Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Шамякін - Дубы

Увага!!! Поўны змест

   Над лесасекай, зарослай густымі кустамі арэшніку, плыло павуцінне бабінага лета. Плыло ў бок маладога, як бы абпаленага дзівосным агнём, асінніку. Але (так здавалася здалёк, з другога краю лесасекі) павуцінне, нібы баючыся згарэць на гэтых агністых лісцях, не чаплялася за асіны, а, даляцеўшы туды, раптам узнімалася вышэй іх і ляцела ў ясны, на дзіва глыбокі блакіт асенняга неба і як бы раставала ў гэтай бяздоннай сіняве. Сонца нядаўна схілілася з паўдня, але хавалася ўжо за лесам, і на дзялянку падаў доўгі зубчасты цень, дзе-нідзе разрэзаны сонечнымі прасветамі.
   Па лясной сцежцы, звілістай і вузкай, засланай залатым дываном бярозавага лісця, ішлі тры чалавекі ў форменных шапках лясной варты. Відаць, як у большасці людзей іх прафесіі, яны не вызначаліся залішняй гаварлівасцю.
   Каля лесасекі самы старэйшы з іх, ссутулены, з худым маршчыністым тварам і сівымі вусамі, гэтак жа моўчкі звярнуў са сцежкі і закрочыў паміж кустамі арэшніку.
   Самы малады ляснік здзіўлена паклікаў яго:
   – Ігнат Макаравіч! Куды вы?
   Стары, не азірнуўшыся, махнуў рукой, як бы даўшы знак: ідзіце сваёй дарогай, не звяртайце на мяне ўвагі.
   – Макаравіч! Мы ж дамаўляліся пабываць на пасёлку...
   – Не чапай, – сказаў трэці, – Пайшоў да дубоў. Параіцца...
   – З дубамі?
   – Ён, брат, з дрэвамі, што з дзецьмі, размаўляе. А дубы гэтыя вельмі дарагія яму. Хіба я не расказваў табе?
   Між тым стары ляснік, мінуўшы лесасеку, прайшоў малады асіннік, потым па жардзінах, нябачных у траве, перабраўся цераз пойму невялікай рачулкі. Тут, у пойме, раслі вольхі, гонкія, але амаль кожная са скрыўленым крыху камлём, бо раслі яны кустамі ка высокіх купінах. Вясновая вада вымывала ў купінах норы, агаляліся чырвоныя карэнні, але вольхі, сплёўшыся карэннямі, трымалі адна адну, і рэдка якая падала пад націскам ветру. Ігнат Макаравіч, які ведаў і шанаваў кожнае дрэва ў абходзе, не надта любіў гэтыя балотныя вольхі. Вось і зараз, калі ўвесь лес гарыць золатам, у якое яго ўбрала восень, алешнік гэты як бы не прызнае яе законаў і паводзіць сябе дзіўна: угары ўвесь яшчэ зялёны, а трава ўнізе засыпана лісцем, пачарнелым, скручаным, як гарэлая бляха. Непрыкметна і непрыгожа скідае сваё летняе ўбранне!
   Стары перайшоў па кладцы, зробленай яго рукамі, рачулку, выбраўся на сухі высокі бераг. Адгэтуль пачынаецца дубовы гай. Векавыя дубы стаяць паважныя, спакойныя ў сваёй велічы. Яны не то што не падпарадкоўваюцца агульным законам восені, яны проста, адчуваючы сваю сілу і моц, скараюцца ёй у апошнюю чаргу. Подых восені мала яшчэ крануў іх. Рэдкія лісці зрываліся з галін асілкаў і ляцелі ўніз павольна, асцярожна, як разведчыкі, лажыліся на зямлю роўна і прыгожа, накрываючы жоўта-зялёныя жалуды, якія, наадварот, падалі з вышыні імкліва, як кулі, і гучна чмякаліся аб мяккую зямлю.
   Ігнат Макаравіч запаволіў хаду, нахіліўшыся, падняў колькі жалудоў, паклаў у кішэнь. Глянуў угару. Ён любаваўся дубамі. Але гэта былі яшчэ не тыя дубы, да якіх ён ішоў, каля якіх яму захацелася пасядзець. Тыя крыху далей. Ім не па дзвесце і не па сто, а ўсяго па сорак год. Вось яна: нешырокая, але доўгая дзялянка, паўзквартальную прасеку, у абкружэнні больш сталага лесу з роўнымі радамі не надта высокіх, але дзябёлых, прыгожых, з белаватай карой, з густымі шапкамі галля маладых дубоў. З першага ж позірку відаць, што дубы гэтыя пасаджаны чалавекам і што клапатлівыя ўмелыя рукі заўсёды прысутнічалі тут.
   На краі дзялянкі, як бацька, як вартавы, узвышаецца стары волат-дуб, магчыма, самы стары ў гэтым гаі, з парадзелым голлем, з глыбокімі шрамамі ад удараў маланкі. Моладзь пачціва адступіла ад старога, і тут утварылася ўтульная палянка. На гэтай палянцы, за акуратнай агароджай з дашчэчак, – два магільныя курганчыкі, два любоўна выструганыя з цэлых кавалкаў дубу абеліскі. На кожным простыя надпісы.
   На адным:

КРЫЛОЎ АРСЕНІЙ ВЕНІЯМІНАВІЧ 1894-1921

   На другім:

ЦВІРКУН КАНСТАНЦІН ІГНАТАВІЧ 1923-1943

   Ігнат Макаравіч падышоў да магілак, зняў сваю форменную шапку, пастаяў хвіліну. Потым сеў на маленькую лавачку пад старым дубам. Аднекуль дыхнуў вецярок, і загаманілі маладыя дубы, як бы вітаючы свайго гаспадара. Стары ляснік ласкава паглядзеў на іх і, нахіліўшы сваю галаву, глыбока задумаўся. Амаль усё яго жыццё звязана з лесам, з гэтымі дубамі і гэтымі магіламі...
 

* * *

   Даўным-даўно, яшчэ за некалькі год да першай сусветнай вайны, прыйшоў ён, малодшы сын малазямельных бацькоў, на заработкі ў лес, які належаў тады князю Паскевічу. Старанны, працавіты хлопец спадабаўся ляснічаму – пану Касоўскаму, і той "ашчаслівіў" яго – паставіў на абход пры сабе, пры канторы. Але "лягчэйшы абход" даўся Ігнату ў знакі, бо быў ён тут не толькі лесніком, але адначасова кучарам, качагарам, лакеем і нават нянькай у пана ляснічага. Працаваў з цямна да цямна, не разгінаючы спіны. Ажно дзічаць пачаў у лесе, бо ніколі не меў часу збегаць у вёску, пагутарыць з людзьмі. Ды і недалюблівалі яго ў вёсцы – занадта ён выслужваўся перад панам. Ляснічы ўратаваў яго ад прызыву на вайну – трэба ж некаму сцерагчы княжацкі лес, – і Ігнат пачаў старацца яшчэ больш. Невядома, каго зрабіў бы з яго пан Касоўскі, каб у шаснаццатым годзе не з’явіўся ў лясніцтва новы чалавек. Прыехаў на пасаду пісара звольнены з арміі па раненню, хворы на сухоты, прапаршчык, былы петраградскі студэнт, Арсеній Веніямінавіч Крылоў. Чалавек гэты з першых жа дзён здзівіў Ігната. З леснікамі і сялянамі ён вітаўся за руку і гутарыў не так, як афіцэр і пан, а як свой, як роўны з роўнымі. Ігнат спачатку нават баяўся яго і пазбягаў. Але вельмі ж ужо душэўны чалавек быў гэты пісар, і хутка яны пасябравалі. Ігнат упершыню пачуў з вуснаў адукаванага чалавека пра тое, пра што марылі бедныя аднавяскоўцы яго.
   – Зямля павінна належаць тым, хто працуе на ёй. Усе багацці зямлі павінны належаць народу. Народ – гаспадар усяго, а не паны і князі.
   Наконт зямлі – гэта Ігнату падабалася, бо і сам ён марыў набыць калі-небудзь уласны кавалак зямлі, не век жа яму леснікаваць. Усё іншае яму цяжка было зразумець адразу.
   – А лес? – спытаў ён, калі Арсеній Веніямінавіч гаварыў пра "ўсе багацці зямлі".
   – I лес, безумоўна, будзе належаць народу!
   Ігнат ажно недаверліва засмяяўся тады (ён і цяпер добра памятае той смех).
   – З зямлёй мужык справіцца. А вось лес... Высекуць без гаспадара... Загіне лес, – Ён палюбіў лес, і яму было цяжка думаць, што яго могуць знішчыць, калі не стане аднаго гаспадара.
   – Дык як жа без гаспадара! Ах, Ігнат, Ігнат! Выходзіць, толькі Паскевічы гаспадары, якія ў вочы не бачаць гэтага лесу. А мы з табой – не гаспадары? Ды калі нам народ даверыць пільнаваць гэтае багацце, гэту прыгажосць, – паказваў Крылоў на лес, – хіба мы дазволім каму-небудзь знішчаць яго? Ты што ж думаеш, рэвалюцыя – гэта анархія: бі – каго хочаш, знішчай – што можаш? Не, брат, рэвалюцыя – гэта найвышэйшы парадак, найвышэйшая законнасць.
   Патроху Ігнат пачынаў разумець, што ад чаго. З фронту вярталіся салдаты, і яны, злосныя, незадаволеныя, таксама гаварылі пра тое, што пара канчаць вайну і трэба забіраць у памешчыкаў зямлю. Крылоў хадзіў па вёсках, сустракаўся з надзейнымі людзьмі ў лесе. Ігнат дапамагаў яму ў гэтых сустрэчах.
   I рэвалюцыя прыйшла. Вестку аб ёй прывёз напрадвесні з горада сам Касоўскі. Ігната ўразіла, што ляснічы расказваў пра звяржэнне цара з задавальненнем. Арсеній Веніямінавіч сваю радасць не праявіў чамусьці. Калі ж праз колькі дзён ён атрымаў газеты і прачытаў іх, то сказаў Ігнату:
   – Прагналі цара – добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх – касоўскіх. Рэвалюцыянер знайшоўся! Падлюга!
   Пад восень Крылоў, нічога не сказаўшы, некуды знік. Ігнат са смуткам думаў, што ён з’ехаў назаўсёды, і моцна шкадаваў: здавалася, што са знікненнем Крылова аддаляецца наступленне таго незвычайнага, светлага, пра што ён гаварыў і ў што паверыў Ігнат. Цяпер Касоўскі не любіў лесніка і, па ўсіх прыдзірках было відаць, меў намер звольніць. Але пад канец восені, калі лес скідаў апошняе лісце, Крылоў раптам вярнуўся. Ён неспадзявана з’явіўся ў леснічоўцы і абняў Ігната.
   – Ну, Ігнат! Прыйшло наша свята, наша рэвалюцыя! У Петраградзе пралетарыят узяў уладу ў свае рукі. Таварыш Ленін узначаліў першы Савецкі ўрад. Зямля – сялянам, заводы – рабочым... Прынят дэкрэт аб міры. Давай, брат, і мы з табой браць у нашым лесе ўладу...
   Яны пайшлі ў кантору, адчынілі кабінет ляснічага, і Крылоў сеў за яго стол.
   – Ідзі, Ігнат, пакліч Касоўскага.
   На ганку кватэры ляснічага Ігнат на нейкі момант сумеўся: як цяпер звярнуцца да пана, як назваць яго, хто яго выклікае? Потым рашуча пастукаў.
   Касоўскі адпачываў пасля абеду.
   – Што табе трэба, Цвіркун? – спытаў ён, нездаволены тым, што яго патурбавалі.
   – Вас кліча... таварыш Крылоў.
   – Хто? – Вочы ў пана ляснічага сталі, як шклянкі, быццам яго знянацку стукнулі паленам па галаве.
   – Таварыш Крылоў, – гучна паўтарыў ляснік і, не даючы ніякіх тлумачэнняў, выйшаў.
   Не вельмі паспешліва, але Касоўскі ўсё ж з’явіўся ў кабінет. Убачыў Крылова ў сваім крэсле – збялеў, ажно закалаціўся ўвесь. А былы пісар, узлёгшыся худымі грудзьмі на стол, крыху стомленым голасам сказаў:
   – Я дзейнічаю ад імя павятовага рэвалюцыйнага камітэта... I паклікаў вас, пан Касоўскі, каб сказаць... У Расіі адбылася пралетарская рэвалюцыя. З’езд Саветаў прыняў дэкрэт аб зямлі. Зямля нацыяналізавана... Вашы гаспадары больш не існуюць... Даволі ім панаваць! Служыць вам няма каму. Народу вашы паслугі непатрэбны. А таму я прапаную вам пакінуць лясніцтва...
   Ігнат, які стаяў ззаду ляснічага, убачыў, як паступова налівалася крывёй яго тоўстая патыліца, ажно страшна стала глядзець на яе: здавалася, вось-вось пырсне кроў з тлустай шыі. Але здарылася іншае. Касоўскі раптам закрычаў:
   – Хам! Сволач! Не ўзялі цябе ў верасні, дык атрымлівай цяпер! – і выхапіў з кішэні пісталет. Можа б яшчэ тады загінуў бясстрашны чалавек, змагар за народную праўду, каб побач не стаяў верны друг, якому ён адкрыў вочы на гэтую вялікую праўду. Ігнат, малады, дужы, у адзін міг апынуўся каля ляснічага, моцна ўдарыў па руцэ, якая накіроўвала пісталет на Крылова. Ляснуў стрэл, але куля трапіла ў партрэт Керанскага, што вісеў над сталом, на тым месцы, дзе раней красаваўся ў залатой раме імператар усяе Русі Мікалай Другі.
   – Дзякую, Ігнат, – ціха сказаў Крылоў, прымаючы пісталет, які ляснік вырваў у раз’юшанага пана Касоўскага.
   Убачыўшы, куды трапіла куля, Крылоў засмяяўся.
   – Вось бачыце, нават куля ведае, куды ляцець, – потым сурова сказаў Касоўскаму, які зноў збялеў, як нябожчык:
   – Я маю права шлёпнуць цябе, контра... Але не хочацца ў такі радасны час пэцкаць рукі... Адвязі, Ігнат, сям’ю пана Касоўскага ў горад.
   Па дарозе былы ляснічы маўчаў, як анямелы. Пані, якая ўвесь час стагнала, ахала і нешта казала мужу на незразумелай Ігнату мове, спытала:
   – Каму ж ты цяпер, Ігнат, служыць будзеш?
   – Народу, – не задумаўшыся, адказаў ляснік.
   Касоўскі, устрапянуўшыся пры гэтым слове, утаропіў на лесніка свае шкляныя вочы, нібы раптам убачыў перад сабой зусім новага чалавека, і ціха вылаяўся па-польску:
   – Пся крэў.
   Калі Ігнат вярнуўся з горада, Крылоў, радасна ўзрушаны, вясёлы, забыўшыся на выпадак з Касоўскім, быццам і не было яго – драбяза гэты стрэл у параўнанні з тым громам, які скалыхнуў увесь свет! – дапытваўся:
   – Ды ты разумееш, Ігнат, што адбылося? Пралетарская рэвалюцыя! Пачалася новая эра ў жыцці чалавецтва! Не, табе гэта адразу не зразумець!
   – Разумею, – адказаў Ігнат, з усмешкай назіраючы, як бурна радуецца гэты незвычайны і добры чалавек.
   – A калі разумееш, то скажы, чым нам тут, у палескім лесе, адзначыць такую падзею?
   Ігнат падумаў і прапанаваў:
   – Давайце пасадзім дрэвы.
   Крылоў кінуўся да яго, сціснуў рукі, збянтэжыўшы лесніка, які не прывык да такога выяўлення пачуццяў.
   – Ігнат! Ты – геній! Пасадзіць дрэвы, лес – на радасць новым людзям! А не позна?
   – Восень цёплая, зямля не замёрзла яшчэ. У нас ёсць жалуды...
   – Дубы! Пасадзім дубы, якія будуць расці трыста, пяцьсот год! Цудоўна, мой друг!
   У той жа дзень яны выбралі вось гэту дзялянку, дзе яшчэ перад вайной былі высечаны старыя дубы, выцерабілі кусты і з дапамогай жонкі Ігната і яшчэ аднаго лесніка пасадзілі жалуды. Як яны працавалі тыя два дні, з якой радасцю, асабліва Крылоў! У Ігната Макаравіча і цяпер стаіць перад вачамі, як малады рэвалюцыянер на каленях поўзаў па сырой зямлі і любоўна накрываў кожную лунку.
   А потым – вайна з тымі, хто імкнуўся задушыць рэвалюцыю, вярнуць старыя парадкі. Крылоў пайшоў абараняць маладую рэспубліку Саветаў. Першай вясной Ігнат гэтак жа поўзаў на каленях і абполваў ледзь бачныя ў траве парасткі, зрабіў падсадку там, дзе жалуды не далі ўсходаў, загінулі... Вельмі дарагімі сталі для яго гэтыя пасадкі. А потым і ён пайшоў на вайну, наказаўшы жонцы глядзець за дубамі. Вярнуўся праз два гады – у дваццатым – і ўзрадаваўся, сустрэўшы Крылова ў лясніцтве першым савецкім ляснічым: яго, раненага і хворага, дэмабілізавалі раней. Абняліся, пацалаваліся і першае запытанне – пра дубы.
   – Растуць, Ігнат, нашы дубы. Набіраюцца моцы, – адказаў Крылоў.
   Разам пачалі яны наводзіць парадак у лесе, у якім за гады вайны было нароблена многа шкоды. I ўсюды навокал – у гарадах, у сёлах, у першых камунах – усталёўваўся савецкі парадак. Але блукалі па лясах яшчэ рэшткі разбітых банд. Недалёка за Сожам дзейнічаў нейкі атаман "Каса".
   I вось у дваццаць першым годзе, у асенні дзень, адвячоркам, да канторы лясніцтва прыскакалі тры коннікі.
   – Ляснічы! – паклікалі яны.
   Крылоў выйшаў на ганак у акулярах, з алоўкам у руцэ (кожную вольную хвіліну ён чытаў ці пісаў – вучыўся). Ігнат быў нечым заняты ў сваёй леснічоўцы, калі яго старэйшы хлопчык, убачыўшы праз акно, што здарылася каля канторы, закрычаў:
   – Тата! Забілі! Дзядзьку Арсенія!..
   Ігнат, калі глянуў, не ўбачыў Крылова (той ляжаў ужо мёртвы – бандыт засек яго шабляй), але адразу пазнаў аднаго з коннікаў. Пан Касоўскі! Былы ляснічы! Нядоўга думаючы, ляснік сарваў з цвіка цяжкую аўстрыйскую вінтоўку і, выбіўшы шыбу, злавіў пана на мушку. Ад нечаканага стрэлу неспакойны стаеннік скочыў за загародку, і цела атамана "Касы" павісла на паркане. Астатнія бандыты з крыкам "засада!" кінуліся наўцёкі.
   Ігнат упрасіў таварышаў з горада дазволіць пахаваць Крылова тут, у лесе, каля дубоў, што пасаджаны яго рукамі ў гонар рэвалюцыі.
   Ішлі гады. Раслі дубы. Падрасталі сыны лесніка, чатыры дужыя і разумныя хлопцы – радасць бацькоў. Ім, сынам сваім, і піянерам, што часам прыходзілі сюды, пад стары дуб, на магілу, Ігнат Макаравіч расказваў пра чалавека з вялікім сэрцам, пра мужнага рэвалюцыянера – Арсенія Крылова.
   Раслі сыны – расло шчасце... Самы старэйшы, Павел, скончыў рачны тэхнікум і ўжо плаваў на Дняпры капітанам буксіра. Мікола, які не вельмі быў здатны да навукі, але добры работнік на зямлі, збудаваў сабе хату ў вёсцы і працаваў у калгасе. Арсеній паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію. Малодшаму, Косцю, крыху не пашанцавала: малы ён упаў з дрэва і пашкодзіў нагу. Можа, праз гэта, а можа, праз тое, што Косця больш, чым іншыя дзеці, любіў лес і вырашыў прысвяціць яму жыццё – пайшоў у лясны тэхнікум, Ігнат Макаравіч адчуваў асаблівую любоў да малодшага сына.
   Раслі дубы... Знаходзілі сваё шчасце дзеці. Але раптам грымнула вайна, прыйшла навала... Павел і Мікола пайшлі ў армію, Арсеній застаўся недзе там, у акадэміі. Адзін Косця з тэхнікума мусіў вярнуцца дадому.
   Ляснічы, стары чалавек, камуніст, адступіў са сваімі, каб не трапіць у рукі фашыстаў. Акупанты прыслалі свайго ляснічага, нейкага здрадніка з ласкавым прозвішчам – Сінічкін і замашкамі крамольніка. Быў ён поўны невук. Ды і якая трэба была навука, каб бязлітасна знішчаць народнае багацце – высякаць лес па загаду фашыстаў, прадаваць направа і налева за выпіўку і закуску. У лес Сінічкін баяўся хадзіць, гаспадарку не ведаў, аднак нейкім чынам пранюхаў пра дубы – з якой прычыны і кім яны пасаджаны.
   I вось аднойчы, вясной сорак другога года, Сінічкін паклікаў Ігната Макаравіча. Той з’явіўся, стаў каля дзвярэй.
   – Я слухаю... пан ляснічы. – Ён зноў запнуўся на гэтым праклятым "пан" – цяжка было старому вымаўляць ненавіснае слова, на якое ён даўно забыўся.
   Сінічкін раздражнёна забарабаніў пальцамі па стале і ўтаропіў свае п’яныя шчылінкі-вочы на лесніка. Ён усіх выпрабоўваў такім пранікліва-нахабным позіркам і радаваўся, калі людзі не вытрымлівалі, бянтэжыліся, апускалі вочы. Але Цвіркун кожны раз вытрымліваў яго позірк. I гэта. моцна злавала "пана ляснічага".
   – Вось што, Цвіркун, – мяккім, лагодным голасам загаварыў Сінічкін, – Я маю заданне на дубовую стойку. Як ты думаеш, дзе нам яе нарыхтаваць?
   – Дубовую? Можна выбаркай... – сур’ёзна адказаў Ігнат Макаравіч, не здагадаўшыся адразу, што пытаецца гэты гад для здзеку.
   – Выбаркай? Ха-ха. – Сінічкін злосна зарагатаў і ўжо з яўным здзекам спытаў: – Шкадуеш народнае дабро? Спадзяешся, што бальшавікі вернуцца? Не, мы па дрэўку выбіраць не будзем. Мы, таварыш Цвіркун, высечам дубкі ў сто дванаццатым, – Вочкі яго сталі маслянымі, як у ката, і глядзеў ён на лесніка, як драпежнік на ахвяру. Ігнат Макаравіч адчуў, як дрогнула сэрца і заварушыліся пальцы рук, гатовыя сціснуцца ў кулакі. Упершыню ён апусціў вочы перад здраднікам, не вытрымаўшы яго позірку.
   – Каму спатрэбіліся дваццаціпяцігадовыя дубы?
   – О, ты дакладна ведаеш іх узрост?
   – Я садзіў іх.
   – Вось і добра. Шыкарна. Ты садзіў – ты і высечаш. Заўтра пойдзеш з сынам і пачнеш валіць. А на распілоўку я падкіну людзей, дамоўлюся са старастам, – і ўжо сурова і пагражальна дадаў: – А каму і навошта спатрэбіліся дубы – не твая справа! Ясна?
   Засмучоны, з болем у сэрцы вярнуўся Ігнат Макаравіч у сваю леснічоўку. Здавалася, лягчэй было б яму адсекчы ўласную руку, чым высечы гэтыя дубы. Каля іх ён заўсёды ўспамінаў самае светлае ў сваім жыцці, каля іх мацнела яго ўпэўненасць у непарушнасці ўсяго таго, што было заваявана ў сямнаццатым, яго надзея, што вернуцца нашы – родная ўлада, яго сыны, а з імі – гаспадарскі парадак у лесе, у полі... I вось дубоў не стане. Куды ён пойдзе адпачываць душой, памарыць, пагутарыць?
   Сын Косця, адразу ўбачыўшы, што бацька нечым вельмі ўсхваляваны і засмучоны, спытаў:
   – Ты чаго, тата, сёння чарней ночы?
   – Сэрца гарыць, сын. Гад гэты, – ён кіўнуў у бок канторы, – ведаеш, што надумаў? Высечы нашы дубы.
   – Крылоўскія?
   – Ды мала таго – загадаў, каб гэта зрабілі мы з табой, сваімі рукамі...
   – Ну, гэтага не дачакаецца! Раней сам здохне!
   – А што рабіць, Косця? Ён, канечне, ведае ўсё і падкопваецца не толькі пад дубы, але і пад нас... пад мяне...
   – Надумаем, тата.
   – Калі думаць? Няма калі думаць.
   – Цэлая ноч наперадзе, – адказаў Косця. Ігнат Макаравіч не надаў асаблівай увагі гэтым яго словам, нават расчаравана падумаў, што сын не надта прыняў да сэрца вестку аб пагрозе дубам, а проста, па маладосці, сказаў гарачыя словы.
   Ігнат Макаравіч застаўся сам са сваім горам, cа сваімі цяжкімі думкамі.
   Адвячоркам Косця пайшоў у вёску. Бацька і маці ведалі, што ён мае дзяўчыну, і цешылі сябе думкай, што неўзабаве сын прывядзе ў хату нявестку, а таму заўсёды далікатна маўчалі, калі ён збіраўся ў вёску. Хіба толькі маці прасіла:
   – Сынок, асцярожна хадзі. Час ваенны. Немцам ды паліцаям кожны чалавек здаецца за партызана.
   Усю тую ноч не спаў Ігнат Макаравіч. На досвітку збегаў да дубоў, паглядзеў на іх, паслухаў шум іх маладога лісця, і яшчэ большы жаль агарнуў яго сэрца. Вось і ноч прайшла, а ён нічога не прыдумаў.
   "Косця сказаў: "Цэлая ноч наперадзе". Сядзеў ты, сыне, усю ноч са сваёй Галькай і забыўся пра ўсё на свеце. Эх, маладосць!"
   Вяртаючыся ад дубоў, ляснік пачуў стук сякеры і рушыў туды. На парубку ён не звяртаў цяпер увагі, няхай сякуць людзі! Гэтыя бярвенні і дровы сагрэюць сваіх людзей і менш дабра застанецца ворагу вывозіць на чужыну.
   Парубшчык – стары "лясны злодзей", з якім Ігнат Макаравіч вёў вайну ўжо гадоў дваццаць, весела прывітаў яго:
   – Здароў быў, Макаравіч. Што ж гэта ты не ідзеш хаваць свайго начальніка? Глядзі, прыпішуць табе непавагу да новай улады...
   – Якога начальніка? – здзівіўся ляснік.
   – Як? Ты нічога не ведаеш? Вось табе і на! Ды гэтаму Пцічкіну-Сінічкіну вашаму трыбухі выпусцілі...
   – Хто? Калі?
   – Сёння ўночы. Хто – невядома. Ходзяць чуткі – свой свайго... Паліцай Кулік. Не падзялілі гэтую... Кацьку... Яны ж абодва да яе швэндаліся. Вось каля яе хаты і ўсадзілі яму ў жывот нямецкі штык. Бяжы, брат, на пахаванне. Ды пасля заходзь – вып’ем на радасці... Я бочкі прадаў.
   Стрымана развітаўшыся, Ігнат Макаравіч што ёсць сілы кінуўся дадому. Сэрца рвалася з грудзей: Косця! Гэта зрабіў Косця! Страх за яго гнаў бацьку хутчэй даведацца, што з ім, дзе ён цяпер.
   Косця, відаць, вярнуўшыся з вёскі позна, спаў на сене, на вышках у хлеўчуку. Але на сонным твары хлопца – ці можа бацьку так здалося? – адбівалася трывога. Ігнат Макаравіч разбудзіў сына і таямнічым шэптам спытаў:
   – Скажы, сынок, гэта ты... гада таго?..
   Косця працёр вочы, пільна паглядзеў на бацьку і даверліва адказаў:
   – Не я асабіста. Наша група. Хлопцы.
   З таго дня стары ляснік стаў удзельнікам падпольнай камсамольскай групы. Дапамагаў хлопцам хаваць зброю, разносіў па навакольных вёсках і пасёлках лістоўкі, быў сувязным паміж групай і партызанскім атрадам. А пасля, ужо ў сорак трэцім годзе, разам з хлопцамі, з сынам пайшоў у атрад.
   У час блакады, у якую трапіла іх партызанская брыгада, за ракой Косцю раніла. Сябры вынеслі яго з блакады, але ўратаваць не змаглі: Косця памёр ад гангрэны на руках у бацькі. Ігнат Макаравіч прывёз цела сына ў свой лес і пахаваў тут, пад дубамі, побач з магілай Крылова.
   Ніжэй апусцілася асенняе сонца за лес. Згусціліся цені, зніклі сонечныя плямы на зямлі, засыпанай лісцем. Аднекуль з далёкіх палёў прыляцеў больш напорлівы вецер. Першым загаманіў стары дуб, пад якім сядзеў ляснік, зашаптаў таямніча і паважна, як бы баючыся парушыць агульную ўрачыстасць. Але моладзь адгукнулася вясёлым шумам. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Часцей зачмякалі аб зямлю жалуды.
   Ігнат Макаравіч узняў галаву, паглядзеў на маладыя дрэвы, і добрая ўсмешка асвяціла яго хмуры, задумлівы і заклапочаны твар, густа ўзараны маршчынамі.
   Растуць дубы... Шумяць, як жывы помнік людзям, іх справам. Лесніка заўсёды радуе думка, што ў тую цяжкую часіну, у гады вайны, калі ён быў у атрадзе і лес па сутнасці ніхто не сцярог, тут, на гэтай дзялянцы, не высеклі ніводнага дрэўца. Шануюць людзі памяць аб Крылове, аб яго Косціку... Цяпер сюды яшчэ часцей, чым да вайны, прыходзяць піянеры, і ён расказвае ім аб усім, што адбывалася ў гэтым лесе. Праўда, нялёгка яму расказваць пра смерць сына: не гоіцца гэтая рана ў бацькавым сэрцы.
   Але жыццё – яно ўсепераможнае, яно заўсёды прыносіць чалавеку новыя радасці. За радасцю вызвалення – зварот сыноў... А потым – нараджэнне ўнукаў. Дзяцей Міколы ён бачыць амаль штодня, яны – побач, у калгасе. A ўлетку на дачу ў яго леснічоўку прыязджаюць дзеці Паўла і Арсенія. I яму, старому, прыемна і радасна знаёміць іх, дзяцей горада, з таямніцамі лесу.
   Яму хочацца, каб яны ці хоць бы хто-небудзь адзін з іх палюбіў лес так, як любіць ён, іх дзядуля, як любілі Крылоў і Косця...
   I праца прыносіла радасць. Яе было многа ў пасляваенны час. I з кожным годам яе становіцца больш: па-новаму, па-навуковаму вядзецца цяпер лясная гаспадарка, усё больш і больш пасадак, праполак, санітарных рубак, прачыстак. Праца...
   Стары ўздыхнуў і зноў паглядзеў на вяршаліны маладых дубоў. Адвечнае дрэва дуб! Гэтым, крылоўскім, ужо за сорак год, а яны зусім яшчэ маладыя. Ім расці, жыць яшчэ сотні гадоў.
   А вось яму без года семдзесят, і ён – чаго таіць! – адчувае старасць. Сёння ляснічы зноў, праўда, як заўсёды, далікатна, прапанаваў яму пайсці на пенсію. I маладыя леснікі пачалі ўгаворваць, распісваючы на ўсе лады, якое гэта шчасце – адпачываць, жыць на пенсіі. Дзіўныя людзі! Далікатнічаюць, хітруюць. Навошта? Сказалі б проста: пастарэў, Ігнат Макаравіч, цяжка табе, не ўпраўляешся ты часам... Хіба ён сам не разумее, не адчувае? Але, нялёгка ўжо з цямна да цямна бегаць па абходзе, сачыць, каб не ўзнік дзе пажар, даглядаць пасадкі, адпускаць дровы, лесаматэрыялы... Ды хіба мала яе, самай разнастайнай работы! Гэта толькі людзі, якія не маюць уяўлення, думаюць, што праца лесніка – лёгкая і не вельмі адказная. Не, цяжкая гэта праца і неспакойная. I сапраўды яму нялёгка ўжо. Баляць ногі, спіна, стамляецца сэрца...
   "Ты толькі не крыўдуй, Ігнат Макаравіч. Мы ад усяго сэрца", – сказаў ляснічы.
   А завошта крыўдаваць? Дзівакі хлопцы. А што ён буркнуў як бы нездаволена, злосна: "Падумаю", – дык гэта характар у яго такі. А што тут доўга думаць! Думаць няма чаго.
   – Пайду на пенсію. Буду гадаваць унукаў, – вырашыў ён уголас.
   Дубы зноў зашумелі. I старому здалося, што зашумелі яны ў гэты раз нездаволена, сумна. I яму таксама стала сумна. Ён сказаў ім, як жывым істотам:
   – Нічога. Я вас не пакіну. Я заўсёды буду з вамі.
   Як усякі просты чалавек, які пражыў нялёгкае працоўнае жыццё сярод прыроды, ён спакойна, без страху, без жалю да сябе часам думаў пра смерць. Ён не толькі разумеў няўмольны закон прыроды, ён прымаў яго душой. За сваё доўгае жыццё ён бачыў, як паміраюць людзі і як паміраюць дрэвы. Яму лягчэй, чым многім іншым: яго жыццё прадоўжыцца ў сынах, ва ўнуках, у дубах, у лесе, што пасаджаны яго рукамі.
   Але, калі ён часам думаў пра гэта, з’яўлялася адно жаданне, якое ён нікому не выказаў, акрамя свайго вернага друга – жонкі. Яму хацелася, каб яго пахавалі тут, пад гэтымі дубамі, побач з Крыловым і сынам. Хацелася, каб настаўнік, які прывядзе сюды будучых піянераў, мог сказаць некалькі слоў, між іншым, у самым канцы гутаркі:
   – А тут, дзеці, пахаваны ляснік, які амаль паўвека вартаваў народны лес, пасадзіў гэтыя дрэвы і вырасціў сыноў, такіх жа моцных і непахісных, як дубы.

Похожие статьи:

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні

БиографииІван Шамякін

Іван ШамякінІван Шамякін - Непаўторная вясна