Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эліза Ажэшка

Фатаграфія Элізы Ажэшкі   Сучаснікі называлі Элізу Ажэшку "жывой мудрасцю і чуйным сэрцам цэлай эпохі". Амаль усё жыццё пражыла яна ў правінцыяльным Гродне, дзе і напісала большасць сваіх празаічных твораў, перакладзеных сёння на шматлікія мовы народаў свету. Літаратурная спадчына пісьменніцы расказвае людзям праўду пра прыроду, звычаі і побыт насельнікаў яе роднай зямлі, колішніх Тутэйшых, якіх сёння называюць беларусамі і якія могуць у творах сваёй знакамітай зямлячкі прачытаць сапраўдную гісторыю роднага краю.
   Шлях да сусветнай славы, якую прынесла Э. Ажэшцы не толькі яе літаратурная творчасць, але і грамадская, асветніцкая дзейнасць, быў няпростым і нялёгкім.
   Будучая пісьменніца нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года ў маёнтку Мількаўшчына, які разам з навакольнымі вёскамі на працягу многіх пакаленняў належаў яе сям'і — роду багатых і адукаваных землеўладальнікаў Паўлоўскіх. Бацька яе, Бенядзікт Паўлоўскі, памёр, калі дзяўчынцы было ўсяго тры гады. Маці выйшла ў другі раз замуж, і Эліза пасля смерці старэйшай сястры апынулася ў самотнай адчужанасці. У 1852 годзе вырашана было адправіць адзінаццацігадовую дзяўчынку ў Варшаву ў закрыты вучэбны пансіён сясцёр-сакрамэнтак. Гэта была адна з лепшых жаночых школ Польшчы. Тут яна пражыла пяць гадоў, і гэты час не быў страчаны дарэмна. З пансіёна, апрача ведаў, якія ёй так спатрэбяцца пазней, Эліза вынесла яшчэ і глыбокае, шчырае сяброўства, што захавалася на ўсё жыццё. Лёс ад самага пачатку спрыяў будучай пісьменніцы, пасылаючы на яе жыццёвыя шляхі неардынарныя, таленавітыя постаці. У пансіёне такой асобай стала Марыя Васілоўская (будучая знакамітая польская пісьменніца Марыя Канапіцкая), што вучылася ў адначассе з Элізай і, адчуўшы родную душу, стала блізкай яе сяброўкай.
   Амаль адразу пасля заканчэння вучобы ў 1858 годзе сямнаццацігадовая Эліза выходзіць замуж. Абраннікам яе стаў багаты палескі абшарнік Пётра Ажэшка, які быў на той час амаль удвая старэйшы за яе. Неўзабаве пасля вяселля ў 1859 годзе Эліза пераязджае ў маёнтак мужа — Людвінава, што непадалёк ад Кобрына. Тут яна пражыве чатыры гады, і гэты перыяд стане вызначальным у фарміраванні светапогляду будучай пісьменніцы.
   У гэтыя часы на Беларусі неспакойна, ідзе актыўная падрыхтоўка да паўстання.
   Эліза, нягледзячы на забароны і незадаволенасць мужа, прымае актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху, яна дапамагае паўстанцам харчаваннем, медыкаментамі, стварае '"жаночы легіёнік", які выпякаў хлеб, мыў бялізну.
   Калі паўстанне было задушана, Эліза Ажэшка хавае Р. Траўгута ў сваім доме, а потым, рызыкуючы ўласным жыццём, дапамагае яму ўцячы, перавозіць да меж Польскага каралеўства, дзе ён спадзяваўся працягваць барацьбу.
   Рэпрэсіі, што абрынуліся на ўдзельнікаў паўстання пасля яго паражэння, не абмінулі і сям'і Ажэшкаў. У 1865 годзе за дапамогу паўстанцам маёнтак іх канфіскуецца, самога гаспадара і яго братоў, Фларыяна і паралізаванага Браніслава, высылаюць у ссылку ў Пермскую губерню. Эліза, цудам пазбегнуўшы арышту, вяртаецца ў родную Мількаўшчыну. З мужам на гэты час яна даўно ўжо знаходзіцца ў фактычным разводзе, таму і не едзе ўслед за ім у ссылку, як зрабілі гэта большасць жонак паўстанцаў. Тагачаснае шляхецкае асяроддзе адмоўна паставілася да гэтага ўчынку Элізы Ажэшкі, і яна апынаецца ў пэўнай ізаляцыі, аддадзеная на волю ўласнага лёсу і сваіх дум.
   Мажліва, гэтыя самота і адасобленасць не ў малой ступені паспрыялі яе літаратурнаму дэбюту. Першым друкаваным творам Элізы Ажэшкі стала апавяданне "Малюнак з галодных гадоў", апублікаванае ў 1866 годзе ў варшаўскім літаратурным часопісе "Tygodnik ilustrowany". Тэмаю твора было бядотнае жыццё беларускага сялянства.
   У 1869 годзе Эліза атрымлівае афіцыйны развод з мужам і пераязджае ў Гродна, горад, у якім пражыве да апошніх дзён свайго жыцця і які яна падрабязна, з розных пунктаў гледжання апіша ў сваіх творах, назваўшы яго Ангродам. Пасля няўдалай спробы выйсці замуж за мясцовага лекара Зыгмунта Свянціцкага маладая жанчына вырашыла цалкам пасвяціць сябе самаадукацыі і пошуку ўласнай жыццёвай дарогі. На гэтае рашэнне паўплывалі не толькі маральныя, але і матэрыяльныя прычыны. Пасля паражэння паўстання царскі ўрад накладвае на мясцовых землеўладальнікаў велізарныя падаткі, якія Эліза Ажэшка, як і многія іншыя, не ў стане выплаціць. Яна змушана прадаць родны маёнтак. I гэты факт пісьменніца перажывае надзвычай балюча. Да жалю па страчанай роднай сядзібе далучаецца адчуванне віны перад заняволенай Айчынай, бо існуе дэкрэт царскага ўрада, паводле якога палякам (а значыць, і ўсім тутэйшым жыхарам) забаронена набываць зямлю.
Пасля разводу з мужам і продажу бацькоўскага маёнтка Эліза Ажэшка павінна была сама зарабляць сабе на пражыццё і сама шукаць дарогу ў гэтым складаным свеце. Пісьменніцкая праца робіцца для яе не толькі патрэбай душы, але і сродкам матэрыяльнага існавання.
   У 1872 годзе Эліза Ажэшка апублікавала аповесць "Пан Граба", і з гэтага часу варшаўская літаратурная крытыка загаварыла пра маладую пісьменніцу. Твор атрымаў станоўчыя водгукі, у тым ліку і знакамітага на тыя часы Г. Сянкевіча.
   Складаныя жыццёвыя абставіны, якія змушалі Э. Ажэшку ўступіць у змаганне з існуючым кансерватыўна-мяшчанскім поглядам на свет яе правінцыяльнага асяроддзя, абумовілі цэнтральны матыў як згаданага, так і будучых твораў пісьменніцы — ім стала самарэалізацыя чалавека, нягледзячы на ўсе тыя перашкоды, якія ствараюць яму сацыяльна-грамадскія ўмовы. Менавіта яны ператвараюць жанчыну з паўнацэннай асобы ў забаўку для мужчын, з яўрэя робяць закладніка гета, з селяніна — ахвяру цямноты.
   Становішча жанчыны ў тагачасным грамадстве робіцца адной з цэнтральных тэм творчасці Элізы Ажэшкі. У 1873 годзе яна публікуе аповесць "Марта", якая прынесла ёй не толькі літаратурнае прызнанне, але і высунула пісьменніцу ў лідары польскага руху феміністак. Эліза Ажэшка робіцца папулярнай не толькі ў Польшчы, але і за яе межамі. Галоўная думка гэтага твора — змяніць становішча жанчыны ў грамадстве, адукаваць яе, надаць ёй грамадзянскія правы, падрыхтаваць да працы.
   Пазітывісцкія задачы ставіла перад сабой маладая пісьменніца і ў іншых творах, напісаных у прамежку паміж 1874 і 1877 гадамі. Аповесці "Элі Маковер", "Сям'я Брохвічаў" і іншыя мелі на мэце выпрацаваць для суродзічаў і землякоў Элізы Ажэшкі невялікую практычную праграму вырашэння маральных праблем, з якімі людзі сутыкаюцца штодзённа. Жыццё ў ціхім правінцыяльным Гродне давала пісьменніцы выдатную мажлівасць бліжэй пазнаёміцца з яго насельнікамі. Адначасова Э. Ажэшка настойліва працуе над сваёй самаадукацыяй. Яна вывучае старажытнасць, звяртаецца да прыродазнаўчых навук, настойліва штудзіруе працы тагачасных еўрапейскіх філосафаў, найперш пазітывістаў Фогта, Конта, Міля. Багатую хатнюю бібліятэку, якая засталася ў спадчыну ад бацькі, Эліза рэгулярна папаўняе новымі кнігамі, перыядычнымі выданнямі на польскай, рускай, французскай мовах. У выніку яна змагла настолькі пашырыць свае духоўныя далягляды, што з часам стала адной з самых адукаваных інтэлектуалак свайго часу. У гродзенскі домік Э. Ажэшкі ідуць лісты з розных бакоў свету. Ёй пішуць стваральнікі вядомага расійскага часопіса "Русская мысль" У. Лаўроў і В. Гольцаў, знакаміты ўкраінскі пісьменнік I. Франко, рэдактар варшаўскага часопіса "Вісла" вучоны Ян Карловіч, вядомы тагачасны польскі крытык і літаратуразнавец Аўрэлі Драгашэўскі і інш. З Э. Ажэшкай сустракаюцца і падтрымліваюць сяброўскія кантакты Марыя Канапіцкая, Уладзіслаў Рэймант, прафесар Варшаўскага універсітэта Генрык Нусбаўм, тэатральны крытык Юзаф Катарбінскі і інш. Неаднаразова быў госцем яе гродзенскага дому і Францішак Багушэвіч. Менавіта Э. Ажэшцы, прызнанай і вядомай польскай пісьменніцы, чытаў ён свае беларускамоўныя творы. І (што вельмі істотна) менавіта яна заахвочвала пісьменніка пісаць на роднай мове. "Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч, — пісала Э. Ажэшка Я. Карловічу, — і чытаў мне казку — доўгую, поўную фантазіі, цудоўную, якую напісаў па-беларуску. Гэта прыгожы талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на мой погляд, выдатныя. Трэба было б усімі сіламі заклікаць яго да працы ў гэтым напрамку" (ліст ад 22 лютага 1888 года).
   Дэмакратычныя погляды Элізы Ажэшкі выяўляліся ў яе стаўленні не толькі да беларускага народа, але і да ўсіх пагарджаных і пераследаваных народаў свету. I найперш яўрэяў. Сур'ёзныя заняткі гісторыяй яўрэйства, яго тагачасным становішчам у Еўропе, якія Эліза Ажэшка праводзіла пад кіраўніцтвам сяброў-эрудытаў, сталі падрыхтоўчым этапам для працы над аповесцю "Меір Эзафовіч" (1878), што прынесла пісьменніцы сусветную славу.
   Дзякуючы "Марце" і "Меіру Эзафовічу", Э. Ажэшка стала лідарам маладой польскай літаратуры. Змянілася і яе жыццёвае становішча, яна здабыла матэрыяльную незалежнасць, аўтарытэт і шырокае прызнанне як літаратарка і публіцыстка.
   Падзяляючы погляды пазітывістаў, пісьменніца не толькі ў сваёй творчасці, але і ў рэальным жыцці імкнецца зрабіць нешта карыснае для свайго народа, змагаецца за нацыянальнае вызваленне не зброяй, а словам, учынкам. Адным з кірункаў такой стваральнай працы стала для Ажэшкі актыўнае супраціўленне гвалтоўнай русіфікацыі этнічна беларускіх тэрыторый, якая праводзілася пад сцягам барацьбы з польскім элементам. У 1879 годзе Эліза Ажэшка арганізоўвае ў Вільні кніжнае выдавецтва, якое адыграла велізарную ролю ў супрацьдзеянні расійскай палітыцы. За два з паловай гады яго існавання тут былі выдадзены 22 назвы кніг, два літоўскія календары і некалькі нумароў гумарыстычнага часопіса "Альфабэт". Аднак неўзабаве пісьменніцу напаткала вялікае маральнае расчараванне. Улады даволі хутка разабраліся ў сутнасці яе выдавецкай дзейнасці. Выдавецтва было зачынена, а сама Ажэшка на тры гады інтэрнавана ў Гродна, пазней тэрмін быў павялічаны да пяці гадоў. Яна зразумела, што ў існуючых умовах немагчымая ні грамадская, ні культурная дзейнасць.
   Такім чынам, з 1882 года па 1887 год Э. Ажэшка змушана не пакідаць Гродна, бо знаходзіцца пад наглядам паліцыі. Пісьменніца цалкам аддаецца творчай працы, яна бярэцца за ажыццяўленне сваёй даўняй задумы: напісаць цыкл твораў, прысвечаных сучаснасці, так званую групу "Зданяў". Гэта былі аповесці "Здань" (1880), "Сільвек Магільшчык" (1881), "Зыгмунт Лавіч і ягоныя таварышы" (1882) і інш. У гэтых творах пісьменніца аналізуе тыя складаныя грамадскія працэсы, якія лічыць найбольш небяспечнымі для родных мясцін. Да ліку іх яна слушна адносіць сацыялізм, рускае народніцтва і амаральнасць.
   Аднак найвялікшую славу і поспех прыносяць ёй не гэтыя аповесці, а творы, прысвечаныя жыццю беларускай вёскі. Уласны жыццёвы вопыт, а яшчэ судовая практыка гродзенскага адваката Станіслава Нагорскага, блізкага сябра пісьменніцы на працягу ўсяго яе жыцця ў Гродне, а пазней і мужа (шлюб Ажэшкі з Нагорскім адбыўся ў 1894 годзе), дапамагаюць ёй напісаць "Нізіны" (1884), "Дзюрдзі" (1885), а ў 1899 годзе аповесць "Хам". Гэтыя творы —лепшыя ў спадчыне пісьменніцы. Тут знайшлі адлюстраванне яе маральныя прынцыпы і дэмакратычныя погляды. У аповесці "Нізіны" яна паказвае тыя складаныя працэсы, што адбываюцца ў парэформеннай беларускай вёсцы, дзе захаваліся рэшткі прыгоннага права і разам з тым усё мацней заяўляюць пра сябе капіталістычныя тэндэнцыі.
   У "Нізінах", таксама як і ў іншых творах, прысвечаных беларускаму жыццю, Эліза Ажэшка актыўна выкарыстоўвае беларускую лексіку, народны фальклор. Тут найбольш выразна адлюстраваўся культ роднай старонкі, якую ўслед за Адамам Міцкевічам яго нашчадкі, у тым ліку і Эліза Ажэшка, называюць гістарычнай Літвой. Як некалі Адам Міцкевіч у славутым "Пане Тадэвушы", Эліза Ажэшка з замілаваннем апісвае беларускія краявіды, славіць простую стваральную працу звычайных людзей, іхняе жыццё на лоне прыроды.
   Гэтую замілаванасць да роднай старонкі, гэтую шчырую адданасць роднаму краю заўважалі ў творчасці пісьменніцы яе сучаснікі і найперш землякі, тыя, хто, як і Э. Ажэшка, крэўнымі повязямі быў з'яднаны з беларускай зямлёй.
   Да ліку лепшых у творчай спадчыне Элізы Ажэшкі належыць і аповесць "Дзюрдзі", названая паводле прозвішча герояў — беларускіх сялян, што ўчынілі страшнае злачынства: забілі кабету. Пісьменніца даследуе вытокі іхняга жорсткага ўчынку, псіхалагічна пераканальна паказвае шлях кожнага з чатырох Дзюрдзяў да той нянавісці, што штурханула іх на гэты крок, сярод шматлікіх чыннікаў псіхалагічна-асабістага характару галоўнае месца ўсё ж займае спрадвечная цемната, якая змушае сялян бачыць у вобліку сімпатычнай гаспадарлівай кавалёвай жонкі Пятрусі прадстаўніцу містычных цёмных сіл чараўніцу і вядзьмарку.
