Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Макаёнак

Фатаграфія Андрэя Макаёнка   Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 го-да ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Скончыў Журавіцкую сярэднюю школу. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, атрымаў цяжкае раненне. Шпіталь. Няўмольны прысуд — ампутацыя абедзвюх ног. Стары фельчар, якому вельмі спадабаўся асілак-беларус, парушыў урачэбную этыку: сказаў юнаку, што ногі можна ўратаваць, бо гангрэны пакуль няма. Параіў: не давайся, настойвай. Андрэй не еў і не спаў: а раптам дадуць снатворнага і аднімуць ногі... Калі па яго прыйшлі, каб везці на аперацыю, выхапіў трафейны пісталет... Усе спалохаліся. І здзівіліся волі, духоўнай сіле франтавіка, "тараннасці" ў дасягненні мэты.
    Упершыню А. Макаёнак навёў зброю не супраць ворага, а супраць сваіх, якія недастаткова адказна рабілі справу, раўнадушна выконвалі свае абавязкі. Драматург і пазней будзе наводзіць зброю слова "на сваіх", на раўнадушных, чыя абыякавасць і несумленнасць можа часам каштаваць жыцця чалавеку, няшчасцяў цэлай краіне.
    Друкавацца пачаў з 1946 года, з аднаактовак, якія вылучаліся актуальнасцю праблематыкі. У 1952 годзе на сцэне Купалаўскага тэатра рэжысёрам Канстанцінам Саннікавым была пастаўлена першая поўнафарматная п'еса "На досвітку" пра пасляваенную... Францыю. Аўтар імкнуўся паказаць жыццё французаў, якое добра не ведаў. П'еса была слабая, але супрацоўніцтва з купалаўцамі адкрыла яму "многія прафесійныя сакрэты сцэны".
    Сатырычная камедыя "Выбачайце, калі ласка" (1954) — першая п'еса, якая прынесла яе аўтару заслужаную славу і прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Гэта п'еса стала пачаткам літаратурнага лёсу, праграмным творам і творчай візітоўкай Макаёнка-драматурга.
    А. Макаёнак здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю ў жанры драматургіі: ён пісаў не толькі сатырычныя камедыі ("Каб людзі не журыліся", 1959; "Лявоніха на арбіце", 1961; "Таблетку пад язык", 1973), але і трагікамедыі ("Трыбунал", 1970; "Зацюканы апостал", 1971; "Пагарэльцы", 1981; "Дыхайце эканомна", якая была апублікавана ў 1983, ужо пасля смерці драматурга). Камедыю "Верачка" (1979) сам аўтар вызначыў так: "сентыментальны фельетон". Жанр камедыі "Кашмар" (другая назва — "Святая прастата", 1976) удакладніў: "небяспечная камедыя ў трох дзеях". Аўтарскае вызначэнне "Таблеткі пад язык" — "камедыя-рэпартаж", а трагікамедыі "Дыхайце эканомна" — "п'еса-прытча".
    Андрэй Макаёнак выдатна спалучаў пісьменніцкую працу з рэдактарскай: чатыры гады загадваў аддзелам прозы ў часопісе "Вожык" і дванаццаць гадоў (1966-1978) быў галоўным рэдактарам часопіса "Нёман" і лічыў гэтую справу вельмі важнай для развіцця нацыянальнай культуры.
    Пра шматграннасць таленту А. Макаёнка сведчаць яго кінааповесць "Твой хлеб", сцэнарыі фільмаў "Шчасце трэба берагчы", "Кандрат Крапіва", "Рагаты бастыён", тэлефільм "Пасля кірмашу", пераклады твораў савецкіх драматургаў на беларускую мову (Аляксандра Карнейчука, Леаніда Зорына і інш.), артыкулы па праблемах драматургіі, тэатра і кіно.
    Пашыраныя каментарыі "ад аўтара" ўпершыню з'явіліся ў "Зацюканым апостале". Аўтарскія прадмовы і тлумачэнні да тэксту ёсць у "Таблетцы пад язык", "Пагарэльцах", "Верачцы", "Кашмары". Гэта па сутнасці мастацкая проза, якая сведчыла пра вялікі эпічны і лірычны патэнцыял драматурга: А. Макаёнак выношваў мару "напісаць раман. Лірычны". На жаль, мары гэтай не суджана было ажыццявіцца: ён раптоўна памёр 16 лістапада 1982 года.
    Пра тое, якім быў гэты выдатны чалавек, яскрава сведчыць той факт, што вобраз Карнача ў "Атлантах і карыятыдах" Іван Шамякін "спісаў" са свайго найлепшага сябра — А. Макаёнка. Гэта было сяброўства вялікае і кранальнае. Г. Колас у кнізе "Аўтографы Андрэя Макаёнка" пісаў: "Самым блізкім сябрам быў Шамякін. Я аднойчы запытаўся:
    — Што яднае вас? Такія розныя характары, натуры, тэмпераменты. І ў творчасці такія непадобныя...
    Андрэй, задумаўшыся, падабрэў. Адразу адчувалася, што нават думаць пра свайго Івана яму вельмі хораша, прыемна.
    — Ведаеш, мы можам з ім быць разам — колькі выпадае. І не толькі, не абавязкова — гаварыць. Т ы паспрабуй з кім-небудзь прамаўчаць хоць з паўгадзіны, што ў вас атрымаецца? А мы адзін другому і не замінаем, і не надакучым. Добра нам...".
    Пасля смерці сябра І. Шамякін напісаў твор, які так і называецца: "Аповесць пра сябра" (іншая назва — "Тайна драмы").
    Імя народнага пісьменніка А. Макаёнка прысвоена Гродзенскай цэнтральнай бібліятэцы і Журавіцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна. Яго імем названа адна з галоўных вуліц нашай сталіцы, на якой ён жыў і на якой знаходзіцца Беларускае тэлебачанне. А. Макаёнак быў таленавітым вучнем Кандрата Крапівы і дастойным прадаўжальнікам яго традыцыі. Макаёнкаўскія традыцыі з поспехам працягваюць і развіваюць Алесь Петрашкевіч, Анатоль Дзялендзік, Аляксей Дудараў і іншыя таленавітыя драматургі.

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Лявоніха на арбіце

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал