Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вікенцій Равінскі - Энеіда навыварат

Энеіда навыварат - Чытаць поўны варыянт

 

 Бурлескнымі травесційнымі паэмамі Вікенція Равінскага (1786-1855) «Энеіда навыварат», Канстанціна Вераніцына (1834-1904) «Тарас на Парнасе» і вершам Паўлюка Багрыма (1813 - каля 1891) «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» пачынаецца новая беларуская літаратура. Значэнне гэтых твораў для нашай нацыянальнай культуры нельга перабольшыць. І не толькі таму, што названыя паэмы і верш — першыя значныя беларускамоўныя творы ў нашай літаратуры. Іх высокая мастацкая вартасць і дасканаласць наватарства ў рэалістычным адлюстраванні рэчаіснасці паўплывала на далейшае раз-віццё беларускай літаратуры; яны сталі праграмнымі, вызначальнымі, акрэслілі накірунак, шлях, па якім пайшлі нашы творцы «на Парнас».  

   Праблема аўтарства паэм (да нядаўняга часу яны лічыліся ананімнымі) лішні раз даказвае, у якіх жудасных умовах знаходзілася тады наша нацыянальная культура, калі такія жамчужыны на доўгі час страцілі прыналежнасць да сваіх стваральнікаў. 

   Дзякуючы навуковым пошукам даследчыкаў, у першую чаргу Генадзя Кісялёва, імя Вікенція Равінскага трывала замацавалася за славутай паэмай «Энеіда навыварат», а Канстанціна Вераніцына як найбольш верагоднага аўтара — за паэмай «Тарас на Парнасе», што засведчана і ў апошнім выданні Беларускай энцыклапедыі. Не вытрымлівае ніякай крытыкі сумнеў адносна аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе» толькі на той падставе, што «гэтая праблема зацікаўлена абмяркоўвалася грамадскасцю ў канцы XІX ст., калі яшчэ жыў К. Вераніцын» і сам мог пацвердзіць сваё аўтарства. Нават у наш час многія аўтары далёка не заўсёды ведаюць пра ўсе (ухвальныя ці адмоўныя) публікацыі адносна сваёй творчасці. У той жа час, калі наогул не было беларускіх перыядычных выданняў, калі душылася ўсё нацыянальнае, такое «шырокае абмеркаванне» было наогул небяспечным для чалавека, які вымушаны быў пасля падзей 1863 г. выехаць у Пецярбург. У Маскве К. Вераніцыным была напісана паэма «Два д'яўлы», бо лінгва-матэматычнай экспертызай устаноўлена: і «Два д'яўлы», і «Тарас на Парнасе» належаць аднаму аўтару. Вельмі слабая версія і адносна таго, што магчымым аўтарам паэмы з'яўляецца Ялегі Вуль. Ужо хаця б таму, што Ялегі Вуль — паэт ярка выяўленай польскамоўнай арыентацыі. Перад намі ж твор — нацыянальны і зместам, і формай, і, самае галоўнае, моўным выяўленнем нацыянальнага.

   У паэме «Энеіда навыварат» Вікенцій Равінскі ўвасобіў свае грамадскія ідэалы, знішчальна высмеяў мараль дваранства, а самае галоўнае — паказаў заганнасць і наканаванасць прыгонніцтва. Ідэйна-эстэтычная вартасць паэмы заключаецца якраз у тым, што адмоўныя рысы герояў падаюцца не як прыродныя, а як сацыяльныя, спароджаныя прыгонніцтвам, канкрэтна-гістарычнымі абставінамі жыцця.  

   Для выяўлення сваіх грамадзянскіх і эстэтычных ідэалаў паэт абраў травесційную (пераніцаванне, «пераапрананне», пародыя, падробка з мэтай прынізіць, высмеяць) форму. Ён «пазычыў» у антычнага паэта Вергілія толькі фабулу (менавіта фабулу, а не сюжэт) з яго паэмы «Энеіда», пераніцараў і напоўніў нацыянальным зместам, стварыў характэрныя сацыяльныя тыпы прадстаўнікоў розных грамадскіх груп (ад прыгоннікаў да прыгонных), выявіў свае адносіны да жыцця, яго ладу.  

   Нагадаем спачатку фабулу старажытнарымскай паэмы, у якой расказваецца пра падарожжа і прыгоды Энея, сына Венеры. Ён пасля разгрому Троі грэкамі разам са сваімі воямі-траянцамі накіроўваўся морам у Рым, каб там заснаваць новае царства.  

   У час падарожжа ён сустракае шмат перашкод, з ім здараюцца розныя прыгоды. Спачатку яго і траянцаў намерылася загубіць багіня Юнона, бо люта ненавідзела сваю саперніцу — Венеру, маці Энея. Юнона падгаварыла бога вятроў Эола ўзняць на моры буру. Але Эней звяртаецца па дапамогу да Нептуна, які праганяе вятроў і суцішвае мора. І Венера дапамагае свайму сыну: яна просіць вярхоўнага бога Зеўса паспрыяць Энею. Зеўс паабяцаў Венеры, што яе сын шчасліва даплыве да Рыма і будзе царом.  

   Пасля доўгіх вандровак траянцы спыняюцца ў Карфагене. Карфагенская царыца Дыдона спачатку насцярожана паставілася да траянцаў, але, убачыўшы Энея, палагоднела, запрасіла ўсіх да сябе, наладзіла пачастунак.  

   А цяпер паназіраем, якім зместам напоўніў рэмінісцэнтную фабулу Вікенцій Равінскі. Своеасаблівасць і арыгінальнасць беларускай «Энеіды...» у тым і заключаецца, што ў ёй цесна ўзаемадзейнічаюць дзве рэаліі — беларуская і рымская — і падкрэсліваюць травестацыю твора. Антычнасць «урываецца» ў беларускі побыт, а беларускі ўваходзіць у антычнасць. Антычныя багі набываюць сялянскія рысы і паводзяць сябе не як міфічныя асобы, а як канкрэтныя людзі адпаведнага беларускага рэгіёна ва ўмовах прыгону.  

   У вобразах старажытных багоў мы лёгка пазнаём распуслівых прыгоннікаў: адзін — «зводнік», другі — «буянец», трэці — «злодзей». У рымскай міфалогіі Юнона з'яўляецца багіняй сямейнага дабрабыту, ахоўніцай жанчын і шлюбу. У беларускай паэме яна ўвасабляе дэспатычную пані-прыгонніцу, злую памешчыцу:

Але Юнона, баба злая,

Адроддзя панскага, ліхая! —

Шукала ўсё яго згубіць,

На дно у пекла пасадзіць:

За тое, бачыш неўзлюбіла,

Яго Венера што радзіла.

   У беларускай паэме адбылося парадыйнае зніжэнне вобраза Юноны да жорсткай інтрыганкі, паводзіны якой нават непрыстойныя. Старому распусніку Эолу Юнона прапануе не нявесту, а палюбоўніцу:  

Калі, сват, зробіш тую чэсць,

То я дзявухну украсіву,

Салодкую, як з мёдам сліву,

Табе за тое прывяду».

Эол расшупіў тое дзела, —

З яго аж слюнка пацякла!

Любіў ён цешыць грэшна цела,

Дзявухна па нутру была.

   Вікенцій Равінскі надзяляе бога вятроў Эола рысамі панскага прыганятага, які  

... галень схапіўшы,

На паншчыну склікаць пачаў,

і ўсе ён ветры распушыўшы,

Бурліць ім мора наказаў.

   Уладным вяльможай паказаны Зеўс — вярхоўны бог, уладыка багоў і людзей, але паказаны сатырычна, здзекліва:

A Зеўс тады сядзеў у клеці —

Гарэлку з мёдам там сцябаў.

   Нептун малюецца як чыноўнік-хабарнік, якога лёгка падкупіць гарэлкай і грашыма:

Нептун на грошы меў ахвоту,

Гарэлку добра ён сцябаў,

Пачуў, што будзе за работу,

На ветраў строга закрычаў...

   І Дыдона паказана як заўзятая прыгонніца, якая не цырымоніцца са сваімі падданымі:

Ай вы, Духанскія цыганцы!

Курэй з-пaд клецця крадзіцё?!

Чаго сюды вас прыкруціла?

   У вобразах «траянцаў» увасоблены беларускі народ з яго нацыянальнымі рысамі: працавітасцю, жыццястойкасцю, таленавітасцю:  

Мы ўсяку паншчыну смякаем:

У бровара глядзець як знаем,

Загнеткі, сундукі рабщь,

На бочкі абручы набіць...

   Малююцца «траянцы» з улікам нацыянальнага побыту беларускіх сялян, апісваюцца іх звычаі, забавы, адзенне, стравы.  

   Як першая кніга Вергілія заканчваецца апісаннем вясёлага застолля, танцаў і гульняў у царыцы Дыдоны ў Карфагене, так і фінал беларускай «Энеіды...» аздабляецца нацыянальнымі абрадамі:  

І жарты розныя рабілі:

Казу святочную вадзілі,

З загнеткі лося забівалі,

Дугу у браму прадзявалі, —

Пустоты ўволеньку было!

   І бытавыя замалёўкі, і вобразы падказаны аўтару жыццём дарэформеннай Беларусі — калоніі царскай Расіі; яны падкрэсліваюць бесчалавечную сутнасць самой сістэмы прыгонніцтва і прадажнай бюракратыі.  

   Напісаная на Смаленшчыне, дзе бытуюць беларускія гаворкі, упершыню апублікаваная ў 1845 г. у рускім часопісе «Маяк», паэма і па сённяшні дзень здзіўляе самага патрабавальнага чытача і рэалізмам, і сінтэзам умоўнага і рэальнага ў ёй, і сатырычным эфектам, і сакавітай народнай мовай. І мы, як некалі сяляне, якім Вікенцій Равінскі чытаў сваю паэму, шчыра смяёмся і здзіўляемся, што «пан ведае так добра іх мову і жыццё». Паэма стала «прарывам» у новую беларускую літаратуру, праграмай для яе і адначасна адмаўленнем аджыўшых канонаў класіцызму.

Похожие статьи:

СачыненніПаэма Вікенція Равінскага "Энеіда Навыварат"

БиографииВікенцій Равінскі