Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Шамякін - Азбука

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Бацька сказаў:
   – Во што, Іван... Хопіць табе цёлкам хвасты круціць і на рагах катацца. Пойдзеш у школу...
   Наступала восень. Але ў той час заняткі не пачыналіся першага верасня – пазней, калі канчаліся палявыя работы, бо ўсе вучні памагалі бацькам.
   У нядзелю бацька паехаў на базар у Дабранку і адтуль прывёз мне буквар. Узрадаваўся я незвычайна. Першая кніга! Мая! Да таго ў хаце бадай што не было кніг, толькі ў бацькавай торбе – пацёрты леснікоўскі даведнік з табліцамі, ды ў маці ў скрыні ляжаў маліцвеннік, як яна называла, пасля я прачытаў, што гэта Псалтыр. Чытаць маці не ўмела. А бацька быў ого які грамацей! Скончыў ажно два класы царкоўнапрыходскай школы.
   Бацька паказаў мне літары.
   – Во ета – а, а ета – бэ, ета – мэ.
   Я на дзіва хутка запомніў усе літары, бо ішоў мне ўжо дзявяты год. Але бацька, хоць і ўмеў чытаць, водзячы жоўтым пракураным пальцам па радках, але сакрэту, вялікай тайны – як літары складваць у словы, – можа, і сам не ведаў.
   З букваром я не расставаўся. Абгарнуўшы яго шматком чыстага палатна, браў з сабой у лес, калі гнаў каровы. Пад восень камарэчы не было, і жывёла пасвілася спакойна. Ды і я ўжо быў умелы пастух – другое лета пасвіў. Ведаў, куды гнаць, дзе каровы і цёлкі вядуць сябе спакойна.
   Была любімая прасека. Там стаялі шуркі дроў, якія вывезуць толькі зімой па снезе. Я забіраўся на такую шурку, каб з вышыні назіраць за статкам і ў соты раз гартаў буквар. Ведаў кожную літару, кожны малюнак. Але ніхто мне не растлумачыў, як літары складаюцца ў словы.
   А, бэ, гэ, мэ... А тут вось побач мэ і а. I выходзіць мэа. Глупства нейкае. Такога слова няма ў людзей, хіба авечкі так мэкаюць.
   Не помню, як здагадаўся прачытаць м без э, а з суседняй літарай а. Выйшла нешта людскае ма. I побач праз злучок – ма. А разам ма-ма. Мама! Мама! Дык вось яно што! Вось яна – разгадка вялікай тайны!
   I далей не мэы, а мы, не лэа, а ла: мы-ла. Мама мыла! О цуд які! I як проста! А далей не рэамэу, а pаму. Мама мыла раму.
   – Умею! Умею! Умею! – закрычаў я на ўвесь лес, спалохаўшы кароў.
   Кульнуўся з шуркі ў траву і качаўся там, дрыгаючы нагамі. Такой радасці, як у той дзень на лясной паляне, я, бадай, не перажываў за ўсё сваё доўгае жыццё, нічому гэтак не радаваўся, як таму дзіцячаму адкрыццю, як складаць літары ў словы. Гэта сапраўды цуд, за якія тыдзень-два я прачытаў увесь буквар.
   У бацькі хапала клопатаў на гародзе. Ды і ў абходзе нямала работы было, тады яшчэ кожны селянін меў каня і ўмеў украсці ў лесе. Прымаўка была: «Хто ў лесе не злодзей, той у двары не гаспадар».
   Карацей кажучы, бацьку было не да мяне і майго буквара. Але ў дажджлівы дзень, калі я прыгнаў каровы на дзённую дойку, бацька ўспомніў пра маю навуку.
   – Ну, грамацей, не забыўся літары?
   – Не забыўся. Усе знаю.
   – Давай праверым.
   Бацька тыцкаў пальцам у літары.
   – Гэта якая? А гэта?
   – Пэ. Я чытаць умею.
   Адгарнуў колькі старонак і голасна прачытаў:
   – Маша ела кашу.
   – Цябе хто навучыў? – здзівіўся бацька.
   – Ніхто. Сам.
   – Сам? – Яшчэ больш здзівіўся бацька і разгарнуў буквар далёка за палавіну, дзе была намалявана ўжо зіма.
   – А тут можаш прачытаць?
   – Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому. Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.
   У бацькі расшырыліся вочы, і ён пахваліў па-свойму, па-леснікоўску:
   – Ну, змей! Быць табе ляснічым.
   Ляснічы – начальнік над усімі леснікамі. Бацька і пасля, калі я хадзіў у школу, у старэйшыя класы, вельмі хацеў, каб я вывучыўся на ляснічага.

Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!