Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Антон Эдвард Адынец

(1804-1885)


   Той, хто трымаў у руках заключныя тамы збораў твораў Адама Міцкевіча розных выданняў, тамы, дзе звычайна даецца эпісталярная спадчына паэта, не мог не заўважыць сярод шматлікіх яго адрасатаў імя Антона Эдварда Адынца, якое там вельмі часта сустракаецца. Гэта быў адзін з блізкіх сяброў Адама Міцкевіча і адначасова блізкі яму па духу.
   Нарадзіўся ён 25 студзеня 1804 г. у вёсцы Гяйстуны Ашмянскага павета ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў павятовай базыльянскай школе ў Барунах. У 1820 г. Антон Адынец паступіў у Віленскі ўніверсітэт, каб вучыцца на юрыста. Адначасова наведваў лекцыі па літаратуры Готфрыда Эрнста Гродэка і Леана Бароўскага. Даведаўшыся пра ўтварэнне ва ўніверсітэце тайнага Таварыства філарэтаў, адразу запісаўся ў яго, стаў членам яго літаратурнага аддзела (Блакітнага саюза), якім кіраваў прызнаны сярод філаматаў і філарэтаў паэт Ян Чачот. Убачыўшы яркія паэтычныя здольнасці Адынца, Чачот узяў яго над сваю апеку. За гэта сябры празвалі Чачота Ментарам, а Адынца — Тэлемакам (паводле грэчаскай міфалогіі Ментар быў выхавальнікам Тэлемака, сына Адысея і Пенелопы). У 1823 г., калі было выкрыта Таварыства філарэтаў, Антона Адынца арыштавалі і кінулі ў турму, адкуль яго з сябрамі выпусцілі толькі ў канцы следства.
   Вельмі даражыў А. Адынец сяброўствам з Адамам Міцкевічам. Калі высланы ў Расію старэйшы сябар намерыўся выехаць адтуль за мяжу, сваім спадарожнікам у паездцы па краінах Еўропы ён выбраў Антона Адынца. Сябры аб’ездзілі многія гарады і паселішчы Германіі, Італіі, Швейцарыі, іншых краін. Назаўсёды запомнілася абодвум гасцяванне ў I. В. Гётэ ў Веймары, пра што А. Адынец падрабязна расказаў потым ва ўспамінах. Між іншым, у шматлікіх размовах з двума славянскімі паэтамі вялікі нямецкі паэт вельмі зацікавіўся народнымі песнямі, матывы якіх выкарыстоўваў у сваёй творчасці Адам Міцкевіч. «Гётэ, — прыгадваў Адынец, — з жывой цікавасцю распытваў і слухаў тое, што Адам, а часткова і я, расказвалі яму аб разнастайнасці і адрозненнях у характары і тоне песень нашых правінцый». А як вядома, «правінцыі» Міцкевіча і Адынца — Наваградчына і Ашмяншчына. Значыць, якраз беларускія народныя песні зацікавілі Гётэ, які за абедзенным сталом пачутае пра гэтыя песні «амаль слова ў слова» пераказваў потым іншым, напрыклад, свайму сакратару нямецкаму пісьменніку Экерману.
   У 1837 г. Антон Адынец вярнуўся ў свае Гяйстуны, а потым пераехаў у Вільню, дзе амаль дваццаць гадоў — з 1840 па 1859 г. — рэдагаваў урадавую газету на польскай і рускай мовах «Виленский вестник». Сямейныя абставіны прымусілі Адынца пераехаць у 1866 г. у Варшаву, услед за дачкой, якая выйшла замуж. Як сведчылі сучаснікі, А. Адынец быў добрага нораву, таварыскі, добразычлівы, вельмі дасціпны і «даступны». За тое, што надта любіў цалаваць дамам рукі, яго празвалі «панам Смактальскім». Памёр Антон Адынец у Варшаве, дзе і пахаваны.
   Сваю паэтычную дарогу пачаў ён даволі рана, яшчэ ў Барунскай школе. Але толькі ва ўніверсітэце, дзе сама атмасфера святасці да ўсяго ўзвышанага, само вірлівае студэнцкае асяроддзе спрыялі захапленню паэзіяй, Антон Адынец па-сур’ёзнаму ўзяўся за пяро. Сапраўдную папулярнасць прынесла яму «Песня філарэтаў», напісаная ў турэмным зняволенні ў 1823 г.
   Найбольш каштоўным творам у спадчыне А. Адынца крытыка прызнала напісаныя ў 1875-1878 гг. «Пісьмы з падарожжа», даволі падрабязныя, з важнымі дэталямі і фактамі ўспаміны пра падарожжа ў 1829-1830 гг. з Адамам Міцкевічам па Еўропе. Вельмі добра дапаўняе «Пісьмы...» і кніга «Успаміны з мінулага», якая была напісана Адынцом на схіле жыцця і ў якой шмат цікавага, пазнавальнага пра мінулае нашай зямлі.
   Да канца жыцця не кідаў пісаць Антоні Адынец і вершы. Найбольш удалыя з іх тыя, дзе аўтар звяртаўся да жыццёвых рэалій, да фальклору, пераважна беларускага. На фальклорных матывах заснавана, напрыклад, яго балада «Паланянка ліцвіна», пра захопленую «літоўскім» ваяром маладую палячку ў час аднаго з баявых паходаў на польскія землі. Дарэчы, гэты распаўсюджаны ў той час сюжэт выкарыстаў у баладзе «Ляшка» другі беларускі польскамоўны паэт Тадэвуш Лада-Заблоцкі. Выразныя фальклорныя матывы відаць і ў баладах А. Адынца «Сон Алесі», «Русалкі», у вершы «Хохлік» і іншых творах. Шмат у Антона Адынца і вершаў, напісаных у гонар вядомых літаратараў і вучоных («На шлюб Тамаша Зана», «Адаму Міцкевічу», «Адаму Сузіну», «Ігнату Ходзьку», «Надпіс на надмагільным помніку Яну Чачоту», «Яўстафію Тышкевічу», «Міхалу Балінскаму», «Уладзіславу Сыракомлю», «На камені ў Крашыне» — пра наведванне разам з Ігнатам Дамейкам у час яго прыезду з Чылі ў 1884 г. Крашына, гаспадар якога Завадскі папрасіў іх абодвух пасадзіць у парку па дубку, і іншыя творы). Ёсць у А. Адынца і асобныя творы, напісаныя сумесна з Юльюшам Славацкім і Адамам Міцкевічам.
 


Кастусь Цвірка