   Шчырая, непаказная цікавасць да беларускага жыцця, побыту і звычаяў беларускага народа яскрава выявілася і ў краязнаўчым нарысе пісьменніцы, які яна друкавала на працягу некалькіх гадоў (з 1888 па 1892) у часопісе "Вісла". Нарыс мае паэтычную назву "Людзі і кветкі над Нёманам", якая цалкам адпавядае зместу.
   Зрэшты, дэмакратычныя прынцыпы Элізы Ажэшкі выяўляліся не толькі ў яе творчасці. На працягу ўсяго жыцця яна як магла імкнулася паспрыяць чужой бядзе, дапамагчы людзям, побач з якімі жыла. Паказальнымі з'яўляюцца яе паводзіны падчас вялікай бяды-пажару 1885 года ў Гродне. Тады згарэў і дом самой пісьменніцы, аднак менавіта яна прыняла актыўны ўдзел у грамадзянскай акцыі дапамогі пагарэльцам.
   I ўсё ж жыццёвыя клопаты і беды ніколі не засланялі для Э. Ажэшкі яе галоўнай мэты — творчай працы, працы над словам і са словам, у якім яна выказвала свой боль і сваё разуменне нацыянальна-вызваленчага руху, з якім звязвала будучыню роднага краю. У 1887 годзе пабачыў свет найбольш значны і дасканалы твор пісьменніцы — раман "Над Нёманам", прысвечаны асэнсаванню падзей паўстання 1863 года. Якраз тут яна змагла перадаць словамі непаўторную аўру свайго роднага беларускага краю: гродзенскіх ваколіц, берагоў Нёмана.
   У рамане Эліза Ажэшка закранае тэму, актуальную і для сучаснай літаратуры: тэму знішчэння родных каранёў, пад якім і яна мае на ўвазе і карані гістарычныя. Шлюб Юстыны з Янам — гэта вяртанне дзяўчыны да сваіх вытокаў, да роднай зямлі, у тое асяроддзе, якое шчыра і паслядоўна захоўвае традыцыі сваіх далёкіх продкаў.
   У адрозненне ад многіх сучаснікаў пісьменніца ніколі паводле сваіх поглядаў не была кансерватыўнай, яна імкнулася ўсвядоміць і зразумець новыя тэндэнцыі і плыні, што ўзнікалі ў тагачасным мастацтве, нават такія далёкія ад яе творчай практыкі, як мадэрнізм. Аповесць "Меланхолікі" (1896) — гэта ідэйная спрэчка пісьменніцы з дэкадансам, аднак сурова асуджаючы яго, яна імкнецца вытлумачыць, адкуль ён бярэ свае вытокі.
   Шмат расчараванняў і перашкод было на жыццёвай і творчай дарозе самой Элізы Ажэшкі. Яе творы двойчы вылучаліся на атрыманне Нобелеўскай прэміі, аднак перавага была аддадзена раманам Генрыка Сянкевіча. Не заўсёды належным чынам ацэньвала яе творчы даробак і тагачасная крытыка. Няпроста было жыць і ва ўмовах пастаяннага пераследу царскіх улад, якія нават пасля смерці Элізы Ажэшкі наладзілі суд над яе кнігай "Głoria victis", дзе ў аднайменным апавяданні яна аддала даніну пашаны не толькі Рамуальду Траўгуту, але і ўсім безымянным героям паўстання 1863 года. Але пісьменніца ніколі не губляла веры ў шчаслівую будучыню роднага краю, у перамогу нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Дзеля вызвалення роднага краю яна зрабіла ўсё, што змагла, — і словам, і ўчынкам.
   Эліза Ажэшка памерла 18 траўня 1910 года ў сваім родным горадзе Гродне.

Похожие статьи:

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Хам. Аналіз аповесці

Эліза АжэшкаТворчасць Элізы Ажэшкі

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Над Нёманам

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Зімовым вечарам

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Раманіха