Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лірыка Лесі Украінкі

   Лірыка Лесі Украінкі – адна з вяршынь украінскай паэзіі. Галоўнае месца ў ёй займаюць рэвалюцыйна-вызваленчыя і патрыятычныя матывы. З самых першых крокаў творчасці ідэалам паэтэсы сталі свабода, разняволенне Бацькаўшчыны, самаадданае служэнне народу. Патрыятычнае пачуццё, любоў да Радзімы натхняла Лесю Украінку, давала сілу яе творчасці, напаўняла пратэстам супраць царскага самаўладства. З глыбока прачулым замілаваннем звярталася яна да любага краю: «...Украіна! Краса мая, туга мая неразлучная, дзе ты? Адзавіся, родная! Я чую твой голас».
   Многія вершы Лесі Украінкі – гэта вершы-роздумы пра родны край, долю народа, яго мінулае і сучаснае жыццё. Сярод іх вылучаецца верш «I ўсё-такі к табе...», дзе моцна выказана пачуццё любові да роднай зямлі. Цяжка перажывала паэтэса заняволенне Радзімы. Будучы за мяжой, яна сэрцам і думкамі была з Украінай, са сваім народам, пакутавала разам з імі. Усюды на чужыне бачыла няшчасце І насілле, ды толькі пакуты большай, чым на Радзіме, не сустрэла нідзе.

І ўсё-такі к табе нястрымна думка рвецца,
Мой заняволены, няшчасны краю!
Цябе як прыгадаю,
Жалоба і туга сціскаюць мае сэрца.


   З вялікім энтузіязмам сустрэла Леся Украінка рэвалюцыю 1905 г. і адклікнулася на рэвалюцыйныя падзеі сваімі «Песнямі пра волю». У гэтым вершы яна ўслаўляла змагароў за свабоду, цвёрды поступ і баявы дух рабочых калон, якія выйшлі на вуліцы гарадоў са сцягамі і песнямі. Паэтэса звярталася да іх з заклікам: замест сумных, тужлівых песень няволі спяваць новыя песні, песні волі, якія б ззялі, прамяніліся і клікалі на змаганне.

Новаю песняй, каб сонейкам ззяла,
Каб так, як полымя, вечна шугала,
Каб разам з песняй чырвоны наш сцяг
Цуды тварыў на прасторах жыцця!


   Паэзія Лесі Украінкі напаўнялася героікай змагання, рытмамі рэвалюцыі. Вернасць ідэалам свабоды народа, які ўзняўся на барацьбу, стала адным з асноўных матываў яе лірыкі.
   З вялікай сілай гэты матыў гучыць у вершы «Мара, будзь вернай!». З гэтым заклікам паэтэса звяртаецца да сваёй любай мары аб свабодзе, якую яна гадавала, з якой сябравала. Яна хоча, каб яе мара ярчэй разгарэлася і надалей асвятляла шлях, каб яна стала спраўджаным ідэалам, ідэяй служэння і самаадданасці народу. Дзеля здзяйснення гэтай высокай мэты паэтэса гатова ахвяраваць сваім жыццём:

 

Толькі – жыццё за жыццё! Будзь заўсёды жывою!
Слова, як меч, навастры, – траціць не варта надзею.
Хто адрокся ўсяго і спаліў караблі за сабою,
Не памрэ, не здабыўшы дабра для людзей.


   З нарастаннем рэвалюцыйнага руху ўзмацняліся вызваленчыя матывы лірыкі Лесі Украінкі, узбагачаўся яе філасофскі, гуманістычны змест. Паэтычнае слова набывала яшчэ большую баявую, трыбунную сілу, увасабляла свабодалюбівыя імкненні і спадзяванні народа, услаўляла яго мужнасць і моц духу. У паэзію ўваходзіў вобраз Праметэя як сімвал няскоранасці і барацьбы, мужнасці і свабодалюбства.
   Іван Франко пісаў: «...яшчэ ад часу шаўчэнкаўскага «Поховайте та вставайте, кайдани порвіте» Украіна не чула такога моцнага, гарачага і паэтычнага слова, як з вуснаў гэтай слабасільнай, хворай дзяўчыны».
   Гераічны праметэеўскі пачатак прысутнічае і ў творах Лeci Украінкі пра паэзію і паэта. Гэтай тэме прысвечаны яе вершы «Спявак», «Паўночныя думы», «Зара паэзіі», «Слова, чаму ты не сталь баявая?» і інш. У іх выказаны погляды на прызначэнне паэзіі, на яе ролю ў жыцці народа.
   У вершы-роздуме «Слова, чаму ты не сталь баявая?» слова параўноўваецца са зброяй, а паэт становіцца ўвасабленнем змагара, трыбуна, вестуна ідэй свабоды. Паэтэса ўслаўляе дзейсную сілу паэзіі ў барацьбе за вызваленне народа. Слова – яе адзіная зброя, і яно павінна быць мужным, палымяным, цвёрдым, загартаваным, такім, як сталь, як ярасны меч. Яна хоча вывастрыць сваю зброю – слова – і верыць, што мсціўцы ў спадчыну прымуць яго, што яно паслужыць змагарам, «узнімецца мечам на катаў-паноў».


Вывастру зброю сваю баявую,
Колькі ўмельства і сілы знайду я...
...Мсціўцы падхопяць тады маю зброю,
Кінуцца з ёю адважна да бою...
Зброя мая, паслужы змагарам
Лепш, чымсьці служыш ты хворым рукам!


   Многія творы Лесі Украінкі звернуты да гісторыі народа, нацыянальных традыцый, духоўнай спадчыны. Паэтэса высока цаніла шматвяковую культуру Украіны, народны эпас, народныя песні і думы. Яе цікавасць да нацыянальнай гісторыі, культурных здабыткаў не абмяжоўвалася толькі сваімі нацыянальнымі традыцыямі. Яна вывучала помнікі сусветнай культуры, знаёмілася з мастацкімі каштоўнасцямі, створанымі за шматвяковую гісторыю чалавецтва.
   Змагаючыся з хваробай, Леся Украінка на працягу некалькіх гадоў у зімні перыяд жыла ў Егіпце і там вывучала жыццё і старажытную культуру арабаў. На гэтым матэрыяле быў напісаны яе верш «Надпіс на руіне» пра векавечныя піраміды, узнесеныя працай народа. Цар-фараон грабніцу гэту збудаваў на крывавай працы рабоў, каб навечна ўславіць сваё імя. Час сцёр усе надпісы і імя цара-дэспата, захаваўшы навечна само гэта збудаванне, створанае геніем народа. Гэтым цудоўным скарбам непаўторнай прыгажосці народ увекавечыў сваё імя, стварыў самому сабе найвялікшы помнік.
   Народ – стваральнік духоўнай культуры чалавецтва. Усё каштоўнае, створанае ім нават пад прыгнётам, не пне, застаецца навечна – такая галоўная ідэя гэтага верша, выказаная ў яго фінале:

I кожная мярэжка І малюнак,
Калона, статуя і нават цэгла
Нябачанымі вуснамі гаворыць:
«Мяне стварыў егіпецкі народ!
І тым навекі сваё імя ўславіў».
Даўно няма таго цара-тырана,
Застаўся толькі круг ды збіты надпіс.
Спявак, не мар! Вучоны, не шукай,
Хто быў той цар, імя насіў якое!
З яго магілы ўжо стварыла доля
Народу помнік, – хай загіне цар!


   Паэзія Лесі Украінкі моцна звязана з народна-паэтычнай творчасцю, прасякнута глыбокай любоўю да прыроды і ва ўсіх сваіх формах скіравана да духоўнага свету чалавека. Разнастайным багаццем мастацкіх фарбаў побач з грамадска-патрыятычнай вызначаецца пейзажная і інтымная лірыка паэтэсы: вершы пра асабістае жыццё, маладосць, каханне, дружбу.
   Любімым вобразам Лесі Украінкі была вясна – увасабленне ўсяго самага блізкага, роднага, дарагога. У вершы «Стаяла я і слухала вясну» выказаны інтымныя пачуцці і перажыванні паэтэсы, выкліканыя вясеннім абуджэннем прыроды. Вясна нагадала мінулае, спявала і таямніча шаптала пра любоў, маладосць, пра надзей святых імкненні.

 

Яна мне ўсё пераспявала зноў,
Што мне даўней спявалі летуценні.


   Усе найбольш значныя лірычныя творы і асобныя драматычныя паэмы Лесі Украінкі перакладзены на беларускую мову і сталі духоўным набыткам нашага народа.
   Па духу, па агульнай накіраванасці паэтычная творчасць Лесі Украінкі блізкая беларускай паэзіі пачатку XX ст. Асабліва гэта блізкасць з украінскай паэтэсай адчуваецца ў паэзіі Цёткі. Пратэст супраць сацыяльнага і нацыянальнага заняволення, заклікі да змагання, апяванне рэвалюцыі 1905 г., свабоды народа, рамантычная акрыленасць думкі, сімволіка-алегарычная вобразнасць, публіцыстычнасць, моцная сувязь з фальклорам – усе гэтыя ідэі і матывы тыпалагічна родняцца ў іх творчасці.
   Шмат агульнага і ў асабістым лёсе абедзвюх паэтэс: хвароба, сувязь з нацыянальна-вызваленчым і сацыялістычным рухам, эміграцыя. З 1906-га па 1912 г. Цётка жыла ў Заходняй Украіне, у Львове. Леся Украінка некалькі разоў прыязджала да хворага С. Мяржынскага ў Мінск.
   Леся Украінка ўвасобіла ў сваёй творчасці шырокую агульначалавечую культуру. Яна валодала многімі мовамі, добра была знаёма з сусветнай літаратурай, пераклала шматлікія творы заходнееўрапейскіх паэтаў на родную мову. Паэтэса выкарыстоўвала старадаўнія класічныя формы, сусветныя сюжэты і вобразы антычнасці і новага часу. Усімі гэтымі рысамі яна пераклікаецца з Максімам Багдановічам. Ён, як і Леся Украінка, імкнуўся паяднаць нацыянальную паэзію з вышэйшымі здабыткамі агульначалавечай культуры. Гэта тыпалагічная агульнасць сведчыць, наколькі блізкімі былі мэтаімкненні ўкраінскай і беларускай літаратур на шляхах мастацкага адраджэння, наколькі плённымі станавіліся іх пошукі ў засваенні багацейшых традыцый сусветнай літаратуры.

Похожие статьи:

Леся УкраінкаЖыццё і творчасць Лесі Украінкі

Леся УкраінкаДраматычныя творы Лесі Украінкі

Леся УкраінкаЛеся Украінка