Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Святлана Алексіевіч

Фатаграфія Святланы Алексіевіч   Святлана Алексіевіч нарадзілася 31 мая 1948 года ў г. Івана-Франкоўску (Украіна) у сям'і вайскоўца. Бацька – беларус, маці – украінка. Пасля дэмабілізацыі бацькі з арміі сям'я пераехала на яго радзіму – у Беларусь. Жылі ў вёсцы. Бацька і маці працавалі настаўнікамі.
   Пасля заканчэння школы працавала карэспандэнтам нараўлянскай раённай газеты (Гомельская вобласць). У 1967 годзе стала студэнткай факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У час вучобы неаднаразова была лаўрэатам рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў навуковых студэнцкіх работ.
   Пасля універсітэта Святлану Алексіевіч накіравалі ў бярозаўскую раённую газету (Брэсцкая вобласць). Працуючы ў газеце, адначасова выкладала ў вясковай школе – яшчэ вагалася: ці прадоўжыць сямейную настаўніцкую традыцыю, ці заняцца навуковай дзейнасцю, ці стаць журналісткай? Але праз год яе запрасілі ў рэдакцыю рэспубліканскай «Сельской газеты». Потым была карэспандэнтам, загадчыкам аддзела нарыса і публіцыстыкі літаратурна-мастацкага часопіса «Нёман».
   Спрабавала сябе, свой голас у розных жанрах – рэпартажы, публіцыстыка, апавяданні...
   Рашаючы ўплыў на яе выбар зрабіў вядомы беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч і яго выдатныя кнігі «Я – з вогненнай вёскі» і «Блакадная кніга». Яны напісаны не ім адным, а ў сааўтарстве з іншымі пісьменнікамі, але ідэя і распрацоўка гэтага новага для беларускай і рускай літаратур жанру належала яму. Адамовіч называў гэты жанр па-рознаму, увесь час шукаў дакладнае азначэнне: «саборны раман», «раман-араторыя», «раман-сведчанне», «народ, які расказвае сам пра сябе», «эпічна-харавая проза» і г. д. Святлана Алексіевіч заўсёды называла яго сваім галоўным Настаўнікам. Ён дапамог ёй знайсці свой шлях... У адным інтэрв'ю яна потым скажа так: «Я доўга шукала сябе, хацела знайсці нешта такое, што наблізіла б да рэальнасці, мучыла, гіпнатызавала, захапляла, была цікавай менавіта рэальнасць. Ухапіць сапраўднасць – вось што хацелася. I гэты жанр – жанр чалавечых галасоў, споведзяў, сведчанняў і дакументаў чалавечай душы імгненна быў мною прысвоены. Так, я якраз так бачу і чую свет: праз галасы, праз дэталі быту і быцця. Так пабудаваны мае зрок і слых. I ўсё, што ўва мне было, тут жа аказалася неабходным, таму што патрабавалася адначасова быць: пісьменнікам, журналістам, сацыёлагам, псіхааналітыкам, прапаведнікам...»
   У 1983 годзе была напісана кніга «У вайны не жаночае аблічча». Два гады яна ляжала ў выдавецтве і не друкавалася, аўтара абвінавачвалі ў пацыфізме, натуралізме, у разбурэнні гераічнага вобраза савецкай жанчыны. Такія абвінавачванні ў тыя часы лічыліся сур'ёзнымі. Тым больш, што за ёю цягнулася даўняя слава – антысаветчыцы і дысідэнткі. Яшчэ з першай кнігі «Я з'ехаў з вёскі» (маналогі людзей, якія пакінулі родныя мясціны). Згодна ўказанню аддзела прапаганды тагачаснага ЦК КПБ гатовы набор кнігі ў друкарні рассыпалі, абвінавачваючы аўтара ў антыўрадавых і антыпартыйных поглядах. Пагражала і звальненне з работы. Сказана было так: «Як вы можаце працаваць у нашым часопісе з такімі не нашымі настроямі? I чаму вы да гэтага часу не член камуністычнай партыі?»
   Але прабіў новы час. Пачалася перабудова. У 1985 годзе кніга «У вайны не жаночае аблічча» – раман галасоў (так потым яна назаве твор) жанчын-франтавічак пра вайну, якую ніхто не ведаў, якую мужчыны не расказалі, выйшла амаль адначасова ў часопісе «Октябрь», беларускім выдавецтве «Мастацкая літаратура», а затым у выдавецтве «Советский писатель», у «Роман-газете» і г. д. І ў наступныя гады яна перавыдавалася шмат разоў – агульны тыраж дайшоў да двух мільёнаў экзэмпляраў. Кнігу віталі знакамітыя пісьменнікі-франтавікі: Кандрацьеў, Бакланаў, Гранін, Акуджава і многія іншыя.
