Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Францішак Аляхновіч

Фатаграфія Францішака Аляхновіча   Францішак Аляхновіч нарадзіўся 9 сакавіка 1883 г. — на год пазней за нашых славутых класікаў — Янку Купалу і Якуба Коласа. Радзімай яго была Вільня, вельмі самабытны, са своеасаблівым укладам жыцця старажытны беларускі горад, сталіца феадальнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, былы цэнтр нашай нацыянальнай культуры. Тут Аляхновіч гадаваўся, тут сталеў яго талент. Яму прысвячаў свае творы.
   Вільня была для Аляхновіча духоўнай калыскай, дзе спазнаў ён і шчасце, і радасць, і вялікія пакуты. Тут здзейсніліся многія яго творчыя задумы. У гэтым жа горадзе абарвалася яго жыццё, тут знайшоў ён вечны свой супачын.
   Бацька Францішка Кароль Іванавіч Аляхновіч паходзіў са збяднелага шляхецкага роду з-пад Радашковіч. Па прафесіі ён быў музыкантам, працаваў у віленскім тэатры. Браў з сабой у тэатр і сына. Дзівосны свет тэатра зачараваў хлапчука на ўсё жыццё, сцэнічнае мастацтва літаральна запаланіла душу, можа, таму і не ішла ў галаву іншая навука. Так, у Віленскай гімназіі, дзе пачаў сваю адукацыю Францішак Аляхновіч, у чацвёртым і пятым класах ён сядзеў па два гады, пакуль урэшце не падпаў пад выключэнне. Бацька, каб выратаваць становішча, уладкаваў яго ў хіміка-тэхналагічную школу. Але і там было тое ж самае. Правучыўшыся толькі адзін год, Францішак пакінуў гэтую школу. I выправіўся ў далёкі свет. Амаль без грошай і без замежнага пашпарта падаўся ў Кракаў, каб набыць там тэатральную адукацыю. Не без прыгод дабраўся ён да гэтага незнаёмага горада, але ў першую ж ноч патрапіў у астрог. З астрогамі Аляхновіч будзе спатыкацца яшчэ не адзін раз, яны ў яго жыцці стануць усё адно як наканаванне.
   Назаўтра раніцай пасля арышту Францішка адпусцілі, але высветлілася, што набору на тэатральны курс не было. Ён уладкаваўся вольным слухачом літаратурна-гістарычнага факультэта Кракаўскага універсітэта, аднак правучыўся толькі адзін год. Яго неадольна прыцягвала да сябе сцэна.
   У 1904 г. Ф. Аляхновіч дабраўся да Варшавы і паступіў у драматычную школу пры музычным таварыстве. Яе ён паспяхова закончыў у 1907 г. і стаў акцёрам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў.
   Адпрацаваўшы сезон, Францішак Аляхновіч зноў прыехаў у Вільню. Тут ужо даволі актыўна ладзілася беларускае культурнае жыццё, шырылася, набірала моц нацыянальнае Адраджэнне. Рэй вялі браты Іван Луцкевіч і Антон Луцкевіч. Духоўным асяродкам стала газета «Наша ніва», вакол якой групаваліся лепшыя літаратурныя сілы, увогуле дзеячы беларускай культуры. Але нацыянальны тэатральны калектыў пакуль не існаваў, яго неабходна было яшчэ ствараць, па крупінках збіраць, гуртаваць сілы. Таму Аляхновіч, не атрымаўшы месца па спецыяльнасці, вымушаны быў зарабляць на хлеб надзённы рэпарцёрскай працай у польскамоўных перыядычных выданнях.
   Пачаткам сапраўднага адраджэння ў XX ст. нашага сцэнічнага мастацтва трэба лічыць Першую беларускую вечарынку, наладжаную 12 лютага 1910 года ў Віленскім клубе чыгуначнікаў. Асобныя спробы арганізацыі тэатральных відовішчаў вяліся і раней, і небеспаспяхова. Першая ж беларуская вечарынка як бы кандэнсавала папярэднія намаганні і сталася на той час кульмінацыяй тэатральнага аматарскага руху.
