Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паўлюк Багрым

(1812-1891)

   Беларускую літаратуру XIX ст., якая была пазбаўлена друкарскага станка, хочацца параўнаць з затанулай Атлантыдай. Толькі час ад часу маўклівыя халодныя хвалі выкідаюць на бераг яе нешматлікія рэшткі. Гэта або асобныя творы без імён іх аўтараў (унь колькі ў нас ананімных твораў), або, наадварот, імёны без твораў, як, напрыклад, імя легендарнай Эміліі Плятэр, беларускай паэтэсы, паўстанцкага камандзіра 1830-1831 гг., апетага Адамам Міцкевічам у вершы «Смерць палкоўніка», сапраўднай беларускай Жанны д’Арк. Адна такая хваля вынесла на свет Божы і гэта журботнае імя нашай літаратуры — Паўлюк Багрым разам з адным-адзіным яго вершам. Нібы адшліфаваны кавалачак бурштыну, падняў знаходку і, па-сапраўднаму яе ацаніўшы, не даў згубіцца ў бяздоннай Леце разумны беларускі інтэлігент, юрыст, удзельнік паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі, ураджэнец Наваградчыны Ігнат Яцкоўскі, які на чужыне, у далёкай эміграцыі, шчасліва збярог у памяці той шчымлівы Багрымаў верш. Праз чвэрць стагоддзя пасля першага знаёмства з ім, у 1854 г., Яцкоўскі апублікаваў верш у Лондане ў сваёй кнізе ўспамінаў пад назвай «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды», дзе ўпершыню расказаў людзям пра трагічную долю ў самым зародку загубленага самадзяржаўем нашага бясспрэчнага генія.
   Потым знайшліся і дакументы з архіваў, што пашырылі нашы веды пра паэта. Як вынікае з гэтых матэрыялаў, Паўлюк Багрым нарадзіўся 2 лістапада 1812 г. у мястэчку Крашын Наваградскага павета пад Баранавічамі. Бацька Восіп Багрым рабіў у Крашыне кавалём. Паўлюк вучыўся ў Крашынскай парафіяльнай школе, у ксяндза Магнушэўскага, якому ён прыслугоўваў. У 1828 г. у час бунту крашынцаў супраць свайго гаспадара Станіслава Юрагі, які хацеў запрыгоніць местачкоўцаў, трапіў на допыт і Паўлюк Багрым, у якога выявілі вершы «на простай польскай мове» (г. зн. на беларускай); сярод іх быў, напрыклад, верш Яна Баршчэўскага «Бунт хлопаў». На допыце, як успамінае Iгнат Яцкоўскі (ён, відаць, прысутнічаў там як юрыст), Паўлюк Багрым, якога ён памылкова называв Пётрак, «пачаў чытаць свае журботныя элегіі», з якіх засталіся ў памяці аўтара ўспамінаў «толькі некалькі строф». Гэтымі «строфамі» і быў верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...». Тым не менш сёння існуюць меркаванні, што аўтарам верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» не з’яўляецца Паўлюк Багрым.
 


Кастусь Цвірка
 

Похожие статьи:

СачыненніЖаўруковая песня Паўлюка Багрыма