Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хроніка Вялікага княства Літоўскага i Жамойцкага

   У творы апавядаецца пра тое, як трупа рымлян на чале з патрыцыем Палемонам, ратуючыся ад тыраніі імператара Нерона, пакінула берагі Італіі і пасля доўгіх вандровак апынулася ў вусці Нёмана. Падняўшыся ўверх па цячэнні, рымляне ўбачылі «горы высокие, и на оных горах ровнины великие и дубровы роскошные, розмоитои офитости наполненых, розгого рожаю зверей». і пасяліліся ў прынёманскім краі прышэльцы з далёкіх краёў, «почали размноживатися» і асвойваць навакольныя землі. Яны заснавалі ў Жамойці, Літве і суседніх землях Русі першыя гарады і княствы. Ад гэтых рымлянаў паходзяць літоўцы, а ад рымскай знаці — літоўскія князі і арыстакраты, дзякуючы нястомным намаганням і гераізму якіх і было створана магутнае Вялікае княства Літоўскае і Жамойцкае, як называе яго аўтар.  

   Твор заканчваецца паэтычным паданнем пра заснаванне Гедзімінам Вільні, якое ўжо згадвалася ў аглядным артыкуле.  

   Такім чынам, у аснову «Хронікі...» пакладзена легенда пра тое, што быццам старажытныя літоўцы паходзяць ад рымлян. Крыніцай «Хронікі...» паслужыў Іпацьеўскі летапіс, адкуль былі ўзяты імёны некаторых герояў і асобныя сюжэты. Каштоўныя звесткі гэтага летапісу храніст выкарыстаў адвольна, як дапаможны матэрыял для канструявання сваёй уласнай, ідэалізаванай гісторыі Літвы. Ёсць у творы фактычныя памылкі, пра што не раз даводзіў і М. Ермаловіч. У творы, да прыкладу, памылкова пазначаны час будаўніцтва полацкай Сафіі і прыпісваецца зноў жа літоўскаму князю; дынастыя полацкіх князёў выводзіцца з літоўскай; першы вялікі князь Міндоўг, добра вядомы з дакладных крыніц, нават не ўпамінаецца ў «Хроніцы...».  

   Трэцяя поўная рэдакцыя гэтага зводу ўзнікла ў 50-я гады XVI ст.; у яе ўключаны датаваныя запісы пра падзеі ў ВКЛ канца XV — першай паловы XVI стст.

   Сярод новых матэрыялаў поўнай рэдакцыі «Хронікі...» асабліва цікавае апавяданне пра караля Сігізмунда Аўгуста і Барбару Радзівіл. Пасля смерці першай жонкі Сігізмунд Аўгуст, па словах храніста, «не могучи содержати прирожоное хтивости своей ку белым головам (г. зн. жанчынам), начал миловати» удаву Барбару Радзівіл і тайна ноччу наведваць яе ў палацы ў Вільні. Прыгажуня Барбара так модна прывабіла караля, што ён, нягледзячы на процідзеянне вярхоўнай знаці Польшчы і BKЛ, вырашыў тайна павянчацца і ажаніцца з ёй наперакор усім. «Всим людзям и всей земли тое ажененье королевское было вельми не мило, и многие пашквилюсы писали о том, у замку к стенам, и к ратуши и к панским воротам и домам прибивали», — расказвае аўтар. Такая адмоўная рэакцыя на жаніцьбу караля са знатнай прыгожай, але бясплоднай жанчынай тлумачыцца тым, што ўсе баяліся, каб на Сігізмундзе Аўгусце, які быў апошнім з Ягелонаў, не абарвалася дынастыя, як гэта і здарылася.  

   У гэтай фрывольнай гісторыі любоўная страсць паміж мужчынам і жанчынай, што займалі самае высокае становішча ў феадальнай саслоўнай іерархіі, перамагае ўсе ўмоўнасці маральных нормаў, a героі ставяць асабістае над дзяржаўным, свядома ідуць на падрыў уласнай рэпутацыі, кідаюць выклік грамадскай думцы. Адлюстраванне бытавых і інтымных бакоў жыцця валадароў было новай з'явай у айчынным летапісанні. Новай і нязвыклай была і іранічная ацэнка аўтарам паводзін галоўных герояў. 

   У айчынным летапісанні менавіта з «Хронікі...» ўзмацняецца тэндэнцыя да белетрызацыі аповеду і свядомага ўключэння ў летапісы мастацкага вымыслу.

Похожие статьи:

ІншаеЛетапісец вялікіх князёў Літоўскіх

ІншаеБеларуска-літоўскі летапіс 1446 г.

ІншаеХроніка Бахаўца

ХХроніка