Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Міхась Зарэцкі

Кнопка отправить на печать

   "Падкрэслена элегантны, акуратны, пачынаючы ад абмотак і канчаючы тугім рамянём і яркімі нашыўкамі на пятліцах гімнасцёркі... Тонкі, высокі і стройны... Гаворыць ён весела, ахвоча слухае чужую гаворку, трохі ўгнуўшы галаву, пільна гледзячы ў вочы, але тут жа паспее павярнуцца, каб з некім павітацца, усміхнуцца яму, кіўнуць галавою.
   Стрыманасць і непасрэднасць як бы вечна ваююць у ім. Ваюе і другое: то халодны, то цёплы тон шэрых воч, то строгія, рэзкія лініі поўных губ, то мяккая і даверлівая ўсмешка на іх", — такім убачыў упершыню на з'ездзе "Маладняка" пісьменнік Янка Скрыган Міхася Зарэцкага і так апісаў гэтую сустрэчу пазней у сваіх успамінах.
   Зарэцкі прыехаў на з'езд у вайсковай форме, бо быў на той час армейскім палітработнікам. Ён вылучаўся сярод маладнякоўцаў не толькі знешняй прывабнасцю, але і таленавітасцю. З першых апавяданняў, як успамінае Скрыган, ішла за ім слава рамантыка. Гэтая рамантыка акружала і біяграфію празаіка. Жыццёвы і пісьменніцкі шлях Міхася Зарэцкага быў пазначаны бліскучымі ўзлётамі і трагічнымі падзеннямі. Савецкая ўлада, абяцанням якой шчыра даверыўся мастак, жорстка расправілася з ім, як і з большасцю таленавітых беларускіх пісьменнікаў.
   Міхась Яфімавіч Касянкоў (такое сапраўднае прозвішча празаіка) нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні. Зараз гэта Талачынскі раён Віцебскай вобласці. Але дзяцінства яго прайшло на Магілёўшчыне на берагах Дняпра — пад Шкловам у вёсцы Зарэчча (адсюль і псеўданім пісьменніка). Бацька Міхася Касянкова паходзіў з сялян, быў чалавекам веруючым, але крутым і няўжыўчывым, з крытычным стаўленнем да жыцця і асабліва да начальства. Ён аказаў значны ўплыў на фарміраванне светапогляду будучага пісьменніка. Паколькі сам бацька працаваў дыяканам у царкве, першапачатковая адукацыя хлопчыка мела царкоўны ўхіл. Спачатку былі чатыры гады вучобы ў Аршанскім духоўным вучылішчы, а потым яшчэ два — у Магілёўскай духоўнай семінарыі. Гэтая вучоба, як адзначаў пазней Міхась Зарэцкі ў аўтабіяграфіі, дала яму "многа добрых і карысных урокаў", "прывучыла да самастойнага крытычнага мыслення", "развіла інстынкт таварыскасці, імкненне да грамадскасці".
   Аднак лёс Міхася Касянкова склаўся не так, як хацелася бацькам. Духоўнае паходжанне і вучоба ў семінарыі пазней значна ўскладнілі жыццё пісьменніка. Падзеі 1917 года змянілі яго жыццёвы шлях, перавярнулі ўяўленні пра свет. У выніку Міхась Касянкоў стаў не шчырым вернікам, а наадварот, як казаў сам, грунтоўным атэістам. У неспакойным 1917 годзе хлопец пакінуў вучобу ў семінарыі і заняўся пошукамі працы. Быў ён і перапісчыкам у паўвайсковай часці, і царкоўным вартаўніком, і настаўнікам пачатковай школы на Магілёўшчыне. Потым стаў старшынёй валаснога аб'яднання настаўнікаў у Шклове і нават загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай адукацыі. У канцы 1920 года М. Касянкова мабілізавалі ў Чырвоную армію, у якой ён праслужыў да пачатку 1926-га. "Служба ў Чырвонай арміі адыграла, мне здаецца, рашаючую ролю ў канчатковым фармаванні маёй псіхалогіі, садзейнічала канчатковаму засваенню мною ідэй камуністычнай рэвалюцыі і, урэшце, зрабіла мяне камуністам", — падкрэсліваў Зарэцкі.
   Ён і сапраўды быў перакананым камуністам, гарачым прыхільнікам бальшавізму і пэўны час, карыстаючыся даверам бальшавіцкіх кіраўнікоў, працаваў у апараце ЦК на пасадзе інструктара аддзела друку. Аднак партыйная работа не стала прызваннем Зарэцкага, яго вабіла літаратура. "Захапленне літаратурнай творчасцю было ў мяне часткай рамантычнага захаплення "беларускасцю", якое заўладала мною, захаплення ідэяй адраджэння беларускай нацыянальнай культуры", — пісаў Міхась Зарэцкі. Гэтае захапленне і стала прычынай яго трагічнай гібелі, калі бальшавікі перайшлі ад часовай падтрымкі беларусізацыі да вынішчэння ўсяго, што было з ёю звязана.
   Займацца літаратурнай творчасцю Міхась Зарэцкі пачаў падчас службы ў Чырвонай арміі. Зімою 1921 года папулярная ў тыя гады беларускамоўная газета "Савецкая Беларусь" надрукавала яго апавяданні "Цішка Бабыль" і "У Саўках", якія засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў новы выдатны талент. Міхась Зарэцкі працаваў актыўна і плённа. Першы зборнік яго апавяданняў "У віры жыцця" выйшаў у 1925 годзе. Тады ж з'явіўся і зборнік "Пела вясна". У 1926 годзе былі напісаны ажно тры кнігі Зарэцкага — зборнікі апавяданняў "Пад сонцам", "42 дакументы і Двое Жвіроўскіх" і сатырычная аповесць "Голы звер".
   У 1928 годзе выйшаў раман "Сцежкі-дарожкі" і кніга апавяданняў "На чыгунцы". Але якраз у гэтым 1928 годзе Міхась Зарэцкі напісаў нарыс "Падарожжа на новую зямлю", дзе выяўлялася негатыўная сутнасць калектывізацыі, і апублікаваў (разам з А. Александровічам і Алесем Дударом) заяву аб тым, што пакідае вучобу ў Белдзяржуніверсітэце, куды паступіў пасля армейскай службы, з-за непрыхільных адносін у гэтай навучальнай установе да беларускіх пісьменнікаў.
   "Ліст трох" (так сёння называецца тая заява) улады абвясцілі нацыяналістычным, а "Падарожжа на новую зямлю" і ўрывак з рамана "Крывічы", надрукаваны ў часопісе "Полымя", пачалі рэзка крытыкаваць у друку. У выніку далейшая публікацыя рамана, у якім пісьменнік абараняў ідэю беларускай бацькаўшчыны, была спынена, а самога аўтара ў снежні 1929 года выключылі з бальшавіцкай партыі. Але фізічная расправа над ім, на шчасце, затрымалася амаль на 8 гадоў.
   Да пачатку кастрычніка 1936 года Міхась Зарэцкі працаваў у АН БССР загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. Стараючыся давесці сваю лаяльнасць савецкай уладзе, ён пісаў новыя творы. Стварыў у 1932 годзе раман "Вязьмо", які быў прызнаны лепшым тагачасным творам пра калектывізацыю, але ўратавацца пісьменнік не меў шансаў. 3 кастрычніка 1936 года Міхася Зарэцкага беспадстаўна арыштавалі і праз год 29 кастрычніка 1937 года расстралялі разам з вялікай групай іншых беларускіх пісьменнікаў.