Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Рамуальд Падбярэскі

Кнопка отправить на печать

1812-1856


   У літаратурна-грамадскім руху Беларусі 1840-х гадоў асабліва ярка вылучалася постаць Рамуальда Падбярэскага (Друцкага-Падбярэскага), выдаўца, крытыка, публіцыста, этнографа.
   Родам Падбярэскі з Вільні, з сям’і збяднелага шляхціца. Скончыўшы ў 1830 г. гімназію, васемнаццацігадовы юнак запісаўся ў Віленскі ўніверсітэт, які, праўда, неўзабаве быў зачынены як гняздо «крамолы». У 1836 г. паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Заадно працаваў у так званым Літоўскім гандлёвым таварыстве ў Маскве. Ён зблізіўся з рускімі славянафіламі I. Кірэеўскім і Ю. Самарыным, пад уплывам якіх зацікавіўся рускім фальклорам, перакладаў і публікаваў рускія народныя казкі. Не прыжыўшыся ў Маскве, у 1841 г. пераехаў у Пецярбург. Там увайшоў у літаратурны гурток Яна Баршчэўскага. Шмат дало Падбярэскаму ў яго нацыянальным абуджэнні знаёмства з вялікім украінскім кабзаром Тарасам Шаўчэнкам, які жыў у гэты час у Пецярбургу і быў сваім у гуртку Яна Баршчэўскага. Падбярэскі заняўся і там выдавецкай дзейнасцю. Выпусціў тры тамы альманаха-штогодніка на польскай мове «Rocznik Literacki», дзе змяшчалася нямала матэрыялаў з Беларусі і пра Беларусь.
   У 1847 г. вярнуўся ў родную Вільню, дзе сышоўся са славутымі пісьменнікамі краю Уладзіславам Сыракомлем, Юзафам Крашэўскім, Эдвардам Жалігоўскім і інш. Супрацоўнічаў з прагрэсіўным кіеўскім выданнем на польскай мове «Gwiazda». З 1849 г. пачаў выдаваць у Вільні альманах «Pamiętnik Nawukowo-Literacki». У шасці яго нумарах друкаваліся самыя розныя матэрыялы з жыцця Беларусі і свету. У альманаху знайшлі сваё месца прагрэсіўныя ідэі, блізкія да «натуральнай школы рускіх дэмакратаў». Падбярэскі сімпатызаваў яе ідэолагу В. Р. Бялінскаму. Пры альманаху было арганізавана антыцарскае таварыства. У 1850 г. улады закрылі выданне. Хаваючыся ад рэпрэсій, Рамуальд Падбярэскі пераехаў у Варшаву. Але царскія жандармы знайшлі яго і там. Хутка ён быў арыштаваны і пасаджаны ў Варшаўскую крэпасць. У 1851 г. яго выслалі ў далёкі Архангельск, дзе ён і памёр.
   З усёй творчай спадчыны Рамуальда Падбярэскага асаблівую цікавасць мае яго праграмны артыкул «Беларусь і Ян Баршчэўскі», дзе аўтар зрабіў цікавы агляд беларускай літаратуры свайго часу, пачаўшы з ранейшых пісьменнікаў. Важным момантам у гэтым артыкуле было тое, што аўтар асаблівую ўвагу звяртаў на беларускамоўную творчасць пісьменнікаў, надзяляючы іх тытулам «народных». Гэту тэндэнцыю заўважыў Мікола Хаўстовіч у аўтарэфераце сваёй дысертацыі: «“Каб быць народным, трэба служыць народу – трэба пісаць на мове гэтага народа”. Гэтыя словы крытыка можна лічыць краевугольным каменем новага беларускага літаратуразнаўства, новай беларускай літаратуры».

К. Цвірка

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!