш напружаная, не сыходзіла з яе вуснаў, але не было відаць стомы ў яе шырока раскрытых вачах, толькі рука, што ляжала ў партнёра на плячы, выдавала яе трывогу – яна баялася канфузу – і, напэўна, хацела даказаць, што і ў танцы яна не горшая, чым у музыцы... I яна гэта даказала! Першы здаўся кавалер. Ён раптоўна спыніўся і ўпаў перад ёю на адно калена, аж задрыжала падлога, пасля далікатна пацалаваў ёй руку. Твар яго гарэў агнём, а яна стаяла яшчэ больш бледная, толькі дыхала глыбока і часта. Усе запляскалі ў далоні, зашумелі, пасыпаліся воклічы «брава».
   Пасля той музыкі я доўга быў сам не свой, жыў як у сне. Музыка была ў маёй галаве, ва ўсёй маёй істоце, яна перапаўняла мяне да краёў. Я бачыў, што на свеце ёсць нешта такое, без чаго жыццё будзе здавацца няпоўным і нецікавым. Ва мне абудзіўся чалавек.
(532 словы)

Паводле У. Дамашэвіча.