   Але зноў удар лёсу. На той час Аляхновіч рэдагаваў польскамоўны гумарыстычны часопіс «Реrkunas», у якім з'явіўся артыкул, дзе нібыта заклікалася скінуць існуючую ўладу і зневажаліся нябесныя сілы. Выдаўца паклікалі на допыт, над яго галавою навісла пагроза турэмнага зняволення. I, ратуючыся ад яго, Францішак Аляхновіч зноў тайна перасякае дзяржаўную мяжу, перабіраецца ў Галіцыю, якая належала тады Аўстра-Венгрыі.
   Стварэнне ж беларускага нацыянальнага тэатра ўсклаў на свае плечы Ігнат Буйніцкі, потым яго справу прадоўжыў акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч. А Аляхновіч змушаны быў выступаць — на Галіччыне ў польскіх вандроўных калектывах, прытым з-за перасцярогі пад псеўданімам Юры Монвід. (Пазней гэтым прозвішчам ён будзе падпісваць і шэраг сваіх літаратурных твораў.)
   Ішоў час, у грамадстве адбыліся сякія-такія дэмакратычныя зрухі. Так, у 1913 г. у Расійскай імперыі ў сувязі з 300-годдзем дынастыі Раманавых аб'явілі амністыю. Абрадаваны і абнадзеяены такой падзеяй Аляхновіч зноў вяртаецца ў Вільню і па ўласнай ініцыятыве прыходзіць да пракурора, каб зняў з яго абвінавачванні. Па першым пункце судовага выраку Францішку Аляхновічу даравалі, а вось за другі (зневажанне нябесных сіл) засадзілі на год у турму. Акурат там, у віленскіх Лукішках, ён і заняўся драматургічнай дзейнасцю — прыдаўся журналісцкі вопыт. Там ён напісаў сваю першую п'есу пра Вільню і віленчукоў «На Антокалі» — спачатку на польскай мове, а потым пераклаў на беларускую. У турме з'явіліся задумы і новых драматычных твораў.
   Калі ў 1915 г. Францішак Аляхновіч выйшаў з турмы, ужо ішла першая сусветная вайна. Вільня — колішні асяродак беларускай культуры, цэнтр даволі магутнага руху за яе адраджэнне — духоўна вельмі збяднела. Спынілася выданне «Нашай нівы», абсалютная большасць яе супрацоўнікаў, пісьменнікаў, увогуле дзеячаў культуры перад нямецкай акупацыяй з'ехала адсюль. Аляхновіч жа застаецца ў родным горадзе. Тут яшчэ пакуль дзейнічаў толькі Беларускі музычна-драматычны гурток — напаўпрафесійны тэатральны калектыў. I Аляхновіч прымае ўдзел у яго працы — ставіць спектаклі, выконвае асобныя ролі. Але ўмовы для творчасці падчас нямецкай акупацыі былі надзвычай цяжкія, і гурток неўзабаве распаўся.
   Чым толькі не займаўся Францішак Аляхновіч, каб неяк пракарміць сям'ю: афармляў розныя шыльды, малярнічаў, працаваў пажарнікам, кантралёрам электрасетак, выхавальнікам дзіцячага прытулку пад Вільняй. Жылося голадна і холадна. I ўсё ж знаходзіў час для творчасці.
   Стараннямі I. Луцкевіча ўдалося дабіцца ад акупацыйных нямецкіх улад дазволу на дзейнасць у Вільні Беларускага клуба. Ён адкрыўся 1 чэрвеня 1916 г. Пры гэтым клубе Францішак Аляхновіч арганізаваў Беларускую дрематычную дружыну. Сфармаваў яе з акцёраў былога Беларускага музычна-драматычнага гуртка, а таксама з запрошаных новых выканаўцаў. Каб сабраць пэўныя сродкі на дапамогу пацярпелым ад вайны, калектыў наладжваў музычна-вакальныя вечары, арганізаваў кабарэ, дзе выконваліся арыгінальныя куплеты, эстрадныя жарты і іншыя нумары.
   Але Францішак Аляхновіч гарэў жаданнем стварыць беларускі прафесійны тэатр, развіваць айчыннае тэатральнае мастацтва. Дзякуючы яго намаганням, 10 кастрычніка 1916 г. быў пастаўлены на віленскай сцэне першы драматычны спектакль «Хам» паводле Элізы Ажэшкі. А 27 снежня таго ж года адбылася прэм'ера спектакля «На Антокалі», якая была цёпла сустрэта гледачамі і прайшла з поспехам. Для развіцця тэатральнага мастацтва на Беларусі не ставала галоўнага — новага рэпертуару, і Ф. Аляхновіч, нягледзячы на вялікую занятасць па працы на кавалак хлеба, самым актыўным чынам бярэцца за яго стварэнне. Дастаткова сказаць, што толькі ў 1916-1917 гадах з-пад яго пяра выходзіць аж шэсць драматычных твораў — «На вёсцы», «Бутрым Няміра», «Манька», «Базылішк», «У лясным гушчары», «Калісь».
   У неакупаваным пакуль Мінску жылося і працавалася значна лепш. У красавіку 1917 г. пад мастацкім кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча гам адкрыўся прафесійны тэатр — Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, развівалася, віравала сцэнічнае мастацтва. I паступова ў Ф. Аляхновіча выспявае рашэнне — падацца, чаго б гэта ні каштавала, у Мінск, пашукаць там сваё шчасце. Уласныя памкненні і душэўны парыў Аляхновіч значна пазней выказаў вуснамі цэнтральнага героя Васіля ў самай аўтабіяграфічнай п'есе «Няскончаная драма».
   Францішак Аляхновіч накіраваўся ў Мінск у чэрвені 1918 г. Дабіраўся ў асноўным пешшу. Як і звычайна, амаль з пустымі кішэнямі. Каля Маладзечна падсеў на вазок да нейкіх шляхцянак і, выдаючы сябе за фурмана, без пропуска пераадолеў лінію нямецкага фронту. З'явіўся ў Мінск, здаецца, на сёмыя суткі падарожжа, галодны, абарваны, ледзьве не босы. Уладкаваўся на працу ў Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Неўзабаве паставіў там сваю п'есу «Бутрым Няміра», сыграў у спектаклі галоўную ролю і — нарэшце, яму пасміхнулася вялікая ўдача лёсу, — займеў, бадай, такі ж вялікі і шумны поспех, пра які трызніў герой «Няскончанай драмы». Гэта быў той рэдкі выпадак у тэатральнай гісторыі, калі яшчэ з вечара невядомы публіцы аўтар і акцёр назаўтра прачынаўся агульнапрызнаным і знакамітым.
   Адпрацаваўшы параўнальна невялікі час у калектыве, Францішак Аляхновіч з групай акцёраў аддзяляецца ад Першага таварыства беларускай драмы і камедыі і стварае свой уласны тэатр. У канцы 1918 г. пасля выгнання з Беларусі немцаў і ўсталявання ўлады бальшавікоў калектывы Ф. Ждановіча і Ф. Аляхновіча аб'ядноўваюцца ў адзін Беларускі савецкі тэатр. Гэты тэатр праіснаваў да сакавіка 1919 г. Рэжысёрамі ў ім былі абодва заснавальнікі — Ф. Ждановіч і Ф. Аляхновіч, яны ж нярэдка выступалі і выканаўцамі асноўных роляў у спектаклях. Ставіліся «Паўлінка» (упершыню за сцэнічную гісторыю яна выконвалася ў суправаджэнні аркестра) і «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, п'есы У. Галубка і Ф. Аляхновіча, які плённа працягваў працаваць у драматургіі. Да ўжо напісанага далучыліся новыя п'есы — «Чорт і Баба», «Страхі жыцця», «Дзядзька Якуб», «Цені». Тэатр выступаў даволі паспяхова, але з адступленнем з Мінска бальшавікоў і акупацыяй горада палякамі ён закончыў існаванне.
   Вясной 1919 г. Францішак Аляхновіч ад'язджае ў Вільню. Створаная ім Беларуская драматычная дружына ў 1918 г. была рэарганізавана ў Народны тэатр, на аснове якога меркавалася заснаваць Беларускі дзяржаўны тэатр. Аляхновіч напэўна ж меў надзею яго ўзначаліць. Але планы не здзейсніліся, прафесійны т^гр у Вільні па розных прычынах не быў створаны. Францішак Аляхновіч нейкі час працуе на журналісцка-літаратурнай ніве — выдае часопіс «Беларускае жыццё», супрацоўнічае з выданнямі «Грамадзянін», «Рунь», у якіх публікуе свае п'есы, вершы, празаічныя і публіцыстычныя творы.
   А восенню таго ж 1919 г. Аляхновіч зноў вяртаецца ў Мінск. Тут фарміруюцца два сцэнічныя калектывы — Беларускі дзяржаўны тэатр пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча і Беларускі народны тэатр пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча.
   Увогуле жыццё ў сталіцы Беларусі Мінску ў тыя часы, на якія прыпадае тэатральная дзейнасць Францішка Аляхновіча, было надзвычай вірліва-нестабільным. Часта змяняліся ўлады (бальшавіцкая — нямецкая — бальшавіцкая — польская — бальшавіцкая), а з імі і парадкі. То спынялі, то аднаўлялі дзейнасць тэатры, мянялася іх палітыка, накірункі. Пасля канчатковага ўсталявання бальшавіцкай улады летам 1920 г. Ф. Аляхновіч пераехаў на сталае жыццё ў родную Вільню.
   Ствараючы беларускі нацыянальны рэпертуар, Францішак Аляхновіч не пакідае ідэі арганізацыі ў Вільні тэатра. У пачатку 20-х гадоў ён сабраў раз'язную трупу акцёраў, падрыхтаваў некалькі спектакляў і дабіўся ад польскіх улад дазволу на паказ іх на перыферыі — у Лідзе, Ашмянах, Радашковічах і інш. Але пастаянна дзеючага прафесійнага тэатра Францішку Аляхновічу стварыць не ўдалося. Ён зноў аддаецца журналісцкай працы, выступае з артыкуламі, нарысамі, рэпартажамі. У 1921-1923 гг. рэдагуе газету «Беларускі звон». Адначасова імкнецца ўпарадкаваць свой драматургічны багаж.
   У першай палове 20-х гг. кіраўніцтва савецкай Беларусі, не маючы ў сябе адпаведнай паліграфічнай базы, прымае захады, каб наладзіць выпуск беларускіх кніжак у Берліне. Дачуўшыся пра гэта, Аляхновіч, пазбіраўшы свае п'есы, хоча выехаць туды. 3 Вільні дабіраецца да Коўна, каб там пераадолець літоўскую памежную мытню. Але задуманы план не здзейсніўся. Аляхновіча затрымалі, арыштавалі, а пасля допытаў выправілі зноў у Вільню. Бальшыня п'ес у 20-я гады друкавалася ў Вільні асобнымі выданнямі ці ў калектыўных зборніках, некаторыя публікаваліся ў перыядычным друку.
   3 1922 г. пры Беларускай гімназіі ў Вільні працавала Беларуская драматычная майстроўня, у задачы якой уваходзіла прапаганда нацыянальнага мастацтва ў Заходняй Беларусі. Меркавалася таксама, што з часам на яе аснове будзе ўтвораны прафесійны тэатр. Узначальваў майстроўню выкладчык гімназіі М. Красінскі. У 1923 г. рэжысіраваць і выступаць на сцэне быў запрошаны Ф. Аляхновіч, і майстроўня разгарнула даволі шырокую дзейнасць. Ставіліся творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, Леапольда Родзевіча, У. Галубка, самога Ф. Аляхновіча. Здавалася б, тэатральныя справы наладжваюцца. Але ў 1925 г. з-за палітычна-эканамічных варункаў майстроўня спыніла існаванне, і Ф. Аляхновіч зноў апынуўся па-за тэатрам. Задавальняцца даводзілася адно толькі рэдкімі пастаноўкамі з вучнямі Беларускай гімназіі.
   Увогуле культурнае жыццё на «ўсходніх крэсах», г. зн. на беларускіх землях, якія адышлі паводле Рыжскай дамовы 1921 г. да Польшчы, станавілася ўсё больш складаным. Польскія санацыйныя ўлады душылі праявы беларускасці любымі сродкамі. Цяжкая атмасфера згушчалася і згушчалася. Што рабіць далей, дзе выйсце?
   Зноў спадзяванні пачалі звязвацца з Беларуссю, зноў, як і восем гадоў назад, больш і больш неадступна мроіўся там беларусам свой Ерусалім. 3 Беларусі прыходзілі добрыя весткі, захапленні. Дасведчаны ў жыццёвых і палітычных калізіях, Ф. Аляхновіч, вядома ж, не мог не ўсведамляць, што яны маглі мець і прапагандысцкую афарбоўку. А ўсё ж у Беларусі ў той час дзеелася і шмат станоўчага, пазітыўнага — распачатая беларусізацыя не толькі шырылася, а і ўзяла ўжо значныя вышыні. У Беларускім дзяржаўным тэатры найперш стараннямі Ф. Ждановіча было пастаўлена пяць п'ес Ф. Аляхновіча. У гэтым плане яшчэ больш шчыраваў У. Галубок. У арганізаваным ім тэатры за чатыры гады ён увасобіў аж восем драматычных твораў свайго старэйшага калегі.
   Праз знаёмых, якія былі звязаны з КПЗБ, з дапамогай супрацоўніка савецкага пасольства ў Польшчы Ф. Аляхновічу ўдалося атрымаць візу на ўезд у СССР. Не без цяжкасцяў дамовіўся з жонкай, што калі ўсё атрымаецца добра ў савецкай Беларусі, то ён застанецца там, а яна з дзецьмі потым прыедзе да яго на жыхарства.
   У Мінск без аніякай канкрэтнай пэўнасці Ф. Аляхновіч прыехаў восенню 1926 г., акурат у тон час, калі адбывалася акадэмічная канферэнцыя адносна беларускага правапісу і алфавіту, якая стала апагеем, вышэйшай кропкай у руху за беларусізацыю, пасля чаго пайшоў яго адкат. На канферэнцыі Францішка Аляхновіча сустрэлі вельмі цёпла — як слыннага дзеяча культуры. У Беларускім дзяржаўным тэатры, на спектаклі якога ён наведваўся, таксама віталі, там працавалі і даўнія знаёмыя, паплечнікі Ф. Аляхновіча. А разам з тым за ім сачылі, літаральна не спускаючы вачэй, супрацоўнікі спецслужбаў. Словам, становішча было дваякае.
   Праз нейкі час адносіны ўлад рэзка змяніліся і нібыта толькі да лепшага. Ф. Аляхновіча прынялі ледзьве не сябрам самыя высокія чыны ГПУ. Атрымаць савецкае грамадзянства, пра якое ён мог адно толькі марыць, сталася надзвычай лёгка і хутка. Гэта была хітра растаўленая пастка, але хіба мог тады Ф. Аляхновіч падумаць пра такое?
   Яму, савецкаму грамадзяніну, прапанавалі і годную працу — узначаліць літаратурную частку Другога беларускага тэатра, які толькі што адкрыўся ў Віцебску. Дырэктарам быў прызначаны М. Красінскі, добра знаёмы і сябра Ф. Аляхновіча па Беларускай гімназіі ў Вільні, маладыя ж акцёры, яшчэ навучаючыся ў Маскве, увасобілі яго камедыю «Чорт і Баба» (пазней, калі Аляхновіча рэпрэсіруюць, яе будуць іграць як твор ананімны).
   Францішак Аляхновіч напярэдадні Новага, 1927 г. паехаў у Віцебск з новай, яшчэ невядомай п'есай «На крэсах» — папярэдне было дадзена абяцанне ставіць яго творы. А літаральна праз некалькі дзён яго, ужо як савецкага грамадзяніна, арыштавалі там і пад канвоем даставілі ў Мінск.
   У 1927 г. Ф. Аляхновіча засудзілі на дзесяць гадоў нібыта за шпіянаж на карысць Польшчы і саслалі ў Салаўкі. Пазней з аналагічнай фармулёўкай будуць рэпрэсаваны многія беларускія пісьменнікі, дзеячы культуры і навукі. Аляхновічу лёс наканаваў першым адкрыць іх вялікі спіс.
   10 снежня 1928 г, напярэдадні чарговай гадавіны абвяшчэння БССР, група буйнейшых пісьменнікаў і дзеячаў тэатра, культуры, сярод якіх былі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Фларыян Ждановіч, Уладзіслаў Галубок, звярнуліся да Старшыні Савета народных камісараў М. Галадзеда з хадайніцтвам аб памілаванні Ф. Аляхновіча.
   Хадайніцтва разглядалася на закрытым пасяджэнні бюро ЦК КІ І(б)Б. На парадак дня было вынесена два пытанні: рэкамендацыя Уладзіслава Галубка на званне народнага артыста Беларусі і справа аб памілаванні Францішка Аляхновіча. Зноў парадокс: па першым пытанні было вынесена станоўчае рашэнне, а па другім — адмоўнае. А далей: у 1937 г. У. Галубка ў Мінску расстралялі, а Ф. Аляхновіч у гэты час быў у Вільні на волі.
   Цяжка сказаць, ці здолеў бы гулагаўскі вязень у надзвычай цяжкіх, катаржных умовах вытрываць усе дзесяць год. Але калі б дажыў да 1937 г., то далейшы шлях можна было прадказаць амаль напэўна. Ф. Аляхновіча арыштавалі б паўторна і прысудзілі б да расстрэлу, як і было ў тагачаснай рэальнасці з многімі-многімі іншымі пісьменнікамі і дзеячамі культуры.
   Ды яшчэ раз нечакана бліснула ўдача. Восенню 1933 г., амаль праз сем гадоў зняволення, Ф. Аляхновіча савецкія ўлады абмянялі на вязня польскай турмы, вядомага навукоўца і грамадска-палітычнага дзеяча Беларусі Браніслава Тарашкевіча. Наконт самога абмену выказваюцца розныя версіі і здагадкі. 3 упэўненасцю можна сцвярджаць адно: гэта была змова, проста нейкая драматургічная інтрыга польскай дэфензівы і савецкага ГПУ. Бо Ф. Аляхновіч, які заўсёды рэзка выступаў. супраць паланізацыі і каланізацыі насельніцтва ў акупаванай Заходняй Беларусі, быў зусім непатрэбны ў Польшчы, як і Б. Тарашкевіч у СССР, якога ўрэшце засудзілі і расстралялі, дарэчы, з тым самым, што і Аляхновіча, ілжывым абвінавачваннем — за шпіянаж на карысць Польшчы.
   Францішак Аляхновіч (каторы ўжо раз!) вярнуўся ў Вільню. Радасць ад таго, што выжыў, змянілася скрухай — за час турэмнага зняволення распалася сям'я, і раней вельмі блізкія людзі сталіся чужымі. Цешыла тое, што творы яго не забыліся, п'есы ставіліся аматарскімі калектывамі Заходняй Беларусі, тэатрамі шэрагу замежных краін. I глыбока засмучала, што многія заходнебеларускія дзеячы дэмакратычнага кірунку, з якімі раней меў паразуменне, а то і цесныя кантакты, цяпер пад уплывам КПЗБ, бальшавіцкай прапаганды (польскі шпіён!) ад яго аддаліліся, сталі адчужанымі.
   У такіх вось складаных абставінах і сітуацыях Францішак Аляхновіч прыняўся за напісанне ўспамінаў, з якіх затым і склалася дакументальная аповесць «У капцюрох ГПУ».
    Гэты твор пра тое, што спазнаў, перажыў сам аўтар, пачынаючы з падрыхтоўкі да прыезду ў Мінск у 1926 п і да таго часу, калі ў 1933 г. пакінуў межы Савецкага Саюза. Аповесць уражвае сваёй жахлівай праўдай. У 1937 г., калі выйшла з друку, яна была ці не першым творам у свеце на гулагаўскую тэму. Выдадзеная ў Заходняй Еўропе і Амерыцы на сямі мовах вялікімі тыражамі, яна мела, бадай, сенсацыйны поспех. А ў савецкай Беларусі аляхновічаўскі твор тады быў зусім невядомы, чытачы здолелі пазнаёміцца з ім толькі ў наш час. Зрэшты, гэта не дзіўна. Але дзіўна, што ў той час да Аляхновіча не дацягнуліся рукі савецкай контрразведкі, што і на гэты раз лёс уратаваў яго ад смерці.
   Асабліва рэальная небяспека над пісьменнікам навісла ў 1940 г, калі Вільня падпала пад савецкую ўладу. Тады Аляхновічу давялося хавацца. Ён нават спрабаваў уцячы ў Германію, але зноў трапіў у астрог, адкуль быў выправаджаны назад. Каб уратавацца ад тых жа «капцюроў», Францішак Аляхновіч, змяніўшы выгляд, уладкаваўся пад чужым прозвішчам працаваць вартаўніком пад Вільняй. Пра свае нягоды і пакуты гэтага савецкага перыяду Ф. Аляхновіч расказаў у аповесці «Страшны год», якая пабачыла друк толькі пасля ужо смерці аўтара.
   Акупацыя Вільні фашысцкай Германіяй для Аляхновіча — так ужо выкіраваўся жыццёвы шлях — была ў пэўнай меры збавеннем. Ён змог выйсці, нарэшце, з падполля.
   А што далей? Жыццёвы калідор катастрафічна звузіўся, прасторы для манеўравання фактычна не засталося. На якія сродкі жыць? Куды пайсці працаваць?
   Сітуацыя была не толькі драматычная, а і вельмі складаная. Нямецкія акупанты, асабліва пасля першых паражэнняў, атрыманых ад Чырвонай Арміі, пачалі заігрываць з беларускімі дзеячамі, абяцаючы Беларусі і пэўную свабоду, і пэўнае самакіраванне. Таму шмат хто з працаўнікоў культуры, мастацтва, хто воляю лёсу застаўся на захопленай немцамі тэрыторыі, у акупацыйны час выйшлі на працу. Тут гаворка не пра здраднікаў, на руках якіх людская кроў і якія заслужылі справядлівую кару. Тут маюцца на ўвазе тыя, хто, паверыўшы хлуслівым абяцанням немцаў, шчыра ўзяўся за адбудову сваёй дзяржаўнасці, культуры, увогуле ўсяго нацыянальнага жыцця.
   У 1942 г. Францішак Аляхновіч стаў рэдактарам тыднёвіка «Беларускі голас». Гэта выданне, як і любое іншае на акупаванай тэрыторыі, было калабаранцкім. Акупацыйныя ўлады змушалі рэдакцыю адводзіць асобныя старонкі нямецкаму афіцыёзу. Разам з тым у ім мелася магчымасць друкаваць і матэрыялы пра гісторыю і культуру Беларусі, пра агульначалавечыя каштоўнасці. I гэтую магчымасць рэдакцыя імкнулася выкарыстаць.
   Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што Францішак Аляхновіч, які і прыходам немцаў пазбавіўся пагрозы зноў трапіць у «капцюры» энкавэдыстаў, тым не менш не кінуўся ўсхваляць сваіх «вызваліцеляў» і Іх «новы парадак». Ніякіх хваласпеваў з боку Францішка Аляхновіча на старонках тагачаснага друку, у тым ліку і ў рэдагаваным ім тыднёвіку, не было.
   Нечуваны парадокс: упершыню за многія гады няволі і беспадстаўнага пераследу з боку савецкіх, ды і польскіх спецслужбаў, Аляхновіч займеў сякую-такую магчымасць для літаратурнай творчасці. I ён спяшаецца выкарыстаць гэтую магчымасць — дарабляе некаторыя свае ранейшыя п'есы, піша ўспаміны. У жніўні 1943 г. завяршыў новую п'есу «Круці не круці — трэба памярці», назва якой, запазычаная з фальклору, стала для аўтара прарочай.
   П'еса стала апошняй, хаця драматург мог бы напісаць яшчэ нямала новых цікавых твораў. 3 сакавіка 1944 года да яго вечарам на кватэру зайшоў чалавек (ці двое). Якісьці час там вялася нейкая гаворка, часам на павышаным тоне. Потым раздаўся стрэл (ці стрэлы). Калі прыбегла жонка, Францішак Аляхновіч ляжаў у крыві. Ён быў смяртэльна паранены. Вядома, што ён яшчэ быў жывы, паміраў за сталом... Невядомы забойца бясследна знік.
   Забіць Францішка Аляхновіча мог засланы ў Вільню савецкі партызан, што найбольш верагодна — ішоў 1944 год, сюды набліжаўся фронт. Мог такое здзейсніць і прадстаўнік Арміі Краёвай, з чыйго боку неаднойчы ішлі ў адрас Францішка Аляхновіча пагрозы за яго антыпольскія выступленні. Але гэта толькі версіі, якіх можа быць і больш. Дакладных жа, дакументальна пацверджаных звестак пра забойства беларускага пісьменніка няма, ніхто пакуль і не займаўся іх пошукамі.
   Пахавалі Францішка Аляхновіча ў Вільні на Евангелічных могілках. У 1989 г. гэтыя могілкі знеслі. Намаганнямі віленскіх беларусаў адбылося перазахаванне пісьменніка на могілках Росы, на так званай літаратурнай горцы. Там паўстаў і помнік Францішку Аляхновічу.
   Пасмяротны час для Ф. Аляхновіча выдаўся, бадай, такім жа, як і пры жыцці. Праўда, ужо цяпер яго лічылі не польскім шпіёнам, а ворагам народа. Але гэта фактычна адно і тое ж. Імя і справы творцы дазвалялася адно толькі кляйміць і ганьбіць. У станоўчым ці нават нейтральным плане ў савецкі час пісаць пра яго было нельга — усё выкрэслівала цэнзура.
   Вяртанне творчай спадчыны Францішка Аляхновіча пачалося толькі з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, ды і то з перабоямі. Аднатомнік яго выбраных твораў выходзіць упершыню. Чытач мае цяпер магчымасць пазнаёміцца з усімі жанрамі творчай спадчыны гэтага нашага самабытнага пісьменніка трагічнага лёсу.

Крыніца: Анатоль Сабалеўскі. Драма жыцця // Аляхновіч Ф. Выбраныя творы. Мн., 2005. С. 5-20.

Похожие статьи:

Францішак АляхновічФранцішак Аляхновіч - У капцюрох ГПУ

Францішак АляхновічФранцішак Аляхновіч - Як для бабы не старайся

Францішак АляхновічФранцішак Аляхновіч. Аналіз творчасці

ІншаеУладзімір Аляхновіч - Першае каханне

Францішак АляхновічФранцішак Аляхновіч - Няскончаная драма