Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Вячаслаў Адамчык

Кнопка отправить на печать

   Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык нарадзіўся 1 лістапада 1933 года ў вёсцы Варакомшчына Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (зараз гэта Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). Прозвішча Адамчык паходзіць з памежжа Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай — з Берасцейшчыны. У Варакомшчыне продкі Адамчыкаў з'явіліся ў XIX стагоддзі, калі навакольныя землі перайшлі ва ўласнасць славутага роду Агінскіх. Па мацярынскай жа лініі, як прыгадваў сам Вячаслаў Адамчык у "Крэсках з аўтабіяграфіі", у яго былі ці не татарскія карані: "Калі даць веры размаітым даведнікам, то ў 1242 г. пад Лідаю быў разбіты літвінамі хан Шайбак з яго "цьмою". Палонных татар пасялілі на тутэйшых землях. Адсюль нашы суседнія вёскі называюцца дзікавата: Таркачы, Шайбакова. Адсюль і прозвішча мацярынскіх дзядоў і прадзедаў — Шайбакі".
   Бацькі пісьменніка Уладзімір (Ладзімер) Адамчык і Браніслава з роду Шайбакоў жылі ў бядоце. Паводле ўспамінаў Вячаслава Адамчыка, змешчаных у творы "Фатальная лічба "3". Генеалогія, альбо Радавод Адамчыкаў", "маладая сям'я, аддзяліўшыся ад дзеда Тодара, знайшла прытулак у падпаветцы, дзе стаялі вазы, сані, плугі, бароны і іншыя сялянскія прылады і рэчы. Там бацька адгарадзіў куток, прабіў аконца і паставіў невялікую печ".
   Дзяцінства Вячаслава прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. Падчас акупацыі ён пачаў вучыцца ў сямігодцы ў Наваельні, якую закончыў у 1949 годзе. Каб дапамагаць бацькам, юнак перавёўся на вячэрняе навучанне і пайшоў працаваць грузчыкам на чыгуначную станцыю Наваельня. Тады ж і пачаў пісаць вершы, якія друкавала Дзятлаўская раённая газета "За новую вёску". Малады аўтар насіў свае творы ў рэдакцыю за 15 кіламетраў пехатой.
   У 1952 годзе, скончыўшы дзесяцігодку, Вячаслаў Адамчык стаў студэнтам аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Яго вершы з'явіліся ў рэспубліканскім друку, але пачаткам свайго творчага шляху ўсё ж і крытыкі, і ён сам лічылі 1957 год. Тады былі надрукаваныя яго першыя апавяданні "Свой чалавек" і "Зоня". Вось як прыгадвае гэты час Васіль Быкаў у дакументальнай кнізе "Доўгая дарога дадому": "Паўтара дзесятка ўдзельнікаў (штогадовага пісьменніцкага семінара ў Каралішчавічах), што прыехалі з правінцыі, чыталі і абмяркоўвалі прывезенае з сабой, хаця ўсё тое было так сабе і не запомнілася. Апроч хіба "Зоні" маладога Вячаслава Адамчыка. Адамчык быў прызнаны несумненным талентам...".
   Сам Вячаслаў Адамчык у "Крэсках з аўтабіяграфіі" сцвярджаў: "Першыя апавяданні — былі нібы кароткі разгон, каб паверыць у сябе і нябрацца адвагі і моцы". У 1958 годзе выйшла першая кніга маладога пісьменніка — зборнік апавяданняў "Свой чалавек", а ў 1960 годзе наступная — "Млечны шлях". Літаратурная крытыка ў творах Вячаслава Адамчыка адзначала перавагу індывідуальна-псіхалагічнага, прыватнага зместу над сацыяльным і гістарычным, што выглядала самабытным і арыгінальным у тагачаснай літаратуры. Гэтая ж якасць будзе адчувальнай пазней і ў яго раманах. У 1965 годзе пісьменнік скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце ў Маскве. Працаваў у рэдакцыях часопісаў "Нёман", "Полымя", "Маладосць", на кінастудыі "Беларусьфільм", у выдавецтве "Мастацкая літаратура", а таксама досыць доўгі час галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса "Бярозка". Адначасова пісаў. Большасці апавяданняў Вячаслава Адамчыка ўласціва сумяшчэнне розных часоў і ў сюжэце, і ў праблематыцы, таму некаторыя з іх, як, напрыклад, "Два злоты", нагадваюць мініяцюрныя раманы. "Апавяданні Адамчыка нялёгкія для чытача, яны не развесяляць, не заспакояць і не закалышуць чалавека ў ружовых снах, яны не малююць перад ім лёгкіх шляхоў у жыцці. Яны суровыя. Яны рыхтуюць чалавека да жыцця сапраўднага, такога, якое яно і ёсць і якім можа быць заўтра і паслязаўтра, выхоўваюць любоў і навагу да чалавека", — падкрэсліваў вядомы сучасны літаратуразнавец Серафім Андраюк.
   У 1980 годзе В. Адамчык узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя І. Мележа за раман "Чужая бацькаўшчына", а ў 1988 годзе яму прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа.

   Памёр Вячаслаў Адамчык ад цяжкай хваробы ў 2001 годзе ў Мінску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

 

Крыніца: Беларуская літаратура ХІХ-ХХ стагоддзяў: час і асобы: вучэб. дапам. / Г.К. Тычко. — Мінск: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, 2010. — 267 с.