Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хрысціна Лялько - Касцы

Увага! Поўны змест

   Касілі ўтрох. Першы, пускаючы касу на ўсе рукі, шырока і грузка ставячы ногі, ішоў Павел. Ледзь паспяваючы за ім, задыхана-часта жыхаў круглы, таўставаты Вінцусь. I ўжо неяк зусім асобна, астаўшыся далёка ззаду, няспешна клаў роўны пракос Мамонаў Яська. Мужчыны касілі супольна1.
   — Глядзі ты, не спяшаецца Мамон, ледзь ківаецца, думае, нехта за яго выкасіць, а ён гатовае возьме, — засіпеў Вінцусь, як толькі Павел прыпыніўся мянціць касу. Павел паволі павярнуў галаву: увесь чырвоны, Вінцусь стаяў за спінай і злосна лыпаў малымі круглымі вочкамі. Павел паволі сагнуўся, грабануў з пракоса жменю травы, выцер касу. Дастаў з кішэні мянташку2, тады адказаў:
   — Вы, брат, абое рабое. Ён ледзьве цягнецца, а ты лапочаш тут во без толку, траву псуеш. — I, падціснуўшы кассё пад паху, павёў колькі разоў мянташкаю, спрабуючы лязо, глянуў назад: метраў сто за імі, здавалася, не ішоў — плыў па лузе шчуплы, невысокі Яська.
   Павел усміхнуўся, зноў глянуў на Вінцуся:
   — Ты не сіпі, як гусак, а давай, мянці во, а то, глядзіш, Яська дагоніць — пяты абрэжа. — I павярнуўся да пракоса, лёгка, як гуляючы, пусціў касу паўкругам. Вінцусь, зніякавелы3 ад нечаканых Паўлавых слоў, стаяў нейкі час нерухома, а пасля апусціў касу, забыўшы памянціць яе, і, яшчэ больш злуючы, што не бярэ, пасунуўся следам.
   Яська і праўда адстаў ад мужчын, мала ўжо і бачыў іх з-за высокай яму, малому, па пахі травы. Штосьці дзіўнае рабілася з ім у гэтую раніцу. Ён і сам добра не разумеў сябе, адно пасміхаўся разгублена, слухаючы, як трапеча, шчасліва заходзіцца ў грудзях сэрца ад усяго, што бачаць вакол вочы.
   З-за маладога алешніку ўставала сонца. За ровам, за гэтым цыбатым алешнікам, чуў Яська, прачыналася выспа4. Недзе ў самым глухім куточку яе, у ельніку, таемна застагнаў лясны голуб; мусіць, абуджаная ім, незадаволена-рэзка затрашчала сарока, гулка пераклікнуліся між сабою дразды.
   Востра запах валяр'яннік. Сонца разам з расою ўзнімала, цадзіла над лугам церпкі, аж кружыла галаву, водар5. З высокай травы, з-пад самых Яськавых ног шэрымі камячкамі пырхала, разляталася ў бакі дробнае птаства.
   Асцярожна, як баючыся парушыць цнатлівае хараство наваколля, апускаў Яська касу. Пакорліва паддаваліся, падалі ружовыя трапяткія маланкі, падатліва-мякка слаўся ў пракос духмяны аер, купчаста клалася густая, як сцягнуць касою, балаціна, пахла свежаю рыбаю, рачным глеем, водарасцямі.
   Яська нерашуча спыняўся, зноў стаяў нерухома, глядзеў, слухаў. У нейкі момант са здзіўленнем адчуў, як нараджаецца, вырастае ў душы нязгода з настойлівым цягам Паўлавай мянташкі, што адбівала касу ўжо на другім канцы лугу, з няўмела-паспешлівым, прагавіта-жалобным гукам Вінцусёвай, якая пляскала недзе зусім блізка, за круглым лазовым кустом. З'явілася ў душы неадольнае жаданне спыніць іх, крыкнуць: "Чакайце, хлопцы. Пастойце. Гляньце, хараство якое!" Але тут жа ўявіў неўразумелы Паўлаў пагляд, рабы, насмешлівы Вінцусёў твар — не варухнуўся.
   Нечакана прыйшло і працяло ўсю істоту вострае адчуванне імгненнасці гэтае прыгажосці. Ён неяк бездапаможна азірнуўся, бы хочучы знайсці абвяржэнне гэтаму адчуванню, убачыў доўгія роўныя стужкі пракосаў. Трава там была яшчэ свежая, жывая, але сонца ўзнімалася ўсё вышэй, промнямі цягнулася да пракосаў, пачынала сушыць. Тут жа ўсцешана падумалася, што ўсё так і павінна быць: выспелыя травы гінуць, каб даць месца новым, так на зямлі адвеку такі непарушны закон існасці ўсяго жывога на свеце. I ўсё ж здзіўлена заўважыў, што, зусім не супакоеная гэтай развагай, пачынае аціхаць, блякнуць у ім тая амаль дзіцячая радасць, якая так урачыста гучала ў душы цэлы ранак.
   Сонца хілілася на захад, калі мужчыны адбівалі пракос ад рову.
   Было ціха і душна. Прыпарвала. Плоймаю насіліся ў паветры камары, стогалоса звінелі, смоллю лезлі ў вочы, цялі ў спіну, блыталіся ў валасах. Не было ратунку. "Пэўна, на дождж, — падумалася Яську, — і расы во ні кроплі. Трэба не ўпусціць, дапільнаваць, як будзе садзіцца сонца. Яно і дождж не пашкодзіць. Хай бы прымяў траву. На сырую нічога..." Недзе на другім баку рова пачынаў дзерціся драч6, па завоінах7 заводзілі сваё вячэрняе крумканне жабы, за лугам, над поплавам, трывожна крычаў бакас8, зманьваў, адводзіў кагось ад гнязда.
   Зусім побач, амаль над вухам, лапатнула крыламі птушка. Яська прыпыніўся. З-за рова пераляцела дзікая качка, апусцілася на пакосе, каля лазовага куста, пасля хуценька прабегла колькі крокаў, схавалася за купінаю. Яська сачыў за ёю краем вока, баючыся павярнуць галаву. Нейкі час птушка пастаяла там, стаіўшыся, толькі раз-пораз вытыркала галоўку, цікавала за чалавекам.
   Пасля, мабыць, упэўненая, што нічога не грозіць, асцярожна падала голас: "Крэ". Крыху счакаўшы, яшчэ і яшчэ. З куста, як пароль, пачулася такое ж асцярожна-ціхае "крэ-крэ". Качка яшчэ раз азірнулася і хуценька нырнула ў куст. Адтуль зараз жа данеслася радаснае, нецярпліва-маладое крактанне, якое марна старалася суняць асцярожна-разважлівае, самавітае.
   "Вывадак", — па-дзіцячы радасна падумаў Яська. I тут жа, бы тая качка, пужліва павёў галавою, азірнуўся: ці чуў яшчэ хто. Убачыў, як спыніўся, услухоўваючыся, Вінцусь, як перастаў касіць і запытальна глядзеў у бок куста Павел. Трывожнае прадчуванне прайшло па душы. Ён узняў касу, знарок звонка пачаў мянціць яе, а пасля, як ні ў чым не бывала, сагнуўся над пракосам. Пачуў, як зазвінела Паўлава каса, супакоіўся. Але тут жа здрыгануўся ад гучнага шлёпання. Ззаду, чапляючыся за купіны цяжкімі ботамі, бег Вінцусь.
   — Вы што, паглухлі, не чуеце — качкі дзікія ў кусце, — закрычаў здаля, не дабегшы.
   "Сам ты дзікі", — роспачна падумаў Яська, але сказаў іншае, спакойна-абыякавае:
   — Якія тут качкі! Малыя зусім. Паляваць няможна. Хай растуць.
   Вінцусь з лёту спыніўся, няўцямна лыпаў круглымі бліскучымі вочкамі, а пасля грэбліва махнуў рукою, не зважаючы на Яську, зароў да Паўла:
   — Паўлюк, сюды, сюды давай. Смажаніна будзе. — I дзе толькі спрыт узяўся — загіцаў9 па купінах да лазняку.
   Яська бачыў, як няспешна выцер касу Павел, як азірнуўся вакол сябе, шукаючы што пад руку, не знайшоў, торкнуў касу ў зямлю, пачэпаў10 да куста.
   Дзіўную спустошанасць адчуў раптам у сабе Яська, адчуў, як становіцца чужою, абыякаваю да ўсяго душа. Ён нейкі час стаяў нерухома, як не верачы, прыслухоўваўся да сябе і страпянуўся толькі, калі нечакана пачуў ціхае крэканне. Ратуючыся ад бяды, старая качка вяла між куп'я качанят да рова. Яны смешна валюхаліся, хуценька беглі за ёй, выцягвалі ўперад доўгія, тонкія шыйкі. Ужо ладныя, сытыя ад багатага навакольнага корму, але яшчэ не апераныя, убраныя ў мяккі шэры пушок. Адчуваючы, як цяплее ўнутры, Яська сцішана засмяяўся: "Абхітравала ты іх, мілая. Давай, давай, хутчэй хавайся".
   Вінцусь з Паўлам трыбушылі лазняк. Чуваць было, як трашчала ламачча, як бурчэў незадаволена Павел і бажыўся, апраўдваўся перад ім Вінцусь. Урэшце вываліўся адтуль, скочыў на купіну, бы каршун, абмацваў вачамі куп'ё, шукаў здабычу. Нічога не ўгледзеў, крыкнуў:
   — Ну, што там, Ясь? Мо выйшлі яны, га? Няма ў кусце, як скрозь зямлю праваліліся.
   — Дзе табе выйшлі. Не відно нідзе. Шукай лепей. Пэўне, у лазняк зашыліся. — Як пацвярджаючы свае словы, Яська колькі крокаў ступіў туды, да лазняку, але Вінцусь яго ўжо не слухаў. Ён сам тут жа ўбачыў, як узбіраліся качаняты на бераг рова і там, за кустамі, плюхалі ў ваду. Бы сарваўшыся з навязі, Вінцусь рынуўся за імі, сігаў па куп'і так, што ўзляталі з-пад ног камякі гразі, скакалі вышай галавы. Яська адчуваў, што зноў вяртаецца ў душу тая ранейшая спустошанасць і робіцца страшэнна непрыемным і гідкім гэты круглы, як мяшок, чалавек. Ён адвярнуўся і ўбачыў, што проста да яго, пасміхаючыся, крочыць Павел. Урэшце параўняўся, як апраўдваючыся, сказаў: — Збеляніўся чалавек. Мяса запрагнуў. Пайшлі паможам. Хай наесца.
   Яська не варухнуўся. Ён бачыў, як колькі разоў, ідучы да рова, азірнуўся на яго Павел, на момант прыпыніўся, бы раздумваў, чакаў, а потым усё ж пашыўся ў лазняк. Чуў, як ужо там, у лазняку, дзіка залямантаваў, быццам палявалі на яго самога, Вінцусь.
   Паволі заходзіла сонца, сядала за хмару і, ужо нябачнае, кацілася ўніз, хавалася недзе за высокім гарбом далёкага поплаву. Яська сачыў за ім, утрапёна11 лавіў гукі, што даляталі з рова, чуў, як трашчыць там сухое ламачча, як плёхае, б'е крыламі па вадзе качка, ратуе дзяцей. Раз-пораз сюды, да яго, далятала, рэжучы цішыню адвячорка, яе адчайнае, адзінокае крактанне, і тады адчуваў: штосьці пякучае праходзіла па душы, штурхала да рова. А ён, як не мог выбіцца з утрапення12, усё стаяў, абапёршыся на кассё, слухаў. Раптам, заглушаючы ўсе гукі, зноў