Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іосіф Цытовіч

(1811-1870)

   Артыкул у «Маяку» пра мову і пісьменства Беларусі быў падпісаны без ініцыялаў усяго адным прозвішчам — Цытовіч. Толькі зусім нядаўна, дзякуючы пошукам Генадзя Кісялёва, мы даведаліся пра яго поўнае імя і пра некаторыя біяграфічныя звесткі.
   Іосіф Парфір’евіч Цытовіч быў родам з усходняй Беларусі, бо сам сябе называў «беларус» (беларусы заходніх губерняў называлі сябе «ліцвінамі»). Мяркуючы па асобных звестках, радзімай яго было мястэчка Усвяты Віцебскай губерні. Дзесьці каля 1835 г. Іосіф Цытовіч скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, пасля чаго настаўнічаў у Віцебскім духоўным вучылішчы. З 1840 па 1844 г. ён выкладаў лацінскую, рускую і славянскую мовы ў Полацкім духоўным вучылішчы. У 1843 г. Цытовіча невядома з якой прычыны пазбавілі духоўнага звання і прызначылі калежскім рэгістратарам. У жніўні наступнага года ён пакідае Полацкае вучылішча і перабіраецца на Жмудзь, у Панявежу (цяпер Панявежыс у Літве). Мы ведаем, што ён быў спачатку памочнікам старшага настаўніка пяцікласнага дваранскага вучылішча, а потым настаўнікам гімназіі, дзе выкладаў рускую мову. Калі пасля паўстання 1863-1864 гг. гімназію зачынілі, Іосіф Цытовіч быў прызначаны штатным наглядчыкам панявежскага павятовага вучылішча, у якім выкладаў рускую мову і гісторыю.
   Як відаць з артыкула «Два словы пра мову і пісьменства Белай Русі», які быў апублікаваны у 1843 г. у вядомым пецярбургскім часопісе «Маяк», Іосіф Цытовіч добра разумеў неабходнасць стварэння літаратуры на прыроднай мове свайго беларускага народа. Цікава, што яго горача падтрымала рэдакцыя «Маяка», якая ў заўвагах пісала: «Шчырая ўдзячнасць і поўная гатоўнасць «Маяка» змяшчаць падобныя рэчы, разумныя, выдатныя, неабходныя. Усе адукаваныя рускія людзі даўно зразумелі неабходнасць вывучэння беларускай мінуўшчыны і пісьменства, але да гэтага часу яно заставалася непачатым краем, у той час як ён не менш багаты за іншыя краі. Што ж стрымлівала адукаваных крывічаў? Ілжывы сорам за сваю радзіму: куды там ёй совацца за іншымі! Дай Бог, каб з лёгкай рукі п. Цытовіча гэты артыкул і паслужыў добрым пачынам будучых поспехаў паэзіі, гісторыі і пісьменства Белай Русі, без якой паэзія, гісторыя і пісьменства ўсёй Русі будуць і аднабаковыя, і няпоўныя».
   У 1845 г. Іосіф Цытовіч апублікаваў у тым жа «Маяку» новы артыкул «Адзін дзень у Беларусі», у якім паказаў старажытнасць беларускай мовы, заклікаў да вывучэння гісторыі Беларусі і вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа.

Кастусь Цвірка