Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ніл Гілевіч

Кнопка отправить на печать

   Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. "Продкі мае, прадзеды, дзяды і па бацькавай, і па матчынай лініі, наколькі глыбока ўдалося прасачыць іх родавыя карані — тутэйшыя — з Гаеншчыны (ад назвы ракі Гайна, што бярэ выток на Лагойшчыне)", —прыгадваў паэт у сваёй радаслоўнай. У вялікай і дружнай сям'і яго бацькоў Сымона Пятровіча і Кацярыны Мікалаеўны было дзесяць дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве. Усе яны рана далучаліся да працы, дапамагаючы маці па гаспадарцы, па дагляду малодшых дзяцей. Маці, па ўспамінах Ніла Гілевіча, была непісьменная, але "розуму жывога і кемнага", таму вельмі хацела, каб набылі адукацыю яе сыны і дочкі, і рабіла дзеля гэтага ўсё, што магла. Вялікі ўплыў на фарміраванне будучага паэта аказаў яго дзед па маці Мікалай Давыдавіч — "энергічны, гаваркі, часам грубаваты на слова" вясковы музыка, які іграў на гармоніку на вечарынках і вяселлях усяе Лагойшчыны. Падчас Другой сусветнай вайны ў дзеда адкрыўся яшчэ адзін талент — варажбіта на картах. "Амаль не кожны дзень прыходзілі да яго вясковыя жанчыны — маткі, жонкі, сёстры, нявесты забраных на вайну мужчын і хлопцаў — з просьбай паваражыць аб іх невядомым лёсе... Жывая, вобразная, дасціпная мова дзеда ўражвала мяне не толькі ў яго варажбіцкіх імправізацыях, — прыгадвае Ніл Гілевіч, — а і ў звычайных паўсядзённых размовах з людзьмі...". Праз шмат гадоў паэт зразумеў і належным чынам ацаніў і яго варажбіцкія выдумкі, якія былі так патрэбныя для падтрымкі надзеі ў асірацелых жанчын.
   Вялікая Айчынная вайна, што апаліла дзяцінства і юнацтва будучага паэта, значна паўплывала на фарміраванне яго светапогляду, прымусіла рана пасталець і задумацца над праблемамі народнага жыцця. Сваё школьнае навучанне Ніл Гілевіч распачаў перад вайной —закончыў тры класы Слабадской сямігодкі, а пасля перамогі —перайшоў у пяты клас Гайнаўскай сярэдняй школы. Вучобу паэт сумяшчаў з працай паштальёна, якая, апрача матэрыяльнай падтрымкі для сям'і, была добрай жыццёвай школай, даючы магчымасць непасрэдна назіраць клопаты, радасці і беды вясковага побыту. Пазней назіранні гэтага часу складуць аснову многіх яго аўтабіяграфічных твораў — паэм і вершаў.
   Паводле творчага лёсу Ніл Гілевіч не адносіць сябе да дзяцей вайны. "Я перажыў вайну падлеткам",— сцвярджае ён, падкрэсліваючы сталасць свайго ўспрымання ўсенароднай трагедыі. I сапраўды, кантэкст вайны дапамагае зразумець асаблівасць яго паэтычнай біяграфіі і адлюстраваную ў ёй асаблівасць часу. На працягу многіх гадоў тэма вайны не адпускала ад сябе паэта, набываючы трагічнае гучанне ў вершах і асабліва ў эпічных творах, як, напрыклад, "Сто вузлоў памяці", "Недзяленя". У апошнім творы Ніл Гілевіч расказвае тыповую для акупіраванай Беларусі гісторыю аб тым, як уцякалі людзі ад карнікаў, хаваліся ў топкай дрыгве, якая ледзь не праглынула іх разам з адзінай карміцелькай — каровай Недзяленяй.
   Ранняя сталасць у многім вызначыла жыццёвую біяграфію паэта, яго лёс. У 1947 годзе ён становіцца навучэнцам Мінскага педагагічнага вучылішча, а потым — у 1952 — студэнтам філалагічнага факультэта БДУ. Выхад першага паэтычнага зборніка Ніла Гілевіча —"Песня ў дарогу" (1957) — па часе амаль супаў з заканчэннем яго студэнцкіх гадоў. Потым будзе вучоба ў аспірантуры, выкладчыцкая праца ў БДУ і плённая творчая дзейнасць на паэтычнай і навуковай ніве. Адзін за другім выходзяць паэтычныя зборнікі Ніла Гілевіча "Неспакой" (1961), "Перазовы" (1967). "Актавы" (1976), "Незалежнасць" (1991), "На высокім алтары" (1994), раман у вершах "Родныя дзеці" (1985). Адначасова ён аўтар шматлікіх прац па літаратуразнаўстве, нястомны збіральнік і прапагандыст беларускага фальклору.
   Талент Ніла Гілевіча шматгранны, і, як руплівы працаўнік, ён рэалізуе яго напоўніцу. Вялікай папулярнасцю ў чытачоў карыстаюцца сатырычныя творы паэта, ён аўтар шматлікіх баек, фельетонаў, замоў і жартаў, якія выходзілі асобнымі зборнікамі, друкаваліся ў перыядычных выданнях. Менавіта пяру Ніла Гілевіча належыць знакамітая сатырычна-парадыйная паэма "Сказ пра Лысую гару", якая шмат дзесяцігоддзяў лічылася ананімнай. Варта згадаць і публіцыстычныя артыкулы паэта, прысвечаныя праблеме захавання роднай мовы, якія амаль паўстагоддзя не сыходзяць са старонак перыядычных выданняў. У літаратурным свеце Ніл Гілевіч добра вядомы як перакладчык са славянскіх моў, асабліва з балгарскай і славенскай. За плённую перакладчыцкую дзейнасць ён узнагароджаны балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай і ордэнам Украіны.

   Памёр Ніл Сымонавіч 29 сакавіка 2016 года ў Мінску. Пахаваны 1 красавіка 2016 года на Кальварыйскіх могілках побач з магілай жонкі.