заенчыў на рове Вінцусь: "Не шкадуй, Паўлюк, не шкадуй. Малаці. Каля цябе ж недзе. Пад ваду пайшлі. Да дна даставай...". Як толькі цяпер дайшоўшы да памяці, як толькі цяпер уразумеўшы штось для сябе неабходнае, Яська рэзка рвануў з твані13 касу. Завярнуў яе за плечы і рынуўся туды, адкуль даносіўся крык і плёскат. "Я табе зараз дастану. Я цябе зараз накармлю". Лазняк чапляўся за касу, не даваў бегчы. Ён кінуў яе, ухапіў тоўсты альховы сук, пабег далей. Паляўнічыя былі недзе недалёка, ён ясна чуў іх крыкі і шматгалосае качынае крактанне. Раптам нешта ў тым баку гулка плюхнула, адчайна заенчыў Вінцусь, зноў моцна заплюхала ў рове вада, бы варочаўся там хтось вялізны і няўклюдны, затым зрабілася так ціха, што чутно было, як звіняць камары. Але тут жа, ірвучы гэту цішыню, над лугам панёсся рогат. Рагатаў Павел. Яська ўрэшце выцерабіўся з лазняку і ўжо мінаў алешнік, калі рогат нечакана знік. Яська зрабіў яшчэ колькі порсткіх крокаў і траха не наляцеў на Паўла, які стаяў за густым калінавым кустом. Павел уздрыгнуў, рэзка павярнуўся. Ледзь пераводзячы дух, Яська коратка кінуў:
   — Дзе?
   Павел моўчкі павёў вачамі. За некалькі крокаў ад іх, шырока расставіўшы ногі, недарэчна растапырыўшы рукі, стаяў Вінцусь. З адзення сцякала ў шырокія халявы гумавых ботаў рыжая балотная вада, твар, густа залеплены тванню, быў чорны. Ён заўважыў Яську, варухнуўся насустрач, падняў такую ж, да локця чорную, руку. За ружовую лапку Вінцусь трымаў мёртвае качаня.
   Тут жа ўскінуў яго на далоні, загаварыў хутка, апраўд ваючыся:
   — Самае здохлае папалася. Тыя ўцяклі. Ну, нічога. Мае будуць. У суботу швагра прывязу. У яго двухстволка і ганчак ёсць. Прыхопім. Хітрыя. Без сабакі не возьмеш...
   Яська моўчкі адвярнуўся. Праз лазняк, напрасткі пайшоў да пакосу.
   Шарэла. Па лузе, над рэдкімі завоінамі, цёпла курэў туман. Трывожна крактала на рове, склікала распуджаных дзяцей старая качка. Спакойна, стомлена ляжаў скошаны луг, толькі ў самым куце сіратліва цямнеў пакінуты чуб травы.
   Мужчыны вярталіся дамоў паасобку.


1. Супольна — сумесна, разам.
2. Мянташка — наждачны брусок, якім востраць (менцяць) косы.
3. Зніякавёлы — тут: разгублены.
4. Выспа — невялікі, часцей пясчаны, востраў.
5. Водар — прыемны пах, духмянасць.
6. Драч (дзяркач) — невялікая лугавая птушка з прарэзлівым, скрыпучым крыкам.
7. Завоіна (затока) — невялікі заліў.
8. Бакас — балотная, з доўгай дзюбай, птушка, якая ваганнем пер'я ўтварае гукі, падобныя да бляяння баранчыка.
9. Гіцаць — тут: спешна, няўклюдна рухацца.
10. Чэпаць — марудна ісці, плесціся.
11. Утрапёна — тут: прагна.
12. Утрапенне — тут: здранцвенне, разгубленасць.
13. Твань — балота, дрыгва; гразкае, багністае месца.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПершы снег

Пераказы, дыктантыСпрадвечнае імкненне

Пераказы, дыктантыСустрэча з сапраўдным мастацтвам

Пераказы, дыктантыКасцы

Пераказы, дыктантыВыстаўка