Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аналіз рамана Івана Шамякіна "Сэрца на далоні"

   У мастацкім даследаванні сучаснага (а яно віруе ў творчасці Iвана Шамякіна) на ўзроўні геданістычнага роўнага яму ў нашай літаратуры няма. Усе яго шматлікія раманы і аповесці (а па прадукцыйнасці і хуткасці рэагавання на ўсе значныя падзеі і змены ў нашым жыцці з ім таксама нікому не параўнацца) надзвычай цікавыя. Чым жа так прывабліваюць, палоняць чытача кнігі Iвана Шамякіна? Сам пісьменнік так гаворыць пра сваё творчае крэда: «Мой метад: я не магу сесці за стол і «будаваць» з усімі «аддзелкамі» да таго часу, пакуль не маю ў галаве «сюжэтнага каркаса».
Сюжэты яго твораў займальныя, вобразы не толькі пераканальныя, але і эстэтычныя. Займальнасць, дынамічнасць і вастрыня сюжэтаў дасягаецца тым, што пісьменнік праводзіць сваіх герояў праз усе тыя выпрабаванні, якімі штодзённа выпрабоўваемся ўсе мы: працай, адносінамі да справы, якой служым, бытам, каханнем, сям'ёй, сяброўствам, выбарам — сумленнем.
   Герой рамана «Сэрца на далоні» Славік Шыковіч, ашаломлены ты-мі праблемамі, якія абрынуліся на яго сям'ю, на яго самога ў першую чаргу, пачуццямі і страсцямі, што закіпелі ў ім і побач з ім, абураецца «боханам» і «старым канём» (ён так «пяшчотна» называе свайго бацьку-пісьменніка): «Усё пераблыталася! Сам чорт нагу зломіць. А «стары конь» скардзіцца, што няма цікавых сюжэтаў. Залез у нейкія архівы і нічога вакол сябе не бачыць. А тут такія трыкутнічкі будуюцца! Пра любоў трэба пісаць, стары, калі хочаш каб цябе чыталі».
   Менавіта «пра любоў» (таму і чытаюць!) піша Iван Шамякін: пра любоў да справы, да жанчыны, да дзяцей, да бацькоў, да людзей...
   Апісваючы канкрэтны перыяд у жыцці нашага народа («шэсць гадоў пасля XX з'езда партыі», на якім быў асуджаны культ асобы Сталіна), пісьменнік ставіць у рамане найважнейшыя філасофскія праблемы: адказнасці чалавека за сябе і свае ўчынкі; удзячнасці і чалавечнасці; служэння людзям і вернасці сваёй сям'і, сяброўства; праблему бацькоў і дзяцей; праблему выхавання дзяцей і адказнасці за будучыню нацыі — моладзь...
   «Сюжэтны каркас» рамана цэментуюць два галоўныя вобразы — доктар Антон Яраш і журналіст Кірыла Шыковіч. Пісьменнік з незвычайнай мастацкай сілай і пераканальнасцю здолеў уславіць сапраўднае сяброўства паміж людзьмі. Гэта таксама з'яўляецца тэндэнцыяй у творчасці Шамякіна, элементам яго стылю і творчай манеры. Прыгадаем вялікае і кранальнае сяброўства Сені Пясоцкага і Пятра Шапятовіча з пенталогіі «Трывожнае шчасце».
   Нельга не пагадзіцца з Зосяй, якая, назіраючы адносіны паміж Ярашам і Шыковічам, зазначае: «Заўсёды хораша ад іх вось такой дружбы». Абмалёўваючы гэты аспект чалавечых узаемін, пісьменнік быццам узбагачае нас сваёй мудрасцю: сапраўды, шчырае сяброўства можа быць паміж тоўстым і тонкім, высокім і нізкарослым, балбатлівым і маўклівым, імпульсіўным і стрыманым, але галоўнае паміж імі павінна быць агульным - сумленнасць. Радніць герояў таксама і стаўленне да справы, якой яны служаць.
   Іх сяброўства і пачалося са справы: Шыковіч пазнаёміўся з Ярашам, калі атрымаў пісьмо ад маладога ўрача, які прачытаў кнігу Гукана пра Гомельскае і Мінскае падполле. Яраш пісаў журналісту, які быў літапрацоўшчыкам кнігі, пра сваіх сяброў-падпольшчыкаў, пісаў з болем і крыўдай, што не згодны з гэтай кнігай, бо паводле яе да Гуканавага прыходу ў горад партыйнага падполля не было наогул.
   Іван Шамякін як «прыхільнік дынамічнага сюжэта і адпаведна гэткай жа дынамічнай кампазіцыі» пачынае свой раман з апісання сямейнай ідыліі: сем'і Яраша і Шыковіча адпачываюць на супольна пабудаванай дачы ў маляўнічай мясціне на Дзятлаўшчыне. Ідылія парушаецца спрэчкай, што ўсчалася паміж сябрамі. Шыковіч падзяліўся з сябрам сваім намерам «тую кніжачку ператрэсці грунтоўна», бо «адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах». Яраш даводзіць, што не варта «варушыць гэта цяпер», праз 17 год, што ён не любіць «успамінаць сваю падпольную дзейнасць», бо на яго долю выпала самае цяжкае, і ён зусім не крыўдуе, што ў кнізе Гукана пра яго не напісана ні слова. Яраш ухвальна ставіцца да намераў Шыковіча заняцца падполлем сур'ёзна, але ён супраць таго, каб псаваць старому чалавеку нервы: «Нягледзячы на яго кнігу, я паважаю Гукана. Чалавек ваяваў добра і працаваў — дай Бог кожнаму».
   Дынаміка і вастрыня сюжэта дасягаюцца па-майстэрску выпісаным канфліктам паміж Туканам, старшынёй гарсавета, былым камісарам партызанскай брыгады імя Чапаева, і Шыковічам. Палкае жаданне Шыковіча даследаваць мінулае і дазнацца праўды, каб аддаць належнае безымянным героям, назваць нарэшце імёны і расказаць пра подзвігі тых, каго нават і не згадаў Гукан на старонках сваёй кнігі, сустракае незвычайнае супраціўленне з боку Гукана. I незразумелае для сяброў. Спачатку Яра ш наогул не жадае ўмешвацца ў гэтую справу, бо моцна заняты сваёй; акрамя таго, не хоча крыўдзіць чалавека, які «ваяваў добра» і папрацаваў нямала.
   Аднак адзін выпадак (а ў рамане шмат невыпадковых выпадковасцей) цалкам змяніў стаўленне Яраша да таго, ці варта «варушыць мёртвых».
   Сустрэча з Зосяй Савіч, сваёй выратавальніцай, цалкам змяніла рытм яго жыцця, змяніла і светаўспрыманне. Уражаны яе пакут-ніцкім жыццём, трагедыяй і несправядлівасцю, што абрынулася на гэтую маленькую жанчыну з чуйным і вялікім сэрцам, Яраш не ў стане больш маўчаць і не варушыць мінулае.
   Перамежаваны паказ сучаснага і мінулага, традыцыйны прыём рэтраспекцый — адметнасць пісьменніцкага стылю Iвана Шамякіна.
   Дадатковымі аповедамі герояў, «апавяданнем у апавяданні», альбо «тэкстам у тэксце», пісьменнік не толькі дасягае рэалізму і глыбокага псіхалагізму, сцвярджаючы, што нічога выпадковага на свеце не бывае, што ўсё мае свае вытокі, не толькі ўзнаўляе трагічныя старонкі мінулага. Прыём рэтраспекцый («Расказ Антона Яраша», «Расказ Зосі Савіч», успаміны Сухадол, сведчанні Дымара, Швагерава, артыкул Шыковіча) дазваляе пісьменніку выпрабаваць сваіх герояў адносінамі да мінулага і памяццю пра яго. Толькі гэтае выпрабаванне з максімальнай дакладнасцю вызначыла сутнасць герояў-антыподаў — Яраша і Гукана, маральную высакароднасць, чалавечнасць, духоўнае багацце аднаго і поўнае маральнае банкруцтва, спустошанасць і вычварнасць другога.
