Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Сучасная беларуская проза

Кнопка отправить на печать

   Сівая мінуўшчына і вогненны небасхіл самай жудаснай у гісторыі чалавецтва вайны, сведкі і салдаты якой яшчэ жывуць сярод нас, трагедыя сталінскага генацыду і супярэчлівая наша сучаснасць, у якой ёсць месца любові і нянавісці з яе сатанінскімі турамі, людзі і нелюдзі, праведнікі і зладзеі — вось толькі некаторыя тэмы і вобразы сучаснай беларускай прозы. У ёй — пра ўсё, што было, што ёсць і нават пра тое, што будзе, калі не адумаемся, не спынімся, калі не заззяе над намі высокае неба ідэала, убачыць якое — залежыць ад кожнага з нас. "Адбітак родных з'яў" — лепш не сказаць пра сутнасць літаратуры як факта мастацтва.
   Даследчыкі сівой мінуўшчыны бачаць сваё прызначэнне, паводле слоў Уладзіміра Караткевіча, каб занава ствараць свой на род, у якога некалі, адбіраючы яго край, разбураючы яго гнёзды, адабралі і памяць. 
   Памяць пра мінулае ёсць памяць пра будучыню, як ні парадаксальна гэта некаму здаецца.
   Апроч навуковага адлюстравання гісторыі ("Старажытная Беларусь" М. Ермаловіча, "Памяць пра легенды" К. Тарасава, "Імя ў летапісе" В. Чаропкі) у нашай літаратуры ёсць і мастацкае яе адлюстраванне — рэалістычнае і рамантычнае, нават фантастычнае і дэтэктыўнае (У. Караткевіч, У. Арлоў, Леанід Дайнека). У апошні час з'явілася шмат твораў, прысвечаных постацям далёкай мінуўшчыны: Алега Лойкі ("Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае"), В. Коўтун ("Крыж міласэрнасці" — пра Цётку), В. Хомчанкі ("Пры апазнанні — затрымаць" — пра Францішка Багушэвіча), Раісы Баравіковай ("Барбара Радзівіл") і шмат іншых.
   "Найбольшае зло ў нашым жыцці — спрадвечнае наша бяспамяцтва", — сцвярджае Васіль Быкаў. У імя памяці, пакуль не позна, трэба засведчыць і трагедыю вайны, каб яна зноў да нас не прыйшла, і жудасныя выявы таталітарнай сістэмы і дыктатуры ў часы сталіншчыны, а таксама перыяд масавага расчалавечання і разбэшчання народа ў зусім блізкія нам часы.
   У апошні час акрамя твораў-абеліскаў, твораў-рэквіемаў пра Вялікую Айчынную вайну з'явіліся творы, у якіх паказана трагедыя чалавека, якога не забілі, але які забіваў сам ці не змог супрацьстаяць неапраўданаму забойству, вынішчэнню нявінных ахвяр, не выкліканых ваеннай неабходнасцю. Вобразам Змітрака Барэйкі з аповесці "Пакахай мяне, салдацік" Васіль Быкаў зноў і зноў праклінае вайну і гаворыць пра небяспеку і фашызму, і бальшавізму.
   На тэму бальшавіцкага таталітарызму напісана шмат твораў: "Зона маўчання" Сяргея Грахоўскага, "Пабуджаныя" Генрыха Далідовіча, "Яжовыя рукавіцы", "Пекла" П. Пруднікава, "У кіпцюрох ГПУ" Францішака Аляхновіча, "Скураное паліто", "Рубец" Янкі Скрыгана і інш. У апавяданні Васіля Быкава "На Чорных лядах" расказваецца пра трагедыю Слуцкага паўстання 1920 г. супраць бальшавізму. Восем знясіленых, без ежы і патронаў, чалавек адважваюцца на самагубства: яны капаюць сабе яму і па чарзе кладуцца ў яе. Матыў жудаснага выбару — не "пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго, па сутнасці, распачалі" паўстанне. З васьмі застаўся жыць толькі 15-гадовы Валодзька Сулашчык, якому камандзір даручыў закапаць і зраўняць з зямлёй магілу паўстанцаў. Выратаванне Валодзькі — не толькі момант сюжэта, але і сімвал бяссмерця, самаахвярнасці ўдзельнікаў Слуцкага паўстання. Праз трагедыю герояў твора пісьменнік паказаў нацыянальную трагедыю і сутнасць бальшавізму як самай страшнай выявы таталітарнай сістэмы.
   У апавяданні Васіля Быкава "Жоўты пясочак" машыну рэпрэсій, што набірае свае шалёныя абароты і прагне ўсё новых і новых ахвяр, сімвалізуе машына, у якой вязуць на расстрэл няшчасных людзей. 
   Змест твора складаюць жыццяпісы кожнай ахвяры і абсурдных абставін, што прывялі іх да магілы. Сімвалічны і эпізод, звязаны з лёсам былога супрацоўніка НКУС Сурвілы. На яго сумленні не адно загубленае жыццё — ён верна служыў сістэме, "не па службе, а па душы" вынішчаючы "ворагаў народа". Але надышоў і яго час, калі сістэма, адпрацаваўшы яго, бязлітасна выкінула і прыраўняла да тых, каго ён з асалодай забіваў з пісталета ў патыліцу. Былы ка т да самага канца не верыць у блізкасць сваёй смерці, а, зразумеўшы яе непазбежнасць, патрабуе для сябе асобнай магілы, каб не ляжаць у зямлі побач з розным "быдлам". I нават сам капае сабе магілу, не ведаючы, што ляжаць усё роўна давядзецца з "быдлам" Лёс катаў і лёс ахвяр, сцвярджае Васіль Быкаў, лёс аднолькавы.
   Даследаванне сучаснасці — таксама "адбітак родных з'яў", але, нажаль, не тых, якія лечаць душу і ўзвышаюць яе. Летапісцы сучаснасці, канстатуючы розныя выявы бездухоўнасці, даследуюць яе вытокі, б'юць у набат, б'юць трывогу, заклікаюць грамадства спыніцца, адумацца, папярэджваюць пра вялікую небяспеку, што падсцерагае нас усіх, калі не зробім належных высноў. Ужо адны толькі назвы твораў найноўшай беларускай літаратуры, прысвечаных праблемам сучаснасці, гавораць самі за сябе: "Труба" (В. Быкаў), "Годдэмана" (Г. Марчук), "Сатанінскі тур", "Падзенне" (Iван Шамякін), "Грабавыя" (С. Патаранскі), "Гон" (А. Кірвель), "Крыж" (А. Варановіч), "Пралік Валанцэвіча" (В. Какорыч), "Лішняе дзіця, або Амплітуда жаданняў" (У. Дамашкевіч), "Ноч перад нядзеляй" (З. Прыгодзіч), "Божачка, ратуй!" (М. Райчонак), публіцыстычнае даследаванне "Чаму крача воран" (Стах Дзедзіч) і шмат іншых.
   Дысануе назвам усіх пералічаных твораў назва аповесці I. Сурмана "Вясельная ноч", але змест яе зусім не пра каханне і галоўнае свята жыцця чалавека. Сітуацыя, апісаная ў творы, жудасная і трагічная: маладыя паехалі распісвацца, а ў гэты час памірае бацька, які да гэтага доўга і цяжка хварэў. Перад жонкаю нябожчыка стаіць выбар: спыніць усё і ладзіць хаўтуры ці... Яна выбірае другое, жадаючы дабра дачцэ, баючыся перашкодзіць яе шчасцю, і хавае труп у хаце, дзе ўжо ладзяць вяселле, рыхтуюцца да яго. Ці будзе шчаслівай такая сям'я? Забыліся мы пра векавую народную мараль, адрынулі яе, не звяртаем увагі на папераджальныя знакі бяды, што пасылае нам неба і маці-прырода. Нашы продкі на працягу года пасля смерці каго-небудзь у сям'і не ладзілі вяселляў, бо зрабіць інакш лічылася і вялікім грахом, і нядобрым знакам.
   Пра тое, што мы ўжо на парозе, пераступаць які нельга, што ўжо вечар, за якім будзе чорная ноч і можа не наступіць "раніца ў нядзельку", ужо білі трывогу летапісцы сучаснасці 60-80-х гг. Але мы не паслухаліся і не пачулі вечавага звону, як назваў літаратуру Васіль Быкаў.
   Працэсы расчалавечвання чалавека, яго маральна-духоўнага здзічэння пачаліся не сёння. Яны ажыццяўляліся на працягу недзяржаўнага існавання народа і асабліва ва ўмовах таталітарнай сістэмы. Надзвычай імкліва гэтыя працэсы развіваюцца ў наш час.
   Думка пра тое, што чалавек аднойчы, няхай сабе і ў абсурдных бесчалавечных абставінах, пайшоў супраць сумлення і тым самым загнаў сябе, фігуральна кажучы, у трубу, стаў не толькі ахвярай, але і хаўруснікам абсурдных абставін, — скразная ў апавяданні Васіля Быкава "Труба".
   Сюжэтны каркас апавядання складае анекдатычная ў сваёй аснове гісторыя пра тое, як загадчык дома культуры Валера Сарока загінуў у газаправоднай трубе. Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у кнізе "Спавядальнае слова" адзначае, што ў апавяданні "Труба" ўласцівыя стылю В. Быкава рэалістычныя дэталі дзякуючы асацыяцыям набываюць сімвалічны сэнс. Сімвалічная і сама назва твора. Асацыяцый у апавяданні многа.
   Да прыкладу, сімвалічна-шматзначнай выглядае ў кантэксце твора і спакуса зручна ўладкавацца ў трубе, з якой Валера потым не мог вылезці. Дз. Бугаёў піша: "У пэўным сэнсе нешта падобнае да таго, што здарылася з быкаўскім героем, адбылося і з усімі намі, з нашым грамадствам. Кіруючыся спакуслівай, але, як аказалася, утапічнай камуністычнай ідэалогіяй, яно таксама выбрала, здавалася б, надзейны і самы кароткі шлях да ўсеагульнага шчасця, а ў канчатковым выніку загнала сябе ў тупік, фігуральна кажучы — у трубу, з якой мы ніяк не можам выбрацца і пасля развалу краіны, якая з гонарам заяўляла, што пракладвае дарогу да лепшай будучыні ўсяму чалавецтву. Жыццё, як разважае Валера, "здаецца, забрыло ў тупік".
   Дз. Бугаёў адзначае, што ў апавяданні шмат разоў фіксуецца парадаксальнасць, якая часта даходзіць да абсурду. З падтэкставай глыбінёй і сімвалічнай шматзначнасцю выпісаны фінал апавядання. Скупая і эмацыянальна стрыманая канстатацыя: Валера "не дапоўз да газакампрэсарнай станцыі нейкіх дзвесце метраў". На той жа станцыі яго чакала выратаванне! Такой канцоўкай з адценнем прытчавай павучальнасці пісьменнік сцвярджае тое ж, што сцвярджаў і А. Камю: "Вяслуй да канца!" Нават калі шансаў на выратаванне ўжо, здавалася б, няма ніякіх, нават калі цвёрда ведаеш, што загінеш, — усё роўна вяслуй!
   Паводле сцверджання Сартра, функцыя пісьменніка заключаецца ў тым, каб папярэдзіць усіх пілігрымаў на дарозе жыцця, што іх чакае, калі яны "падкароцяць" дзеля палёгкі свой крыж. Каб "ніхто не змог спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім".
    Для гэтай мэты Васіль Быкаў выбраў прыём самааналізу свайго героя. Гэтым прыёмам раскрываецца ўнутраная механіка і, калі можна так сказаць, логіка яго падзення, а ў апавяданні — "загону ў трубу". Пісьменнік фіксуе пэўныя моманты маральнага падзення Валеры Сарокі. Тое, да прыкладу, што Валера даволі лёгка, без унутранага пратэсту згадзіўся стаць даносчыкам, спадзеючыся атрымаць лепшае размеркаванне на працу, наўрад ці можна аднесці да віны абставін. А з гэтага кроку і пачаўся шлях да прорвы. Так паступова з памагатага ён стаў "нявольнікам камуністычнай сістэмы". Вырашэнне праблемы віны і трагедыі, праблемы адказнасці чалавека за свае ўчынкі і іх наступствы вызначае канцэпцыю апавядання і яго трагедыйна-болевы пафас.
   Большасць пералічаных твораў акцэнтуе ўвагу чытача на такой пагражальнай для ўсяго грамадства выяве і наступствах бездухоўнасці, як развал сям'і. "Сям'я — падмурак Царквы", — настойліва даводзіў апостал Павел у сваіх Пасланнях ("Евангелле"), Сям'я — падмурак духоўнасці грамадства, а значыць, і яго самога. Самае страшнае (пра тое даводзіў Васіль Быкаў у аповесцях "Знак бяды" і "Аблава"), калі рвуцца повязі паміж пакаленнямі, калі рвуцца самыя моцныя сувязі паміж людзьмі — кроўныя. Страшна, калі бацькі адрынулі дзяцей, здрадзілі ім. Героя апавядання М. Райчонка "Божачка, ратуй!" прадалі бацькі-наркаманы. I ўвесь твор — аповед пра ўцёкі і ратункі хлопчыка, на якога палююць наёмныя забойцы, бо ў дзіцяці да ўсяго яшчэ і рэдкая група крыві. Страшна, калі дзеці пераступілі цераз бацькоў і нават цераз іх трупы... Герой аповесці М. Зарэмбы "Пятля" павесіўся на... крыжы. Нясцерпны крыж пакут яго сумлення за ўсвядомлены грэх і віну перад маці, якую сваім п'янствам і бязладным жыццём звёў у магілу. Змест твора ў асноўным і складае дыялог сына з маці перад сарачынамі.
   Падзенне — такі канчатковы прысуд стану душ людскіх, зроблены Іванам Шамякіным ва ўсіх аповесцях, сабраных у кнігу "Сатанінскі тур". У аповесці "Без пакаяння" трагедыя нашага грамадства па прычыне бездухоўнасці паказана праз трагедыю дзіцяці, вымушанага сярод раскошы і сытасці некаторых "новых" калаціцца ад холаду, зведаць голад, страх і ўкрасці батон (перад гэтым хлопчык прасіўся на працу, каб зарабіць на хлеб і пакарміць хворую маці). Бізнесмен, каб напалохаць злодзея, страляе шротам, але трапляе ў вуха хлопчыка... 
   Уцёкі ад пакарання (апісанне іх займае значную частку аповесці), сцвярджае пісьменнік, магчымыя, але нельга ўцячы ад сябе. Сама-апраўданне героя (яго ўнутраныя маналогі, успаміны складаюць большую частку твора) — спосаб даследавання пісьменнікам прычын таго, як былы камсамольскі функцыянер дайшоў да забойства дзіцяці.
   Пазіцыя Iвана Шамякіна відавочная і непрыхаваная. Такое падзенне і вар'яцтва стала магчымым, лічыць пісьменнік, даследуючы і іншыя выявы зла ў кнізе "Сатанінскі тур", толькі ў выніку перабудовы і дэмакратызацыі, да якой грамадства было не падрыхтавана. Перабудова і дэмакратызацыя стала той бесчалавечнай сітуацыяй, якая і справакавала самыя мярзотныя якасці людзей, справакавала людзей на нялюдскасць. Перабудова — тая сітуацыя, калі магчыма здзяйсненне прынцыпу "лаві момант": усе вакол хапаюць, рвуць — спяшайся і ты! З такой высновай нельга было б не пагадзіцца, калі б пісьменнік даследаваў яшчэ і прычыну прычын. Мярзотнасці людскія, што драмалі да пары да часу, назапашваліся і выпешчваліся той сістэмай, якую (і гэта нельга адмаўляць!) апяваў і ўслаўляў I . Шамякін у многіх сваіх творах. Так, ён, безумоўна, з уласцівым яму майстэрствам паказваў і канфлікты, што былі ў камуністычным мінулым, аднак гэтыя канфлікты заўсёды вырашаліся майстрам белетрыстыкі на ўзроўні перамогі дабра над злом. A калі так вырашаюцца канфлікты ў грамадстве — яно чалавечнае, справядлівае, а лад жыцця і абставіны маюць права на існаванне, бо, сапраўды, без канфліктаў, без зла не бывае нават у самым пажаданым грамадстве.
   Не страшна, калі ў жыцці ёсць зло, страшна — калі яно ваяўнічае, калі "няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне", як пра тое даводзіў яшчэ Купала вершам "Раз лад". Пісьменнік жа Іван Шамякін не хацеў бачыць, што ўжо ў апетым ім грамадстве выпешчваліся "свінтусы" да памераў "грандыёзусаў", што чорт "загаціў пекла да варотаў", і сёння зло, прарваўшы ўсе шлюзы, хлынула і ў наша жыццё, і, на жаль, у нашы душы. Мы сёння не толькі назіраем "сатанінскі тур", сатанінскі баль зла, але (і ў тым трагедыя нашага грамадства) вымушаны быць на тым балі, так ці іначай, але быць. Толькі ж заўсёды ў чалавека ёсць выбар хаця б на тым балі не танцаваць — застацца чалавекам. Не паехаць, не ўдзельнічаць у "сатанінскам туры". Герой аповесці "Сатанінскі тур" сілай абставін вымушаны быў на яго згадзіцца, хоць жонка сэрцам чула бяду, не хацела таго тура. Узнікла сітуацыя (дарэчы, жыццёвая, апісаная на старонках прэсы), пры якой удзельнікі сатанінскага камерцыйнага тура ў Польшчу некалі дзён (у спёку!) вазілі з сабой труп аднаго з удзельнікаў тура. Турысты не захацелі вярнуцца, калі здарылася трагедыя, каб не цярпець страт і выдаткаў. А пра страту сваіх душ мала хто думаў, а тыя, што і падумалі, аказаліся ў меншасці. Нясіла дабра заўсёды ператвараецца ў зло.
   Філасофія аповесці А. Варановіча "Крыж" выяўляецца найперш праз устаўную легенду-прытчу пра крыж.
   ...Па жыццёвай дарозе ішлі два чалавекі, несучы кожны свой крыж. Знясільваючай была тая дарога. Першы цярпліва трываў, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку даўжэйшага крыжовага канца — і ісці адразу стала лягчэй. 
   I падышлі яны да прорвы. I першы паклаў цераз яе свой крыж і прайшоў па ім, як па кладцы. Тое ж самае зрабіў і другі, ступіў на свой крыж і... Не хапіла якраз таго, адпілаванага раней кавалка...
   Кожны па жыцці нясе свой крыж. I ў кожнага ёсць магчымасць выбару. Чалавек заўсёды вызначаецца выбарам. Зрабіў свой выбар і Стах, галоўны герой аповесці A. Кірвеля "Гон". Ён таксама падпілаваў свой крыж, каб лягчэй было ісці, і стаў целаахоўнікам Арнольда і слугой д'ябла. Перад смерцю прыгадваў: не раз раструшчваў людзей, як і птушанят у гняздзе. Цыганка прадказала яму смерць ад пчол. Паралізаваны пасля ранення Стах пачаў вяртацца да жыцця. Каханне, што сустрэў тут, у бальнічнай палаце, аказалася сілай, мацнейшай за ўсе лекі. "Пчолы" прыляцелі якраз у той момант, калі асабліва захацелася выжыць. Прыйшлі "сябры", вывезлі нямоглага на калідор, "клапоцячыся", каб паветра даць яму болей, а тры "пчалы", выпушчаныя кілерам з дома насупраць, амаль нячутна ўпіліся ў маладое цела.
   Цана чалавечаму жыццю — капейка! Нават не капейка, а шэсць бутэлек партвейну, якія купіў Іван Рубаў (апавяданне С. Патаранскага "Грабавыя"), атрымаўшы сімвалічныя ва ўсіх адносінах "грабавыя" (месца падзей канкрэтызавана — Брагін). Забілі на Вялікдзень! З-за шасці бутэлек партвейну!
