Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Канстанцін Вераніцын - Тарас на Парнасе

Канстанцін Вераніцын - Тарас на Парнасе - Чытаць поўны варыянт

 

 Мастацкая вартасць любога шэдэўра вызначаецца колькасцю і якасцю ўмоўнасцей у ім, спалучэннем умоўнага і рэальнага, а таксама наяўнасцю ў ім нацыянальнага. Паэма Канстанціна Вераніцына, ураджэнца в. Астраўляны, што на Віцебшчыне, цалкам адпавядае ўсім эталонным крытэрыям шэдэўра сусветнага ўзроўню. Гэта жамчужына беларускай літаратуры і праграмны твор для ўсіх пісьменнікаў, бо ў паэме ёсць адказ на самыя галоўныя пытанні: пра што і як пісаць? у імя чаго? Вычарпальны адказ на гэтыя пытанні, дадзены Канстанцінам Вераніцыным у паэме «Тарас на Парнасе», вытрымаў галоўнае выпрабаванне — выпрабаванне часам, а сама паэма — узор мастацкасці для кожнага творцы.

   Паэма здзіўляла і здзіўляе і крытыкаў, і самага дасведчанага, патрабавальнага і інтэлектуальнага чытача сваёй арганічнасцю, гармоніяй зместу і формы, дасканаласцю мастацкіх сродкаў. Твор паводле жанру — парадыйна-сатырычная паэма з фантастычным сюжэтам, у аснове якога — жартоўнае апавяданне пра незвычайныя прыгоды палясоўшчыка, ім самім расказанае.  

   Цікавы, прыгодніцкі, жартоўны твор, але якія важныя грамадска-палітычныя працэсы ў ім адлюстраваны! Якія сур'ёзныя праблемы ставяцца і вырашаюцца!  

   Паэма — мастацкае адлюстраванне барацьбы, што адбывалася ў рускай літаратуры ў 40-50-я гады XІX ст. паміж прагрэсіўнымі і рэакцыйнымі пісьменнікамі за народнасць у літаратуры і супраць рэакцыйных плыняў, а таксама састарэлых канонаў класіцызму.  

   Паводле гэтых канонаў галоўнымі героямі мастацкіх твораў маглі быць толькі носьбіты прыгожага — багі, гістарычныя асобы і людзі вышэйшага саслоўя і ні ў якім разе не «пан сахі і касы». Гэта — рэальнасць і гістарычная данасць. Гэты найважнейшы грамадскі і нават палітычны працэс (бо літаратура магла стаць або зброяй рэжыму, або зброяй барацьбы з ім) адлюстраваны ў паэме фантастычнымі сродкамі і праз усведамленне, успрыманне «палясоўшчыка з Пуцявішча».  

   Аўтарская пазіцыя выяўляецца праз галоўнага героя, праз яго ўспрыманне ўсяго, што дзеецца ля гары Парнас. А бойка там разгараецца не на жарты:  

Хто дужа шпарка, хто паціху,

Ўсе лезуць на гару яны

і, як у школе, галасуюць,

Гатоў адзін другого з 'есць,

Бо кожны морду ўперад суець,

Каб першым на гару узлезць.

   «На гару узлезць», узысці на Парнас — стаць несмяротным, прыраўняцца да багоў, якія, паводле міфаў, там і жывуць вечна. Неўміручасці прагнуць усе, але хто яе варты? За якія заслугі?  

   Аўтарская пазіцыя ў творы відавочная: неўміручасці варты толькі такія, як Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі, Гогаль, за іх палкае служэнне народу і паслядоўнае адстойванне прынцыпаў народнасці ў літаратуры. «Чатыры добрых малайцы» выпісаны аўтарам з непрыхаванай сімпатыяй, іх надзяляе ён высокімі эпітэтамі і параўнаннямі. Перад імі (заўважым гэта) «народ раздаўся на канцы», ім не трэба нават штурхацца, ціснуцца ў гэтым гармідары, яны, «як бы птушкі праляцелі», «прайшлі, як павы, на Парнас». Народ і толькі народ, сцвярджае Канстанцін. Вераніцын, вызначае вартасць творцы і яго несмяротнасць.  

   Зусім іншых сродкаў абмалёўкі і характарыстыкі «заслужылі» ў аўтара рэакцыйныя пісьменнікі Булгарын, рэдактар рэакцыйнай газеты «Северная пчела», і яго паплечнік, аўтар граматыкі Грэч. Першы — «сівы, кароткі, тоўсты, як чурбан, плюгавы, дужа некрасівы, крычыць, як ашалелы пан». Другі — «несці кніжкі пасабляе, а сам граматыку нясе, што ў семінар'ях вывучаюць». Дарма! З такім «набыткам» на Парнас не ўлезці. Неўміручасць не для такіх! Іншы пропуск павінен быць у тых, хто прагне неўміручасці. A які ж?  

   Галоўную нагрузку ў выражэнні ідэі паэмы і ў выяўленні эстэтычнай канцэпцыі Канстанціна Вераніцына нясе вобраз Тараса — галоў-нага героя, пра што і сведчыць назва твора. Праблема эстэтычнага была вызначальнай у барацьбе паміж прагрэсіўнай літаратурай і рэакцыйнай, пра што сведчыў і канцэптуальны артыкул Чарнышэўскага «Пра эстэтычныя адносіны мастацтва да рэчаіснасці». Прадметам мастацтва павінна быць толькі прыгожае. Але што ёсць прыгожае, вартае мастацтва?  

   Сімвалічным з'яўляецца ўзыходжанне Тараса на Парнас. Гэта адказ на пытанне, што ёсць прыгожае, што варта ўвагі паэтаў і творцаў наогул. Просты чалавек, носьбіт духоўнага, вечнага, у якім увасоблены эстэтычны ідэал паэта Канстанцін Вераніцына і яго адказ на важнае для ўсяго грамадства пытанне, — менавіта ён павінен стаць героем новай літаратуры!  

   Заслуга К. Вераніцына ў тым, што ён не толькі адмаўляе, а найперш сцвярджае, хто павінен быць героем літаратуры і якім. Прычым сцвярджае пераканальна, доказна, стварыўшы першы ў нашай літаратуры вобраз працоўнага чалавека такой прыцягальнай эстэтычнай сілы ўздзеяння. Стварыў і залюбаваўся ім самім зладаваным: улюбёнасць аўтара ў свайго героя відавочная.  

   Сюжэт і кампазіцыя паэмы спрыяюць усебаковаму і вычарпальнаму выяўленню лепшых якасцей галоўнага героя.  

   Толькі ў першым раздзеле — аўтарская характарыстыка героя, акцэнтаванне увагі чытача на вызначальных якасцях Тараса: працавітасці, сумленным стаўленні да сваіх абавязкаў, за што «ў ласцы быў у пана, яго пан дужа шанаваў»: 

Любіла тож Тараса й паня,

і войт ні разу не збрахаў,

Затое ж ён болота зрання

Да цёмнай ночы пільнаваў.

   Адвеку нашым народам цаніліся і паважаліся такія якасці, як цвярозасць і рахманасць — міралюбства, вытрымка, цярпімасць і спакойны нораў: 

Што ж, чалавек ён быў рахманы,

Гарэлкі ў губу ён не браў.

   Прычым менавіта на цвярозасці як важнейшай якасці Тараса паэт акцэнтуе нашу ўвагу некалькі разоў. І калі Тарас з асуджэннем глядзіць, як «багі гарэлку піць пачалі, З насадкі ў чаркі так і льюць!», як «Зеўс тым часам насцябаўся, Што носам чуць зямлю не рыў», як тых, хто «гарэлкі насцябаўся», «пад лаўку клалі спаць». І калі з агідай і сорамам вымушаны слухаць, як:  

Бах сп'яну пеў такі прыпеўкі,

Што аж не можна г аварыць,

Аж засароміліся дзеўкі,

Так стаў ён брыдка развадзіць.

   Багі маглі весяліцца толькі тады, калі «гарэлкі насцябалісь», а «Тарас наш не ўцярпеў», «калі зайграў дудар скакуху»:  

І ад парога, што ёсць духу,

Скакаць на хату паляцеў.

Як стаў прытаптываць атопкам,

Аж рот разявілі багі:

То ён прысвісне, то прытопне,

То шпарка пойдзе у кругі.

Глядзеў Юпітэр і дзівіўся,

і над дуду ў далоні біў...

   Паэт Канстанцін Вераніцын настойлівы у сваім перакананні, што цвярозасць — вялікая каштоўнасць нацыі і ўмова духоўнай волі і багацця чалавечай асобы. Нагадаем, што і ў паэме «Два д'яўлы», якая, паводле даследаванняў і лінгва-матэматычнага аналізу, таксама належыць пяру К. Вераніцына, ён б'е трывогу, папярэджвае, што «будзіць поўна пекла наша», калі не справімся са «змеем», з п'янствам. Чорт аж двух д'яблаў паслаў на нашу зямлю, каб «нашы душы самушчаць». Хаўрус двух д'яблаў вельмі небяспечны, бо п'янства і ёсць той ланцуг і путы, што страшней за ўсе кайданы рабства. З любога палону можна выйсці, калі ўстаць і ісці, а путы п'янства не дадуць выйсці з рабства: чалавек становіцца рабом самога сябе.

   Акрамя першага, усе астатнія раздзелы паэмы «Тарас на Парнасе» — гумарыстычна-жартаўлівае апавяданне Тараса пра яго незвычайныя прыгоды, апавяданне, у якім рэальнае і казачнае, фантастычнае самым дзівосным чынам пераплятаюцца. Рэальнае ў творы часам на ўзроўні гістарычнай канкрэтнасці: «Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі і Гогаль шпарка каля нас прайшлі...» Прайшлі на Парнас — сталі неўміручымі за слугаванне народу, які перад імі пачціва «раздаўся на канцы».  

   Зусім рэальныя ў паэме побытавыя замалёўкі: «Стаіць зазвычай панскі двор, Кругом абнесен тын яловы: Нябось сюды не ўлезе вор! А на дварэ тым свінні ходзяць, Каровы, козы, бараны...» Але ўсё гэтае «хазяйства водзяць» не паны і не сяляне, а... багі! А жыццё багі вядуць зусім зямное, хоць і жывуць на Парнасе. І ў іх тут, як ля гары,  

Был і паны, было і зброду,

Як часам і на свеце ў нас.

   Прыём парадзіравання высокага праз нізкае, сатырычна выпісаныя вобразы багоў спрыяюць выяўленню аўтарскай пазіцыі, што ў літаратуру прыйшоў новы герой, дастойны заняць месца тых, хто там дагэтуль панаваў. Аўтар сцвярджае прыход героя, новага героя, які па сваіх маральных якасцях стаіць намнога вышэй за тых, што «па-навалі» ў літаратуры старой, рэакцыйнай. Час патрабуе ад літаратуры звароту да народа, патрабуе адлюстравання яго жыцця, выяўлення яго душы, яго памкненняў. Але ці варты гэты новы герой таго, каб яму прысвячаць высокае мастацтва?  

   Рэальным, зямным і адначасова прыгожым, цікавым героем з'яўляецца ў паэме Тарас. Фантастычнае, прыгодніцкае ў паэме — не толькі дзеля таго, каб зацікавіць чытача, але і каб выпрабаваць свайго героя незвычайнымі абставінамі. У такіх абставінах апроч услаўленых аўтарам у першым раздзеле якасцей выявяцца і іншыя, што неабходны, каб герой заняў сваё належнае месца ў літаратуры. Мова Тараса, яго гумар, дасціпнасць, назіральнасць, здольнасць выказаць словам і сваё захапленне прыгажосцю («Авохці мне! Як там прыгожа! Як быццам хто намаляваў!»), і павагу да працы чалавека («Ці ж лёгка столькі накарміць?!»), і абурэнне некаторымі паводзінамі багоў — усё выяўляе ў ім чалавека разумнага, разважлівага.

   Стварыўшы ў паэме «Тарас на Парнасе» свой пісьменніцкі ідэал чалавека, аўтар надзяліў яго не толькі цвярозасцю, але і стойкім імунітэтам да п'янства, пагардлівымі да яго адносінамі. Аўтар выпрабаваў свайго героя не толькі стаўленнем да працы, але і праверыў на здольнасць бачыць прыгожае і адпачываць, шчыра павесяліцца без гарэлкі. У гэтым вобразе ўслаўлены ўвесь беларускі народ і ўласцівыя яму нацыянальныя якасці. Гэты твор каштоўны для нас і сваёй этнаграфічнай інфармацыяй. Усё ў ім — наша, нацыянальнае: і звычаі, і традыцыі, і гульні, і стравы, і справы. Паэма сведчыць, якімі былі нашы продкі, што ў іх лічылася каштоўным, людскім, а што заганным і ганебным.  

   Паэма — як каштоўны брыльянт, што мае і вартую яго аправу, — мову. Яна жывая, сакавітая, вобразная, багатая эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі, трапнымі выслоўямі: «Як тараканы каля хлеба, Багі паселі ў круг стала»; «Чырвона, тоўста, круглаліца, і вочы, як на калясе, Як жар, гарыць яе спадніца, Істужкі ўплецены ў касе».

   Паэма як народны твор стала сапраўды «першай літаратурнай любоўю Беларусі». Ведаюць яе і за межамі нашай краіны. Пераклаў яе на рускую мову М. Ісакоўскі.

Похожие статьи:

ІншаеКанстанцін Вераніцын - Два д’яблы

СачыненніВобраз палясоўшчыка Тараса ў паэме "Тарас на Парнасе"

БиографииКанстанцін Вераніцын