   Сапраўднае аблічча Гукана нават доктар Яраш не адразу рас-пазнаў, а паважаў яго і за змаганне з фашызмам, і за працу пасля вайны. Героі-антыподы выпрабоўваюцца аналагічнымі сітуацыямі, але паводзіны іх пасля экстрэмальнай сітуацыі дыяметральна процілеглыя. Пераканальна даводзіць пісьменнік думку пра тое, што часам людзям лягчэй вытрымаць выпрабаванне «амбразурай», імгненнем, чым заставацца чалавекам штодня і нават (здавалася б, што можа быць прасцей?) адказаць дабром на дабро.
   Дынаміка, вастрыня і займальнасць сюжэта дасягаюцца тым, што ў творы ёсць доля інтрыгі, ёсць загадка і нават тайна, якую пісьменнік раскрывае паступова, не адразу. Ужо і мы разам з журналістам
   Шыковічам захоплены пошукам адказу на галоўнае пытанне: чаму старшыня гарсавета Гукан так настойліва ўпарціцца пошуку ісціны і робіць усё магчымае, каб перашкодзіць журналісцкаму расследаванню: «Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многія? Чаму ты лічыш, што адзін ты сказаў ісціну ў апошняй інстанцыі?» Гэтае «чаму?» авалодала нашай увагай, а пісьменнік па-майстэрску актывізуе яе ўсё больш і больш.
   Паступова і мы пераконваемся, што не толькі амбіцыі і нежаданне падзяліцца славаю з кім-небудзь, а нешта іншае з'яўляецца матывам таго, што Гукан, «каб яго воля, не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым».
   А воля і ўлада ў старшыні гарсавета, каб прымусіць замаўчаць «пісаку» Шыковіча, а заадно і «анархіста» Яраша, немалая. Зло становіцца ваяўнічым, калі яму нешта пагражае. Пагроза быць выкрытым рэалізуе зноў самыя ганебныя чалавечыя якасці кар'ерыста Гукана.
   Каб уратаваць сваю кар'еру, ён не спыняецца ні перад чым, хітра скарыстоўваючы абставіны і сямейныя праблемы сваіх ворагаў. Добра разумеючы, што самым балючым месцам «пісакі» Шыковіча з'яўляецца яго сын Славік, які, выпіўшы лішняе, прыгразіў англійскай дэлегацыі бомбай, Гукан пацэльвае менавіта ў самае балючае. Апрацаваўшы папярэдне грамадскасць, узяўшы сабе ў хаўруснікі зайздроснікаў Шыковіча, ён раскруціў хуліганскі выпад Славіка і падаў гэта як міжнародны палітычны скандал, а Шыковіча — як ледзь не ворага народа, што не мае больш права з такой «плямай» займацца сваімі прафесійнымі абавязкамі. Шыковічу аб'яўляюць строгую вымову. Да ўсяго і Яраша, і Шыковіча пазбаўляюць супольна пабудаванай дачы.
   Пра намеры Гукана сцерці з твару зямлі сваіх ворагаў выдатна сказаў сакратар гаркома Тарасаў: «Ух, з якой радасцю ты зрабіў бы іх правакатарамі і агентамі гестапа. Усіх. Нават Шыковіча, які быў у арміі».
   Гукан робіць усё, каб нават самыя высакародныя ўчынкі чалавека павярнуць супраць яго ж. Прафесійны і чалавечы подзвіг, удзячнасць доктара Яраша сваёй выратавальніцы Зосі Савіч, яго імкненне дазнацца праўды і змыць бруд з памяці сапраўдных герояў падполля Гукан скарыстаў, каб распусціць плёткі пра «інтымнае жыццё» Яраша.
   «Старая любоў з дачкой Савіча. Адкуль цягнецца, а? Цяпер ты можаш зразумець «прынцыповую» падаплёку артыкула Шыковіча», — даводзіць Гукан, укладаючы ў вушы ўсё гэта не каму-небудзь, а сакратару гаркома Тарасаву.
   У народзе трапна заўважана: чорт чорта пазнаў і на піва пазваў.
   Штурмуе сямейную крэпасць Яраша і яго каляжанка Тамара Аляксееўна Гаецкая, якая больш за 20 год «песціла надзею, што ўрэшце ўсё-такі ачаруе гэтага ўпартага асілка...» Жанчына шалела ад злосці.
   Чакай, доктар Яраш, ты доўга будзеш помніць мяне. Забыты былі справы, хворыя. Сама галоўурач і ўсё яе даволі значнае акружэнне лёталі па горадзе ў пошуках звестак пра Зосю і Яраша. I вельмі хутка было выяснена ўсё: і тое, што яны, Яраш і дачка здрадніка Савіча, знаёмы яшчэ з часоў акупацыі, і тое, як Шыковіч і Яра ш дамагаліся для гэтай жанчыны асобнай кватэры, як яны самі (вядомы хірург і пісьменнік) куплялі для яе мэблю і нават якую суму кожны з іх зняў з ашчаднай кніжкі і, нарэшце, тое, што яны збіраліся на кватэры ў Зосі ўчатырох. О, гэта ўжо не проста сувязь аднаго жанатага мужчыны з незамужняй жанчынай! Тут значна большае — групавое маральнае разлажэнне!
   I мярзотнікі дасягнулі мэты: па горадзе паляцела плётка з касмічнай хуткасцю. Адны злараднічалі, другія, галоўным чынам, замужнія жанчыны, абураліся; былі і такія, што нават употай зайздросцілі.
   Сябры пазбавіліся месца адпачынку, прыстанку ад турбот і гарадскога тлуму, хоць дача была пабудавана на сумленна запрацаваныя грошы.
   Аднак гэта не ўсе яшчэ «набыткі» гуканаў-гаецкіх: плёткі ледзь не разбурылі сям'ю Яраша. Жонка Яраша, Галіна Адамаўна, была Не проста раўнівай жанчынай, а хваравіта раўнівай. Праз скандалы ў сям'і асабліва пакутавалі дзеці, для якіх Яраш быў ідэалам, а Наташа «была ўлюбёна ў свайго бацьку». Прыёмны сын Тарас, назіраючы бязладдзе ў сям'і і пакуты дарагіх яму людзей, увесь час паўтарае, суцяшаючы брата і сястру: «Я паміру іх!»
   Усімі сваімі творамі, а раманам «Сэрца на далоні» з асаблівай мастацкай сілай, Iван Шамякін даводзіць, што сям'я — найвялікшы скарб чалавека і адначасова падмурак людской супольнасці. Рушыцца сям'я — рушыцца ўсё ў грамадстве. Добрая сям'я — надзейны тыл і прыстанак чалавека, выток усяго людскага ў ім. Аднак пісьменнік мудра папярэджвае ўсіх нас, што сям'я, каханне — адначасова і надзвычай далікатны, тонкі, дарагі крышталь. Трэба быць вельмі мудрым, асцярожным і дбайным, каб піць з таго крышталю ўсё жыццё.
   Назначэнне жаночых вобразаў у рамане вельмі вялікае. Вобразамі Галіны Адамаўны і Валянціны Андрэеўны пісьменнік славіць жаноцкасць, пяшчоту, любоў, клопат пра дзяцей; сцвярджае, што ахоўніцай сямейнага ачага з'яўляецца жанчына. Лад, згода ці, наадварот, бязладдзе ў сям'і ў многім залежыць ад жанчыны, яе мудрасці.
   Яшчэ лягчэй Гукану пацэліць у Шыковіча, бо нават самы моцны чалавек асабліва дасягальны для злоснікаў і ненавіснікаў, калі ў яго ёсць праблемы ў сям'і. I праблема тая для Шыковіча звязана з яго сынам Славікам, сталенне якога адбываецца няпроста і нават пакутліва.
   Усе мастацкія вобразы ў рамане, праз якія, як і праз «сюжэтны каркас», пісьменнік выяўляе сваё светаўспрыманне, вельмі пераканальныя. Але, бадай, найбольшым пісьменніцкім майстэрствам, сапраўднай мастацкасцю вылучаецца вобраз Славіка Шыковіча, вылучаецца найперш нестатычнасцю. У вобразе ўвасоблена пісьменніцкая думка пра тое, як нялёгка быць маладым, нават калі твае бацькі сапраўды прыстойныя і сумленныя людзі, як цяжка расці чалавеку, як на рост ці на яго запаволенне можа паўплываць выключна ўсё, нават нейкая, здавалася б, дробязь. Самае цяжкае ў гэтым свеце — расці, змяняцца да лепшага, быць здольным перагледзець і свае ўчынкі, і свае каштоўнасці.
   Менавіта праз гэты вобраз вырашаецца адна з галоўных праблем рамана — праблема бацькоў і дзяцей. Сям'я Шыковічаў у роспачы, пакутліва шукае адказу на пытанне, чаму так атрымалася, што іх сын расце пустадомкам, цынікам і хуліганам. Бацька — інжынер чалавечых душ, а на душу сына амаль ніякага ўплыву не аказвае. Маці — сейбіт разумнага, добрага, вечнага. Якога яшчэ лепшага выхавання, акрамя прыкладу сумленнага жыцця і сумленнай працы бацькоў, патрэбна, каб чалавек рос не так пакутліва і без такіх, як са Славікам, праблем? Пра тое палка і з абурэннем даводзіць і Шыковіч на бюро райкома, дзе за кепскае выхаванне сына яму аб'явілі вымову.
   Сапраўды, у нашых продкаў, што кіраваліся галоўнымі прынцыпамі народнай педагогікі — прыклад і праца — такіх праблем і ў такой ступені не было. Тады і адвечны мацярынскі клопат, як дасціпна яго вызначыў Славік, «каб лішняе з'елі і лішняга не выпілі», таксама быў толькі на карысць дзіцяці. Але час мяняецца. Сёння аднаго прыкладу і аднаго такога мацярынскага клопату мала. Неабходна і такая ўвага, і такое дбанне менавіта пра духоўнасць дзяцей, а не толькі «каб лішняе з'елі і лішняга не выпілі», як у сям'і Яраша.
   Уражвае эпізод, калі Яраш забараняе жонцы гаварыць пры дзецях пра «гнілыя зубы» пацыентаў, што так раздражняюць стаматолага Галіну Адамаўну. «Каб мне дзеці былі ў слуху, каб я банькам для іх век дажыў» — гэта пра Яраша. Тады і дзеці здольны будуць паўплываць на бацькоў, калі ў сям'і ўзнікнуць (а ў якой сям'і іх не бывае?) нейкія непаразуменні. «Я дапамагу ім. Я паміру іх», — цвёрда ўпэўнены Тарас, калі прыёмныя яго бацькі моцна пасварыліся.
   Вядома ж, праца, годнае акружэнне (з кім павядзешся, ад таго набярэшся) таксама паўплывалі на Славіка. Гэта пераконвае ў рамане. Але наўрад ці «партыйны дакумент захапіў юнака», наўрад ці ў Славіка, як сцвярджае пісьменнік, магло наогул з'явіцца «захапленне велічнасцю праграмы» пабудовы камунізму. Славік быў уражаны, як зноў падкрэслівае пісьменнік, што «ўсе гаварылі з такой палымянасцю пра маральны кодэкс». Але ж у Славіка заўсёды ў душы быў справядлівы пратэст супраць неадпаведнасці паміж тым, што чуў і бачыў. Ці не гэта і стала прычынай злому ў яго душы, а юначы максімалізм і цынізм — ахоўнай рэакцыяй і формай пратэсту? I наўрад ці словы, што пачуў ён на камсамольскім сходзе, «прымушалі яго працаваць па-новаму».
   Шчырае жаданне Шыковіча дазнацца праўды, яго нястомная праца ў архівах, сустрэча з лекаркай Сухадол, супрацоўніцтва з чэкістам Сербантоўскім, сведчанні былых паліцаяў Дымара і Швагерава пры-водзяць да галоўнага вышку — высновы, што доктар Савіч не здрад-нік, а патрыёт, якога скампраметавалі акупанты. Баючыся прыкладу, яны аб'явілі, што Савіча забілі партызаны за здраду і правакацыю:
   «Калі агласіць, што 60-гадовы доктар, кіраўнік аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў і ўсіх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралізаваць тых, хто быў звязаны з Савічам».
   Нас не могуць не ўразіць жудасныя факты вядзення следства, мэтай якога было толькі даказаць віну і пакараць здраднікаў, а пра ўзнаўленнне справядлівасці і вяртанне добрага імя многім невіноўным і нават патрыётам мала хто клапаціўся. Нават больш: дзіўна склаўся, да прыкладу, лёс падпольшчыцы Сухадол пасля вайны. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову «да высокага начальніка» і шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савіча і Вакулавай. Яе ўважліва выслухалі. А праз некалькі дзён яна была звольнена з бальніцы «за супрацоўніцтва з фашыстамі». Як пісаў у сваім артыкуле Шыковіч, «цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсіі нават без сядзібы. Жыве за тое, што збірае травы і лечыць хворых. За гэта мясцовыя лекары аб'явілі яе знахаркай».
   Яшчэ трагічней склаўся лёс дачкі Савіча - Зосі. Яна за сваю падпольную дзейнасць і выратаванне ад смерці Яраша і Сажаня зазнала пекла фашысцкіх канцлагераў. Але і гэта яшчэ не ўсё. Вярнуўшыся на Радзіму, яна зведала і пекла гулагаўскіх. Страціўшы здароўе, жытло (дом Савіча забралі ўлады пад яслі), яна ўсё роўна зноў вяртаецца ў родны горад, каб памерці на роднай зямлі. Рэабілітацыі невіноўнай, па сутнасці, не адбылося б без намаганняў Шыковіча і Яраша, якія вярнулі ёй усё. Сэрца Зосі ляжала на шырокай далоні Яраша. «Жывое сэрца на далоні! I б'ецца, б'ецца, нібы хоча вырвацца».
   Інтэлігент Яраш «прайшоў праз вернасць» і людзям, і сваёй справе, дасягнуўшы ў ёй такога прафесіяналізму, што змог нават трымаць на сваёй далоні сэрца чалавека. Гэты мастацкі вобраз, што даў назву твору, — метафарычны. У прамым сэнсе трымаць сэрца на далонях здольны толькі прафесіяналы ўзроўню Яраша. Аднак сэрца бліжняга можа быць на далонях кожнага чалавека, чуйнага да болю, трывог у сэрцы іншых людзей. Трэба толькі зразумець боль іншага чалавека і паспець дапамагчы. Пакутуе Яраш, што не паспеў (хоць і не яго ў тым віна) выратаваць двух хлопчыкаў, якія падарваліся на міне амаль праз два дзясяткі год пасля вайны.
   Найбольшага напружання сюжэт рамана дасягае, калі нарэшце таямніца і сакрэт упартага супрацьстаяння Гукана раскрываецца.
   Сакратар гаркома партыі Тарасаў атрымаўшы ад Шыковіча неабвержныя доказы подзвігу, а не здрады Савіча, знаёміць Шыковіча з заявай Гукана ў органы дзяржбяспекі. У заяве ад 16.10.45 г. сакратара Чыгуначнага райкома партыі Гукана даводзілася, што «ў горад з Германіі, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа і здрадніка, фашысцкага прыслужніка доктара Савіча С. А. — Савіч С. С» У заяве Савіч характарызаваўся як віноўнік правалаў многіх аперацый, за што падпольная арганізацыя вынесла здрадніку і правакатару Савічу смяротны прысуд. Гукан падрабязна пісаў пра тое, што дачка жыла з банькам, вяла яго добрую гаспадарку і «мела цесныя адносіны з гітлераўскімі афіцэрамі, якія ўвесь час квартаравалі ў гасцінным доме Савіча».
   Чытач разам з Шыковічам ашаломлены гэтай подласцю (менавіта так вызначыў учынак Гукана сам Шыковіч). Аднак і пасля гэтага мы разам з Шыковічам стаім перад загадкай: чаму нічога пра гэта Гукан не гаварыў Шыковічу ні тады, калі яны разам працавалі над кнігай пра падполле, ні тады, калі ён хадзіў да яго з запісамі Варавы? Чаму?
   У нас, як у Шыковіча, яшчэ цепліцца надзея на тое, што і Гукан, як многія іншыя, паддаўся на правакацыю фашыстаў, шчыра лічачы, што Савіч здраднік, а пасля вайны праявіў партыйную «звышпільнасць» і цяпер баіцца быць выкрытым, бо сваім некалі добрым намерам і паспрыяў ачарненню сумленнага чалавека, і скалечыў жыццё яго дачцэ. Менавіта гэтая заява Гукана вызначыла лёс Зосі пасля вайны.
   Усё высветлілася, калі пасля публікацыі артыкула Шыковіча пра падполле да яго прыйшоў сярдзіты незнаёмы і з абурэннем спытаў, чаму ж ён не сказаў у артыкуле яшчэ адну праўду, што Гукан і выратаваны некалі Зосяй падпольшчык Сажань — гэта адна асоба.
   «Такога не можа быць!» — усклікне чытач, уражаны подласцю Гукана. Але, на жаль, і такое можа быць, і гэта ўжо не прыём гіпербалізаванага паказу зла, а праўда жыцця. У Святым Пісанні даводзіцца, што няўдзячнасць — адзін з самых страшных грахоў.
   Няўдзячнасць Гукана - чорная, бо за самае вялікае дабро, якое толькі можа зрабіць чалавек чалавеку, ён адказаў самым вялікім злом, хоць абяцаў на развітанне: «Мы яшчэ сустрэнемся». У гісторыі і жыцці ёсць нямала прыкладаў, калі вязням удавалася выратавацца з канцлагераў фашысцкіх, але, вярнуўшыся на Радзіму і трапіўшы ў гулагаўскія, яны гінулі там у моры чалавечай азвярэласці.
   Матывам жудаснага, дзікунскага ўчынку Гукана з'яўляецца кар'ерызм. Пісьменнік настойлівы і паслядоўны ў сцвярджэнні думкі, што кар'ерызм — невымернае зло. Дзеля дасягнення сваіх кар'ерысцкіх намераў гуканы-кідалы (Кідала — герой пенталогіі «Трывожнае шчасце») не спыняюцца ні перад чым. Асабліва небяспечная гэтая з'ява ва ўмовах таталітарнага рэжыму, бо сам рэжым спрыяе таму, што «свінтусы» становяцца «грандыёзусамі», небяспечнымі для грамадства і сумленных людзей. I Тарасаў перакананы, што такім, як Гукан, нельга «паблажліва дараваць! Яго трэба бязлітасна выкрываць!»
   Праз дыялог Гукана з Тарасавым, сакратаром райкома партыі, пісьменнік сцвярджае ісціну, што здольны перагледзець свае ўчынкі, пакаяцца, змяніцца да лепшага толькі людзі. Нелюдзі ж (а такім нелюдзем з'яўляецца Гукан-Сажань) ніколі не мяняюцца. Яны баяцца толькі аднаго — кары, страты пасады, да якой ішлі, пераступаючы праз усё і ўсіх. Усе намаганні Тарасава абудзіць у Гукане сумленне, прымусіць яго прызнаць сваю віну і пакаяцца — марныя. Гукан здольны толькі на самаапраўданне, а не на пакаянне. Гэты дыялог, выпісаны ў сцэнарным жанры (у дыялогу няма ніводнай аўтарскай рэплікі, бо мова персанажаў вычарпальна іх характарызуе), — знака-вы, канцэптуальны для твора, у якім адлюстраваны працэсы рэабілітацыі ахвяр сталінскага і бальшавіцкага генацыду. За самае страшнае ў гісторыі чалавецтва злачынства не пакаяўся да гэтага часу яшчэ ніхто: ні канкрэтныя гістарычныя асобы, што кіравалі жудаснай машынай таталітарызму ці забяспечвалі яе шалёны бег, ні нават шамякінскі літаратурны персанаж. I ў гэтым Шамякін-творца не паграшыў супраць праўды. Так і жывём без пакаяння, множачы ўсё новыя і новыя грахі...
   Вельмі многа старонак у рамане прысвечана моладзі. Страсці маладых, «трохкутнічкі» і нават «чатырохкутнічкі», як гаворыць Славік (і ён, і прыёмны сын Яраша закаханы ў аперацыйную сястру Яраша — «залатую» Машу, а Тараса кахае таемна і безнадзейна сястра Славіка), пісьменнік выпісвае не менш пераканальна і захапляльна, чым асноўны «сюжэтны каркас». I такая выключная займальнасць — не самамэта, а мастацкі сродак выяўлення пісьменніцкага светаўспрымання і яго глыбокага пераканання, што моладзь — будучыня нацыі, як сям'я — аснова яе і дзяржавы.
   Пісьменніцкае захапленне і разуменне, якой павінна быць дзяўчына, увасоблена ў вобразе «залатой» Машы. Эпітэт «залаты» ў дачыненні да яе валасоў, нават павек, з'яўляецца той дэталлю, што вызначае сутнасць яе вобраза. Пісьменніцкая выснова, што хараство чалавека, асабліва дзяўчыны, вызначаецца ўнутранай, духоўнай «падсветкай», не новая ў нашай літаратуры. Прыгадаем, што тыя ж урокі дае нам Лабановіч сваім бачаннем прыгажосці Ядвісі. Аднак нельга не захапляцца і майстэрствам Шамякіна, з якім ён дае ўрокі, асабліва моладзі, што духоўная прыгажосць дзяўчыны, яе паводзіны, яе мудрасць у многім вызначаюць паводзіны мужчыны, здольны ўплываць на яго душу, садзейнічаць яго сталенню. Як мужчына вызначаецца адносінамі да жанчыны, так жанчына вызначаецца сваімі паводзінамі, сцвярджае ўсім сваім творам пісьменнік. З яго мудрасцю нельга не пагадзіцца. Жаночая прыгажосць здольна ўплываць на свет і ўдасканальваць яго.
   Ёсць у рамане і публіцыстычнае, сацыяльна заказанае, пафаснае, але гэта не можа зацьміць яго галоўных мастацкіх вартасцяў. Галоўная ж вартасць кніг Iвана Шамякіна — займальнасць сюжэтаў, эстэтычнасць вобразаў, праз якія пісьменнік ставіць і вырашае тыя праблемы, што з'яўляюцца вечнымі і хвалююць нас сёння. Менавіта гэта ў творчасці пісьменніка вытрымала выпрабаванне часам, а час — галоўны ўсяму суддзя.

Похожие статьи:

БиографииІван Шамякін

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка

Іван ШамякінІван Шамякін - Непаўторная вясна

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"