Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Творчасць Івана Шамякіна

Кнопка отправить на печать

   Іван Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля таго, як Шамякін прайшоў вайну і ў 1943 г. уступіў у партыю, ён заканчвае ў 1950 г. Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Першыя тры гады пасля вайны ён працуе настаўнікам, а 1952-1953 гг. – рэдактарам рускамоўнага альманаха «Советская Отчизна». У перыяд з 1954 па 1980 г. займае розныя высокія пасады ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, а з 1980 г. з’яўляецца галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1972 г. Шамякін атрымлівае ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.
   Першымі літаратурнымі спробамі Шамякіна былі кароткія рускамоўныя нарысы і вершы, напісаныя ў 1941 г. для армейскай газеты «Часовой Севера», а таксама шматлікія раннія творы, сярод якіх і першае ягонае апавяданне на беларускай мове – «У снежнай пусгыні» (1944 г., апублікавана ў 1946 г.), што былі прысвечаны ваенным дзеянням на поўначы Савецкага Саюза. Як у пераважнай большасці твораў ваеннай літаратуры таго часу, акцэнт у іх робіцца на апісанне гераізму, а не на больш складаныя праблемы псіхалогіі чалавечых паводзінаў. Аповесць «Помета» (1945) малюе вельмі ідэалізаваную карціну Чырвонай Арміі, што пераможна ўвайшла ў Германію і нават не збіраецца помсціць. Аўтар прадстаўляе савецкіх салдатаў вызваленцамі, якія нясуць справядлівасць і чалавечнасць нямецкаму народу. Тэма гераізму займае не апошняе месца і ў першым вялікім рамане Шамякіна «Глыбокая плынь» (1947-1948), за які ў 1951 г. аўтар быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У 1956 г. раман быў інсцэніраваны. Гэты твор апісвае хутчэй з вялікай палітычнай карэктнасцю, чым з рэалізмам народныя вытокі партызанскага руху, арганізаванага, на самой справе, камуністычнай партыяй, і баявыя аперацыі партызанаў на акупаванай ворагам тэрыторыі. У рамане можна ўжо разгледзець выдатныя здольнасці Шамякіна-апавядальніка, ягонае ўменне стварыць запамінальныя, але не абавязкова глыбокія персанажы. Да сталінскага перыяду адносіцца і раман «У добры час» (1953), які апісвае цяжкасці пасляваеннага калгаснага жыцця і пазіцыю сельскай інтэлігенцыі. Аднак менавіта гараджане становяцца галоўнымі персанажамі Шамякіна ў другой, і больш прадуктыўнай, палове ягонай літаратурнай кар’еры.
   Першым творам, што адлюстраваў новую атмасферу, якая склалася пасля смерці Сталіна і асабліва пасля закрытага выступлення Хрушчова на XX з’ездзе партыі, стаў раман «Крыніцы» (1956), за які Шамякін у 1959 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Коласа і які быў пастаўлены на сцэне ў 1961 г. На фоне адсталага і дэмаралізаванага калгаса аўтар малюе барацьбу паміж рэфарматарамі і традыцыяналістамі, новымі «ленінскімі» метадамі кіравання і кансерватыўным інстынктам самазахавання прывілеяваных бюракратаў. У творы адчуваецца атмасфера таго часу, але асноўныя героі занадта ўжо адназначна падзелены на «добрых» і «дрэнных». Сярод апошніх адмоўны герой Бародка – адзін з самых запамінальных персанажаў. Без сумнення, раман адыграў пэўную ролю ў палітычным выхаванні людзей згодна з апошнімі дырэктывамі камуністычнай партыі. У той жа самы час ён не даў праўдзівую карціну цяжкага стану калгаснай сістэмы ў цэлым. Як было прынята ў тыя часы, праблемы павінны былі абавязкова насіць чыста мясцовы характар – быць папросту «рытвінамі на дарозе». Тое, што раман выглядае ў значнай ступені праўдзівым, часткова можа быць абумоўлена станоўчымі зменамі, якія ён апісвае.
   Вельмі моцны аўтабіяграфічны пачатак мае пенталогія «Трывожнае шчасце» (1966), якая складаецца з пяці аповесцяў – «Непаўторная вясна» (1957), «Начныя зарніцы» (1958), «Агонь і снег» (1959), «Пошукі сустрэчы» (1959) і «Мост» (1965). На прыкладзе жыцця двух галоўных герояў рамана, Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай, Шамякін малюе лёс свайго пакалення ў даваеыныя гады, у жахлівы ваенны перыяд (на фронце і ў партызанах) і ў цяжкія і гнятлівыя часы пасляваеннага аднаўлення. Па многіх прычынах заключная аповесць «Мост» – найбольш цікавая частка кнігі, дзе Шамякін, апісваючы намаганні ў аднаўленні адсталых калгасаў у першую пасляваенную вясну, не дазволіў сабе што-кольвечы ўпрыгожыць. Больш таго, ён малюе запусценне і галечу не як вынік ваеннай разрухі, а як вынік дзеяння палітычнай сістэмы і бюракратычнай структуры, што усё больш ускладняюць жыццё, замест таго каб рабіць яго лягчэйшым. У такой атмасферы падазронасці і страху ідэаліст Пятро Шапятовіч, школьны настаўнік гісторыі і сакратар мясцовай партарганізацыі, увесь час марыць пра будаўніцтва новага моста цераз Днепр. Гэты праект сімвалізуе ўсе ягоныя высакародныя памкненні і спадзяванні. Замест гэтага яго арыштоўвае па сфабрыкаваным абвінавачванні мясцовы кіраўнік МУС, а потым, што найбольш неверагодна (як зазначаў у тыя часы Васіль Быкаў), ён быў вызвалены двума сакратарамі абласной партарганізацыі. Найболей вартымі ўвагі ў гэтай мнагапланавай і досыць рэалістычнай аповесці з’яўляюцца погляды Шапятовіча на тагачасную сітуацыю:
   «Нягледзячы на ўсе нястачы, бюракратызм, грубасць, Пятру хацелася пасля такой вайны і такой перамогі бачыць толькі добрае, прыгожае, высокае і чыстае. Часам яму здавалася: каб людзі знарок не вышуквалі благое, не выцягвалі яго на свет божы, то навокал было б больш светлага і ўсім лягчэй жылося б».
   Талент Шамякіна досыць яскрава праявіўся таксама ў трох прэтэнцыёзных раманах – «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968) і «Атланты і карыятыды» (1974). Першы з названых твораў найбольш цікавы – ён з’яўляецца своеасаблівым водгукам на раман «Нельга забыць» (1962 г., апублікаваны ў 1982 г.), які належыць пяру значна больш палемічнага і, безумоўна, больш таленавітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Той спосаб, якім несумненны талент Шамякіна быў выкарыстаны ў якасці ідэалагічнай зброі, нагадвае, магчыма, і не зусім справядліва тое, як вельмі сярэднія рускія раманісты выкарыстоўваліся, каб паменшыць ўздзеянне твораў А. Салжаніцына.
   Месца дзеяння рамана «Сэрца на далоні» без усякай для яго шкоды можа быць перанесена з беларускага горада Гомель у любы іншы куток Савецкага Саюза. У адрозненні ад Караткевіча, Шамякін тут, як і ў іншых сваіх творах, ніяк не адлюстроўвае спецыфічны беларускі каларыт, а моваю твора служыць саветызаваная форма беларускай, што зведала вельмі моцны рускі ўплыў. Раман, тым не менш, досыць шматгранны, аўтар малюе ў ім яркую і дынамічную карціну жыцця савецкай інтэлігенцыі і яе розныя адносіны да працэсу дэсталінізацыі, які ўжо сустрэў на сваім шляху пэўны супраціў. Пісьменнік надае асаблівае значэнне сувязі паміж мінулым і сучаснасцю, і не ў апошнюю чаргу ў лёсе галоўнай гераіні Зосі Савіч, якая становіцца сведкай смерці свайго бацькі – ахвяры нямецкіх акупантаў, а сама трапляе ў канцлагер, дзе зведвае вельмі шмат пакутаў. Вяртанне ў Савецкі Саюз, аднак, не становіцца для яе вызваленнем: у выніку даносу старшыні гарсавета, ярага сталініста Гукана, Зося зноў трапляе ў лагер, на гэты раз ужо ў савецкі. Досыць тыпова для Шамякіна тое, што савецкая ссылка згадваецца толькі мімаходзь, а пра новыя пакуты Зосі не сказана аніводнага слова. Абачлівасць пісьменніка праяўляецца таксама і ў тым, якую важную ролю ён надае партыі і НКУС у вызваленні Зосі Савіч. Вобраз Зосі, якая нікога не вінаваціць у сваіх бедах, выглядае звышідэалізаваным, а пра тое, што сталася з Туканам (самае горшае, што хутчэй за ўсё магло быць – датэрміновая адстаўка), раман замоўчвае.
   Часам шырокае палатно рамана становіцца настолькі слабым, што гэта дало права крытыку Б. Бур’яну назваць яго літаратурнай стэнаграфічнай справаздачай. Тым не менш нельга не прызнаць, што I. Шамякін здолеў стварыць досыць захапляльную і шырокую карціну жыцця сучаснай савецкай інтэлігенцыі, пачынаючы ад разбэшчаных дзяцей (Славік Шыковіч) і да іх не менш матэрыяльна заклапочаных бацькоў (і доктар Антон Яраш, і пісьменнік Кірыл Шыковіч будуюць свае дачы на зямлі, што яны атрымалі па блату – гэта адна з формаў спецыфічна савецкай карупцыі). Апрача Гаркуна ў рамане ёсць яшчэ адзін сімвалічны персанаж – брыгадзір Тарас, сын Яраша, які, як і іншыя рабочыя, здаецца, мала чым адрозніваецца ад інтэлігенцыі, бо мае тыя ж самыя інтарэсы і тую ж непахісную веру ў партыю. З іншага боку, можа, у наступных словах Яраша і гучыць горкая праўда: «Усё няшчасце наша, што мы не выхавалі ў нашай інтэлігенцыі неабходнай інтэлігентнасці».
   Раман «Снежныя зімы» таксама закранае цэлы комплекс вострых праблем тагачаснага савецкага жыцця. На гэты раз у цэнтры знаходзіцца паважаны чалавек, былы партызанскі камандзір Антанюк, цяпер пажылы аграном, які вымушаны раней пайсці на пенсію ў сувязі з нязгодай з афіцыйнай сельскагаспадарчай палітыкай. Ягонае адстойванне прынцыпаў у прадажным карумпаваным грамадстве робіцца яшчэ больш складаным у сувязі з уваскрэслым любоўным раманам ваенных часоў, а сталенне ўласных дзяцей прыносіць яшчэ большае расчараванне. Герой рамана «Атланты і карыятыды» Максім Карпач таксама няўтульна пачуваецца ў грамадстве. Нястомны шукальнік праўды, ён гераічна змагаецца супраць дробнабуржуазных поглядаў сваіх сучаснікаў, з цягам часу аддаляючыся нават ад сваіх сяброў і жонкі. Тое, як Шамякін апісвае барацьбу кампартыі за рэфармаванне савецкай ідэалогіі і вызваленне ад жахлівага мінулага (памкненне, значна больш моцнае ў 1964 г., напрыканцы хрушчоўскай эпохі, чым праз дзесяць гадоў, у часы брэжнеўскага застою), сведчыць пра глыбокую абазнанасць аўтара ў гэтым пытанні. Такім чынам, можна сказаць, што раманы Шамякіна шчасліва пазбеглі аднатыпнасці і паўтораў дзякуючы сваім праўдападобным яркім калізіям і моцным характарыстыкам.
   У 1978 г. з’яўляецца чарговы праблемны раман «Вазьму твой боль», у цэнтры якога – яшчэ адзін ідэаліст, старшы механік, што марыць пра паляпшэнне становішча ў сельскай гаспадарцы, а таксама пра большую духоўную і сацыяльную гармонію земляробаў. Адначасова ён спрабуе змірыцца з трагічным лёсам сваёй сям’і, што напаткаў яе ў ваенныя гады, але сітуацыя робіцца яшчэ больш складанай, калі ён раптоўна сустракаецца з галоўным абвінавачваемым. Раман «Петраград-Брэст» (1983), прысвечаны рэвалюцыі 1917 г., распавядае пераважна пра спробы Леніна знайсці ў 1918 г. кампраміс з кайзерам і малюе ідэалізаваную карціну майстэрства Леніна-правадыра і ягоных прынцыпаў, якія павінны, без сумнення, рэзка кантраставаць з палітыкай брэжнеўскіх часоў (Брэжнеў памёр у 1982 г.). Гэты раман нетыповы для ўсёй савецкай Ленініяны, паколькі ў ім аўтар хутчэй робіць спробу зразумець матывы і ход думак Троцкага, чым папросту ачарніць яго. Яшчэ адзін раман Шамякіна, «Зеніт» (1987), які апісвае гераізм савецкіх салдат у гады Вялікай Айчыннай вайны, мала што новага дадае да раней ўжо апісанага аўтарам больш выразна і эфектна ў аповесці «Агонь і снег» з кнігі «Трывожнае шчасце».
   П’есы далі Шамякіну яшчэ большую магчымасць выступаць у якасці трыбуна партыі. Так, напрыклад, у «Дзецях аднаго дома» (1967), дзе рускія, беларусы, украінцы, габрэі, літоўцы і людзі іншых нацыянальнасцяў, якія мала чым адрозніваюцца паміж сабой, аб’яднаны агульнай справай, аўтар падкрэслівае інтэрнацыянальны характар барацьбы савецкага народа ў час вайны. Большасць іншых ягоных п’ес, сярод якіх «Экзамен на восень» (1973), «I змоўклі птушкі» (1977) і «Залаты медаль» (1979), прысвечана ідэйным канфліктам у асяродку беларускай інтэлігенцыі. На падобную, але болей актуальную для часу напісання твора тэму была створана п’еса «Выгнанне блудніцы» (1961), калі змены ў нацыянальнай (для Шамякіна чытай савецкай) псіхалогіі былі выяўлены асабліва ярка. З другога боку, гэтая п’еса, як і «Не верце цішыні» (1958), была, па сутнасці, прызначана для аматарскага выканання і з’яўляецца досыць павучальнай, але параўнальна слабой драмай.
   У 1976 г. Шамякін становіцца членам ЦК КПБ, у 1980 г. – дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР; у перыяд з 1963 па 1971 г. з’яўляецца дэпутатам , а з 1971 па 1985 г. – старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Не дзіва, што Беларуская энцыклапедыя літаратуры і мастацтва піша пра яго як пра савецкага пісьменніка і грамадскага дзеяча. Партыя і ўрад, напэўна, былі задаволены мець такога таленавітага пісьменніка за прапагандыста і ідэалагічнага прамоўцу, асабліва ў складаных пытаннях дэсталінізацыі.

 


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!