Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Жылка

Кнопка отправить на печать

   Нарадзіўся Уладзімір Жылка 27.05.1900 г. ў вёсцы Макашы, непадалёк ад станцыі Гарадзея – апошняга чыгуначнага пункта на шляху ад Мінска да Нясвіжа. Школы ў Макашах не было. Вучыўся спачатку дома, потым у царкоўнапрыходскай школе ў Гарадзеі, скончыў гарадское вучылішча ў Міры. У 1916-1917 гг. з сям'ёй (як бежанцы) апынуўся ў Тульскай губерні, дзе скончыў 3 класы Багародзіцкага агранамічнага вучылішча. Вершы (на рускай мове) Уладзімір Жылка пачаў пісаць падчас вучобы ў вучылішчы. У сакавіку 1917 г. вярнуўся разам з бацькам у Мінск, стаў навучэнцам сельскагаспадарчай школы. У 1918 г. напісаў свой першы беларускі верш «Покліч». У кастрычніку 1919 г. - сакавіку 1920 г. працаваў настаўнікам 21-й Мінскай беларускай пачатковай школы. Захварэўшы ў галодным Мінску на сухоты, вясной 1920 г. прайшоў курс лячэння, пасля чаго бацькі паслалі яго далечвацца ў Клецішча, што на Случчыне, да стрыечнага брата Волеся, які гаспадарыў у хаце дзеда Восіпа. Потым перабраўся да матчынай радні ў Падлессе, дзе рыжская мяжа аддзяліла яго ад Мінска. Тут Уладзімір Жылка затрымаўся на болей, адчуваў сябе як дома, менавіта тут ён акрыяў душою, мог пасядзець над кнігамі любімых паэтаў – Лермантава, Міцкевіча, Ібсена. Пераклады іх твораў умацоўвалі адчуванне сэнсу жыцця. Думаў пра будучыню Беларусі. Адзін з вершаў так і назваў – "Беларусь". А калі Падлессе ў выніку падзелу Беларусі ў 1921 годзе апынулася ў складзе Польшчы, паэт пераехаў у Вільню. Як у свой час Максім Багдановіч, Уладзімір Жылка быў зачараваны хараством Вільні. Сустрэча з жывой гісторыяй ускалыхвае душу паэта, дух рамантыкі ахінае яго творы. Вершы віленскага перыяду амаль усюды маюць галоўным матывам развагі пра радзіму, яе мінулае і будучыню. Тэма Беларусі, Крывіі – так іншы раз паэт называе родны край – займае сталае месца ў паэзіі Уладзіміра Жылкі. Тэрмін "каханне" паэт ужывае не толькі ў далучэнні да дзяўчыны, жанчыны, а і ў выяўленні пачуццяў да роднага краю. Паэт свядома лічыў сябе паслядоўнікам Максіма Багдановіча, паэтам "вечнай красы".
   У 1923 годзе Жылка выехаў на вучобу ў Пражскі ўніверсітэт – як стыпендыянт чэшскага ўрада. Вучобу спалучаў з лячэннем – туберкулёз прагрэсаваў, фізічнае становішча пагаршалася, што не магло не сказацца на маральным стане. У сваіх роздумах прыходзіць да высновы, што многае ў прыродзе недасканала, паколькі так і было закладзена напачатку Творцам.
   У 1923-1924 гадах паэт напісаў амаль два дзясяткі вершаў, сярод іх: "Хараство", "Не трывож мае самоты", "Марта", "Меч" і іншыя. У большасці з іх праслежваецца філасофскі змест: жыццё і смерць, хараство і брыдота. Шмат вершаў прысвечана каханню.
   Уладзімір Жылка быў ініцыятарам стварэння Арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва, разам з Ігнатам Дварчаніным займаўся выданнем часопіса «Перавясла», рэдагаваў часопіс «Прамень» (пазней «Новы прамень»). Але ў Празе яго даймала настальгія.
   У 1926 г. Уладзімір Жылка быў запрошаны ў Мінск для ўдзелу ў навуковай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і застаўся тут жыць і працаваць, стаў літаратурным супрацоўнікам газеты «Звязда», перакладчыкам у Белдзяржкіно, выкладчыкам музычнага тэхнікума, дзе ён знаёміцца са студэнткай Рымай Маневіч, якая неўзабаве стане ягонай жонкай.
   У 1927 г. ў Мінску быў выдадзены зборнік вершаў «З палёў Заходняй Беларусі». Здавалася б, жыццё пачынае ўваходзіць у патрэбную каляіну. Неўзабаве паэт быў вымушаны паехаць, як патрабавалі дактары, на лячэнне ў Ялту. Па вяртанні з Крыма адчуваў сябе бадзёра. Ды і дачка неўзабаве нарадзілася. У 1930 г. паэт быў беспадстаўна арыштаваны. Абвінавацілі Уладзіміра Жылку ў прыналежнасці да міфічнага "Саюзу вызвалення Беларусі". 10.04.1931 г. паэт быў асуджаны на 5 гадоў ссылкі ў г. Уржум Кіраўскай вобласці, дзе ўладкаваўся выкладчыкам рускай літаратуры і загадчыкам гаспадарчай часткі ў мясцовым медтэхнікуме. Тут напісаў шмат вершаў, але засталася толькі паэма "Тастамент". Пасля ссылкі ўвесь творчы набытак Уладзіміра Жылкі быў аб'яўлены шкодным. Было загадана зняць творы з бібліятэк і знішчыць.
   Пройдзе час, і дачка паэта Наталля Уладзіміраўна Лазарава разам з дзядзькам Барысам зробяць усё магчымае, каб ушанаваць памяць бацькі і брата. Імі будуць напісаны сотні лістоў у Браціславу, Ленінград, Мінск, Уржум з адзінай просьбай – захаваць кожнае каліва ўспамінаў пра Уладзіміра Жылку. Барыс Адамавіч наведае месца апошняга спачыну паэта і паставіць сціплы помнік на яго магіле.
   Відавочна, што савецкі перыяд у творчасці Уладзіміра Жылкі не вызначаўся асаблівым плёнам. Паэт, творчым крэда якога былі напісаныя ў Празе радкі "няма збавення апроч пекнаты", вымушаны быў пісаць газетныя артыкулы пра Горкага і Някрасава, рыхтаваць святочныя паэтычна-партыйныя літстаронкі ў "Звяздзе".
   Яшчэ ў Празе Уладзімір Жылка прадбачыў сваё жыццё ў сталіцы савецкай Беларусі. Паэт марыў напісаць і выдаць кніжку з матывамі кахання, смерці, прыроды, дзе б не было ніводнай рыфмы "гэй, наперад". Паэт з еўрапейскай адукацыяй, ён і тварыў у рэчышчы еўрапейскім. Паводле сведчання Уладзіміра Дубоўкі У. Жылка быў вельмі адукаваным чалавекам, добра ведаў літаратуры народаў свету, асноўныя славянскія і заходнееўрапейскія мовы. Ён пераклаў на беларускую мову паэму Б. Ясенскага "Слова пра Якуба Шэлю", асобныя творы Адама Міцкевіча, Г. Ібсена, І. Волькера, Ш. Бадлера, А. Блока і іншых паэтаў.
   Уладзімір Жылка ведаў пра сваю хваробу, успрымаў наканаваны лёс спакойна. Смерць мелася быць адным з матываў задуманай ім кнігі. Яе, каго паэты малявалі кашчавай і бяззубай, паэт называе жаданай госцяй. Ягоная элегія "Смяротны пах" гучыць як прычашчальная малітва. Паэт знаходзіць хараство ў букеце завялых кветак, у гаснучай восеньскай прыродзе. Уладзімір Жылка да апошняга дня верыў, што яму ўдасца выехаць з гіблага Уржума ў сонечны Крым, акрыяць і пісаць. Але яшчэ ў 1931 годзе быў напісаны "Верш развітання", у якім выкарыстаў лермантаўскі вобраз адарванага лістка.
   Рукапіс зборніка "На ростані" захоўваецца ў бібліятэцы АН Літвы. Пісьмы да Уладзіміра Жылкі, дзённік паэта і варыянты вершаў – у Пражскім архіве паэта (уласнасць дачкі), архівы мінскага і ўржумскага перыяду не знойдзены (апрача паэмы "Тастамент", вывезенай з ссылкі А. Кіпелем).
   Паэзія Уладзіміра Жылкі зрабіла станоўчы ўплыў на рамантычную плынь паэзіі Заходняй Беларусі, узбагаціла патрыятычную сімволіку, падняла інтэлектуальны узровень лірыкі.
   Творы пісьменніка выдадзены ў перакладах на польскую, рускую, украінскую, славацкую мовы.
   Памёр Уладзімір Адамавіч Жылка 01.03.1933 ад сухотаў, пахаваны на уржумскіх могілках. Рэабілітаваны ў 1960 годзе.
   Уладзімір Жылка не пражыў і трыццаці трох гадоў, вершам жа ягоным наканаваны нашмат даўжэйшы век.