Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Чыгрынаў - За трэцім разам

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Пра гэта расказваў майму знаёмаму, былому старшыні сельсавета, ажно тры разы адзін і той жа чалавек. А знаёмы ўжо мне, калі ездзілі нядаўна ў Латакі.
   – Няйначай, – казаў ён, – чалавек той, можа, і сам не помніў што раней гаварыў Цяпер яго няма на свеце.
   Быў ён у нашых Латаках прышлы, а з’явіўся тут недзе адразу пасля вайны. Звалі яго Парфёнам, і прозвішча ён меў зусім мясцовае – Канапелькін. У Латаках з такімі прозвішчамі было ажно ці не дзесяць двароў Прынамсі, я добра помню цяпер, як у першую за вайною восень хадзіў ён па нашай вёсцы ўжо брыгадзірам, з «казой» на плячах. Мне чамусьці найчасцей выпадала бачыць Парфёна, калі ён шыбаваў з самага канца вёскі, дзе жыў, у Чыкавы печы. Там знаходзіліся так званыя наддаткі, гэта значыць, палосы, якія яшчэ ў дваццатыя гады наразалі сялянам з панскай зямлі да асноўных надзелаў. Спярша зямля там была ворная, але гадоў праз колькі, здаецца, са згоды ўсяе вёскі, залужэла, і пры калгасах на ёй ужо разлівалася шырокае мора каляровай аўсяніцы. Не чапалі ў Чыкавых печах зямлю і ў акупацыю, калі зноў дзялілі палеткі на двары; няйначай, шкода было людзям пазбаўляцца багатай сенажаці, густога травастою, дарма што зноў усё перамералі на палосы. Але гэта так, паміж іншым.
   Цяпер я спрабую хоць збольшага прыгадаць тое, што ведаў пра Парфёна Канапелькіна. Так, сапраўды, ён быў, як кажуць у нас, прышлы. Але ж не прымак, дакладней, не прыставаў да нашай кабеты, каб завесці сям’ю, хоць у вёсцы пасля вайны хапала і вольных удоў, і маладых дзяўчат, якія паспелі падрасці, і перастарак, якія патрохі дзічэлі без жаніхоў-аднагодкаў, што пайшлі па мабілізацыі ды не вярнуліся зноў. Парфён прывёў аднекуль чужую маладзіцу, вядома, для нас чужую, прывёў ледзьве не за руку, і менавіта маладзіцу, калі можна сказаць так, бо акрамя таго, што была яна маладая і прывабная, здаецца, яшчэ і ні разу не насіла ў сабе малое. Дзеці ў іх з Парфёнам з’явіліся ўжо ў Латаках. Два хлопцы. Цяпер і іх няма ў вёсцы, падаліся кудысьці ладзіць уласнае жыццё ў другое месца, таксама як і няма Парфёнавай жонкі – не захацела заставацца адна, адразу па мужавай смерці паехала ці то да кагосьці з сыноў, ці, можа, нават туды, адкуль браў яе Парфён.
   Так і не стала яшчэ адной сям’і ў Латаках, жыла, а цяпер няма. Адзін успамін сярод людзей застаўся ды Парфёнава магіла.
   Калі здараецца, што я трапляю ў Латакі, то кожны раз хаджу таксама і на могілкі. Звычайная жыццёвая з’ява. У кожнага чалавека такі абавязак ёсць. Хтосьці ляжыць-спачывае з блізкіх ці родзічаў. Тады не абмінаю я і Парфёнаву магілу, тым больш што знаходзіцца яна пры самай сцежцы, што вядзе адразу з вясковай вуліцы. Нават без сыноў, без жонкі магіла заўсёды дагледжана – на Радаўніцу, да абеду, людзі кожны раз наогул папраўляюць магілы, каб не збуцвелі дачасна, не зраўняліся з зямлёй. Не забываюць, вядома, і Парфёнаву, як і свае, засцілаюць ручніком і ставяць бліжэй да крыжа міску з аладкамі ці яшчэ з якой такой стравай, няйначай, усё яшчэ верачы, што душы нябожчыкаў і праўда маюць у гэтым патрэбу.
