Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Адам Гурыновіч

Кнопка отправить на печать

   Беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер нарадзіўся 25.01.1869 у фальварку Кавалі (Кавалькі) Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці), памёр 04.02.1894. Паходзіў са шляхецкага роду татарскага паходжання (герб "Праўдзіц"), вядомага з XV – XVI стст. Бацькі, Калікст Іасафатавіч і Элеанора з Сяняўскіх (з гетманскага роду), мелі некалькі дробных фальваркаў. Спачатку сям'я жыла ў Кавалях (Кавалькі, цяпер Мядзельскага раёна), пасажным фальварку маці, дзе нарадзіліся Адам і яго старэйшы брат Юзаф. Потым пераехалі ў Крыстынопаль, які быў супольнай уласнасцю Калікста Іасафатавіча і яго брата Абдона. Тут нарадзіліся браты і сёстры Адама. Бацька памёр рана, пакінуўшы маладую 28-гадовую ўдаву з шасцю дзецьмі. Вырашана было даць Юзафу вайсковую адукацыю, а Адаму і Яну – практычную (рэальнае вучылішча). Сям'я купіла ў Вільні невялікі дом, з якім і звязана пара духоўнага станаўлення Гурыновіча. Афіцыйныя поспехі яго ў час вучобы ў Віленскім рэальным вучылішчы (1879 – 1887 гг., уключаючы гадавую спецыялізацыю на механіка-тэхнічным аддзяленні дадатковага класа) былі сярэднія, але ўступныя экзамены ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут ён здаў амаль на адны пяцёркі.
   Ужо ў час вучобы ў Віленскім рэальным вучылішчы Гурыновіч пачаў цікавіцца беларускім фальклорам, пытаннямі грамадскага жыцця, рабіць літаратурныя спробы. У 1887 годзе ён паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і, як і іншыя калегі-разначынцы, упарта пераадольваў матэрыяльныя цяжкасці, але захварэў на тыф і ў студзені 1888 года быў вымушаны часова звольніцца з інстытута і вярнуцца на радзіму. Увосень 1888 года зноў паступіў на 1-ы курс. У студэнцкія гады шмат займаўся літаратурай, напісаў свае лепшыя творы, захапляўся і тэхнічнымі навукамі. Паводле ўспамінаў блізкіх, спецыяльна займаўся паляпшэннем паравозаў і ў гэтым пытанні меў быць, як кажуць, на дарозе да важных і цікавых вынаходак. Адначасова штудзіраваў працы беларускіх фалькларыстаў І. Насовіча, П. Шэйна, на канікулах папаўняў у ваколіцах Крыстынопаля свае фальклорна-этнаграфічныя зборы. У 1890 годзе ён даслаў узоры сваіх запісаў у Варшаву Я. Карловічу, які быў амаль суседам па Вішневе, і прасіў у яго парады па фальклорна-этнаграфічнай працы. Карловіч у сваю чаргу адаслаў матэрыялы Гурыновіча ў Кракаўскую акадэмію навук, дзе яны былі надрукаваны ў 1893 годзе у часопісе "Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі" і выдадзены асобна пад назвай "Зборнік беларускіх твораў" (165 песень і 37 загадак).
   У той жа час Адам Гурыновіч напружана працаваў над пытаннямі грамадскага жыцця, вывучаў перадавую філасофскую літаратуру, у тым ліку марксісцкую. Ён прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, у студэнцкім "Гуртку моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай", які ўтварыўся ў 1889 годзе і хутка эвалюцыяніраваў ад зямляцкай арганізацыі культурна-асветнага характару ў бок падпольнай антыўрадавай арганізацыі, цесна звязанай з іншымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі Пецярбурга, сярод якіх былі і групы першых расійскіх марксістаў (у іх складзе блізкія сваякі Францішка Багушэвіча муж і жонка Радзевічы). Блізкімі таварышамі Гурыновіча па падпольнай рабоце былі Ю. Бурачэўскі, К. Акуліч і І. Непакайчыцкі. Як адзін з кіраўнікоў гуртка ён у лісце да сяброўкі Станіславы Пяткевіч у Цюрых (1892) прасіў арганізаваць дастаўку для гуртка вялікай партыі рэвалюцыйнай літаратуры на беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах, прац Маркса, Энгельса, Пляханава, Ласаля, Лібкнехта. Пісьмо было перахоплена паліцыяй, якая пачала сачыць за членамі гуртка. У 1893 годзе Адам Гурыновіч арыштаваны ў сваім доме ў Вільні, дзе пры вобыску знайшлі нямала забароненай літаратуры. Яго даставілі спачатку ў Віленскую цытадэль, потым неадкладна адправілі пад вартай у Пецярбург, дзе трымалі ў доме папярэдняга зняволення, а па некаторых звестках у Петрапаўлаўскай крэпасці. У тым жа годзе ён выпушчаны з-за хваробы і высланы пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе неўзабаве памёр ад чорнай воспы.