Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Слова пра паход Ігаравы

   У неспакойны, трывожны і трагічны для ўсходніх славян час, калі перад нашымі продкамі востра паўстала праблема, як выратаваць родную зямлю ад навалы, адстаяць сваю незалежнасць, калі не было адзінства і згоды, а шмат людскіх сіл, нават жыццяў марна трацілася ў міжусобіцах, і прагучала натхнёнае, мудрае і праўдзівае слова пісьменніка патрыёта. Дзяніс Ліхачоў назваў гэтае слова палкай прамовай патрыёта-народалюбца, прамовай страснай, звернутай то да падзей сучаснасці, то да спраў сівой даўніны. Прамова «тужлівая і журботная, але заўсёды поўная веры ў Радзіму, поўная гонару за яе, упэўненасці ў яе будучыні». 
   «Слова...» было створана па гарачых слядах падзей, найбольш верагодна ў 1185-1186 гг. У аснову твора пакладзена апісанне аднаго даволі яркага і павучальнага эпізоду барацьбы ўсходніх славян з полаўцамі. 
   У 1184 г. кіеўскі князь Святаслаў Усеваладавіч арганізаваў вялікі паход на полаўцаў і перамог іх. У наступным годзе планавалася новае сумеснае выступленне супраць «паганых». Аднак вясною 1185 г. ноўгарад-северскі князь Ігар Святаслававіч, які не ўдзельнічаў у папярэднім агульнарускім паходзе, вырашыў самастойна паспрабаваць удачы. Не ўзгадніўшы свой крок з кіеўскім князем Святаславам, стрыечным братам, а заручыўшыся толькі падтрымкай свайго роднага брата Усевалада, дробнага курскага князя, ён паспешліва і самаўпэўнена рушыў са сваёю дружынаю ў палавецкі стэп насустрач небяспецы. У дарозе яго застала зацьменне сонца, што было нядобрым знакам, але ён не павярнуў коней назад. Князю было ўсяго 34 гады. Няўрымслівасць, рыцарскі гонар, прага славы, жаданне паказаць сваё геройства і храбрасць, узмоцненае патрыятычным імкненнем адпомсціць полаўцам за грабежніцкія напады і ўнесці свой уклад у абарону роднай зямлі, вызначылі матывы трагічнага паходу, якім Ігар «отвориша ворота на Рускую землю» полаўцам. Нешматлікае рускае войска было акружана полаўцамі і, нягледзячы на гераічнае супраціўленне, цалкам разбіта, а князі палонены. I хоць Ігару неўзабаве ўдалося ўцячы з палону, вынікі няўдалага паходу вельмі дорага каштавалі Русі. Перамога акрыліла полаўцаў, і яны з новай сілай і лютасцю рынуліся на ўсходнеславянскія землі. 
   Гістарызм — адна з характэрных асаблівасцяў усёй старажытнарускай літаратуры. «Слова...» і пачынаецца з уступу, у якім аўтар выяўляе свой намер трымацца рэальных падзей, суровай праўды, выкладаць «па былях нашага часу», а не Баянавым складам, напышлівым і рытарычным. Аднак сваё апавяданне ён павёў не як летапісец-гістарыёграф і рэгістратар падзей, а як сапраўдны мастак, здолеўшы, як зазначае В. Чамярыцкі, «здабыць з сырой руды будзённасці самародкі высокай пробы; надаць сілаю свайго таленту адзінкавым, прыватным фактам і выпадкам тагачаснага жыцця эпічную маштабнасць, высокі гістарычны сэнс і гучанне вялікай паэзіі». Ужо ў першай частцы — уступе аўтар гаворыць пра Ігара як пра князя, што 

розум свой выверыў цвёрдасцю 
і вывастрыў мужнае сэрца гордасцю;
і ратнага духу поўны палкі харобрыя павёў
на зямлю Палавецкую
за зямлю Рускую.

   Другая кампазіцыйная частка — аповед пра дамову Ігара з братам Усеваладам выступіць у тым трагічным паходзе разам; пра знак бяды — зацьменне сонца і пра тое, як 

Саступіў розум князёў жаданню, 
і засланіла знак накліканы
ахвота дапасці да Дону вялікага.
«Хачу, — кажа, — дзіду пераламаць
на Палавецкім полі шалёным,
з вамі, русічы, хачу сваю галаву злажыць
альбо напіцца шаломам з Дону».

   У гэтай жа частцы — пра шлях дружыны Ігара ў палавецкія стэпы: «О Руская зямля! Ужо ты за пагоркам!» Далёка заляцела «Алегава гняздо харобрае», а Гзак i Канчак ужо правяць «след да Дону вялікага». 
   Дзейснай асобай наступных дзвюх частак з'яўляюцца не толькі «русічы харобрыя», якія «біліся дзень, біліся другі», але «трэцяга дня апоўдні палі Ігаравы сцягі», а найперш — маці-прырода. Яна ў паэме не статычны фон, прырода ў «Слове...» персаніфікавана, адухоўлена. Яна быццам жыве з людзьмі супольна, суперажывае, садзейнічае ў іх справах, дапамагае, перасцерагае альбо перашкаджае героям: 

I заступіла шлях яму сонца сляпое; 
ноч разбудзіла птушак стогнамі навальніцы
***
Нікне трава ад жалю,
а дрэва з тугою да зямлі схілілася.

   У вялікай жалобе маці-зямля па сваіх заўчасна загінуўшых дзецях. Смуткуе і аўтар, але знаходзіць у сабе сілы падняцца да асэнсавання і ўсведамлення прычын той невымернай трагедыі, калі «ўжо сілу пустыня скасіла», калі

Ужо на славу апала пагарда; 
ужо насела сіла на волю.

   Філасофскімі, прарочымі і папераджальнымі і для нас праз вякі гучаць словы перасцярогі нашага далёкага продка, які так вызначыў прычыны сучаснай яму трагедыі: 

Усобіца войны князёў з паганымі супыніла, 
бо сказаў брат брату, не тоячыся:
«Гэта мае, таксама мае і тое усе».
I пачалі князі пра малое «гэта вялікае» мовіць
і каваць самім на сябе крамолу.
А паганыя прыходзілі з усіх бакоў з перамогамі
на зямлю Рускую.
Усіх «сокалаў шасцікрылых гнязда неблагога» ўшчувае (і вельмі справядліва!) аўтар:
Вам не кідана жэрабя перамога —
самі параскрадалі ўладанні!

   Наступны раздзел паэмы — пра сон Святаслава, кіеўскага князя, сон-вяшчун пра паражэнне яго пляменнікаў у бітве з полаўцамі. Даведаўшыся пра страшную трагедыю, Святаслаў «сказаў залатое слова, са слязамі змяшанае». У «залатым слове» Святаслава — ідэя паэмы, канцэпцыя і філасофія аўтара яе, паэта-патрыёта. На думку аўтара, «часіны ганебныя» насталі таму, што князі «рана пачалі зямлю Палавецкую мячамі цвяліць, а сабе славы шукаць»: 

Ды вы сказалі: «Памужэем самі: 
даўнюю славу сабе прысвоім,
а наступную самі падзелім!»
A ці не дзіва, братове, памаладзець старому ?
Калі сокал пер'е мяняе,
высока птушак збівае:
не дасць гняздо свае ў крыўду.
Ды зло найшло — князі мне не дапамагаюць.
Насталі часіны ганебныя.

   У вобразе Святаслава паэт выявіў сваё ўсведамленне ідэальнага дзяржаўцы. Аўтар настойлівы ў сваім перакананні, што ад дзяржаўцы залежыць росквіт і незалежнасць краіны, дабрабыт народа. Дзеля сцвярджэння гэтай думкі паэт карыстаецца рэтраспекцыямі (зваротам у мінулае). 
    Дзяржаўцам, які цалкам вытрымаў яго маральныя крытэрыі ацэнкі гістарычнай асобы, з'яўляецца не хто-небудзь з нашчадкаў Яраслава Мудрага, а праціўнік Уладзіміра Манамаха — Усяслаў Полацкі, які княжыў ажно 57 гадоў. Ні аднаму князю XI ст. не аддаў паэт столькі ўвагі, не сказаў столькі цёплых слоў, як Усяславу. Ён акружаны ў паэме таямнічым арэолам князя-чараўніка; быццам казачны герой народнага эпасу, ён надзелены незвычайнымі, чарадзейнымі здольнасцямі пераўтварацца ў ваўка, нечакана знікаць і з'яўляцца ў самых розных месцах неабсяжнай Русі. Вераломна палонены сынамі Яраслава Мудрага пасля бітвы пад Менскам у 1067 г., Усяслаў апынуўся ў кіеўскай цямніцы, адкуль праз год быў нечакана вызвалены паўстанцамі і ўзведзены воляю народа на вялікакняскі трон. 

Усяслаў-князь людзям чыніў суды, 
радзіў князям гарады,
а сам уночы ваўком рыскаў,
з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя,
Хорсу вялікаму шлях перацінаў.
Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана
ў званы ў святое Сафіі,
а ён той звон чуе ў Кіеве.

   Аўтар «Слова...» знайшоў у мінулым свой ідэал дзяржаўцы, а таксама праз гэты вобраз расказаў нам пра складаны лёс усёй Полацкай зямлі, якая вымушана была весці доўгую і цяжкую барацьбу за сваю самастойнасць, так і не дамогшыся поўнай перамогі. 
   Асаблівага трагізму дасягае аўтар, апісваючы бітву на Нямізе ля сцен бязлітасна вынішчанага горада. Гэты фрагмент паэмы на вякі стаў сімвалам бессэнсоўнай самазнішчальнай бойні. Выключнага эфекту ўздзеяння на чытача паэт дасягае праз асацыяцыі, параўнанні. Бітву, напрыклад, паэт параўноўвае з малацьбой і пірам: 

На Нямізе галовы сцелюць снапамі, 
харалужнымі малоцяць цапамі.
Жыццё кладуць
на таку злюцела, веюць душу ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косцьмі рускіх сыноў.

   «Паэма пра Ігара заўсёды будзе народнай і актуальнай»,— казаў наш славуты зямляк Адам Міцкевіч. Бо заўсёды народным будзе заклік паэта да згоды і міру паміж людзьмі. Заўсёды актуальнымі будуць высокія гуманістычныя ідэалы, ідэі служэння роднай зямлі і чалавеку, з незвычайнай мастацкай сілай выяўленыя ў гэтым творы. 
   Пасля экскурсу ў мінулае дзеля будучага паэт зноў вяртаецца ў сучаснае яму жыццё і працягвае жыццяпіс сваіх герояў. Двум апошнім раздзелам, прысвечаным апісанню вызвалення Ігара з палону і ўсенароднай радасці з гэтай нагоды, папярэднічае самы паэтычны, самы дасканалы ў мастацкіх адносінах — плач Яраслаўны: 

«Палячу, — кажа, — чайкаю па Дунаі, 
абмачу белашаўковы рукаў у Каяле,
абатру князю крывавыя яго раны
на целе яго крамяным».

   Славуты плач Яраслаўны пададзены ў духу народных галашэнняў-заклінанняў. Напісаны з мяккім лірызмам і сардэчнай цеплынёй, ён славіць чуласць і вернасць жонкі, духоўна прыгожай жанчыны-славянкі. 
   «Слова...» палоніць нас сваёй ідэйнай глыбінёй і мастацкай дасканаласцю, незвычайнай лаканічнасцю і змястоўнасцю, непаўторнасцю жанравай формы, пластычнасцю і музычнасцю паэтычнай мовы, у аснове якой — фальклорныя традыцыі і рэмінісцэнцыі (пазычанні) на ўзроўні вобразаў, мастацкіх сродкаў. 
   Па ўплыве і сіле ўздзеяння на ўсе віды мастацтва і найперш на ўсходнеславянскую літаратуру «Слова...» стаіць адразу пасля Бібліі, бо гэты шэдэўр і праз восем вякоў пасля яго стварэння застаецца ўзорным і праграмным для ўсіх творцаў. Адкрытае ў 90-я гады XVIII ст. «Слова...» вось ужо два стагоддзі хвалюе і захапляе пісьменнікаў і вучоных, чытачоў розных пакаленняў. Яго паэтычнасць і самабытнасць захапляла А. Пушкіна і В. Бялінскага, Aдама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлю, Максіма Багдановіча і Янку Купалу
   Першая спроба данесці да беларускага чытача на яго роднай мове хараство славутай паэмы належыць М. Багдановічу, які ў 1910 г. пераклаў з гэтага твора невялікі ўрывак пад назваю «Песня пра князя Ізяслава Полацкага». Поўныя пераклады паэмы на сучасныя мовы з'явіліся толькі ў савецкі час. Першы пераклад помніка старажытнай культуры на адну з сучасных моў свету быў зроблены Янкам Купалам. I мова тая была наша — беларуская. Пазней былі зроблены пераклады «Слова...» Дз. Ліхачовым і М. Забалоцкім на рускую мову, а М. Рыльскім — на ўкраінскую. Таленавіты пераклад «Слова...» на беларускую мову Pыгорам Барадуліным вызначаецца блізкасцю да арыгінала, дакладнасцю і паэтычнасцю.  

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыРоднае слова

Пераказы, дыктантыХто ж аўтар «Слова пра паход Ігаравы»?

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Слова

ССлова

Пераказы, дыктантыЦана слова