Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аркадзь Куляшоў

Фатаграфія Аркадзя Куляшова   Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 24 студзеня 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Паэт пазней так апісаў гэты час у вершы "Маё пасведчанне":

 

Дадзена мне самому
Ў тым, што нарадзіўся ў год вайны.
Нянек не было ў мяне, вядома,
Песень не спявалі мне яны.
Думала вайна, як кананадай
Лепей ёй мяне закалыхаць:
Клапацілася, як лепш блакадай
Рукі мне і ногі спелянаць.


   Яго бацькі былі вясковымі настаўнікамі. Бацька, Аляксандр Мікалаевіч, у маладосці некаторы час жыў у Маскве, дзе спяваў у народнай оперы. Спяваць любіла і маці — Кацярына Фамінічна. Іх схільнасць да музыкі перадалася і сыну Аркадзю, што паўплывала на станаўленне яго як паэта.    З 1921 года Аркадзь вучыцца ў Саматэвіцкай сямігодцы. "Цікавіцца вершамі і спрабаваць пісаць іх сам пачаў з сямі год, а ў 1928 годзе ў клімавіцкай газеце "Наш працаўнік" быў надрукаваны мой першы верш на беларускай мове", — успамінаў паэт у сваёй аўтабіяграфіі.
   У тым жа 1928 годзе вядучы літаратурны часопіс Беларусі "Полымя" надрукаваў яго верш "Бывай...", першы варыянт вядомай песні "Алеся" на музыку І. Лучанка, якая набыла шырокую папулярнасць, дзякуючы выкананню "Песняроў". Верш быў прысвечаны Алесі Карыткінай, першаму юнацкаму каханню Аркадзя Куляшова. У аўтабіяграфічнай паэме "Далёка да акіяна" паэт прыгадвае, як у трынаццаць гадоў пасля разводу бацькоў ён застаўся з цёткай гаспадарыць у пустой хаце і як яны — восем сяброў-хлопцаў і адна старэйшая на клас дзяўчынка — арганізавалі там нешта накшталт камуны. Дзяўчынку Аляксандру называлі Князёўнай за прыгажосць і за тое, што паходзіла з вёскі Князі. "Я — Алесяй зваў", — піша паэт. Пройдуць гады, але вобраз Алесі будзе спадарожнічаць усёй творчасці Аркадзя Куляшова.
   У 1928 годзе Аркадзь Куляшоў паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, дзе ў той час вучыліся таленавітыя паэты-маладнякоўцы Змітрок Астапенка і Юлі Таўбін, якія сталі яго блізкімі сябрамі. "У тыя гады Мсціслаў быў своеасаблівым цэнтрам пачынаючых паэтаў і празаікаў, якія групаваліся вакол студыі "Маладняка" — самай масавай тагачаснай літаратурнай арганізацыі ў Беларусі. Творчая дружба з больш вопытнымі таварышамі станоўча ўплывала на далейшае развіццё маіх паэтычных здольнасцей", — адзначаў паэт.
   У 1930 годзе Аркадзь Куляшоў пераехаў у Мінск, дзе працягваў вучобу на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута. I ў гэтым жа годзе выходзіць першы зборнік вершаў маладога паэта "Росквіт зямлі". Узяўшы імклівы старт, паэзія Аркадзя Куляшова набірала разгон: ён выдае новыя паэтычныя кнігі, стварае паэмы. У 1938 годзе была надрукавана нізка вершаў пад назвай "Юнацкі свет", куды ўвайшлі невялікая песня-паэма "У зялёнай дубраве", вершы "Воблака", "Ранак", "Млын", "На сотай вярсце", "Магілёўская хмарка", "Плыла, цалавалася хмара з зямлёй", "Мая Бесядзь" і іншыя творы, у якіх малады паэт, паводле сцвярджэння крытыкі, нарэшце, знайшоў свой уласны голас.
   У гэтым цыкле выявілася ўзбагачэнне мастакоўскай палітры Аркадзя Куляшова: узніклі характэрныя і для яго пазнейшай творчасці размоўныя інтанацыі, лірычнае хваляванне падсвечваецца добрай усмешкай. Змяняецца і жанравая структура верша: паэт звяртаецца да дзённікава-нарысавай формы, сумяшчае пейзаж і побытавыя сцэны, ужывае сродкі публіцыстычнага выказвання. Сам Аркадзь Куляшоў прад'яўляе да сябе высокія патрабаванні, ён адчувае, што яго паэтычнаму стылю не хапае натуральнасці і прастаты.
   "Разумею, што лепш за ўсё звярнуцца да народнай песні, да Янкі Купалы, да Якуба Коласа", — адзначае ён у аўтабіяграфіі. Пад уплывам такой самападрыхтоўкі стыль паэта набывае гарманічнасць, зладжанасць, і асабліва вялікая роля належыць у гэтым вуснай народнай творчасці, якую    Аркадзь Куляшоў шырока выкарыстаў у даваеннай паэме "У зялёнай дубраве", а потым падчас вайны ў паэмах "Сцяг брыгады" і "Прыгоды цымбал", а таксама ў лірычных вершах-баладах.
   Вайна застала Аркадзя Куляшова ў чарговым адпачынку на радзіме, на Хоцімшчыне. Калі ён вярнуўся ў Мінск, сям'і там не застаў, і 24 чэрвеня 1941 года паэт пакінуў ахоплены пажарам горад:

 

Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,
Родны Мінск я пакінуў нямецкай бамбёжкаю гнаны.


   Так апісаў ён свой ад'езд у паэме "Сцяг брыгады". Аркадзя Куляшова накіравалі ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. З ліпеня 1941 года ён працаваў у армейскай газеце "Знамя Советов". Вялікай папулярнасцю карысталіся яго вершы і гумарыстычныя творы пра байца Аляксея Пятрова. Пісаў ён іх на рускай мове. Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі Аркадзь Куляшоў працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху. Самым вядомым творам паэта часоў вайны стала ліра-эпічная паэма "Сцяг брыгады", галоўны герой якой Алесь Рыбка, вобраз у многім аўтабіяграфічны. Твор гэты амаль адразу пасля напісання быў перакладзены на рускую мову.
   Бацькі ж паэта падчас акупацыі знаходзіліся ў мястэчку Хоцімск. Бацька Аркадзя Куляшова вымушаны быў на працягу шасці тыдняў працаваць у камендатуры, куды яго завочна выбралі жыхары мястэчка. Пазней яго арыштавала гестапа і вывезла ў канцлагер у Германію. У тагачаснай палітычнай атмасферы беззаконня і рэпрэсій гэтыя факты клаліся чорнай плямай на біяграфію самога паэта, рабілі яго асабісты і творчы лёс нестабільным, пагражалі небяспекай арышту і пераследу. Таму ў пасляваенныя гады, працуючы рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва" (1945-1946) і на кінастудыі "Беларусьфільм" (1958-1967), Аркадзь Куляшоў і ў жыцці, і ў творчасці вымушаны быў няспынна дэманстраваць сваю адданасць уладзе і яе ідэалогіі. Значнымі паэтычнымі дасягненнямі ў гэты час сталі цыкл вершаў "З новай кнігі", паэмы "Варшаўскі шлях", "Хамуціус".
   Памёр Аркадзь Куляшоў раптоўна 4 лютага 1978 года, знаходзячыся на адпачынку ў Нясвіжы. Напярэдадні сваёй смерці, 3 лютага, ён напісаў наступныя радкі пра неабходнасць творчых падрахункаў, шчырай споведзі:

 

А каб жа, каб па волі ўласнай,
Уладарнай сілаю рукі,
Мог сцерці ты, як з дошкі класнай,
Сваіх памылак груз цяжкі:

Пакуты, горыч, што не могуць
Цябе пакінуць на зямлі,
Што не самохаць і самохаць
На плечы некалі ляглі.
 

   Такія філасофска-спавядальныя інтанацыі былі ўласцівыя ўсёй творчасці Аркадзя Куляшова пасляваеннага перыяду. Расказваючы пра свой час і пра сябе, падводзячы рахункі на парозе вечнасці, паэт імкнуўся быць шчырым і паслядоўным.

Похожие статьи:

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Хамуціус

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Балада аб чатырох заложніках

Аркадзь КуляшоўПаэзія Аркадзя Куляшова

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Цунамі

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Варшаўскі шлях