Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адам Бабарэка

Фатаграфія Адама Бабарэкі   Літаратуразнавец, крытык,  празаік,  паэт,  ідэолаг, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша» (1923-1926) Адам Бабарэка нарадзіўся 15 кастрычніка 1899 года ў сям’і беззямельных сялян вёскі Слабада-Кучынка Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). Бацька, працавіты чалавек, памёр рана ад сухотаў. Адам Бабарэка як сірата вучыўся ў Слуцкай школе, потым скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918).
   Працаваў настаўнікам у вёсках Случчыны, вёў актыўную работу сярод вясковай моладзі. Падчас акупацыі Беларусі белапалякамі – удзельнік партызанскага руху супраць акупантаў на Случчыне. У 1920 годзе арыштаваны палякамі, пасля турмы ваяваў у Чырвонай Арміі (1921-1922), затым вучыўся ў БДУ на этнолага-лінгвістычным аддзяленні (1922-1927), выкладаў у школах беларускую мову і літаратуру, адначасна працаваў у газеце «Савецкая Беларусь». У 1926-1929 гадах працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Камуністычным універсітэце Беларусі.
   З пачатку 1920-х гадоў актыўна выступаў у друку. Пісаў вершы, апавяданні,  артыкулы,  рэцэнзіі  на  кнігі  беларускіх  пісьменнікаў, аналізаваў  творчасць  Дуніна-МарцінкевічаБагушэвічаЛучыны, Цёткі, Купалы, Коласа, Чарота, Бядулі, Чорнага, Дубоўкі, Крапівы. Невычэрпную скарбніцу эстэтычных каштоўнасцяў бачыў у фальклоры.
   Адным з першых у БССР Адам Бабарэка пачаў распрацоўваць тэарэтычныя пытанні эстэтыкі, метадалогіі літаратуразнаўства, плённа вучыўся ў такіх славутых вучоных, як І. Замоцін і Я. Барычэўскі, засяроджваў увагу  на  эстэтычных  поглядах  пісьменнікаў,  праблемах  таленту  і літаратурнага майстэрства, культуры творчасці.
   Высока ацэньвалі дзейнасць А. Бабарэкі многія пісьменнікі, яго сучаснікі. Якуб Колас адзначаў, што ён «чужых думак не пераказваў, свае меў». Уладзімір Дубоўка пісаў пра Адама Бабарэку: «Гэта быў шчыры, сардэчны чалавек, выдатны крытык, цудоўны сябра... Усе свае раманы і аповесці нябожчык Кузьма Чорны папярэдне абмяркоўваў з Адамам. Не цураліся гэтага і другія былыя сябры «Узвышша», а пра маладзейшых няма чаго і казаць. Рабіў ён нямала каштоўных і трапных заўваг мне, як па асобных маіх вершах, так і па большых творах (паэмах)».
   Максім Лужанін гаварыў пра «натхнёнасць разваг А. Бабарэкі, чалавека таленавітага сэрца, хто даў не адну пуцёўку ў друк першым вершам маладых, у тым ліку маім»...
   Слушна адзначаў У. Конан у сваёй кнізе «Адам Бабарэка», што ён «ставіў і, у меру сваіх сіл і магчымасцей, спрабаваў вырашаць пытанні, якія і сёння маюць не толькі гістарычную, але і актуальную тэарэтычную цікавасць. Гэта перш за ўсё такія праблемы, як суадносіны паміж эстэтычнай каштоўнасцю мастацтва і яго сацыяльнымі функцыямі; сутнасць мастацкай творчасці, гнасеалагічны і семантычны аспекты мастацтва, крытэрыі ацэнкі мастацкага твора і ўсёй творчасці таго ці іншага пісьменніка і многія іншыя метадалагічныя пытанні літаратурна-мастацкай крытыкі. Адам Бабарэка быў першым сярод тых, хто ў складаных умовах 30-х гадоў выступіў у абарону паэта і паэзіі ад нападкаў вульгарна-сацыялагічнай крытыкі».
   Першы раз Адам Бабарэка быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (СВБ) і высланы на пяць гадоў у Кіраўскую вобласць (г. Слабадскі). Пяцігадовая высылка была без аніякіх падстаў падоўжана на два гады, а ў 1937 годзе па сфабрыкаваным абвінавачанні чэкісты асудзілі беларускага пісьменніка яшчэ на дзесяць гадоў зняволення. Адбываў пакаранне ў пасёлку Княж-Пагост Комі АССР, потым на Поўначы, дзе і загінуў у 1938 годзе.
   Пра трагічны лёс Адама Бабарэкі праўдзіва расказаў М. М. Ількевіч у кнізе «Адам Бабарека. Арест – лагерь – смерть», выдадзенай у 1999 годзе ў смаленскім выдавецтве «Посох».

 

Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).