Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Кірыла Тураўскі

Кнопка отправить на печать

   Славай другога Златавуста, «што ярчэй за ўсіх праззяў на Русі», карыстаўся адзін з найвыдатнейшых дзеячаў нашага старажытнага пісьменства — епіскап Кірыла Тураўскі (каля 1130-1182). Невядомым аўтарам летапісу вобразна і вычарпальна засведчана сутнасць і значэнне яго асветніцкай дзейнасці: «Радуйся, свяціцелю, бо найсвятлейшым вучэнне сваім асвятліў землі Рускія! Радуйся, сонца, што асвятляе розумам Божым азмрочаных і цёмных!»  

   Бацькам Кірылы быў мясцовы баярын, блізкі да княжага двара, дзе юнак і атрымаў выдатную адукацыю ад грэчаскіх святароў і кніжнікаў, якія прыехалі ў Тураў з Візантыі разам з жонкай князя. Кірыла рана пайшоў у манастыр, прысвяціў сябе аскезе, зачыніўся ў вежы, дзе трымаў уласную бібліятэку і працаваў. З цягам часу кіеўскі мітрапаліт з пратэкцыі тураўскага князя Юрыя Яраславіча пасвяціў яго ў біскупы.  

   На шчасце, ад Кірылы Тураўскага засталося параўнаўча з іншымі тагачаснымі пісьменнікамі (да прыкладу, Кліментам Смаляцічам) нямала твораў: 8 слоў-казанняў, 6 аповесцяў-прытчаў, 30 малітваў і некалькі канонаў. Найбольшую мастацкую вартасць уяўляюць яго словы-казанні. Яны традыцыйныя па змесце, прысвечаны многім хрысціянскім святам і па сваёй кампазіцыі дзеляцца на тры часткі: уступ, цэнтральную частку і заключэнне. Цэнтральная частка мае апавядальны характар, у ёй раскрываецца змест таго ці іншага свята, яго рэлігійны сэнс, узносіцца яму пахвала.

   Узорам рэалізацыі прыёмаў іншасказання (алегорыі, сімвалаў) як адметнасці стылю Кірылы Тураўскага з'яўляецца «Слова на Вялікдзень»:  

Сёння праз пакаянне не стала зімы грахоўнасці  

і лёд нявер'я ўсведамленнем Бога растоплены.

   Прырода ў словах Кірылы Тураўскага мае сімвалічнае значэнне: сонца — Хрыстос; месяц — сімвал усяго, што цьмянее, чэзне ад промняў сонца; зіма — сімвал грахоўнага; лёд — сімвал бязвер'я.  

   Творчасць Кірылы Тураўскага вызначаецца сцвярджэннем вечных каштоўнасцяў, выкарыстаннем прыёмаў іншасказання, алегорыі, сімвалізацыі ў першую чаргу, спалучэннем умоўнага і рэальнага.  

   Да прыкладу, «Прытча пра чалавечую душу і цела» (ці «Слова пра сляпога і кульгавага») — евангельская рэмінісцэнцыя пра руплівага гаспадара, які паставіў ля варот двух вартаўнікоў — сляпога і кульгавага — у надзеі, што злодзеяў кульгавы ўбачыць, а сляпы пачуе; самі ж яны не змогуць абрабаваць гаспадара. Здарылася ж інакш: сляпы і кульгавы, аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), прабраліся ў сад гаспадара і прысвоілі яго дабро.  

   У прытчы аўтар ставіць філасофскія праблемы духоўнага і матэрыяльнага, вечнага і марнага, нябеснага і зямнога, праблему свабоды выбару і адказнасці за яго.  

   Твор даволі вялікі памерам, па-сучаснаму — старонак 25 машынапісу. Працытуем толькі невялікі ўрывак у перакладзе — самы вызначальны для выяўлення светапогляду і творчай манеры пісьменніка: «Калі прыйшоў гаспадар узяць плён вінаградніка і ўбачыў яго абкрадзеным, пазваў кульгавага і злучыў яго са сляпым, і пачалі яны выкрываць адзін аднаго. Кульгавы кажа сляпому: «Калі б ты мяне не панёс, ніяк я не меў бы дабрацца туды, бо я кульгавы». Сляпы ж казаў: «Калі б ты не паказваў мне дарогу, то ніяк бы я не здолеў туды дабрацца». Тады гаспадар сеў на судзейскае месца і пачаў судзіць іx абодвух. І кажа: «Як вы кралі, так і зараз — няхай сядзе кульгавы на сляпога». І калі кульгавы сеў, загадаў перад усімі рабамі бязлітасна караць у знешняй пакут каморы.  

   Уведайце ж, браты, тлумачэнне гэтай прытчы. Чалавек гаспадарлівы — Бог Айцец, творца ўсіх. Яго ж сын добрага роду — Гасподзь наш Ісус Хрыстос. A вінаграднік — гэта зямля і свет. А апора вінаградніка — закон Божы і запаведзі. Слугі ж, існыя з ім, і анёлы. Кульгавы — гэта цела чалавека. А сляпы — душа яго. А што пасадзіў іx каля варот — гэта значыць, што ён аддаў ва ўладу чалавеку ўсю зямлю, даўшы яму закон і запаведзі. Калі ж чалавек пераступіў запаведзь Божую і за гэта асуджаны на смерць, то напачатку душа да Бога пры-водзіцца і апраўдваецца, кажучы: «Не я, але плоць саграшыла». Таму і няма пакут душам да другога прыйсця, але яны захоўваюцца — Бог ведае дзе. Калі ж ён прыйдзе аднавіць зямлю і ажывіць усіх змерлых, як сам раней абяцаў, тады ўсе існыя ў трунах пачуюць Сына Божага, і ажывуць, і выйдуць тыя, хто стварыў дабро, ва ўваскрэсенне жыцця, а тыя, хто стварыў благое, - ва ўваскрэсенне суда. Тады ж душы нашыя войдуць у цела і атрымае кожны адплату па справах сваіх: праведнікі — вечнае жыццё, а грэшнікі — бясконцую смяротную пакуту. Чым хто саграшыць, тым і караны будзе».

   Творы Кірылы Тураўскага разлічаны на чытанні ўслых, на вуснае слова перад натоўпам. У арыгінале гучыць распрацаваная паэтычная рытміка; яна настолькі дасканалая, што ўзрушанае слова красамоўцы ўздзейнічае на душы, як верш, як музыка званоў.  

   Творы Кірылы Тураўскага вылучаюцца стылістычнай еднасцю, багаццем і гнуткасцю паэтычнай мовы, вялікай мастацкай сілай і глыбокім лірызмам. Яны яшчэ пры жыцці асветніка карысталіся шырокай папулярнасцю на Русі. Многія з іx былі ўключаны ў анталогіі разам з сачыненнямі айцоў царквы, агульнапрызнаных майстроў царкоўнага красамоўства.  

   Для нас жа творы Кірылы Тураўскага — адначасова гістарычны і мастацкі помнік, здольны паўплываць на духоўнае сталенне, прасвятліць нашы душы.
 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!