Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ян Аношка

(каля 1775 - не пазней 1827)


   Ян Аношка — адно з самых загадкавых імён у гісторыі беларускай літаратуры. Біяграфічныя звесткі пра яго вельмі скупыя і супярэчлівыя. Вядома толькі, што нарадзіўся ён недзе каля 1775 г. у Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні. Польскія бібліёграфы адзначаюць, што сваю вучобу пачаў ён у Магілёве ў езуітаў. Гэта вельмі верагодна: у той час школы ў асноўным былі ў руках святароў розных канфесій. Звесткі пра тое, што Ян Аношка быццам бы поўнасцю прысвяціў сваё жыццё тэалогіі (вывучаў яе, як пішуць, у Полацкай езуіцкай акадэміі, займеў духоўнае званне ксяндза, стаў прафесарам тэалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі), выклікалі сумненне складальнікаў польскай бібліяграфіі. Яны прыйшлі да высновы, што былі два Яны Аношкі: адзін — польскі ксёндз, другі — «беларускі пясняр», у творах якога, дарэчы, не відаць асаблівай рэлігійнасці.
   Упершыню пра паэта Яна Аношку расказала ў прадмове да яго кнігі «Паэзія» паэтэса з Дзісны Тэкля Урублеўская: «Жывучы некалькі гадоў у раёне Беларускай губерні, я часта чула вершы Яна Аношкі, якога ніколі не давялося мне бачыць, але толькі летась я даведалася, што яго ўжо няма сярод жывых». Паколькі кніга Яна Аношкі выйшла ў Полацку ў 1828 г., то можна сказаць, што памёр паэт не пазней 1827 г.
   Далей Тэкля Урублеўская расказала, што «яго высокасць Мікалай Хрэбніцкі, былы маршалак Лепеля і ордэнскі кавалер, добры знаўца літаратуры, імкнучыся зберагчы кожнае зерне народнай творчасці, угаварыў мяне сабраць вершы беларускага паэта і выдаць іх... Я адразу ж узялася за працу: тутэйшыя людзі хутка адгукнуліся на маю просьбу і пачалі прысылаць мне вершы Яна Аношкі, хто іх меў у сябе...».
   У выдадзеную такім чынам кнігу ўвайшла толькі малая частка твораў паэта. У руках Т. Урублеўскай заставаўся яшчэ вялікі сшытак, на сарака аркушах якога былі перапісаны «розныя казкі, байкі, вершаваныя пісьмы і г. д.». Цікава, што другі выдавец Аношкавых твораў Павел Мэдэкша нават не ведаў пра першае выданне кнігі паэта. Ён самастойна, недзе праз 14 гадоў, сабраў сярод людзей 37 яшчэ не апублікаваных твораў Яна Аношкі і змясціў іх у кнізе «Вянок з папараці», што выйшла ў 1842 г. у Вільні. Усё гэта яскрава сведчыць пра даволі шырокую папулярнасць у народзе твораў паэта, якая, як заўважыў у сваім артыкуле «Беларусь і Ян Баршчэўскі» Рамуальд Падбярэскі, тлумачылася тым, што Ян Аношка «быў найбліжэй да народнага духу».
   На Аношкавы вершы звярнулі ўвагу і ў расійскай сталіцы. У 1866 г. «Иллюстрированная газета» змясціла артыкул рускага бібліёграфа Р. Генадзі, які пісаў, што «першы народны паэт Беларусі» Ян Аношка памёр «у маладых гадах», што гэта быў «бедны жабрак, які ўсё жыццё правёў у вандраваннях ад вёскі да вёскі», што ён «не ведаў ні дома, ні родных», «марнеў у карчме і ніхто не пашкадаваў пра яго смерць, ніхто не паведаміў пра яе. Толькі здабыткі яго рэдкага таленту засталіся да гэтага часу ў памяці народа, які не ведае, каму ім абавязаны...».
   Вершы Яна Аношкі — антыпрыгонніцкія па сваёй сутнасці. Пыхлівасці палацаў ён супрацьпастаўляе сумленную беднасць сялянскай хаціны. У многіх, асабліва сатырычных творах, паэт ганьбіць сквапнасць і жорсткасць паноў, іх неапраўданую пагарду да мужыка-хлебароба. У Аношкавых вершах можна знайсці праявы сентыменталізму. Ён праслаўляе простае сялянскае жыццё на ўлонні прыроды, выступаў супраць асобных яго заганаў, высмейвае п’янства.
   Аднак найбольш вострыя, найбольш смелыя вершы Яна Аношкі, вядома ж, да нас не змаглі дайсці, бо не былі апублікаваны з цэнзурных меркаванняў. Пра гэта намякае Тэкля Урублеўская, прызнаючыся ў згаданай вышэй прадмове, што яна вымушана была асобныя з Аношкавых вершаў папраўляць, асабліва тады, «калі пяро паэта, разышоўшыся, пераходзіла ўсе межы». Вядома, не маглі ўвайсці ў кнігу і беларускія творы Яна Аношкі: яны ж былі напісаны не на «літаратурнай» мове. А тое, што вершы на беларускай мове меліся ў «беларускага песняра», які блізка да сэрца прымаў долю запрыгоненага селяніна-беларуса і які быў «адкрыты» для ўсіх, можна не сумнявацца. Таму трэба цалкам пагадзіцца з прафесарам М. P. Лapчанкам, які, прааналізаваўшы творы паэта, пісаў у газеце «Літаратура і мастацтва» (17 ліп. 1954 г.): «На нашу думку, тая акалічнасць, што творы Аношкі выдадзены на польскай мове, не можа перашкодзіць паэту заняць сваё пэўнае месца ў гісторыі новай беларускай літаратуры таго часу, калі яна толькі пачынала гістарычны шлях свайго развіцця».

 

К. Цвірка