Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе

   Беларусамі створана не толькі мастацкая, але і дакументальная літаратура пра вайну, бо з'явілася неабходнасць, каб пра ўсенародную трагедыю на "свет цэлы" сказаў сам народ, бо ніхто лепш пра яго пакуты не здолее расказаць, чым ён сам.
   Дакументальныя кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка "Я з вогненнай вёскі...", Алеся Адамовіча "Карнікі", Святланы Алексіевіч "У вайны не жаночае аблічча", "Апошнія сведкі" сапраўды даказваюць мудрасць сцверджання Канстанціна Сіманава, што ўсю праўду пра вайну "ведае толькі народ". У гэтых кнігах сабраны маналогі і пакутнікаў, якія цудам уратаваліся ў тым пякельным полымі вайны і сталі апошнімі яе сведкамі, і барацьбітоў са смерцю дзеля жыцця, і нават тых, як у кнізе "Карнікі", хто пераступіў праз запавет "не забі".
   Беларуская літаратура пра вайну не толькі засведчыла трагедыю народа і ўславіла яго подзвіг у выратаванні чалавецтва ад фашызму, але і даследавала прычыны сусветнай трагедыі. Тым самым яна папярэджвае ўсіх нас пра наступствы таталітарнай сістэмы, пра тое, што лёс беларускіх Хатыняў мае ўсечалавечае значэнне, што мінулае можа паўтарыцца, толькі ў горшым варыянце.
   Асабліва вялікая заслуга ў мастацкім і філасофскім даследаванні прыроды таталітарных рэжымаў і вайны як нацыянальнай трагедыі беларускага народа належыць Алесю Адамовічу і Васілю Быкаву. Твор Алеся Адамовіча "Апошняя пастараль" — твор-папярэджанне пра апакаліпсіс, які чакае ўсё чалавецтва, калі яно не пераасэнсуе свае адносіны да жыцця. Безыменныя героі твора Ён і Яна перажываюць шчасце кахання і гармоніі, але ў іх жыццё ўрываецца катастрофа і свет гіне ў апошніх канвульсіях нянавісці і варожасці. Камандзір савецкай падлодкі, якая ўжо выпусціла ядзерны зарад у адказ на атамную атаку ворага, з жахам зразумеў згубнасць ваеннага супрацьстаяння ў сучасным свеце. Але ўжо позна...
   Не фантастычны, а рэалістычны сюжэт у адным з найноўшых твораў пра вайну— аповесці Васіля Быкава "Пакахай мяне, салдацік"
   Галоўныя яе героі — таксама ён і яна: камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне, і яго зямлячка Франя. I гэтыя двое сярод пекла вайны зведалі шчасце кахання і гармоніі. Аднак шчасце было кароткім: забойства Франі і яе нямоглых гаспадароў — прафесара біялогіі Шарфа і яго жонкі фрау Сабіны, якіх Франя паспела палюбіць як родных, —абарвала надзеі на шчасце ў душы Змітрака. Усё можна змяніць і паправіць, нельга толькі вярнуць загубленае жыццё. Змітрок праклінае забойцаў: "Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты!" Небяспечнасць і фашызму, і бальшавізму, на думку Васіля Быкава, у тым, што яны непазбежна вядуць да вайны, вынішчаючы ўсё людскае ў чалавеку, сеючы помслівасць і жорсткасць, пакідаючы на сваім пол і нявінныя ахвяры.
   Творы Быкава — гэта не толькі абеліск загінуўшым, напамін жывым. Проза Быкава — гэта "проза ідэй", галоўная сярод якіх тая, што вайна для нашага народа — нацыянальная трагедыя. Трагізм вайны ў тым, што яна забірае самых лепшых, самых таленавітых, самых любімых і дарагіх, а значыць, і вынішчае генафонд нацыі, разрывае повязь паміж вякамі і пакаленнямі, тым самым вынішчае векавую народную мараль, духоўнасць. Менавіта ў вынішчэнні векавой народнай маралі бачыць Васіль Быкаў самае галоўнае злачынства і фашызму, і бальшавізму, пра што не раз даводзіў сам пісьменнік не толькі сілай мастацкага слова, але і "пяром аналітыка", сілай публіцыстычнага слова.
   Што ёсць подзвіг? Ці бываюць сітуацыі, якія мацнейшыя за самага моцнага чалавека? Што ёсць чалавек перад няўмольнай сілай абставін? Што залежыць ад чалавека ў сітуацыі, якая мацнейшая за чалавека? Што ёсць віна, а што бяда? Што ёсць памылка, а што злачынства і здрада? За што чалавек заслугоўвае пакарання і пагарды, а за што — літасці і спачування? Ці мае права чалавек судзіць іншых і распараджацца іх лёсамі?
   У чым сіла і слабасць чалавека?
   Чым вызначаецца сутнасць чалавека?
   Што самае трагічнае для нацыі, народа?
   Дзе вытокі нашых сённяшніх бед і няшчасцяў, нашай бездухоўнасці?
   Вось далёка не поўны пералік філасофскіх праблем, што ставіць Васіль Быкаў у сваіх творах. Заслуга яго перад нашай нацыяй менавіта ў тым, што, узнаўляючы старонкі трагічнага мінулага, ён напаўняе сваю прозу ідэй сучасным і адначасова вечным — тым, што хвалюе сёння кожнага з нас, што павінна хваляваць, калі хочам жыць і не знікнуць у гэтым свеце. Многія яго творы на ваенную тэму не толькі вострасюжэтныя, што дасягаецца выпрабаваннем моцнай выключнай асобы выключнымі абставінамі і сітуацыяй выбару, але і вострапалемічныя, як "У тумане", "Сотнікаў", "Пайсці і не вярнуцца".
   Так, да прыкладу, сюжэт аповесці "Абеліск" пабудаваны на вострай палеміцы паміж Ткачуком і Ксяндзовым наконт таго, што ёсць подзвіг, ці можна лічыць учынак Мароза, які не забіў ніводнага немца, гераічным. Ткачук настолькі неўтаймоўны і катэгарычны ў сваіх перакананнях, што працягвае тую спрэчку, нават калі перад ім няма яго апанента, а даводзіць ён сваю пазіцыю карэспандэнту. 
   Справай свайго жыцця ён лічыць дамагчыся, каб імя настаўніка было на абеліску разам з імёнамі яго вучняў, з якімі і за якіх ён і загінуў.
 Назва твора сімвалічная. Абеліск — сімвал чалавечай памяці. 
   Памяць — гэта інфармацыя пра мінулае, адзін з наймагутнейшых сродкаў повязі вякоў і пакаленняў. Бяспамяцтва парве гэтую повязь — і тады канец. Назначэнне рэтраспектыўнага, перамежаванага паказу сучаснага і мінулага ў тым, што пісьменнік выпрабоўвае сваіх герояў-сучаснікаў не экстрэмальнай, як Мароза, сітуацыяй, а памяццю, адносінамі да мінулага. Цынізм і бездухоўнасць Ксяндзова выяўляецца найперш праз гэтае выпрабаванне памяццю.
Вастрыня сюжэту ўзмацняецца тым, што герой аповесці Мароз Алесь Іванавіч свядома, наперакор угаворам не рабіць гэтага, ідзе на верную смерць, добра разумеючы, што не выратуе сваіх вучняў і загіне сам. Гэта і дае падставу некаторым, напрыклад загадчыку райана Ксяндзову, лічыць учынак Мароза не подзвігам, як таго дамагаецца Ткачук, а недарэчнасцю, глупствам, бо ніякага канкрэтнага выражэння карысці, сэнсу ў той смерці не было.
   Пісьменнік жа ўсімі сваімі творамі, а "Абеліскам" асабліва, сцвярджае сілу духоўнага, хоць духоўнае нельга ні пералічыць, ні ўзважыць, ні вымераць. Вось немцы выдатна разумелі сілу ўздзеяння Мароза на душы людзей, калі аб'явілі: з'явіцца настаўнік — вучняў адпусцім. Ім намнога выгадней было б, каб ён не з'явіўся, на што яны і разлічвалі, прапанаваўшы такі "выбар".
   Аповесць "Абеліск" да ўсяго яшчэ з'яўляецца гімнам Настаўніку. Больш эстэтычных, больш прывабных вобразаў настаўнікаў у нашай літаратуры, чым коласаўскі Лабановіч і быкаўскі Мароз, мабыць, і няма.
   Пісьменніцкае усведамленне ролі духоўнага і ролі настаўніка ў грамадстве выяўляецца і праз вобраз Мароза, і праз маналогі Ткачука, адзін з якіх утрымлівае афарыстычнае вызначэнне: "У тым, што мы ёсць як нацыя і грамадзяне, — найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў".
   Вялікага ўздзеяння на душы людскія дасягаюць пісьменнікі, якія карыстаюцца ў адлюстраванні вайны класічным прыёмам: паказваюць трагедыю і пакуты народа праз трагедыю і пакуты дзяцей. 
   Дзеці вайны — апошнія яе сведкі. Да такога пакалення пісьменнікаў у нашай літаратуры належыць Віктар Казько. Яго "Хроніка дзетдомаўскага сада" — гэта хроніка і ўласнага жыцця. Большасць яго глыбока псіхалагічных твораў маюць аўтабіяграфічную аснову: "Аповесць аб беспрытульным каханні", "Суд у Слабадзе", "Высакосны год".
   Філасофска-публіцыстычнае асэнсаванне жыццёвага матэрыялу вызначае аповесць "Суд у Слабадзе". Незвычайнага трагізму і сілы ўздзеяння дасягае аўтар, апісваючы зверствы фашыстаў у дачыненні да дзяцей. Галоўны герой падлетак Коля Лецечка ў гады вайны знаходзіўся ў групе дзяцей, у якіх немцы бралі кроў для раненых. Таленавіты Лецечка (і гэта вельмі пераканаўча паказана ў творы) асуджаны на пакутніцкую павольную смерць. "Колькі талентаў звялося" ў гады вайны, а колькі, "раны не залячыўшы, рана паміралі"! I ці не ў гэтым адна з прычын нашых сённяшніх праблем, нашай бездухоўнасці?
   Лёс усё ж і літасцівы да нашага народа, калі, правёўшы праз пякельны агонь вайны, збярог нам такіх прарокаў, як Васіль Быка ў, каб мы слухалі іх . Але, на жаль, як сцвярджае лірычны герой верша З. Марозава:

Мы геніяў не слухалі ніколі. 
Ці ж не таму асот буяе ў полі
І множыцца напасцяў злых клубок? 

Похожие статьи:

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза

Сучасная літаратура БеларусіСучасная літаратура Беларусі

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская драматургія

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза