Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сучасная беларуская драматургія

   Драматургія — дасканала распрацаваны род сучаснай літаратуры і найбольш эфектыўны па сіле ўздзеяння, што абумоўлена найперш самой спецыфікай драматычнага твора як факта мастацтва. 
   Прызначаны для пастаноўкі на сцэне, ён вызначаецца маштабнасцю канфлікту, што ляжыць у яго аснове, як пра тое даводзіў яшчэ Кандрат Крапіва. Ды і сама яго бліскучая камедыя "Брама неўміручасці" стала для сучасных драматургаў своеасаблівым праграмным творам, які шмат у чым вызначыў пошукі новых шляхоў і магчымасцей у вырашэнні многіх сацыяльных канфліктаў у грамадстве.
   Як ніхто іншы, Крапіва сваёй "Брамай неўміручасці" паказаў неабмежаваныя магчымасці фантастычнага, умоўнага ў рэалістычным адлюстраванні тых праблем у грамадстве, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Неверагодным, фантастычным у сатырычнай камедыі Кандрат Крапіва не толькі дасягае выключнай займальнасці (што для камедыйнага жанру немалаважна), але і стварае звышэкстрэмальную сітуацыю, у якой максімальна дакладна вызначаецца сутнасць кожнага персанажа.
   У жыцці ўсе прагнуць неўміручасці, але ўсведамленне яе немагчымасці ўсё ж стрымлівае, утаймоўвае не самыя лепшыя чалавечыя пачуцці і страсці. Фантазія камедыёграфа робіць неўміручасць магчымай і рэальнай для сваіх персанажаў. Вынаходніцтва элексіру неўміручасці прафесарам Дабрыянам стала сітуацыяй, што справакавала герояў на самае ганебнае і выродлівае: неўміручасць — любымі сродкамі! Зло становіцца злом ваяўнічым: караўкіны становяцца яшчэ больш каравымі і бруднымі ў сваім нахабстве і цынізме. 
   Скараспеі канчаткова выспелі для таго, каб, "дапяўшы" вышынь у сваіх кар'ерысцкіх памкненнях, спусціцца з гэтых вышынь і нават лізаць спіну і "лізаць ніжэй" таму, каго ўчора яшчэ і за чалавека не лічылі. Скараспей так цынічна і гаворыць Дабрыяну: "Корпаўся там са сваімі пацукамі і на табе! — вынайшаў нейміручасць!"
   Крапіва — бліскучы майстар стварэння камічных сітуацый, прычым такіх сітуацый, якімі дасягаецца кульмінацыя ў развіцці дзеяння, сітуацый, якімі пісьменнік паказвае ўсю бездань чалавечага падзення. Шусцікі і торгалы, якія не могуць спадзявацца на неўміручасць па прычыне свайго маральнага банкруцтва, вырашылі скарыстаць сітуацыю і прадаваць сваю мачу для аналізаў тым, хто па маральных якасцях яшчэ можа і праціснуцца ў вузкую браму неўміручасці, але належнага здароўя не мае. Шусцікі так захапіліся бізнесам, што пачалі гандляваць конскай мачой, бо сваёй ужо не хапала. Канфуз здарыўся, калі Дабрыян у аднаго з моцнай прагай неўміручасці пацікавіўся, "мерын ці біцюг" яго бацька. 
   — Як мерын?! Мой бацька быў чалавекам!
   — А чаму ж тады ў вас мача конская ?
   Пра ўздзеянне, уплыў гэтага камедыйнага шэдэўра на развіццё і станаўленне жанру ў сучаснай драматургіі сведчыць і той факт, што пасля яго з'явілася мноства драматычных твораў з фантастычнымі сюжэтамі ці элементамі фантастычнага ў рэалістычных: "Мужчына, будзь мужчынам, або Уваскрашэнне Дон Кіхота" М. Матукоўскага, міфалагічная драма A. Вярцінскага "Хачу быць богам, або Гефест — друг Праметэя", п'есы-казкі А. Вольскага "Граф Глінскі-Папялінскі" і "Тры Іваны — тры браты". Фантастычнае, неверагоднае чэрпаецца драматургамі з міфаў, нацыянальнага фальклору, але гэта толькі сродак асэнсавання праблем сучаснасці.
   Незвычайнай таленавітасцю і вастрынёй сацыяльных праблем вызначаецца камедыя Мікалая Матукоўскага "Мудрамер". Драматург б'е ў набат, што самае страшнае зло — зло,надзеленае ўладай. Выявы зла бываюць розныя, але асабліва небяспечныя для грамадства "аслы на ваяводстве" — дурні, якія дапялі пэўных вяршынь улады. 
   Пісьменнік сцвярджае, што для нашага ж выратавання неабходна стварыць сацыяльныя бар'еры для дурняў, якія прагнуць улады і могуць яе дасягнуць. Патрэбны "дурамеры", якія беспамылкова вызначалі б інтэлектуальны ўзровень кожнага, хто прагне "вялікага хамута". Вынаходства таленавітага інжынера Мурашкі — мудрамер. Здавалася б, усе могуць цяпер уздыхнуць з палёгкай: нарэшце! Аднак і ў творы гэта толькі завязка. Дзеянні ў п'есе не раз дасягаюць момантаў высокага напружання, аднак заканчваецца камедыя... трагічна, што, здавалася б, супярэчыць усім законам жанру сатырычнай камедыі. У фінале п'есы вынаходнік Мурашка даведзены да адчаю ўсведамленнем таго зла, якое натварыў ён сам сваім мудрамерам. Яго вынаходку скарысталі бюракраты і дурні ва ўладзе, каб яшчэ больш з яго дапамогай умацавацца.
   Бюракраты павялічылі і без таго непамерна раздуты штат і адкрываюць ужо "інстытут мудраметрыі", заручыўшыся тым, што мудрамер у іх ужо ёсць. I зараз дурні будуць вымяраць мудрасць іншых! У адчаі Мурашка топіць сваё вынаходства, але з вады ўжо нясуцца гукі гімна "Слаўся!", што азначае геніяльнасць яго вынаходніка. Геніяльнае ў нашым грамадстве сёння пакуль што ў адчаі, бо ваяўнічая шэрасць і дурасць правяць баль.
   У камедыі "Мудрамер", як і ў камедыі Кандрата Крапівы "Брама неўміручасці", гратэск спалучаецца з фантастыкай. Ад першага ўражання: "Такога не можа быць!" — чытач непазбежна прыходзіць да высновы: "Такое, на жаль, было ці бывае", бо яму адкрываецца глыбокі сэнс самых смелых гратэскавых збудаванняў.    Пра ўздзеянне традыцый і наватарства Кандрат Крапівы сведчаць многія творы сучасных драматургаў, адзін з іх — трагіфарс Уладзіміра Сауліча "Сабака з залатым зубам", сама назва якога ўказвае на сімбіёз умоўнага і рэальнага ў творы.
   Сучасныя драматургі даследуюць сівую мінуўшчыну, паказваюць трагедыю народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і судзяць "усенародным трыбуналам"зло ў розных яго выявах.
   I ў драматургіі Уладзімір Караткевіч заставаўся верным галоўнай тэме сваёй творчасці. Ім напісана многа п'ес: "Кастусь Каліноўскі", "Маці ўрагану". А пра п'есу "Званы Віцебска" сказаў так: "Я напісаў "Барыса Гадунова". Заслуга Караткевіча-драматурга у тым, што, асэнсоўваючы самыя вострыя моманты беларускай гісторыі, рамантычна ўзнаўляючы старонкі мінулага, ён паказвае глыбіннае ў свядомасці народа.
   Гістарычнае мінулае даследуюць Aлесь Петрашкевіч ("Напісанае застаецца", "Прарок для Айчыны"), Раіса Баравікова ("Барбара Радзівіл"), З вялікім поспехам на сцэнах Купалаўскага і Тэатра юнага гледача ідуць п'есы Аляксея Дударава "Князь Вітаўт" і "Палачанка".
   Шмат твораў напісана і пра Вялікую Айчынную вайну. 
   Трагікамедыя Андрэя Макаёнка "Трыбунал" вылучаецца з усіх перш за ўсё сваім наватарствам у адлюстраванні трагічных падзей, мастацкімі сродкамі ўслаўлення мужнасці і патрыятызму нашага народа ў гады вайны. Нязвыклым падаўся многім і жанр твора — трагікамедыя. 
   Здавалася б, парадаксальнае спалучэнне неспалучальнага. Неадназначнае ўспрыманне крытыкай гэтага смелага і наватарскага твора тлумачыцца і сітуацыяй, што складае асноўны змест: "дзеці ледзь не пасадзілі ў пельку свайго бацьку!" Вось гэтым "ледзь" усё і вызначаецца на карысць аўтара, бо ён, як кажуць, не перабраў меры, а гэта і ў мастацтве і ў жыцці вельмі важна. Што да камічнага і яго назначэння ў творы, то зноў жа на карысць аўтара і тое, што самім народам паважаны і любімы такі фальклорны жанр, як лубок — разнавіднасць анекдота, у якім якраз і спалучаецца неспалучальнае: камічнае і трагічнае. Бо ў самім жыцці не раз бывае такое, пра што лепш, чым сам народ і не скажаш: і смех і грэх. Дарэчы, сітуацыя, пакладзеная ў аснову сюжэта, пісьменнікам не выдуманая, а пачутая на кірмашы ў Стоўбцах: дзеці ледзь не ўтапілі свайго бацьку, не ведаючы, што той пайшоў на службу да немцаў па заданні партызан.
   Галоўны пафас твора вызначаецца, вядома ж, не словам! "ледзь роднага бацьку не ўтапілі", а ў папярэдніх словах Цярэшкі Калабка: "Ну і патрыётаў я выхаваў!" I гаворыць ён гэта не са скрухай, а з гордасцю. I не толькі гэтымі словамі, а ўсім творам драматург сцвярджае, што ўсё лепшае ў чалавеку, у тым ліку і святое пачуццё любові да Радзімы, выхоўваецца менавіта ў сям'і. Выхоўваецца найперш ладам і згодай, любоўю бацькоў да дзяцей і адно да аднаго. 
   Наватарскае і выкарыстанне драматургам дыялога ў творы. 
   Класічнае, традыцыйнае назначэнне дыялога ў драматычных творах — найперш раскрыццё і выяўленне канфлікту паміж дабром і злом.
   Кампазіцыя п'есы такая, што большасць дыялогаў у ёй — размова бацькі са сваімі дзецьмі па чарзе: кожнага Цярэшка "правярае", угаворваючы развязаць яго. I перад намі паўстае прыгожы вобраз чалавека- патрыёта, клапатлівага бацькі, добрага і вернага мужа. Мы яшчэ раз пераконваемся ў справядлівасці сцверджання, што любоў да Радзімы выяўляецца найперш у клопаце і любові да сваіх родных: бацькоў — да дзяцей, дзяцей — да бацькоў. 
   Сям'я — падмурак людской супольнасці і выток людскасці.
   Заслуга Макаёнка яшчэ і ў тым, што ім у гэтай камедыі створаны надзвычай прывабны нацыянальны тып беларуса з такой яго якасцю, як здольнасць у небяспечныя моманты сцішыцца, нават прыкінуцца недалёкім, някемлівым, каб выжыць, стаіцца, прытупіць пільнасць праціўніка, які ў гэтым нехлямяжым беларусу не бачыць аніякай для сябе небяспекі. Менавіта праз гэтую Цярэшкаву хітрасць і ўзнікае многа камічных сітуацый. Камендант пагардліва кажа: "Ты ест дурань! Ты ест глюпый чэлавек", на што Цярэшка памяркоўна, але з годнасцю адказвае: "Хай сябе і глупый, абы чалавек!" Менавіта дзякуючы гумару драматург дасягае эстэтычнага ўздзеяння вобразам Цярэшкі, сцвярджае праз гэты вобраз думку пра жыццястойкасць беларускага народа. I сапраўды, пакуль чалавек здольны пасмяяцца з сябе, свайго становішча — ён непераможны!
    Таленавітым праўдаўжальнікам традыцый Макаёнка менавіта ў выкарыстанні фальклорных рэмінісцэнцый, у спалучэнні трагічнага і камічнага для выяўлення канфліктаў і адлюстравання вельмі вострых праблем у грамадстве з'яўляецца Aляксей Дудараў, творчы дыяпазон якога надзвычай разнастайны. П'есы "Вечар" і "Парог" таксама напісаны паводле народнага лубка. У аснову сюжэта трагікамедыі "Парог" пакладзена папулярная ў народзе гісторыя пра тое, як бацькі хавалі свайго сына-блакунягу і п'яніцу, труп, якога знайшлі вясной. Па знойдзеных у кішэні дакументах міліцыя адшукала яго родных, а сын... з'явіўся на ўласныя памінкі. "Падснежнікам" аказаўся яго дружок-сабутэльнік, што, надзеўшы яго паліто, у якім і былі дакументы "нябожчыка", пайшоў купляць бутэльку, бо было яму мала выпітага. 
   Пайшоў і не вярнуўся. Вось і ўся гісторыя, што выкарыстана таленавітым драматургам, каб з незвычайнай сілай уздзеяння нага-даць усім нам пра страшэнную бяду нашага грамадства— п'янства.
   I заслуга пісьменніка нават не ў канстатацыі зла і не ў папярэджанні, што мы ўжо стаім на парозе, пераступаць які нельга, калі хочам выжыць, а ў мастацкім даследаванні сацыяльных вытокаў п'янства. Вялікай смеласцю і грамадзянскім подзвігам было такое даследаванне, бо зроблена яно не ўчора і не сёння, а тады, калі рабіць высновы пра сацыяльныя вытокі п'янства было небяспечна. Як небяспечна было нават біць трывогу пра наступствы п'янства. Нельга было нават папярэджваць пра бяду грамадства, як гэта зрабіў Aлесь Петрашкевіч п'есай "Трывога" Таму п'еса аж два гады праляжала ў рэдакцыйным стале тэатра, яе ўпершыню паставілі на расійскай сцэне. A калі яна з'явілася ў рэпертуары нацыянальных тэатраў, трывогу біць было ўжо позна, бо бяда не проста прыйшла ў наш дом, а дом запалаў агнём... Да гэтай бяды далучыліся іншыя: наркаманія, СНІД...
   Драматычнымі жанрамі наша літаратура асабліва аператыўна, амаль з хуткасцю публіцыстыкі, рэагуе на самыя надзённыя праблемы сучаснасці. I таму менавіта з драматычнымі творамі часцей здараецца так, што адны як бы саступаюць у цень, другія з'яўляюцца і жывуць доўга. Самыя ж таленавітыя, напісаныя даўно, зноў вяртаюцца на сцэну і жывуць новым жыццём. 

Похожие статьи:

Сучасная літаратура БеларусіСучасная літаратура Беларусі

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы

Сучасная літаратура БеларусіТэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе