Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Вінцэсь Каратынскі

Кнопка отправить на печать

   Сябар, вучань, нават асабісты сакратар Уладзіслава Сыракомлі, прадаўжальнік яго традыцый Вінцэсь Каратынскі (1831-1891) таксама пакінуў нам невялікую спадчыну на беларускай мове: 

   «Уставайма, братцы!», «Туга на чужой старонцы» ды верш-прысвячэнне Арцёму Вярыгу-Дарэўскаму. Няшмат. Але і гэтыя паэтычныя роздумы над лесам «маткі-зямліцы» і яе дзетак, выгнаных з роднага краю за шчырае яму слугаванне, вымушаных жыць у эміграцыі, выяўляюць светапогляд і багацце душы паэта-патрыёта. 

   Польскамоўны «абразок з народнага жыцця», паэма «Таміла» ўражвае сваім трагізмам у адлюстраванні жыцця прыгоннага селяніна Тамілы. Аднак зусім іншыя, чым у Сыракомлі, у В. Каратынскага стасункі з Богам. Праўдзіва паказваючы пакутніцкае жыццё свайго народа і не бачачы ніякага выйсця з такога бядотнага становішча, Вінцэсь Каратынскі напаўняе свой твор роздумам пра наканаванасць лёсу, спрадвечную несправядлівасць, пачуццём скрухі і гаркотай — усім тым, што вызначыць на доўгія гады асноўную праблему беларускай літаратуры: «За што?»  

   Сцвярджаючы поўную залежнасць чалавека ад лёсу, Вінцэсь Каратынскі не бачыць разам са сваім героем Тамілам у гэтым свеце нічога, што залежала б ад яго: толькі скруха і безвыходнасць, абумоўленыя гэтай несправядлівасцю і жорсткасцю, вызначаюць стан яго душы. Ды і стан уласнай душы не залежыць ад чалавека — вось што самае трагічнае ў гэтым свеце, і што з вялікай мастацкай сілай і экспрэсіўнасцю выяўленае Каратынскім ў паэме «Таміла». 

   Апісанне трагічных жыццёвых калізій свайго героя Тамілы і лірычны роздум паэта з такой нагоды складаюць змест твора, які і пачынаецца з лірычнага звароту-сумневу: «ці вырасце збожжа», калі «зло не знікае, як з ветрам мякіна».  

   Упартая праца некалі заможнага селяніна Тамілы, у якога была «хата, як шклянка, у каморы даволі», сёння не ратуе ад страшэннай галечы ні яго, ні яго ўнукаў:  

Гумно як падмецена, пуста ў каморы,

і хлеба апошні ўжо бохан начаты.

   Вячэра «без хлеба», толькі «пракіслае, клятае марна бацвінне» пасля цяжкай працы...  

   Выклік у двор напаўняе сэрца яшчэ большай трывогай, бо разумее Таміла, што там яго чакае «знявага душы або целу пакуты». І не памыліўся. Пан нават паспачуваў селяніну, пахваліў за руплівую, «як вол у ярме», працу, але сказаў, — што «цяжка змяніць, што назначана... Богам». І патрабуе прадаць апошняга каня — «і заплаціш падатак». 

   Шмат драматычных момантаў у жыццяпісе Тамілы, але найбольш уражвае апісанне яго душэўных пакут, яго развітанне з конікам, які «дзесяць гадоў адслужыў... пачціва», яго бяссонная ноч перад тым, як весці прадаваць каня на кірмаш. Што ж будзе далей? «Стаць п'яніцай шчэ давядзецца старому або нават горай» — налажыць на сябе рукі?  

   Вірлівы горад, такі чужы і нямілы, быццам падае Тамілу знакі бяды.  

   Прадаўшы вельмі танна свайго Пярэстага цыганам і сустрэўшы былого дружбака Паліцу, Таміла пайшоў у карчму. Споведзь Тамілы свайму сябру, аповед пра трагедыю сына і яго сям'і (сын памёр у час эпідэміі, «зняў сярмягу з плячэй, распрануўся, да хворых пабег — і ўжо больш не вярнуўся») — самы, бадай, акордны па сваім трагізме момант у паэме. Каб заглушыць невыносны боль яшчэ і ад успамінаў па сыне і заўчасна памерлай нявестцы, Таміла з Паліцай выпілі яшчэ, а потым «у чаркі астаткі яны пазлівалі», «што, зрэшты, у абдымку пад стол яны ўпалі».  

   Дарэмна чакаюць Тамілу з грашыма яго жонка і галодныя ўнукі-сіроты. Тамілы няма.  

   Паэма заканчваецца апісаннем ... вяселля ў вёсцы Тамілы з усімі звычаямі і абрадамі: прыезд у хату да маладой, дзяльба караваю на ручніку — залацістым шэдэўры дзявочага ўмельства, адорванне маладых...  

   Паборца Кандрат на вяселлі і паведаміў усім, што да яго па колішняй дружбе завітаў Паліпа, які і прынёс сумную навіну: Тамілу абакралі... 

   Ніхто да Каратынскага так пранізліва, з такой сімпатыяй і адначасова скрухай не паказаў усю трагедыю народа, якому «далі розум, хараміну, шчасця не далі...». Гэтую традыцыю прадоўжаць яго спадкаемцы, толькі напоўняць яе новым зместам і гучаннем.  

   Валодаючы тымі ж нацыянальнымі якасцямі, што і Таміла, героі багушэвічаўскіх, купалаўскіх твораў прыйдуць да іншай высновы, пройдуць шлях ад усведамлення, што «не надта свабодна ў гэтай свабодзе», і падымуцца да жадання «людзьмі звацца». І за права жыць і«людзьмі звацца» пойдуць «на вялікі сход па Бацькаўшчыну!»  

   За любоў да «маткі-зямліцы» і пашану да яе разумных, працавітых дзяцей шануюць памяць Каратынскага ўдзячныя патомкі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!