   Месца для апошняга спачыну Парфёну было выбрана блізка да партызана, што пахаваны тут улетку сорак другога года. Я і таго партызана помню, маладога і кволага, яшчэ амаль падлетка; толькі помню не жывога – куля дагнала яго недзе на пераправе праз Бесядзь, але паколькі партызанскі атрад тады стаяў непадалёку ад Латакоў, у Шурышчы, хаваць забітага прывезлі ў нашу вёску. І, можа, таму, што ляжаць яны, Парфён і той партызан, блізка, амаль побач, то і на памяць на могілках прыходзяць разам, услед адзін за адным. Дзіўна, аднак бываць мне тут паступова становіцца няцяжка, а хутчэй за ўсё з тае прычыны, што каля гэтых магіл нічога не трэба гаварыць, ніхто не вымагае ні споведзі, ні апраўдання. Да таго ж адсюль, ад гэтых дзвюх магіл, адкрываецца трохі ў нізіне ледзьве не ўся вёска, якую адразу можна пабачыць, і стары бальшак, па якім прыйшло ў Латакі і адышло зноў у свет багата народу. Па гэтым бальшаку прыйшоў у сорак пятым і Парфён Канапелькін. Быў ён адзеты ў адно летняе, бо на дварэ стаяў яшчэ жнівень, але вяскоўцаў вельмі ўразіла раптам, што разам з выцвілай, моцна паношанай салдацкай гімнасцёркай меў чалавек на сабе шыкоўныя генеральскія штаны, на якіх кідка вылучаліся шырокія чырвоныя лампасы, хоць і не надта чыстыя. Выгляд гэтых лампасаў проста-такі збянтэжыў нашых мужыкоў, бадай, нават падумалася сяму-таму – няйначай, сапраўдны генерал неспадзявана завітаў у глухую і далёкую вёску, дарма што не на аўтамабілі. У кожным разе, чырвоныя стужкі на дыяганалевых штанах прыцягнулі да сябе ўсю ўвагу тых, каму давялося ў той дзень пабачыць незнаёмага чалавека на вуліцы, ды так прыцягнулі, што ажно мала кім была прыкмечана маладзіца пры ім. Самому мне не выпала тады сустрэць іх, таму прыгадваю гэты момант я па ўспамінах другіх людзей, але, відаць, і праўда яно было так, бо толькі пасля ўжо, дні праз два ці тры, выявілася нарэшце, што ў прышлага чалавека да таго ж вельмі прывабная жонка, ад якой не адвесці вачэй. Сам Парфён меў характар шырокі, трохі бунтоўны, усё роўна як нават крыклівы, бо іншы раз, асабліва ўвечары, калі чалавек бываў выпіўшы, ягоны голас пачуць можна было ажно з другога канца вёскі, якая разлеглася, па старых мерках, на цэлыя дзве вярсты; яна ж, ягоная жонка, заставалася заўсёды ціхая і роўная, акурат назнарок у процівагу мужу, нібыта саромеючыся яго няўрымслівасці. Дарэчы, звычайна такім вось чынам і падбіраюцца для добрага жыцця пары, можна сказаць нават, для зайздроснага. А зайздросціць Канапелькіным усё-ткі было ў чым, найперш, той прыстойнасці, якой вылучаліся іх адносіны паміж сабой і з суседзямі, атрымлівалася неяк так, што мала хто ведаў, як жылі гэтыя людзі, хоць яны і не зачыняліся ні ад кога, і не таіліся. Ну, калі і не зайздросціць, то браць прыклад з іх, пераймаць у іх было што, няйначай.
   Першы дзень, як прыйшлі Канапелькіны ў Латакі, ніхто не ведаў тым больш не здагадваўся, чаго з’явіліся яны тут. Перабылі ноч у старога Піліпчыка, проста папрасіліся абначыцца, як гэта і здараецца ў падарожных людзей, у першай жа хаце, якая кінулася ім, а тады Парфён пайшоў у сельсавет, узяўся на вайсковы ўлік, а гэтым нібыта прапісаўся на сталае жыхарства. Але пасля не стаў туляцца па чужых хатах, вывез лес, які яму выпісалі ў Панках, пачаў будаваць сваё жытло. Удзень працаваў у калгасе, бо спраў па брыгадзірстве хапала, ну, а на золку, хоць, бадай, больш у вечаровае сутонне, ляпаў сякерай па зрубе, што вырастаў вянок за вянком на выгане паміж вёскай і Чыкавымі печамі. Мала чаго адступіў Парфён ад таго месца і як складваў хату на мох, балазе што і пасунуцца дужа не было куды... Далей ужо належала б рабіць расцяроб. Хата атрымалася ў яго звычайная, як і астатнія ў Латаках, бо тутэйшыя мужыкі, маючы зусім пад бокам колькі хочаш лесу, тым не менш чамусьці не замахваліся на вялікія палацы, можа, у двух ці трох гаспадароў, калі прайсці з канца ў канец вёску, і ўбачыў бы нешта незвычайнае ў гэтым сэнсе. А так – будаваліся хоць і трывала, але захоўваючы сялянскую прастату, якая з’яўлялася своеасаблівай мерай: самым прыгожым будынкам была школа, што спярша называлася школай сялянскай моладзі, пасля – сямігодкай.
   Словам, была для чалавека чужой наша вёска, зрабілася сваёй; не было сям’і ў дэмабілізаванага салдата, хутка з’явілася сям’я. Але вось генеральскія штаны, пакуль будаваўся, Парфён знасіў – працёр у шмат якіх месцах, запэцкаў смалой, так што і глядзець ужо не было на што. Дзіўна, але ў Латаках людзі шкадавалі Парфёнавых штаноў якія, як аказалася, былі ў яго адны: хто з усмешкай шкадаваў, таксама, як і ўсміхаўся тады, калі ўпершыню ўбачыў лампасы на прышлым чалавеку, хто па-сапраўднаму, можа, зразумеўшы нарэшце, што, няйначай, не толькі напаказ насіў ён іх. Ну, а як разжыўся радавы салдат імі, адкуль яны дасталіся яму, – невядома. Гэтая акалічнасць з’яўлялася тайнай, на якую, здаецца, нават ніхто не квапіўся, бо зрэзаў жа ён з гімнасцёркі тыя некалькі чырвоных і залацістых нашывак, што меў права насіць за цяжкія і лёгкія раны свае. Тым не менш, жыла ў гэтым чалавеку і нейкая. ну, ці то пахвальба, ці то яшчэ штосьці такое, што можна назваць іншым словам, больш далікатным, аднак атрымаць тую ж праўду – не заўсёды мог Парфён устрымацца, каб нечым не выдаць сябе, дакладней, не вылучыць сярод іншых. Так пачулі аднойчы вясковыя і пра тое, што ён. герой. Ні больш, ні менш. Генеральскія штаны яшчэ маглі дараваць яму, тут куды ні ішло. Але ж герой!.. Праўда, у вайну ўсе былі героі. Найперш, канечне, тыя, што палеглі ў бітвах. Бо ў кожнай пахавальнай, якія прыходзілі з фронту, пісалася: «Ваш сын (муж) ... загінуў смерцю героя...» Іначай тады не гаварылі над магіламі і не пісалі ў пахавальных... А ці ж той, хто прайшоў вайну і застаўся жывы, не быў таксама героем?.. Таму і адносіны да героя, геройства былі асаблівыя. У кожным разе, пасля вялікага і ўсенароднага гераізму людзі нібыта саромеліся гаварыць так, ужываць словы, якія гучалі адным часам і высока, і звычайна. Іншая справа тыя, хто сапраўды атрымліваў гэтае званне паводле Указа Вярхоўнага Савета.
   Адным словам трапіў Парфён наш са сваім геройствам на языкі, пачаліся кепікі – за вочы, а то і ў прысутнасці, дарма што быў ён пры пасадзе, гэта значыць, у тых умовах не бяспраўным чалавекам, у якога хапала сродкаў прымусіць прыціхнуць хоць каго. Асабліва, бывала, пасміхаліся з брыгадзіра браты Варывончыкі. Іх жыло трое ў Латаках. І ўсе яны былі нежанатыя. Але ўсе як адзін былі таксама і лайдакі, нават разам узятыя – лайдакі і задзіры. У чым гэта выяўлялася? Мяркуйце самі. Па-першае, працаваць у калгасе ні адзін з іх не хацеў. І Парфёну шмат каштавала голасу, каб іншы раз вытурыць на работу. За гэта яны і не любілі брыгадзіра. Прызнацца, ён іх таксама не шанаваў. Спытаеце – чым жылі Варывончыкі? Звычайна. Зрабілі самагонны апарат і давалі яго па чарзе тым, хто рашчыняў брагу. А былі і такія ў Латаках, што самі баяліся гнаць самагон, няхай нават і патрэбу мелі ў ім, тады прасілі заняцца гэтым братоў Варывончыкаў, і тыя ў прысутнасці гаспадароў ціснулі за адпаведны рахунак «кустоўку». Але быў у іх і іншы занятак, праз яго яны і падтрымлівалі сваё матэрыяльнае існаванне. Напрыклад, яны ўтрох вельмі ахвотна прымалі ўдзел ва ўсіх вяселлях, якія спраўляліся не толькі ў Латаках, а і ў чужых, нават дужа аддаленых вёсках, лічы, на краі свету. Раней людзі чамусьці казалі – вяселле без бойкі, гэта не вяселле: нібыта маладыя ад ціхага вяселля блага жыць стануць. Таму і запрашалі на вяселлі братоў Варывончыкаў, каб тыя знарок задраліся сярод званых гасцей ды распачыналі бойку, а там ужо ў ёй прымуць удзел усе, у каго рукі свярбяць. Між тым у канцы бойкі заўсёды высвятлялася, што найбольш даставалася ў такой справе самім жа Варывончыкам. Яны доўга хадзілі пасля з сінякамі. Аднак да наступнага вяселля ачуньвалі, тым больш што ў прамежках паміж вяселлямі зноў знаходзіўся занятак – гнаць па найму самагон. Зразумела, што з такімі людзьмі Парфён, на якім ляжала шмат клопату па слабасільнай тады калгаснай гаспадарцы, міру не меў, хоць, праўда, зацятых адносін таксама не дазваляў сабе. Тым часам з саміх Варывончыкаў, як кажуць, запыт невялікі. Яны Парфёна не шкадавалі. Але як прывыклі вяскоўцы да ягоных генеральскіх штаноў, так паступова прывыклі і да таго, што выдаваў сябе за героя. Жыццё ёсць жыццё. Усё ў ім прыціраецца, шурпатасць страчваецца, многае прыглушаецца, а тое-сёе і зусім забываецца. Аднак самому Парфёну нешта карцела ў душы з гэтым геройствам, ён усё» неяк спрабаваў даказаць людзям яго, хоць гаварыў цяпер пра гэта рэдка, часцей, калі яно само злятала з памякчэлага языка; як мне думаецца, чалавек хацеў, каб яму нарэшце сапраўды паверылі. Між тым што было лягчэй зрабіць, як паказаць свае ваенныя адзнакі. І вось аднаго разу я напаткаў яго ў Чыкавых печах. Ён быў там адзін, сядзеў пад бярозай, што стаяла на правай абочыне бальшака, які вёў з Латакоў на Мядзведзі.
   – Я люблю часам прыйсці сюды, каб пасядзець тут, – прызнаўся ён. – От паслухай, як яна шуміць. Ні адно дрэва ўздоўж гэтага бальшака больш не шуміць так.
   Тая бяроза, пад якой сядзеў Парфён, і на самай справе жыла нейкай трапяткой таямнічасцю, што, нібыта вадаспад, сцякала з вяршыні неўпрыкмет сюды, на зямлю.
   Мы колькі часу сядзелі моўчкі, акурат для прыліку, і слухалі гэты дзіўны самагуд, тады разгаварыліся.
   Парфён чамусьці ўсе расказваў пра вайну, быццам не адбывалася ў жыцці іншага, быццам на ёй у яго ўсё сышлося. Зрэшты, у тыя гады не адзін ён кідаўся ў падобныя ўспаміны. Вайной пакуль, бадай, жылі усе былыя салдаты, дарма што хапала спраў і без яе на зямлі.
   Расказваў Парфён пра тое, як трапіў на вайне ў сорак першым спачатку пад Маскву, як страціў там дзве рабрыны з левага боку; як пасля доўга ляжаў у шпіталі, недзе на Каўказе, не мог выпрастацца, стаць роўна, але паколькі не было куды падацца далечвацца, – раён у Арлоўскай вобласці, дзе знаходзілася яго вёска, апынуўся к таму часу пад немцам, – то заставаўся амаль цэлага паўгода на адным месцы; затым у сорак другім годзе прымаў удзел у няўдалай аперацыі на Бранскім фронце, калі 13-я армія спрабавала ліквідаваць самы нязручны выступ, што клінам удаваўся ў лінію нашай абароны, і тут яго раніла, не абышлося і на гэты раз, аднак няцяжка, ва ўсякім выпадку, цяпер Парфён не столькі доўга ляжаў і не вельмі балюча сябе пачуваў, дарма што куля прайшла краем левага лёгкага; у сорак трэцім заспеў ён баі на Курскай дузе і з 3-й арміяй Гарбатава прыйшоў сюды, на нашу Бесядзь: якраз помніў з той восені і Латакі, і Мядзведзі, і Сілічы, і Відуйцы, і Саматэвічы. Пакуль апынуўся ў Германіі, у самым логаве, зноў атрымаў раны – адну цяжкую, ад якой засталася кантузія, а дзве так сабе. Пра іх Парфён і гаварыць надта не пачынаў, толькі нагадаў, акурат спахапіўся.
   Тады ж ён расказаў першы раз і пра галоўнае.
   – Дарэчы, тут у вас, на Бесядзі, мы аднойчы немца ўзялі ў палон, – сказаў ён, усё роўна як паміж іншым, прынамсі, так мне здалося, бо адразу ж перайшоў на другое, стаў раптам даводзіць, што ў сорак трэцім годзе, калі наступалі, у Латаках нібыта болей хат было; мы ўзялі ды пералічылі іх разам, прайшоўшы на памяць вёску з канца ў канец; аказалася, наадварот, пасля вайны стала больш, і якраз усяго на адну, на ягоную; ён нечага ажно засмяяўся з нашага пераліку, пакруціў галавой, акурат ад вялікага здзіўлення – маўляў, а мне вось убілася ў галаву.
   І тым не менш пра немца, якога ў сорак трэцім на Бесядзі «ўзялі ў палон», Парфён усё-ткі расказаў, але трохі счакаўшы. І расказаў сам, я не напамінаў і не прасіў аб тым.
   Сонца тады ўжо садзілася на лес, вечарэла, хоць было гэта ўлетку, і нам не мела сэнсу спяшацца, бо кожны разумеў, што перад тым, як назусім усталявацца цемнаце, над зямлёй яшчэ доўга будзе плаваць сутонне. Уздоўж аўсянага поля, якое пакуль не пачало астываць ад расы, але ў якое ўжо недзе збягаліся з блізкіх падлескаў згаладалыя за дзень зайцы, каб гойсаць потым скрозь ноч тут, мы падаліся адзін за адным смурыжыць нагамі быльнёг на мяжы ад бальшака да крайніх двароў. Парфён там жыў, а мне тым часам усё роўна было, як ісці – дарогі да сярэдзіны вёскі заставалася аднолькава хоць з бальшака, хоць з гэтага канца.
   ...Парфён, які тупаў паперадзе, спатыкнуўся раптам на скрытай ямцы, сказаў нязлосна «цьфу!», акурат адкараскваючыся ад нячыстай сілы, тады выбіўся з мяжы, ступіўшы на абочыну, пачакаў, пакуль я апынуся разам, і загаварыў:
   – Мы таго немца ўзялі недзе за Саматэвічамі. Гэта я як цяпер помню. Плаваў туман уранні па бульбянішчы, нават, здаецца, трохі імжыла. Дык ён і выйшаў з таго туману на дарогу. А перад тым усю ноч гарэла кіламетры за тры вёска. Занялася яна не ў часе бою. Бой ужо аціх тады, хоць фронт пакуль і не зрушыў з месца. Канчаткова мы выбілі фрыцаў толькі к вечару наступнага дня. А ў тую раніцу маўчалі абодва бакі – і наш, і варожы, бо пачынаць нанава не мела сэнсу з-за туману. Пры тумане, калі ён закрые зямлю, надта не наваюеш. Іншая справа, засяродзіць войскі, падцягнуць бліжэй да варожых пазіцый. Праўда, праціўніку таксама ніхто не забараняе зрабіць тое самае. Словам, туман ёсць туман. На вайне небяспечны для кожнага. У ім не толькі машына, але і чалавек становіцца бездапаможны і невідушчы. Мусіць, таму і немец той заблудзіўся. Ну, мы і перанялі яго як след. Узрадаваліся, пасля адразу неяк і зазлавалі, балазе палонных у сорак трэцім, хто не ваяваў пад Сталінградам, яшчэ не часта даводзілася бачыць. Гэта пазней, у сорак чацвёртым, іх цэлымі калонамі можна было браць ды абяззбройваць. А ў сорак трэцім немец заставаўся бадзёры і нязломны, дарма што зазнаў і Маскву, і Сталінград, і Курскую дугу... Ну, вось... Дык я ўжо казаў, што перад гэтым праз усю ноч гарэла нейкая недалёкая вёска. Тады якраз самы час падпальшчыкаў настаў, салдаты іх называлі «факельшчыкамі». Палявая паліцыя пры сухапутных войсках стварала цэлыя каманды, каб, адступаючы, спапяляць усё, што здольна было гарэць і разбурацца. І нашы салдаты, калі здаралася, заставалі такіх на месцы злачынства, расстрэльвалі без суда і следства. Можа, нават на гэта загад быў. Сказаць цяжка, бо не ведаю. Але што не каралі адзін час байцоў якія распраўляліся з факельшчыкамі, знаю дакладна. Пра гэта паміж салдат гаворка адразу пракінулася б, калі б пакаранне раптам каму выйшла, няхай нават на другім фронце. Вось мы і ўявілі сабе, што наш немец таксама з каманды падпальшчыкаў. Таму мы яго тут жа і прыкончылі, проста на дарозе. Са мной якраз аўтамат быў, то я першы падняў і выпусціў імгненна чаргу. Пасля ўжо другія дабівалі.
