Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Сауліч - Сабака з залатым зубам

   У камедыі "Сабака з залатым зубам" Уладзіміра Сауліча захаваліся традыцыйныя прыкметы беларускай камедыяграфіі.
   Драматург у сваіх творах не звяртаецца да фантастыкі або фантасмагорыі, не канструіруе штучныя эксперыментальныя сітуацыі. Фармальна ён захоўвае ў п'есах жыццепадобныя сітуацыі. Але яго мізансцэны настолькі нечаканыя, парадаксальныя, часам эксцэнтрычныя, што даводзіцца казаць пра неверагоднасць верагоднага, фантастыку будзёншчыны. Ён досыць шырока рассоўвае межы тэатральнай умоўнасці і дасягае праз гэта незвычайнага камедыйнага эфекту.
   Пра гэта сведчыць ужо самы пачатак камедыі "Сабака з залатым зубам". Кідаецца ў вочы незвычайны інтэр'ер і дзіўныя паводзіны персанажаў. Пасярэдзіне шыкоўнай гарадской кватэры маёра Козлікава ўсталяваны самагонны апарат "самай навейшай канструкцыі". Гаспадар завіхаецца каля гэтага агрэгата, а яго старэнькая маці, Кацярына Карпаўна, адбівае зямныя паклоны і моліцца перад партрэтам сына.
   М а ё р К о з л і к а ў (торкае пальцам у самагонку, выцягвае яго і падносіць запалку. На пальцы ўспыхвае ярка-сіняе полымя. Цмокае языком). Хораша, зараза!.. Не магазіннае дзярмо. (Паварочваецца да залы.) Вам смешна, што начальнік медвыцвярэзніка маёр Козлікаў у мундзіры, пры пагонах гоніць самагонку?! Эх, людзі, людзі! Усе мы чалавекі!.. Хочаш жыць -умей круціцца!
   З кута даносіцца голас К а ц я р ы н ы К а р п а ў н ы, якая моліцца.
   К а ц я р ы н а К а р п а ў н а. Божачка, даруй мне, старой, можа, не так я жыла, не заўсёды тое рабіла, але ж ты ўсё можаш: дай шчасця і здароўя сыну майму - Каранату, нявестцы Фяўронні, унукам.
   Маёр Козлікаў (Кацярыне Карпаўне). Матка! Перастань! Гэта ж не ікона! Гэта партрэт мой!
   Кацярына Карпаўна працягвае маліцца. Маёр Козлікаў махае рукой.
   А-а, ёй хоць гарох аб сцяну. Не чуе. Здам днямі ў дом састарэлых, і канцы на тым! (Да залы.) Вы асуджаеце, што начальнік, такі лоб, і матку - у дом састарэлых?! А што мне рабіць, людзі! У мяне ж выйсця іншага няма. Вось памяркуйце. Вы ж, напэўна, чулі, што пайшла мода на сабак. У нашага старшыні райвыканкома ажно тры цюцькі дома. Адзін - тапкі ў зубах гаспадару падносіць, другі - заместа падушкі пад галаву кладзецца. Трэці - гаўкае пад музыку. Вот і жонка мая, Фяўроння Захараўна, паглядзеўшы на гэтыя штукі, уз'ерапенілася: "Хачу такога вучонага сабачку!" Я адбіваўся спачатку: "Навошта нам гэтая сука? Лішні рот у сям'і". Але жонка яшчэ больш насела. Ну і змушаны быў саступіць. Напытаў цюцьку. Ды не абы-якога, а іншаземнага паходжання. І яму, як іншаземцу, самі разумееце, пакой патрэбен асобны. А ў мяне ў гэтым пакоі матка пражывае. І тут, як ні круці, але апошняй давядзецца ўступіць. (Налівае самагонкі ў шклянку. Да Кацярыны Карпаўны.) Матка! Здаю цябе ў дом састарэлых. Чуеш?! Там на Леніна будзеш маліцца!.. За гэта! (Падымае шклянку з гарэлкай.)
   Тут шмат што выглядае непраўдападобна: і тое, што старая кабета моліцца на партрэт свайго сына, і самагонны апарат на самым відным месцы ў барацьбіта з алкагалізмам, і сынава імкненне прамяняць родную маці на нейкага сабаку. Але парадаксальнасць, гратэскавасць экспазіцыі вырастае з побытавых і досыць знаёмых жыццёвых рэалій.
   Мадам Козлікава з усяе сілы плішчыцца ў "новыя беларусы", маёр Козлікаў імкнецца ўладкаваць свой побыт лепш, чым "былы сакратар райкома", які таксама падаўся ў нуварышы. Прэстыжнасць у свеце "новых беларусаў" вымяраецца набытымі дабротамі, у гэтым выпадку - колькасцю сабак і іхняй пародзістасцю. Ачмурэламу ад комплексаў непаўнавартаснасці і бясконцай п'янкі маёру Козлікаву падаецца, што гэта і ёсць "жыццё" нармальных людзей. Ён не заўважае, як яно ператвараецца ў "сабачае", як сам ён разам з сямейнікамі пачынае дзічэць.
   У гэтай кватэры няма іконы, таму што думкі гаспадароў далёкія ад высокіх, адвечных матэрый. Бабуля моліцца на сынаў партрэт. Просіць сыну шчасця ў Бога. Бо сын для яе нават цяпер самая дарагая істота. Вобраз Кацярыны Карпаўны, ціхмянай і пакорлівай жанчыны, "якой ніяк не ўдаецца памерці", не падаецца стэрэатыпам, ён уражвае. Бабуля, нягледзячы на ўзрост, лепш за астатніх разумее тое, што адбываецца ў кватэры Козлікава, дый па-за яе сценамі. Яна задае пытанне: "Божачка, скажы мне, дурной, што гэта з людзьмі парабілася? Цкуюць адзін аднаго, душаць, б'юць, зусім звар'яцелі... Што гэта, Божачка?"
   Гратэскавая фактура п'есы мяжуе з фантастыкай - але аўтар застаецца верны жыццёваму праўдападабенству. Усё апісанае ім здаецца выключным, дзіўным, але верагодным. Далейшы ход падзей пацвярджае аўтарскую задуму - прасачыць да крайняй, абсурднай мяжы працэс распаду чалавечай асобы, маралі.
   Маёр Козлікаў марыць пра сабаку - і заводзіць яго, як гэта робяць тысячы гараджан. Дзеля чаго? Шмат каму хочацца мець пры сабе жывое стварэнне, якое заглядае ў вочы, радуецца твайму прыходу і ніколі не здрадзіць. Але Козлікаў і яго жонка заводзяць сабаку таму, што так прынята ў мясцовым "бамондзе". Раней абстаўлялі кватэру моднай мэбляй, абвешвалі дыванамі, цяпер упрыгожваюць жывой істотай, абавязкова з радаводам і пашпартам.
   І вось у кватэры Козлікава з'яўляецца сабака па мянушцы Пан Фокс, з радаводам і пашпартам, але без пярэдняга зуба. Уладальнік сабакі загадвае дантысту паставіць Пану Фоксу залаты зуб.
   Зразумела, што такі "дарагі" сабака павінен жыць у асобных апартаментах. І маёр Козлікаў прыспешвае маці, каб хутчэй збіралася ў дом састарэлых і вызваліла жылплошчу. У адказ на гэта Кацярына Карпаўна абяцае тэрмінова, да канца дня памерці.
   Нязмушана, чыста камедыйнымі сродкамі даводзіцца дэградацыя і амярцвенне чалавечага пачатку ў Homo sapiens - у тым выпадку, калі за мэту існавання бярэцца рэч, фетыш, пусты гонар.
   Здаць маці ў прытулак Козлікаву перашкаджае закон - неабходна давесці адсутнасць або смерць кармільца. І Козлікаў тэлефануе ў загс і паведамляе пра... уласную смерць. Нібы новы, местачковага кшталту "жывы труп".
   Збег рэальных, але надзвычайных абставін прыводзіць да дзвюх кульмінацый, у якіх смех пачынае выглядаць злавесным, гратэскавым. Першая кульмінацыя - высвятленне радаводу Пана Фокса. Гэта звычайны вясковы цюцька, якога сяржант Дзюба, спрытны камбінатар, скраў у калгаснага вартаўніка дзеда Язэпа. У нечым сцэна нагадвае эпізод з Цюлікам і яго косткай у камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошні". Парадыруецца традыцыйная ў драматургіі "сітуацыя пазнавання":
   М а ё р К о з л і к а ў. Адступіся, сяржант! Мне нават прыемна казычацца ў жываце, што так прагне мой хросны пабачыць тое, што ён ніколі не бачыў - майго заморскага сабачку. (Дзеду Язэпу.) Толькі, дзед, мля, асцярожна! Захад ёсць Захад!
   Сяржант Дзюба вымушаны адступіць. Дзед Язэп становіцца на калені і прыпадае вокам да шчыліны ў дзвярах. У маёра Козлікава заўважаецца нецярплівасць. Маёр Козлікаў не вытрымлівае.
   Ну як, дзед? Харошы заморскі звер?
   Д з е д Я з э п. Задзяры мяне каршун, калі гэта - не мой сабака!
   М а ё р К о з л і к а ў. Дзед, што за ахінею ты нясеш? Гэты сабака - з Амерыкі. Так, сяржант Дзюба?
   С я р ж а н т Д з ю б а. Т-так.
   М а ё р К о з л і к а ў. У нас на яго і папера ёсць. Пашпарт.
   Д з е д Я з э п (адчыняе дзверы, кліча). Тузік, ка мне!
   Сабака кідаецца да дзеда Язэпа. Радасна вішчыць. Дзед Язэп абводзіць пераможным позіркам маёра Козлікава і сяржанта Дзюбу.
   Вот вам і ўвесь пашпарт!
   Маёр Козлікаў упіваецца вачыма ў сяржанта Дзюбу. Сяржант Дзюба ціснецца да дзвярэй.
   М а ё р К о з л і к а ў (бярэ сяржанта Дзюбу за грудзі). Ты дзе, мля, падчапіў гэтага "бегемота"?
   С я р ж а н т Д з ю б а. Дык з Амерыкі, т-таварыш маёр...
   Д з е д Я з э п. Каранатавіч, не слухайце, чысты беларус.
   М аё р Ко з лі ка ў (сяржанту Дзюбе). Разжалую ў радавыя, сукін сын".
   Каскадам нечаканых, парадаксальных і неверагодных сітуацый абарочваецца абыгрыванне матыву "смерці" галоўнага героя. Праўда, часам аўтару ў гэтым нагрувашчванні гратэскавых дэталяў бракуе пачуцця меры.
   Драматург "хавае" маёра Козлікава, паказваючы распад і амярцвенне асобы. Гэты працэс падкрэсліваецца з'яўленнем змрочнага, ледзьве не містычнага Чалавека ў чорным, работніка пахавальнага бюро, які даставіў у кватэру труну і белыя тапачкі для "нябожчыка Козлікава". Яго выхад у фінале суправаджаецца рэплікай "Вянок для нябожчыка Козлікава", што азначае не проста сатырычнае развянчанне антыгероя, а яго рыгуальнае пахаванне, пахаванне жывога нябожчыка. Можна згадаць і пра Фёдара Пратасава з п'есы Льва Талстога "Жывы труп", і пра "жывога нябожчыка" Буслая з п'есы Аляксея Дударава "Парог".
   Творчая ўдача У. Сауліча сведчыць пра плён спалучэння лепшых традыцыйных рыс беларускай камедыі з надзённай тэматыкай і сучаснымі сцэнічнымі эфектамі. На жаль, прыкладаў такога плёну ў беларускай камедыяграфіі 1980 - 1990 гадоў не так і шмат.