Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ігнат Дамейка

(1802-1889)


   Нарадзіўся Ігнат Дамейка 31 ліпеня 1802 г. у родавай сядзібе Медзьвядка. Гэта недалёкія ваколіцы мястэчка Мір Наваградскага павета. У сем гадоў Ігнась страціў бацьку, выхоўваўся ў бацькавых братоў. Адзін з іх, таксама Ігнат Дамейка, узяў яго да сябе ў маёнтак Жырбутоўшчына ў Лідскім павеце. Вучыўся Ігнась у піярскай школе ў Шчучыне. Быў там пад апекай Ануфрыя Петрашкевіча, з якім разам уваходзіў потым у Таварыства філаматаў. У 1822 г. скончыў Віленскі ўніверсітэт. Дваццацігадовы Жэгота паехаў у вёску гаспадарыць. Радня выдзеліла яму для гэтага маёнтак Заполле ў Лідскім павеце. Калі пачалося следства па справе філарэтаў і філаматаў, яго таксама арыштавалі і прывезлі ў Вільню, у турэмнае зняволенне. Але праз паўгода яго вызваляюць і адпраўляюць назад у Заполле пад нагляд паліцыі.
   У час Лістападаўскага паўстання Дамейка становіцца ў шэрагі змагароў за вызваленне айчыны ад маскоўскага «прылучэння». Пасля разгрому паўстання выехаў у эміграцыю. У Дрэздэне сустрэўся з Адамам Міцкевічам і разам з ім і іншымі землякамі выехаў у Парыж. Дапамагаў Адаму Міцкевічу ў выданні яго твораў, у тым ліку «Пана Тадэвуша». У Парыжы Ігнат Дамейка добра папоўніў свае веды ў прыродазнаўстве, закончыў там Горную школу. Яму даюць у Францыі працу па спецыяльнасці, якая не задавальняла Дамейку. Адам Міцкевіч знайшоў яму месца працы ў далёкай амерыканскай краіне — Чылі. Прагны да вандраванняў Ігнат Дамейка згадзіўся адправіцца за акіян. Ехаў туды на вызначаны час, а застаўся на ўсё жыццё. Стаў прафесарам мінералогіі ў Какімба і Сант’яга. Арганізаваў шырокае вывучэнне прыродных багаццяў Чылі, заняўся даследаваннем яе нетраў. Шмат зрабіў наш зямляк для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне мінералогіі, наогул прыродазнаўства. Ён неаднаразова выбіраўся рэктарам Чылійскага ўніверсітэта ў Сант’яга, быў аб’яўлены нацыянальным героем Чылі. Калі сябры папракалі яго ў пісьмах, што ён нібыта зрабіўся чужаком, ён адказваў ім такімі словамі: «Вядома ж, перарадзіцца я ніколі не здолею і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах усё роўна памру ліцвінам». А ў пісьме да Адама Міцкевіча ў 1854 г. прызнаўся: «Калі б была магчымасць вярнуцца і паслужыць яшчэ, хоць на старасці год, свайму краю, то не ўседзеў бы, не ўседзеў бы тут, хоць я даўно ўжо стаў грамадзянінам гэтай краіны, уладальнікам маёнтка і бацькам...»
   I ўсё ж у 1884 г. беларускі выгнаннік змог наведаць сваю радзіму, якую не бачыў паўвека. Ды зноў вярнуўся назад, у Чылі, дзе ён ужо глыбока пусціў карані. Там ён і памёр.
   Памяць пра Ігната Дамейку свята ўшаноўваецца ў далёкай паўднёва-амерыканскай краіне. Калі хто з землякоў-беларусаў трапіць у Чылі, ён, відаць, не праміне, каб хоць здалёку не зірнуць на велічны тысячакіламетровы горны хрыбет, які пазначаны на ўсіх картах як Кардыльера Дамейкі, наведаецца ў прыгожы і светлы горад Дамейка ў зялёнай даліне каля падножжа гэтага хрыбта, спыніцца хоць на хвіліну ў невялікім зацішным порце на самым беразе Ціхага акіяна — Пуэрта дэ Дамейка. Усе гэтыя мясціны названы ў гонар таленавітага і працалюбівага сына беларускай зямлі. А у сталіцы Чылі Сант’яга падарожнік абавязкова пастаіць і з пашанай схіліць голаў перад велічным помнікам з выявай славутага беларуса, дзе на граніце выбіты лаканічны надпіс на іспанскай мове Грандэ Эдукадор, што па-нашаму азначае — Вялікі Асветнік.
    Вялікі вучоны-прыродазнавец не менш цікавы і як літаратар. Пісьменніцкае майстэрства Ігната Дамейкі асабліва ярка праявілася ў яго дарожных нарысах, якія друкаваліся пры жыцці аўтара ў самых розных выданнях Польшчы і іншых краін, а ў 1962-1963 гг. былі выдадзены ў Варшаве ў трох аб’ёмістых тамах пад агульнай назвай «Мае падарожжы». Пісаў ён на іспанскай, польскай, французскай і іншых мовах. У сваіх нарысах аўтар вельмі цікава, вобразна расказвае пра свае сустрэчы з рознымі краінамі, з іх людзьмі, лаканічнымі, але дакладнымі штрышкамі малюе далёкія краявіды, знешні і ўнутраны свет сваіх герояў. У нарысах і артыкулах Ігнат Дамейка праявіў сябе як сапраўдны дэмакрат. Ён заўсёды на баку абяздоленых. З пашанай і глыбокай павагай расказвае ён пра культуру і побыт насельнікаў далёкіх краін, паглыбляецца ў іх гісторыю. Апісваючы краявіды чужых, экзатычных зямель, аўтар вельмі часта параўноўвае іх з роднымі мясцінамі, пра якія ўвесь час думае і па якіх сумуе. Пры гэтым у памяці натуральна ўсплываюць і назвы гэтых мясцін, а за імі і жывыя беларускія словы, якіх нямала можна напаткаць у іншамоўных творах аўтара. На гэту асаблівасць мовы нарысаў Ігната Дамейкі звярнула ўвагу і аўтарка ўступнага артыкула да яго трохтомніка «Мае падарожжы» Эльжбета Гэлена Нясёна, якая прывяла і прыклады беларусізмаў — «рэгіянальных выразаў».
 


Кастусь Цвірка

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыДамейка

Пераказы, дыктантыНаш зямляк

Пераказы, дыктантыЧылійскі беларус Ігнат Дамейка

Пераказы, дыктантыГеолаг Ігнат Дамейка