Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін

Фатаграфія Рыгора Барадуліна   Нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін 24 лютага 1935 года на хутары з паэтычнаю назвай Верасоўка, на Полаччыне (цяпер гэта вёска Гарадок Ушацкага раёна Віцебскай вобласці), у мясцінах, якія здаўна славіліся сваёй далучанасцю да высокай культуры. Пра свой радавод па бацькоўскай лініі, які вядзе вытокі з Прыбалтыкі, паэт расказаў у вершы "Вечалле" (Вечалле — гэта назва аднаго з прыгожых азёр Ушаччыны), па мацярынскай — у «Паэме жытняй скібе»:

 

Мой дзед, рыжанін Галвіньш.
Механік па млынах.
На грошы быў не галы
I выпіць — не манах...


   Маці ж паэта — Куліна Андрэеўна — беларуска, або, як казаў сам Рыгор Барадулін, з карэнных крывічанак. Найперш ад яе атрымаў у спадчыну паэт тонкае адчуванне роднага слова, дзякуючы ёй раскрыліся перад ім невычэрпныя скарбы беларускай мовы. Пазней, у дарослым жыцці Рыгор Барадулін называў сваю маці "стыхійна вялікім філолагам", прысвяціўшы ёй шмат вершаў, паэму "Куліна" і нават кнігу, якую назваў "Евангелле ад мамы".
   У 1939 годзе сям'я Барадуліных пераехала ў мястэчка Ушачы. Але неўзабаве пачынаецца вайна і наступае канец бесклапотнаму дзяцінству Рыгоркі. Іван Рыгоравіч — бацька паэта — пайшоў у партызаны, дзе і загінуў падчас блакады ў 1944 годзе. У дадатак да гэтай бяды згарэла і бацькава хата. Аўдавелая маці адна несла на сваіх плячах нястачу і цяжар вайны, гадавала сына, якому так не хапала бацькоўскай ласкі і падтрымкі.

А я ...чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым... летам.
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкам кветак...

Каторы раз сыходзіў снег...
Дамоў вярнуліся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
І чуў кароткае: "Прыедзе"...


   Так перадаў пазней свае тагачасныя адчуванні Рыгор Барадулін у вершы "Бацьку", які быў змешчаны ў яго першым зборніку "Рунець, красаваць, налівацца", выдадзеным у 1961 годзе. Тут паэт выказаў не толькі ўласны сіроцкі боль, але і боль усяго свайго пакалення, якое вымушана было рана сталець і браць на свае плечы адказнасць за жыццё, так і не дачакаўшыся з франтавых дарог бацькоў.
   Памяць паэта і ў пазнейшых творах адчувальна захавала і памножыла народны боль і трывогу, звязаныя з тэмай вайны. Рыгор Барадулін у сваёй паэзіі акцэнтуе ўвагу на дыспрапорцыях, на бессэнсоўнасці і несумяшчальнасці вайны з рэаліямі здаровага сэнсу. Для адмаўлення гэтага страшнага свету, свету вайны, ён наўмысна выбірае самыя нечаканыя ракурсы, стараючыся, каб яго голас быў пачуты. Так нараджаліся творы "Палата мінёраў", "Балада Брэсцкай крэпасці", "Блакада":

На падлозе салома злежыцца.
Прапахне голадам, тыфусам,
Бяздомным бежанцам
Блакада ў патыліцу дыхае,
Нішчымніца — злая дзядзіна...


   Усё гэтае ліхалецце паэт спазнаў на ўласным лёсе. Але скончылася вайна і жыццё паступова ўваходзіла ў нармальнае рэчышча штодзённых клопатаў. Як бы цяжка ні было бязбацькавічу, трэба было жыць, дапамагаць мацеры, вучыцца... Вучыўся Рыгор Барадулін ва Ушацкай сярэдняй школе, пасля заканчэння якой у яго на ўсё жыццё засталася добрая памяць пра настаўнікаў літаратуры, якія падтрымалі яго малады талент, увялі ў чароўны свет айчыннай і сусветнай паэзіі. У 1954-1959 гадах Рыгор Іванавіч — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён вучыцца на філалагічным факультэце на адным курсе з Міхасём Стральцовым, Генадзем Бураўкіным, Васілём Зуёнкам. Будучыя славутыя пісьменнікі ў тыя часы сустракаліся на пасяджэннях літаб'яднання, дыскутавалі, спрачаліся і, канешне, сябравалі. Часам збіраліся ў інтэрнацкім пакоі на вуліцы Бабруйскай і чыталі свае вершы, гаварылі пра літаратуру.
   Пасля заканчэння ўніверсітэта Рыгор Барадулін жыве ў Мінску, працуе ў рэдакцыях розных газет і часопісаў: "Советская Белоруссия", "Бярозка", "Беларусь", "Полымя", у выдавецтвах "Беларусь" і "Мастацкая літаратура". Ён — паэт яркага і самабытнага таленту. Сёння на яго творчым рахунку больш трыццаці паэтычных кніг для дарослых і дзяцей. За творчыя дасягненні Рыгору Барадуліну прысвоена ў 1994 годзе ганаровае званне народнага паэта Беларусі.
   Рыгор Барадулін — нястомны падарожнік. У розны час і з розных нагод ён наведаў многія краіны свету: Польшчу і Балгарыю, Швецыю і Італію, Латвію і Кубу. У 1984 годзе ў складзе ўрадавай дэлегацыі ён прымаў удзел у працы XXXIX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
   Рыгор Барадулін быў дзейным чальцом Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989-1999 гг., прэзідэнт з 1990 г., віцэ-прэзідэнт з 1999 г.). З'яўляўся членам Партыі БНФ, членам Сойма БНФ (з 1989 г.). У 1995-1997 гг. быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса.
   Памёр Рыгор Барадулін 2 сакавіка 2014 г. ва ўзросце 79 гадоў у сваёй кватэры ў Мінску. Смерць была раптоўная і імгненная. Развітальная паніхіда паводле грэка-каталіцкага й рыма-каталіцкага абрадаў прайшла 4 сакавіка 2014 году ў Менску ў Касцёле Святых Сымона і Алены. Пахаваны Рыгор Барадулін ва Ушачах побач з магілай маці, як таго і жадаў паэт пры жыцці.

Похожие статьи:

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Уцякала зіма ад вясны...

Рыгор БарадулінДзіцячая паэзія Рыгора Барадуліна

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Світанняў я з табой не сустракаў...

Рыгор БарадулінТворчасць Рыгора Барадуліна

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Журба вясла