   – А ён і праўда з такой каманды быў?
   Хто ж цяпер скажа, нам тады так здалося. Бо пёрся па бульбянішчы з таго боку, дзе ападала зарыва.
   Перад самай вёскай мы падалі адзін аднаму руку – Парфён Канапелькін і я, развіталіся, сказаўшы напаследак нейкія самыя звычайныя словы, як гэта і водзіцца, калі чалавек з чалавекам мае магчымасць сустракацца амаль штодня. Акрамя таго, звычайнымі словамі, таксама як і звычайнымі паводзінамі пры расстанні, мы нібыта назнарок падводзілі нябачную рысу пад тым, пра што хвіліну назад гаварылі.
   Між тым, жыццё ў Латаках ішло і далей сваім парадкам. Прынамсі, праз нейкі час у мяне з галавы зусім выпаў гэты Парфёнаў расказ. Але гадоў праз колькі Парфён зноў успомніў пры мне той выпадак. Цяпер я нават схільны думаць, што адбылося гэта безадносна да таго, першага разу, прызнацца, ужо даволі даўняга, калі ішлі мы з ім паўз аўсянае поле. Не выключана магчымасць, што ён забыў да гэтага часу, што ўжо аднаго разу гаварыў пра немца, якога забілі з ягоным удзелам на тутэйшай дарозе ў сорак трэцім годзе, бо, мяркуючы па той акалічнасці, як ён пачаў нанава гаворку, можна было заключыць, што так яно і атрымалася на самай справе. І гэты, другі раз, нам таксама выпала апынуцца адзін на адзін, хоць зусім пры іншых абставінах – ехалі на возе з кірмашу, што наладжваўся ў Саматэвічах.
   – Ведаеш, – сказаў ён зусім ціха, падалося, нават цяжка, нібыта ў прыгнечаным стане, – нейкія нядобрыя сны прыходзяць апошнім часам. Раней, бывала, дзівіўся, чаму другія людзі расказваюць, што бачылі ў сне тое і тое, а мне хоць бы што прыйшло. Жыў неяк без сноў, нібыта ў жыцці маім не было ні радасці, ні засмучэння, якія б усхвалявалі раптам ды пачалі не даваць спакою па начах. Ці, можа, не па гэтай прычыне сны здараюцца?
   Я засмяяўся:
   – Думаю, што. якраз па гэтай. Няйначай, сон з’яўляецца вынікам ранейшага клопату, які адольваў ці адольвае чалавека. У кожным разе, я недзе чытаў пра гэта.
   – Але ж бываюць і прарочыя. Ну, тыя, якія потым спраўджваюцца. Я па маёй бабцы мяркую – убачыць, напрыклад, у сне, што выпаў зуб, прачнецца і скажа: памрэ нехта з вёскі. Глядзіш, сапраўды праз дзень-два нябожчыка на могілкі нясуць. Магла нават адгадваць, свой ці чужы памрэ. Я ўжо не помню цяпер, па якіх прыкметах яна рабіла гэта, але таксама і такія яе словы пацвярджаліся, быццам у ваду жанчына глядзела.
   – Дык і табе перадаліся яе прарочыя сны? – зноў чамусьці засмяяўся я.
   – Не, –матнуў галавой Парфён, – справа не ў гэтым. Я пра другое хацеў сказаць. Мы некалі тут вось, паміж Палужам і Бесяддзю, застрэлілі на дарозе немца. Было гэта, як разумееш, у вайну. Мы якраз праходзілі тады па вашай мясцовасці. Наступалі з Курскай дугі. Дык я і ў баях на Бесядзі ўдзельнічаў. Як цяпер помню, пачаліся баі тут дваццаць восьмага верасня. Ну, вось і захапілі мы таго немца. І расстралялі. А цяпер ён кожны раз у сне на мяне падае. Падае з працягнутымі рукамі, і я прачынаюся. І расказаць пра свой сон нікому не магу.
   Парфён падагнаў лейцамі каня, затым дадаў, нібыта хацеў удакладніць ці апраўдацца:
   – Але ж не адзін я страляў у яго. Стралялі і другія, Можа, мае кулі і не патрапілі. А от жа. у сне ён чамусьці на аднаго мяне падае...
   Канечне, мне адразу на памяць прыйшоў ранейшы Парфёнаў расказ. Але я прамаўчаў, што ўжо аднойчы чуў яго. Разам з тым цяпер мяне неяк уразіла Парфёнава вінаватасць. Паглядзеў на яго збоку. Гэта ўжо быў зусім не той чалавек, што прыйшоў некалі адразу пасля вайны да нас у Латакі. Стаў ціхі і сумны, з упалымі шчокамі і з жаўтаватай скурай на твары. Жыццё на тое і мае ў сваім распараджэнні час, каб перайначваць нас на свой капыл: маладога чалавека робіць старым, прыгожага – непрыгожым, дужага–нямоглым. Парфён таксама не выключэнне, падумаў я.
   А ён яшчэ сказаў:
   – Пасылаюць мяне зноў у бальніцу. На праверку. То забяры мяне неўзабаве адтуль. Ты ж на сваім матацыкле часта бываеш у раёне.
   Вядома, я з ахвотай кіўнуў галавой, маўляў, не турбуйся.
   Але зрабіць гэта доўга не выпадала. Спярша сам Парфён марудзіў з ад’ездам на лячэнне, а там дактары ў сваю чаргу, як бывае, за яго ўзяліся. Словам, прамінула нямала часу, пакуль яго адпусцілі адтуль.
   Дзіўна, але бальніца яго не палохала, наадварот, чалавек нават пажвавеў, стаў нібыта ранейшы, і ўсё пытаўся па дарозе дамоў, як ён цяпер выглядае.
   – Добра, – казаў я, і ён рабіўся яшчэ больш весялейшы.
   – Вось прыеду дамоў, – казаў Парфён, – і зраблю адну добрую справу. І наогул, я цяпер паклаў сабе за мэту – штодня рабіць хоць па адной добрай справе.
   – А то ты іх не рабіў дасюль?
   – Не, тут іншае. Тут зусім іншае. – А што іншае – не гаварыў, усё роўна як пакідаў на самы паследак.
   Дарога была пясчаная, пасля нядаўняга дажджу, і матацыкл гурчаў натужна, заглушаючы часам нашу размову, якая ўсчыналася на кароткі час, затым аціхала. Але і гэты раз Парфён здзівіў мяне. І, мусіць, найбольш за ўсе разы. Мы тады выехалі з лесу, наперадзе вырасла вёска, здаецца, Папаратня.
   – Во тут во, дзе мы едзем зараз, – паказаў ён, перасільваючы голасам і вецер, і незмаўкальны залівісты матор, – апынуўся я некалі сведкам, як расстрэльвалі ў вайну чалавека. – І далей ні слова, быццам зацяўся.
   А я тым часам падумаў – адкуль у яго гэтакая забыўчывасць, нават– дзіўнае ўсёдараванне, якога не павінна быць у адносінах да таго нашага мінулага. Але чамусьці таксама не сказаў. Адклаў на другі раз. Толькі другога разу ўжо не было.
   У тое ж лета Парфён памёр. Калі вясковыя кабеты абмывалі нежывое, халоднае цела, то вельмі бедавалі, шкадуючы чалавека: колькі на ім адкрылася ран і як ён дасюль увогуле жыў з імі. І яшчэ адна акалічнасць выклікала здзіўленне ў вяскоўцаў, што сышліся на пахаванне: каля Парфёнавай труны ўсе ўбачылі нарэшце шматлікія яго ўзнагароды, сярод іх – дзве салдацкія Славы. Відаць, трэцяя недзе згубілася, не знайшла Парфёна.

1984

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!