Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Франц Савіч

Кнопка отправить на печать

(1815-1845)

   Франц Савіч паходзіў з новага пакалення паэтаў, якія ўсім сэрцам успрынялі ідэі сваіх славутых папярэднікаў — філаматаў і філарэтаў — і з юнацкім запалам і самаахвярнасцю павялі далей іх высакародную справу, прысвячаючы жыццё вызваленню Бацькаўшчыны ад царскага самадзяржаўя.
   Нарадзіўся Франц Савіч у вёсцы Вяляцічы Пінскага павета ў сям’і ўніяцкага святара. Вучыўся ён у Пінскім павятовым вучылішчы, а пасля яго заканчэння паступіў у 1833 г. у Віленскую медыка-хірургічную акадэмію, пераемніцу закрытага ўладамі за год перад гэтым Віленскага ўніверсітэта, гнязда вальнадумства і рэвалюцыйнасці.
   У сценах акадэміі хадзілі яшчэ згадкі пра нашумелыя філамацка-філарэцкія згуртаванні, на вуснах студэнтаў былі вясёлыя песні і палымяныя вершаваныя радкі жывых яшчэ тады, выгнаных за межы радзімы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана. Хоць шмат чаго змянілася з іх выгнаннем і хоць «вучні Зана зніклі амаль зусім падчас падзей 1831 года», як расказвае сам Савіч, усё ж царскім уладам не удалося цалкам вытравіць вольналюбівыя памкненні моладзі. Сведчанне гэтага — самаадданая дзейнасць самога Франца Савіча, якому ўдалося стварыць у 1836 г. нелегальнее Дэмакратычнае таварыства. Ён напісаў для яго статут пад назвай «Прынцыпы дэмакратызму» і адозву-пракламацыю «Заўвагі пра маральную вайну народа з дэспатызмам», дзе выклаў свае радыкальныя ідэі і спосабы іх ажыццяўлення. У 1837 г. Франц Савіч зблізіўся з польскім рэвалюцыянерам Шыманам Канарскім, які прыехаў з-за мяжы для наладжвання вызваленчай барацьбы ў былым Вялікім Княстве Літоўскім. Было дамоўлена аб сумеснай дзейнасці супраць царызму. Але праз год Шыман Канарскі быў арыштаваны. Неўзабаве царскія жандары схапілі і Франца Савіча. Пасля працяглага следства Шымана Канарскага пакаралі смерцю, а іншых звязаных з ім змоўшчыкаў саслалі ў Сібір, здалі ў салдаты. Салдатчыну прысудзілі і Францу Савічу з яго сябрамі Я. Загорскім і К. Рапчынскім, адправіўшы іх на Каўказ.
   Для Савіча і яго сяброў пачаліся цяжкія, поўныя нягод і выпрабаванняў гады няволі. У 1841 г., інсцыніраваўшы самагубства, Франц Савіч уцёк з месца сваёй службы і адправіўся ў Таганрог, каб пераправіцца морам за мяжу. Але спроба ўцячы не ўдалася. Як не ўдаліся і іншыя такія спробы. За адну з іх два гады адседзеў у турме ў Ціраспалі (цяперашняя Малдова) і зноў быў аддадзены ў салдаты, адкуль зноў уцёк. Пасля яшчэ адной няўдалай спробы ўцячы за мяжу ён змушаны быў застацца ў мястэчку Янушпаль Жытомірскага павета, дзе пад чужым імем заняўся лекарскай практыкай. У 1845 г. у час эпідэміі халеры, ратуючы людзей ад гэтай хваробы, Савіч не ўбярогся ад яе і неўзабаве памёр.
   З паэтычнай спадчыны Франца Савіча да нас дайшоў толькі адзін, напісаны на пінскай гаворцы верш «Там блізка Пінска...», што захаваўся дзякуючы Э. Паўлоўскаму, які ўключыў яго ў сваю кнігу «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882). Г. Кісялёў назваў гэты верш «яркім узорам беларускай рэвалюцыйнай паэзіі XIX ст.» («Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік». Мінск, 1995. Т. 5. С. 218). Як даводзяць літаратуразнаўцы, вершы Франца Савіча хадзілі ў свой час у рукапісным выглядзе па Беларусі і Украіне, асобныя з іх сталі народнымі песнямі. Каштоўнымі дакументамі часу можна назваць і яго празаічныя творы — напісаную ў 1838 г. у віленскай турме «Споведзь» і незавершаныя «Успаміны», якія паэт давёў да першых уцёкаў з салдатчыны. Абодва гэтыя творы былі надрукаваны ў кнізе Э. Геленіюша (Іваноўскага) «Успаміны мінулых гадоў», якая выйшла ў 1876 г.
 


Кастусь Цвірка

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!