Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ігнат Ходзька

Кнопка отправить на печать

(1794-1861)


   Пісьменнік, мемуарыст. Нарадзіўся ў вёсцы Заблошчына Віленскага раёна. У 1810-1814 гг. вучыўся ў Віленскім універсітэце, які скончыў са ступенню кандыдата філасофіі. У 1814 г. абраны членам таварыства шубраўцаў.
   Ігната Ходзьку выхавала шляхецкая гавэнда — вусныя гутаркі, апавяданні, якія так любілі калісь на Беларусі. Гавэнда, якая сталася школай жыцця ці то «акадэміяй» (К. В. Вуйціцкі) для сярэдняга класа тагачаснага грамадства. «Гавэндарам» быў Мацей Відмант, дзед з боку маці, у маёнтку Заблошчына на Вілейшчыне якога і прыйшоў будучы літаратар на свет. «Гавэндарам» быў і Міхал Ходзька, дзед з боку бацькі, што жыў у маёнтку Дзявентня, тым маёнтку, дзе пройдзе большая частка жыцця Iгната Ходзькі. Але калі ад дзеда Мацея ён вучыўся «сармацкай рэлігійнасці», вучыўся «жыць у рытме літургічнага календара», то дзед Міхал апавядаў пра старашляхецкія традыцыі, пра мінулае свайго краю. Своеасаблівым працягам хатняй «акадэміі» сталася вучоба ў базыльянскай школе ў Барунах. Характэрна, што менавіта досвед, атрыманы ў барунскай школе, будзе вельмі часта выяўляцца ў пазнейшай літаратурнай творчасці пісьменніка. А вось вучоба ў Віленскім універсітэце (1810-1814), уплыў Яна Снядэцкага, ідэолага віленскіх класіцыстаў, спрыялі захапленню асветніцкімі ідэямі. Масонскія ложы Мінска і Вільні, прэзідэнтам якіх быў родны дзядзька і апякун пасля смерці бацькоў Ян Ходзька, славуты ў той час літаратар, а таксама таварыства шубраўцаў, у якім Ігнат Ходзька меў мянушку Віршайтас (бог старалітоўскай міфалогіі), зноў жа схілялі яго да пазіцый яшчэ тады аўтарытэтных класіцыстаў. Ігнат Ходзька піша оды, анакрэонтыкі, сатыры, артыкулы ў «Wiadomości Brukowe», вядзе палеміку з рамантыкамі (паэтычны ліст да Антона Эдварда Адынца, свайго сябра). Асветніцкім духам прасякнуты і першы значны твор літаратара — аповесць «Падданы» (1829), якой захапляўся Адам Міцкевіч ды раіў развіваць свой талент у гэтым кірунку. Геніяльны Адам Міцкевіч здолеў убачыць у гэтым яшчэ цалкам класічным творы патэнцыял будучых гавэндаў пісьменніка. Мажліва, адмовіцца ад старых літаратурных традыцый «дапамог» дзядзька, Ян Ходзька, сваімі гісторыка-мемуарнымі творамі, што стаяць ля вытокаў шляхецкай гавэнды ў літаратуры. Хоць агульнапрызнана, што грамадную ролю тут адыграў Адам Міцкевіч і яго «Пан Тадэвуш». (Дарэчы, у альбом Людвікі Мацкевіч, будучай жонкі Ігната Ходзькі, паэт-прарок запісаў верш «Незнаёмай, далёкай, незнаёмы, далёкі...» за некалькі дзён да высылкі ў Расію ў 1824 г.) Менавіта ліцвінскі патрыятызм «Пана Тадэвуша» падахвоціў іншых ліцвінаў заняцца працай дзеля сакралізацыі сваёй Бацькаўшчыны. А вось структуру «Літоўскіх малюнкаў» «падказаў» Ігнату Ходзьку Генрык Ржавускі, які «сабраў» пад адным тытулам («Успаміны Сапліцы») шэраг шляхецкіх гавэндаў.
   Ігнат Ходзька ўключыў у свой твор, які ён выдаў у шасці серыях (1840-1850, 1862 гг.), 26 гавэндаў. Жаданне закрануць у сваіх творах больш далёкія часы (у «Літоўскіх малюнках» гэта канец XVIII — пачатак XIX ст.), вывесці на сцэну «гавэндара» больш далёкага мінулага падказала ідэю «Літоўскіх паданняў», што выйшлі ў Вільні чатырма серыямі (пяць гавэндаў) у 1852-1860 гг.
   Дваццацігадовая літаратурная праца Iгната Ходзькі была належна ацэнена яго сучаснікамі. Ён карыстаўся заслужанай славай. А найбольш захаплялі чытача «Успаміны квестара» (квестарам манахі-бернардзінцы называлі брата, які збіраў ахвяраванні на кляштар). Дзесяць разоў у XIX ст. (з іх тройчы пры жыцці аўтара) гэты твор перавыдаваўся ў Вільні. Пісьменнік, адмовіўшыся ад літаратурнай вытанчанасці, абраў дзеля свайго твора прымітыўную манеру апавядання. Яго аповесць — стылізацыя пад няхітры дзённік-успаміны ўяўнага квестара, былога маршалка двара полацкага ваяводы Міхала Лаўрыновіча, што, ратуючыся ад гневу гаспадара, знаходзіць прытулак за кляштарнымі сценамі. Спецыфіка «працы» квестара дае мажлівасць аўтару пазнаёміць чытача з традыцыйным шляхецкім жыццём не такога ўжо і далёкага, але часткова забытага мінулага, ды мінулага шчаслівейшага. Пазнаёміць з тым часам, калі ў краі панавалі іншыя законы і парадкі, калі ісціна, што дабро перамагае зло, была святой. Зрэшты, тагачасным крытыкам (асабліва эмігранцкім) гэтага было недастаткова. Яны адшуквалі ў творах Ігната Ходзькі «лаяльнасць» да расійскіх уладаў, абвінавачвалі ў мімікрыі; сцвярджалі, што гістарызм пісьменніка ўяўны, павярхоўны. Асабліва жорсткімі ў адносінах да I. Ходзькі былі артыкулы Ю. Клячкі і К. Уейскага пасля вядомай акцыі віленскіх літаратараў ушанавання Аляксандра II «Альбомам» у верасні 1858 г. Гэту акцыю А. Э. Адынца, Ігната Ходзькі, М. Маліноўскага і Адама Кіркора патрыёты-радыкалы палічылі за нацыянальную здраду. А Ігнату Ходзьку дасталося яшчэ і за іншыя «грахі» — напрыклад, зусім некарэктна вытлумачваліся дзеянні пісьменніка ў так званай справе вызвалення сялян. Больш за тое, К. Уейскі імкнуўся ахарактарызаваць I. Ходзьку як пана-прыгнятальніка, які цешыцца, бачачы, як катуюць бізунамі мужыка. А вось Уладзіслаў Сыракомля сцвярджаў зусім адваротнае: «довад даверу да яго народа — абранне ў 1861 годзе міравым пасярэднікам у Свянцянскім павеце». Аўтарытэт Ходзькі-пісьменніка сярод шматлікіх чытачоў, сярод адукаванага класа грамадства падмацоўваўся, такім чынам, аўтарытэтам сярод простага люду.
 


I. Шпакоўскі

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!