Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзіслаў Галубок

Кнопка отправить на печать

   Адзін з самых выдатных дзеячаў культуры 20-30-х гадоў XX ст., драматург, паэт, празаік, акцёр, рэжысёр, мастак-жывапісец Уладзіслаў Галубок (сапраўднае прозвішча Голуб) нарадзіўся 3 (15) мая 1882 года ў сям’і рабочага-чыгуначніка (станцыя Лясная каля Баранавічаў). У хуткім часе сям’я пераехала ў Мінск, дзе бацька ўладкаваўся на працу ў дэпо. Уладзіслаў скончыў царкоўнапрыходскую школу, вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Рана зазнаў нястачы, калі трагічна загінуў бацька і давялося ісці працаваць, каб дапамагаць сям’і. Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у магазіне, слесарам у Мінскім дэпо. У 1917-1920 гадах – акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. 3 1920 да 1922 года – загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 годзе стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся «Трупа Галубка», а ў 1932 годзе атрымаў назву БДТ-3.
   Сваю творчую дзейнасць Уладзіслаў Галубок пачаў з вершаў і апавяданняў, якія з 1908 года публікаваліся ў газетах «Наша ніва», «Гоман», часопісе «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь». Выдаў кнігу «Апавяданні» (1913). Пісаў гумарэскі, сатырычныя, жартоўныя замалёўкі. Асноўная сутнасць ранняй прозы Уладзіслава Галубка ў яе народнасці. Каларытнасць яго прозы адзначаў Максім Багдановіч у «Аглядзе беларускай краснай пісьменнасці 1911-1913 гадоў». 3 1917 года выступаў як драматург. Напісаў каля 40 п’ес, якія з 1917 года ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Сярод іх – «Апошняе спатканне», «Пісаравы імяніны», «Бязвінная кроў», «Залёты дзяка», «Бязродны», «Суд», «Душагубы», «Ганка», «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Фанатык», «Пінская мадонна», «Белы вянок», «Ветрагоны», «Краб», «Белая зброя», «Ліпавічок» і інш. Аўтар публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы як мастак-дэкаратар і пейзажыст.
   У 1937 годзе Уладзіслаў Галубок быў беспадстаўна арыштаваны органамі НКУС і 28 верасня гэтага ж года расстраляны ва ўзросце 55 гадоў.

 

Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!