Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Габрыэля Пузыня

(1815-1869)

   Прадстаўніца заможнай беларускай шляхты Габрыэля Пузыня нарадзілася ў Вільні ў сям’і Адама Гюнтара і Аляксандры з Тызенгаўзаў. У Вільні Гюнтары жылі толькі зімой. На лета яны пераязджалі ў свой маёнтак Дабраўляны Свянцянскага павета (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). З Дабраўлянамі звязана ўсё дзяцінства і маладосць Габрыэлі. Тут яна жыла да самага замужжа.
   У сям’і Гюнтараў любілі мастацтва і літаратуру. Частымі гасцямі ў іх былі многія славутасці — пісьменнікі Ігнат Ходзька, Антоні Эдвард Адынец, мастакі Ян Дамель, Ян Рустэм, піяністка Марыя Шыманоўская, вучоны Андрэй Снядэцкі і інш. Пасля вяртання з уральскай ссылкі жаданым госцем быў тут і Тамаш Зан. Кантакты з гэтымі таленавітымі людзьмі схілялі і Габрыэлю да ўласнай творчасці. Асабліва захаплялася яна паэзіяй Адама Міцкевіча. У знак вялікай павагі да паэта-земляка яна ў 1842 г., ведаючы пра нязбытную тугу Адама Міцкевіча па роднай беларускай зямлі, паслала яму ў Парыж бутэльку вады з Нёмана, кветкі з родных палёў і напісаны з гэтай нагоды верш.
   Выйшаўшы ў 1851 г. замуж за Тадэвуша Пузыню, стала гаспадыняй яго маёнтка Гарадзілаў у Ашмянскім павеце (цяпер Маладзечанскі раён). Гасцявалі ў яе доме Уладзіслаў Сыракомля, Уладзіслаў Міцкевіч (сын Адама Міцкевіча), Станіслаў Манюшка, Эдвард Жалігоўскі. У час паездак за мяжу пазнаёмілася ў Парыжы з пісьменнікамі Антоніем Гарэцкім і Багданам Залескім.
   Габрыэля Пузыня выдала ў Вільні шэраг кніг. Сярод іх зборнік вершаў рэлігійнай тэматыкі «У імя Бога» (1843), кніга свецкай паэзіі «Далей у свет!» (1845), томік маралізатарскага характару «Дзеці літоўскія, іх слоўкі, адказы, назіранні» (1847), зборнік прозы «Малыя, але праўдзівыя апавяданні» (1857) і інш. Спрабавала свае сілы і ў драматургіі. Некаторыя яе п’есы ставіліся на віленскай сцэне. Яны склалі выдадзены ў 1861 г. зборнік «Аматарскі тэатр». У яе творах адбілася жыццё вышэйшых слаёў беларускага грамадства, асаблівасці побыту заможнай шляхты.
   Важную пазнавальную каштоўнасць мае дзённік Габрыэлі Пузыні, які яна вяла з маладых гадоў і які толькі часткова быў апублікаваны, пры тым праз многа гадоў пасля яе смерці — у 1928 г. Называўся ён «У Вільні і ў літоўскіх маёнтках. Дзённік 1815-1843 гадоў» і склаў асобную кнігу. Праўда, яе выдаўцы Адам Чарткоўскі і Генрык Масціцкі апусцілі ў ім асобныя мясціны, звязаныя з асабістым жыццём аўтаркі і яе сям’і. Увесь дзённік згарэў у час Варшаўскага паўстання 1944 г.
   Хоць Габрыэля Пузыня з пашанай ставілася да роднага беларускага народа, усё ж пісала свае творы на тагачаснай літаратурнай мове — польскай, а дакладней, на тым «пераходным» польска-беларускім дыялекце, пра які казала польскі мовазнавец Кавын-Кужова ў разглядзе мовы філаматаў і філарэтаў.
 


Кастусь Цвірка