   Разлад, разводы, сіроцтва пры жывых бацьках, разбэшчанне і дэградацыя моладзі, п'янства (у тым лі ку і жаночае, як пра тое б'е трывогу Г. Багданава ў рамане "Паляванне на Любаву") — далёка не ўсе выявы духоўнага Чарнобыля, засведчаныя летапісцамі нашай сучаснасці.
   Нажаль, бадай ні ў адным творы не паказана сіла, што здольна супрацьстаяць злу. Толькі канстатацыя зла. Некаторых герояў, праўда, мучыць яшчэ сумленне, часцей на ўзроўні самаапраўдання, некаторыя імкнуцца ратаваць свае душы ад зла, але ці то ўжо позна, ці то сілы няроўныя... Ды і не будзе ўратавання душы без пакаяння. 
   Галоўны герой аповесці I. Шамякіна з сімвалічнай назвай "Без пакаяння", забіўшы галоднае дзіця, не раскаяўся і не пакаяўся. Яго ўнутраныя маналогі — пошукі самаапраўдання, а самаапраўданне, паводле хрысціянскай маралі,—таксама вялікі грэх і падмурак для ўсё новых і новых грахоў.
   Без пакаяння зваліўся ў выкапаную ім самім магілу быкаўскі Сурвіла ("Жоўты пясочак"), без пакаяння жыве недзе, адкупіўшыся ад пакарання, шамякінскі герой Акунда. Без пакаяння доўгі час жыло і ўсё наша грамадства: і каты, і ахвяры — усе. А без пакаяння не можа быць спадзеву на духоўнае ўратаванне. Мы жывём у грамадстве, дзе да гэтага часу ніхто не ўзяў на сябе адказнасць і не пакаяўся за самае страшнае ў гісторыі чалавецтва злачынства — за генацыд свайго ж народа ў часы сталіншчыны і бальшавізму.
   З належнай сілай мастацкага ўздзеяння большасць твораў на тэму сучаснасці ставяць праблемы. Але не вырашаюць іх . Дарэчы, як сцвярджаюць філосафы, назначэнне мастацтва — не вырашаць праблемы, а толькі менавіта ставіць іх , бо мастацтва наогул нічога не вырашае, ад яго нічога не залежыць. Вырашаць — толькі нам самім, "бо ўсё залежыць ад нас", як і даводзіць Васіль Быкаў.
   Лаўрэат Нобелеўскай прэміі, французскі пісьменнік А. Камю ў філасофскім трактаце "Міф пра Сізіфа" разглядае працу Мастака як разнавіднасць "сізіфавай працы". А. Камю параўнаў працу пісьменніка з подзвігам Сізіфа. Гэтым параўнаннем ён не прынізіў ролю творцы ў грамадстве, а сцвердзіў стаіцызм, годнасць і свайго героя-вязня, і подзвіг Мастака. Мастак, як і Сізіф, здзяйсняе спробу за спробай асвятліць агульным сэнсам існаванне, узбагаціць чытача сваім духоўным вопытам. Ад чытача залежыць, ці скарыстае ён гэты вопыт.
   I Творцу -Мастаку, паводле філасофіі А. Камю, наканавана зноў і зноў паднімаць цяжкі камень на вяршыню гары. I пісьменніку наперакор усяму, нават уласнаму ўсведамленню марнасці высілкаў, трэба, як гаварыў адзін з герояў камюсаўскага рамана "Чума", "добра рабіць сваю справу. Рабіць так "як калі б..."". Камюсаўскае "як калі б..." азначае: як калі б быў упэўнены, што перайначыш свет ці хаця б асобнага чалавека.
   Аднак ні свет, ні асобнага чалавека перарабіць нельга (за самога чалавека гэтага не зробіць ніхто!). I ўсё роўна: кожны павінен "добра рабіць сваю справу". Для пісьменніка "добра рабіць сваю справу" — каб у выніку гэтай справы "ніхто не змог спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім".