Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзіслаў Сыракомля

Фатаграфія Уладзіслава Сыракомлі1823-1862


   Уладзіслаў Сыракомля... Гэта імя ў сярэдзіне XIX ст. было добра вядома ва ўсіх кутках Беларусь Шчыры абаронца простага люду, выдатны паэт, вядомы краязнавец Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя — Людвік Кандратовіч) стаяў у самым цэнтры антыпрыгонніцкага руху. Захоплены глыбокім дэмакратызмам паэзіі Сыракомлі, яе народнасцю, рускі крытык М. Аксакаў назваў яго «сапраўдным народным паэтам, народным гусляром». Высокім тытулам народнага паэта надзяляюць Уладзіслава Сыракомлю ў розныя часы і польскія літаратуразнаўцы.
Аднак паўстае пытанне: які народ мае гонар назваць Уладзіслава Сыракомлю сваім песняром.
   «Я — ліцвін», — казаў неаднаразова паэт і падкрэсліваў, што і яго прапрадзед быў «шчырым ліцвінам». «Літоўскім лірнікам», «літоўскім паэтам», «песняром Літвы» называлі яго ў польскім, рускім і замежным друку». Ды і сам Уладзіслаў Сыракомля прызнаваўся: «Пра адно я толькі спяваю, хоць на розныя ноты: хай жыве наша Літва, хай жывуць ліцвіны!».
   Літвою для Сыракомлі была Беларусь. Тут (вёска Смольгаў на Любаншчыне) у 1823 годзе нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля, тут — спачатку на Палессі, а потым на Нясвіжчыне і Стаўбцоўшчыне — правёў ён асноўную частку жыцця. Апошнія дзесяць гадоў (1853-1862) Уладзіслаў Сыракомля пражыў у фальварку Барэйкаўшчына, што на дарозе з Вільні да Ашмян. Тут паэт таксама апынуўся сярод беларускага насельніцтва. Інакш кажучы, Ул. Сыракомля, як адзначаў літаратуразнавец А. Брукнер, «сапраўдны пясняр беларускай зямлі, ні ў якім разе не літоўска-жмудскай...».
   Уладзіслаў Сыракомля пісаў на польскай мове, мове тагачаснага пісьменства і справаводства ў Беларусь Але былі ў яго і вершы на беларускай мове. На жаль, да нас дайшла толькі мізэрная частка беларускай спадчыны вясковага лірніка, як называлі яго сучаснікі, — вершы «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды»... Але ў сапраўднасці беларускіх вершаў было значна больш. «Калі да нас дайшло так мала беларускіх вершаў Кандратовіча, — слушна заўважае даследчык яго творчасці польскі літаратуразнавец Ф. Беляк, — то вінаваты тут у пэўнай меры ваенныя падзеі, але бясспрэчна, што многія з іх кружылі ў рукапісах. Як вядома, і польскія творы, напрыклад, «Вызваленне сялян», «Авідзій на Палессі», «Сахар-Мароз», хадзілі толькі ў рукапісах. А з беларускім пісьменствам было яшчэ горш, нават не было дазволена друкаваць пераклад «Пана Тадэвуша». Заканспіраваныя беларускія тэксты Кандратовіча жылі, але ва ўмовах тайнай прэсы, што нам сёння перашкаджае па-сапраўднаму ацаніць гэтую надзвычай няпоўную творчасць паэта».
   Уладзіслаў Сыракомля шырока адчыняў дзверы беларускай моўнай стыхіі і ў сваіх польскіх творах. Але пры друкаванні занадта старанныя рэдактары імкнуліся «падгладзіць», «падшліфаваць» мову паэта. Не пазбегнуў гэтага і найбольш сумленны з іх — складальнік дзесяцітомнага збору твораў паэта ў 1872 г. Вінцэсь Каратынскі, які, як зазначыў польскі літаратуразнавец В. Кубацкі, знішчаў «усялякія рэгіянальныя рысы Сыракомлі дыялектызмы, правінцыялізмы, гвалтоўна падцягваючы крэсавага паэта да агульнапольскай, варшаўскай літаратурнай нормы». Але рэдактарам не заўсёды ўдавалася знішчыць беларускія элементы ў мове паэта, яны і сёння вельмі часта сустракаюцца ў яго творах.
   Творы Уладзіслава Сыракомлі вельмі шчырыя, лірычныя. Нездарма ж адзін з яго першых вершаў «Паштальён» у перакладзе рускага паэта Л. Трэфалева стаў шырокавядомай рускай народнай песняй «Ямщик».
   У паэзіі вясковага лірніка знайшлі свой адбітак усе бакі жыцця Беларусі напярэдадні скасавання прыгоннага права. Яны нібы вяртаюць нас у той далёкі час.
   Традыцыі народнасці, якія выдатна праявіліся ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі, пасля плённа развівалі лепшыя прадстаўнікі новай беларускай літаратуры. Сваю ўдзячнасць Уладзіславу Сыракомлю добра выказаў у прысвечаным яму вершы «Лірнік вясковы» вялікі паэт Беларусі Янка Купала:


Час патрапіць усё пакрышыць, адалеці,
Путы нават змарнеюць у плесні, —
Покі ж будзе душа хоць адна жыць на свеце,
Будуць жыці і лірнікаў песні.
Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, —
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.


К. Цвірка

Похожие статьи:

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Хадыка

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Паштальён

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы