Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Літаратура XIV - пачатку XVI стст.

   Аб'яднанне літоўскіх і беларускіх зямель было пачата князем Міндоўгам (каля 1230-1263), прадоўжана Віценем (1293-1315) і Гедзімінам (1316-1341), а завершана Альгердам (1345-1377) і Вітаўтам (1392-1430). У другой палове XIV — пачатку XV стст. да Вялікага княства Літоўскага была далучана большая частка Украіны, а таксама памежныя рускія землі. Сталіцай новай дзяржавы з часоў Гедзіміна (Мікола Ермаловіч настойвае менавіта на такой форме імя гэтага вялікага князя, а не на форме «Гедымін», даючы гэтаму пэўныя абгрунтаванні) стаў горад Вільня.

   Даследуючы віленскі перыяд у кнізе «Старажытная Беларусь», М. Ермаловіч згадвае легенду, засведчаную ў летапісах XVI ст., пра ўзнікненне горада Вільні.

   Нібыта гэты князь, будучы на паляванні, натрапіў на прыгожую гару над ракою Вяллёю, дзе забіў тура, і таму яна ў далейшым стала называцца Туравай тарой. Паколькі было позна, Гедзімін вырашыў не вяртацца дадому ў Трокі, спыніўся ў даліне Свентарога і там заначаваў. і прысніўся яму сон, што на гары Крывой, якую цяпер завуць Лысаю, стаіць вялікі жалезны воўк, a ў ім равуць сто ваўкоў. Гедзімін звярнуўся да валхва Лідзейкі, каб ён разгадаў гэты сон. і той сказаў: «Жалезны воўк азначае, што тут будзе сталіца, а што ў яго ўнутры раўло, то гэта «слава аб горадзе, якая пойдзе на ўвесь свет». і Гедзімін загадаў закласці замкі, адзін на Свентарозе — Ніжні, a другі — на Крывой Гары, і назваў гэтыя замкі Вільняй.

   Археалагічныя ж дадзеныя сведчаць, што Вільня ўзнікла не ў XIV ст., а значна раней.

   Віленскі перыяд (1316-1385) быў асабліва спрыяльны і плённы ў нашай гісторыі. Гэта быў час, калі наша дзяржава ў сваёй унутранай і знешняй палітыцы кіравалася толькі сваімі інтарэсамі. Гэта быў адзін з перыядаў яе найбольшай самастойнасці.

   Галоўным яго вынікам быў найперш імклівы тэрытарыяльны рост Вялікага княства Літоўскага, асабліва ў часы Альгерда, калі ён, выкарыстаўшы спрыяльную знешнепалітычную кан'юнктуру, далучыў да сваіх уладанняў шэраг новых земляў, павялічыўшы ўладанні больш чым у два разы. ВКЛ — гэта велізарная феадальная дзяржава, якая пралегла ад Балтыкі на поўначы да Чорнага мора на поўдні, ад ракі Угры на ўсходзе да ракі Буг на захадзе.

   Віленскі перыяд быў асабліва спрыяльны для беларускіх земляў, якія канчаткова аб'ядналіся і тым самым замацавалі сваё цэнтральнае месца ў дзяржаве, у выніку чаго, паводле вобразнага выразу Францішка Багушэвіча, Беларусь была тут, «як зерне ў арэху». Усё гэта спрыяла хутчэйшай кансалідацыі беларускай народнасці, далейшаму развіццю яе культуры і канчатковаму фарміраванню яе мовы, якая па-ранейшаму прадаўжала быць у Вялікім княстве Літоўскім мовай каралёў і кавалёў — дзяржаўнай.  

   Перанясенне сталіцы з Новагародка ў Вільню не толькі не змен-шыла беларускага характару дзяржавы, але яшчэ больш умацавала яго. Сталічнае значэнне Вільні актыўна садзейнічала далейшай беларускай асіміляцыі балцкага насельніцтва, што і ператварыла Віленшчыну ў беларускі край ужо тады. М. Ермаловіч аргументавана даводзіць, што ніякага літоўскага (у сучасным значэнні гэтага слова) панавання над беларускімі землямі ў тыя, як і ў ранейшыя, часы не было. Калі беларуская тэрыторыя і беларускае насельніцтва ўсё больш павялічваліся, то балцка-літоўскія землі і балцка-літоўскае насельніцтва ўвесь час змяншаліся. Усё гэта, як даводзіць М. Ермаловіч, яскрава сведчыць, што не балцка-літоўскія, a беларускія землі займалі ў Вялікім княстве Літоўскім пануючае месца, што па-ранейшаму вызначала яго як беларускую дзяржаву.  

   Сведчаннем фарміравання нацыянальна-гістарычнай самасвядомасці з'яўляецца ўзнікненне летапісаў агульнабеларускага і агульнадзяржаўнага зместу. Айчыннае летапісанне — новы этап у развіцці гістарыяграфіі Беларусі. Свет, адлюстраваны ў летапісах і хроніках, у якім жыў сярэдневяковы чалавек, свет значных падзей, ратных подзвігаў, мужных і незвычайных людзей і сёння захапляе нас, узбагачае духоўна, адказвае на важнае для нас пытанне, «скуль, якога мы роду», пераконвае нас у тым, што мы — нацыя, мы — народ з багатай культурай, гісторыяй. Гісторыя дазваляе ўбачыць у далёкай даўніне тое, што было для яе будучыняй, што, ў сваю чаргу, дазваляе вучыцца ў яе.  

Самымі яркімі і дасканалымі (бо былі напісаны з новых, агульнадзяржаўных пазіцый) узорамі айчыннага летапісання з'яўляюцца чатыры асноўныя летапісныя зводы: «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Беларускі летапіс 1446 г.», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца».

Похожие статьи:

ІншаеЛітаратура ХІХ-ХХ стст.

ІншаеЛітаратура XVIII ст.

ІншаеЛітаратура XVI - першай паловы XVII стст.

ІншаеЛітаратура старажытнай Русі XI-XIII стст.

Сучасная літаратура БеларусіСучасная літаратура Беларусі