Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Францішак Рысінскі

(1749-1830?)


   У 1843 г. на Віцебшчыне пабываў Рамуальд Падбярэскі, які занатаваў свае ўражанні ад творчасці папулярнага мясцовага паэта. Вось што ён сказаў: «Францішак Рысінскі, аўтар мноства напісаных з нагоды і лёткіх вершыкаў, лёгкіх, вясёлых, дасціпных, у якіх звяртае ўвагу і міжвольна прымушае задумацца філасофская, часам знянацку кінутая думка, заснаваная на глыбокім веданні свету і людзей, выяўляе і рэдкі талент, і розум, падтрыманы навукай і роздумам». З напісанага тады артыкула Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі» відаць, што Рысінскі быў мясцовым памешчыкам і чыноўнікам, служыў старшынёй губернскай палаты цывільнага суда ў Віцебску. Падбярэскі дапускаў, што паэт паходзіў з Украіны. Хутчэй за ўсё, са старадаўняга беларускага роду, прозвішча якога паходзіць ад вёскі Рысін былой Віцебскай губерні (цяпер Себежскі раён Пскоўскай вобласці; адсюль і вядомы паэт-лацініст, збіральнік прыказак XVI-XVII стст. Саламон Рысінскі). Публікуючы некаторыя вершы Францішка Рысінскага ў другім томе «Рочніка літэрацкего» (1844), Падбярэскі адзначыў, што аўтар памёр дзясятак з лішнім гадоў назад, таму за ўмоўную дату яго смерці можна прыняць 1830 г. (або каля 1830 г.). Вось у асноўным і ўсё, што было вядома пра жыццё Францішка Рысінскага.
   Шмат ведаў пра Рысінскага яго зямляк Аляксандр Рыпінскі, напісаў нават яго біяграфію для сваёй гісторыі беларускай літаратуры, але да нас яна, на вялікі жаль, не дайшла. Новых біяграфічных звестак не паведамляецца і ў «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», дзе пра Рысінскага ёсць невялікі артыкул У. Мархеля. У другім выпуску гісторыка-літаратурнага зборніка «Шляхам гадоў» (1990) У. Мархель надрукаваў пераклад даволі тыповага для Рысінскага верша «Роздум пасля страты закладзенага маёнтка» і дадаў ва ўступнай нататцы пра яго аўтара: «Не рабілася ніякай спробы адказаць на пытанне, чаму ў пачатку XIX стагоддзя надзвычайную папулярнасць на Віцебшчыне мелі іранічна-філасофскія творы Францішка Рысінскага (канец XVIII ст. не пазней 1830 г.), старшыні цывільнага суда ў Віцебску, які пісаў на польскай, беларускай і, можа, на рускай мовах...». Словам, і па біяграфіі, і па творчасці Рысінскага шмат пытанняў.
   Таму нам падаліся вартымі ўвагі кароткія звесткі, прыведзеныя ў справе канцылярыі Полацкага намесніцтва 1783 г. аб службе мясцовых чыноўнікаў. Згадваецца там і Рысінскі. Аказваецца, яму было тады 34 гады. Выходзіць, нарадзіўся ён у 1749 г. Такім чынам, перад намі равеснік Гётэ, чалавек, які сфарміраваўся і пражыў значную частку жыцця яшчэ ў XVIII ст. Калі ўсходняя Беларусь была далучана да Расіі, ён увайшоў ужо ў пару маладосці. У 1778 г. утварылася Полацкае намесніцтва, узнікла мноства новых устаноў, і Рысінскі атрымаў у Полацку месца засядацеля ад дваранства ў Другім дэпартаменце Верхняга земскага суда, потым быў выбраны дваранскім засядацелем у Полацкі совесны суд, з 1780 г. ён надворны саветнік (гэта немалы чын). Друкаваны агульнарасійскі «Месяцеслов» на 1796 г. паведамляе, што калежскі саветнік (новая прыступка ў кар’еры) Франц Пятровіч Рысінскі быў на той час старшынёй таго самага дэпартамента Верхняга земскага суда, у якім пачынаў некалі службу засядацелем.
   Францішак Рысінскі пісаў пераважна на польскай мове, але ёсць падставы думаць, што ён не грэбаваў і беларускай музай. Вядома, што яго творчасцю цікавіўся ксёндз-місіянер і вялікі кнігалюб Антон Карніловіч (1805-1856). У свой час Адам Мальдзіс прывёў наступны цікавы для нас фрагмент з артыкула пра Карніловіча ў «Польскім біяграфічным слоўніку»: А. Карніловіч, гаворыцца ў артыкуле, «цікавіўся таксама беларускай паэзіяй, асабліва паэтам Францішкам Русінскім [!], вершы якога збіраў і меркаваў выдаць». Як бачым, Рысінскі, магчыма, праз памылку друку трансфармаваўся тут у Русінскага. Не выключана, што мы ўвогуле маем тут справу з крыху перайначанымі звесткамі, якія ідуць яшчэ ад Падбярэскага, але хто ведае, можа, рэдакцыя слоўніка мела і дадатковыя матэрыялы.

Г. Кісялёў