   У тым жа 1985 годзе выйшла і другая кніга, якая таксама каля года (абвінавачванні ўсе тыя ж – пацыфізм, адсутнасць ідэалагічных стандартаў) чакала свайго часу – «Апошнія сведкі» (сто недзіцячых аповедаў). Гэтая кніга таксама шмат разоў выдавалася, адзначалася крытыкай, якая называла абедзве кнігі «новым адкрыццём ваеннай прозы». Жаночы позірк на вайну, дзіцячы позірк на вайну адкрылі цэлы мацярык новых пачуццяў і ідэй.
   У 1989 годзе выйшла новая кніга Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі» – твор пра злачынную афганскую вайну, якую дзесяць гадоў хавалі ад уласнага народа. Каб напісаць гэтую кнігу, яна чатыры гады ездзіла па краіне, сустракалася з матулямі салдат, якія загінулі, і з былымі воінамі-афганцамі. Сама пабыла ў Афганістане. Пасля выхаду кнігі, якая выклікала ў грамадстве небывалае ўзрушэнне, многія не даравалі аўтару развянчання гераічнага ваеннага міфа. На яе абрынуліся перш за ўсё ваенныя і камуністычныя газеты. У 1992 годзе ў Мінску быў арганізаваны палітычны суд над аўтарам і кнігай «Цынкавыя хлопчыкі». Але ў абарону ўзнялася дэмакратычная грамадскасць, многія вядомыя інтэлектуалы за мяжой. Суд быў прыпынены...
   Пасля па гэтай кнізе рэжысёрам Сяргеем Лук'янчыкавым у сааўтарстве са Святланай Алексіевіч было знята некалькі дакументальных фільмаў, а таксама пастаўлены спектаклі.
   У 1993 годзе выйшла новая кніга «Зачараваныя смерцю». Гэта быў расказ пра самагубцаў – пра тых, хто сам пайшоў з жыцця або спрабаваў такое зрабіць, не вытрымаўшы знікнення сацыялістычных ідэй, сацыялістычнага мацерыка. Пра тых, хто ўраўняў сябе з ідэяй, зжыўся з ёй намёртва, хто не знайшоў у сабе сілы прыняць новы свет, новую гісторыю і новую краіну. Па кнізе быў зняты фільм «Крыж» (сцэнарый Святлана Алексіевіч, рэжысёр – Генадзь Гародні).
   У 1997 годзе Святлана Алексіевіч закончыла і апублікавала кнігу «Чарнобыльская малітва» (хроніка прышласці). Яна, як і тры апошнія кнігі, спачатку была апублікавана ў часопісе «Дружба народов», а потым у выдавецтве «Острожье». Гэтая кніга не пра Чарнобыль, як піша сама аўтар, а пра свет пасля Чарнобыля. Пра тое, як чалавек жыве, асвойвае новую рэальнасць, якая ёсць, існуе, але яна яшчэ не асэнсавана і не ўсвядомлена. Людзі, якія перажылі Чарнобыль, людзі, якія жывуць пасля Чарнобыля, здабываюць сёння новыя веды. Веды для ўсяго чалавецтва. Яны ўжо жывуць пасля трэцяй сусветнай вайны... Пасля ядзернай вайны... Невыпадковы ў гэтым сэнсе падзагаловак кнігі – хроніка прышласці.
   Кнігі Святланы Алексіевіч выдаваліся не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой – у ЗША, Германіі, Англіі, Японіі, Швецыі, Францыі, Кітаі, В'етнаме, Балгарыі, Індыі і інш. Усяго ў дзевятнаццаці краінах свету. Яна – аўтар сцэнарыяў дваццаці аднаго фільма і трох п'ес. Спектаклі па яе кнігах ставіліся ў Францыі, Германіі, Балгарыі. Святлана Алексіевіч узнагароджана многімі міжнароднымі прэміямі: Курта Тухольскага (шведскі ПЭН-цэнтр) «за мужнасць і годнасць у літаратуры», прэміяй Андрэя Сіняўскага «за высакароднасць у літаратуры», расійскай незалежнай прэміяй «Трыумф», лейпцыгскай прэміяй «За еўрапейскае ўзаемаразуменне – 98», нямецкімі прэміямі «За лепшую палітычную кнігу»,  прэміяй міру ім. Э.-М. Рэмарка

   У 2015 годзе Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры з фармулёўкай «за яе шматгалосную творчасць - помнік пакуты і мужнасці ў наш час». Святлана Алексіевіч - першы Нобелеўскі лаўрэат у гісторыі незалежнай Беларусі
   Сама Святлана Алексіевіч аднойчы ў інтэрв'ю так вызначыла галоўную ідэю сваіх кніг, свайго жыцця: «Я заўсёды хачу зразумець, колькі чалавека ў чалавеку? I як гэтага чалавека ў чалавеку абараніць? Чым мы можам яго абараніць?». Пісьменніца цвёрда абараняе свае погляды, сваю незалежнасць.